Тэматычна і якасна карціна практычна не вылучаецца з шэрагу твораў апошніх дзесяцігоддзяў — «Беларусьфільм» па-ранейшаму робіць стаўку на вайну. Карціна прысвечана юбілею беларускай міліцыі, аднак з усёй стагадовай яе гісторыі для экранізацыі быў абраны фактычна ваенны эпізод аб барацьбе з бандфарміраваннямі адразу пасля пераможных залпаў 1945-га. Гісторыя пошукаў банды «Бурага», якая тэрарызуе памежнае Парэчча, заснавана на дакументальных матэрыялах. Але з першых кадраў становіцца зразумела, што ад карціны не трэба чакаць гіперрэалізму ў стылі стужак Аляксея Германа або псіхалагічнага саспенсу кшталту тэлевізійнага нуару Станіслава Гаварухіна «Месца сустрэчы змяніць нельга». Аўтары беларускай стужкі відавочна арыентаваліся на апошні. Але «Сляды на вадзе» аказаліся куды бліжэй да шматлікіх узораў ваеннага рэтра, што стала звычайным відовішчам на тэлевізійных экранах па ўсёй постсавецкай прасторы.
Пасляваенная барацьба з бандамі не раз знаходзіла сваё ўвасабленне ў кінатворах. Прыхільнікам прадукцыі «Беларусьфільма» тут можна ўспомніць шостую частку знакамітай тэлеэпапеі «Дзяржаўная мяжа» (1987) рэжысёра Барыса Сцяпанава, карціну «Кадэт» (2009) Віталя Дудзіна, стужку «Вам заданне» (2004) Юрыя Бяржыцкага. Але ўзорам жанру дасюль застаецца карціна «У жніўні 44-га...» Міхаіла Пташука. Яна дала другое дыханне ўсяму ваенна-прыгодніцкаму кірунку постсавецкага кіно, якога яно і прытрымліваецца ўжо сямнаццаць гадоў з моманту прэм’еры стужкі па культавым рамане Уладзіміра Багамолава.
Сучаснае ваеннае рэтра нагадвае жанравае савецкае кіно 1960—80-х і зроблена з разлікам на гледача, які арыентуецца на тэлевізійныя стандарты, але па-ранейшаму ўспрымае гісторыю саракавых гадоў праз прызму звыклых міфаў. Па маштабах здымак і спецэфектах «Сляды на вадзе» нельга параўноўваць з прадукцыяй для найноўшага кінапракату, а ідэйная аснова стужкі нібыта спісана з твораў шматгадовай даўніны.
Гісторыя паўстання карціны сама па сабе цікавая. Мянялася творчая група, значныя змены былі ўнесены ў першапачатковы варыянт сцэнара. У выніку «Сляды на вадзе» зроблены выключна высілкамі спецыялістаў Нацыянальнай кінастудыі, у ёй здымаліся толькі беларускія акцёры. Праца над стужкай вялася ў неверагодна сціслыя тэрміны, што, безумоўна, адбілася на яе якасці. Можна шмат спрачацца наконт мастацкай вартасці фільма, але галоўнае пытанне, якое ўзнікае пасля прагляду, — ці трэба далей так шчыльна звязваць лёс нашага кіно з такім ідэйна-мастацкім кірункам, як ваеннае рэтра?.. Бо ў вытворчасці кінафільмаў і тэлесерыялаў на гэтую тэму заўважны пэўны застой. А галоўнае — адсутнічае той нацыянальны складнік, што нашы кінатворцы безвынікова шукаюць у сваіх творах ужо амаль тры дзесяцігоддзі. Састарэла сама матрыца, творчая і вытворчая, па якой працуе мысленне беларускіх кінематаграфістаў, незалежна ад таго, здымаюць яны на «Беларусьфільме» або горда называюць сябе «незалежнымі». Зрэшты, састарэлі ідэі — удзельнікі нядаўняга агульнарэспубліканскага прэдпітчангу кінапраектаў у асноўным гэтую небяспеку пацвердзілі.
Рэдакцыя часопіса «Мастацтва» вырашыла скарыстацца выхадам стужкі «Сляды на вадзе» як нагодай, каб запытацца ў рэжысёраў і кіназнаўцаў аб актуальнасці ваеннага рэтра, яго сённяшнім і будучым месцы ў айчынным кінематографе.
Аляксандр Анісімаў, рэжысёр-пастаноўшчык стужкі «Сляды на вадзе»:
Спачатку мяне вельмі засмуціў рэйтынг «16+», які атрымала наша карціна. Але потым у адным з кінатэатраў я ўбачыў залу навучэнцаў, па выглядзе — з сярэдняй школы, і зразумеў: гэта мая аўдыторыя. Справа ў тым, што яны вельмі ўважліва глядзелі фільм і заставаліся на месцах нават пасля фінальных цітраў. Я б пагадзіўся з тым, што жанр маёй стужкі — героіка-прыгодніцкі. Шкада, часу на працу над ёй у мяне было вельмі мала. Можна сказаць, зусім не было. Са «Слядамі на вадзе» я ішоў ва-банк. Сцэнарый давялося перапрацаваць за тыдзень, бо першапачатковы не адпавядаў тым часам, пра якія ідзе гаворка. Па ваеннай літаратуры, у тым ліку класічнай, я разумеў, што ён не падыходзіць да рэальнасці, з якой давядзецца працаваць.
Цяпер мне хочацца падысці да наступнай карціны зусім з іншым настроем, добра падрыхтаваўшыся, без спешкі. Спадзяюся, гэта будзе экранізацыя аднаго з твораў Васіля Быкава. Сцэнарый ужо гатовы.
Вячаслаў Нікіфараў, кінарэжысёр, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» па творчай частцы:
Тое, што зрабіў рэжысёр Аляксандр Анісімаў на праекце «Сляды на вадзе», — вытворчы подзвіг. Фактычна ён выратаваў усю студыю. Калісьці ў мяне была падобная гісторыя на стужцы «Дзяржаўная мяжа. Год сорак першы», калі трэба было ў сціслыя тэрміны прыступаць да здымак праз раптоўную хваробу рэжысёра Барыса Сцяпанава.
Наконт вызначэння жанру ваеннага рэтра. Галоўнае, каб аўтар сам сабе адказаў на пытанні: пра што яго кіно? Пра саму вайну? Пра каханне? Пра нешта яшчэ? Бо калі аўтар на іх не адкажа, то далей рухацца немагчыма.
Тэма вайны неабсяжная, на яе аснове можна зрабіць тысячу розных стужак. Самае важнае — вызначыцца з ракурсам, пад якім яна будзе падавацца.
Заўсёды прывожу прыклад актрысы, што пагадзілася здымацца ў адной стужцы, калі ўбачыла, у якім капялюшыку можа апынуцца ў кадры. І ў яе адразу склаўся малюнак ролі! Тое самае ў аўтара — павінен быць матывацыйны штуршок, тое, што ператварае звычайны сюжэт у мэтанакіраванае відовішча. Бо фільм павінен прымусіць гледача забыцца, што перад ім нейкая ўмоўная рэальнасць.
Фільмы на гістарычную тэму — прывілей развітага, багатага на грошы і чалавечыя рэсурсы кінематографа. У нашай краіне мы не можам сабе дазволіць вялікія каштарысы, таму павінны быць вельмі дакладнымі, скрупулёзнымі ў выбары сюжэта для гістарычнага кіно. А касцюмнае кіно — вельмі дарагое задавальненне. Таму, калі атрымаецца сабраць вялікі бюджэт, трэба не разменьвацца, здымаць класікаў. Паверце, лепшы сучасны драматург не напіша так, як пісалі яны!
Мая блакітная мара — экранізаваць «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» Уладзіміра Караткевіча. Але і ёсць і іншыя тэмы, на якія абавязкова трэба звярнуць увагу. Неверагодная фігура для адлюстравання на экране — Францыск Скарына. Павінны знайсці кінаўвасабленне тэмы ўвядзення на нашых землях Магдэбургскага права, зараджэння нашай дзяржаўнасці. Але падыходзіць да іх трэба вельмі акуратна.
На жаль, серыялы і сучасны стыль прадзюсавання ператвараюць рэжысёра ў раба: няма часу, няма сіл змяняць сітуацыю, займацца непасрэдна творчасцю. Іншая справа, цяпер тэлевізійнае кіно знаходзіцца на вельмі высокім узроўні, лепшыя розумы і таленты ідуць менавіта туды. Але мы, на жаль, не фармуем гэтыя трэнды, а па-ранейшаму ідзём за састарэлай модай, арыентуемся на тое, што здымалі за мяжой некалькі гадоў таму.
Шкада, на студыі быў ліквідаваны маркетынгавы аддзел — адзін з ключавых у плане кінатэхналогій. Патрэбныя нам і некалькі прадзюсараў і не адзін-два рэдактары, а дзесяць-пятнаццаць. Кіно — гэта механізм, машына. І без яе маштабнай, засяроджанай працы на вынік разлічваць няма чаго. Пачынаць трэба з сябе, а не падладжвацца пад лякалы. Калі б усе карысталіся толькі чужымі, то не было б багатых еўрапейскіх нацыянальных кінематаграфій, кшталту румынскай ці югаслаўскай.
Мы жывём у часы неверагодных магчымасцей, але трэба авалодваць патрэбнымі тэхналогіямі. Тэхналогія — гэта сума аптымізаваных сродкаў для дасягнення патрэбных вынікаў. Кіно — менавіта такая сума тэхналогій. І кожны яе элемент вельмі важны. Усё трэба выконваць належным чынам. Таму і на майстар-класах я кажу не пра мастацтва, а пра рамяство.
Наталля Агафонава, кіназнаўца:
Да «Слядоў на вадзе» і іншых стужак пра вайну, якія прадстаўлены нашай студыяй у апошнія гады, пасуе азначэнне «рэтра-баявік». Гэта добра вядомы і шырока эксплуатуемы жанр, у савецкія часы на ім спецыялізавалася маскоўская студыя імя Горкага. Чаму гэты жанр так запатрабаваны на «Беларусьфільме» сёння? Таму, што на яго ёсць пэўны попыт, а сярэдняе звяно і другі склад здымачных груп ужо прызвычаіліся да яго выпуску. Можна сказаць, улічваючы расійскія серыяльныя групы, якія працуюць у Мінску, у нас існуе сапраўдны канвеерны спосаб вытворчасці ваеннага рэтра. Збольшага ўсё яно пападае пад азначэнне касцюмнага кіно, добра вядомага ў гісторыі кінематографа. Калі не так важна, баявік гэта ці меладрама. У часы Другой сусветнай разгортваюцца падзеі або ў часы Вялікага Княства. Сутнасць гэтага жанру адна і тая ж.
Каб вынік працы на студыі над касцюмным, ды і, у прынцыпе, усім астатнім кіно адпавядаў надзеям, трэба, па-першае, добра ведаць аўдыторыю, для якой ствараюцца стужкі. Па-другое, суадносіць задумы з тымі рэсурсамі, фінансавымі і творчымі, якімі мы валодаем на сённяшні дзень. Калі гаворка ідзе пра аднаўленне гістарычнай рэальнасці, апошняе вельмі важна.
Іншы бок — нельга каб гэта, як у выпадку са стужкай Аляксандра Анісімава, пераўтваралася ў працоўны подзвіг, калі сцэнарый і рашэнне аб здымках прымаецца за тыдзень да іх пачатку. Нельга, каб гэта станавілася нормай. Як можна патрабаваць ад стваральнікаў стужак якасці, калі тэхналогіі падмяняюцца аўралам?..
Таму галоўная задача на дадзены момант для беларускага кіно — авалодаць рамяством кінавытворчасці на сучасным тэхналагічным узроўні. А наогул існуюць толькі два шляхі для развіцця нацыянальнага кінематографа, і пакуль ніхто не прыдумаў нічога іншага. Першы — гэта камерцыйны кірунак, вытворчасць высакаякаснага забаўляльнага кіно. Але, улічваючы нашы ўмовы — адсутнасць патрэбнай колькасці спецыялістаў, вялікіх сродкаў і адмысловых інстытуцый, — я прапанавала б другі шлях. Шлях арыентацыі на кіно высокай мастацкай якасці, не прызначанага для шырокага пракату. Можна называць такое кіно аўтарскім. Яно таксама здольнае прынесці камерцыйны прыбытак, але галоўнае — гэта ўздым нацыянальнай культуры.
Людміла Саянкова, кінакрытык, загадчыца кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналісткі БДУ:
Часцяком нашы кінематаграфісты ставяць недасягальныя мэты. Мы хочам адукоўваць аўдыторыю і адначасова забаўляць яе, вось толькі адпаведных інструментаў пакуль не засвоілі і сусветных стандартаў такога кіно не дасягнулі. Таму намагаемся перанесці на экран нейкія гістарычныя эпізоды, але прыцягнуць да іх увагу гледача не атрымліваецца.
Калі я глядзела «Сляды на вадзе», то ўспомніла класічную стужку Вітаўтаса Жалакявічуса «Ніхто не хацеў паміраць». Яе цікава пераглядаць і цяпер, таму што за агульным сюжэтам ёсць яшчэ і чалавечыя гісторыі, персанальныя драмы за кожным персанажам, і гэтыя драмы адчуваеш на экране. У нас — не толькі ў «Слядах на вадзе» — усё скорагаворкай: адносіны паміж героямі, падзеі разгортваюцца аўральна, не адбіваюцца ў памяці ні сюжэтна, ні візуальна. Нельга ігнараваць каноны відовішчнага кіно, нават калі размова ідзе аб гістарычнай адпаведнасці. «Сляды на вадзе» толькі выйгралі б ад пераўтварэння ў шматсерыйны тэлевізійны фільм.
На экране мы не імкнёмся да праўды. А ў Беларусі, як ні на якой іншай тэрыторыі, патрэбна праўда. Расійскі рэжысёр Сяргей Урсуляк не так даўно зрабіў экранізацыю рамана Васіля Гросмана «Жыццё і лёс». Пра яе канцэпцыю можна спрачацца, але якасная рэканструкцыя гістарычнай праўды ў гэтай стужцы не можа не заварожваць. А ў нас саміх ёсць традыцыя дакументальнага ў літаратуры: у творах Святланы Алексіевіч, Алеся Адамовіча. Ёсць высокі натуралізм прозы Васіля Быкава.
Антаніна Карпілава, кінакрытык, загадчыца аддзела экранных мастацтваў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук:
Так атрымалася, што ў свядомасці многіх кінематаграфістаў — і не толькі іх — патрыятызм і ваенная тэма ўспрымаюцца як сінонімы. У свой час такімі сінонімамі былі «гісторыя» і «рэвалюцыя». У выніку з’явіўся дзіўны і не зусім зразумелы жанравы гібрыд — гісторыка-рэвалюцыйны фільм.
Асабліва моцны ўсплёск цікавасці да ваеннай тэмы пазначыўся ў сувязі з юбілейнымі датамі — 60-годдзем вызвалення Беларусі (2004) і 60-годдзем Вялікай Перамогі (2005). Былі створаны фільмы «Вам — заданне», «Глыбокая плынь», «Франц + Паліна», «Ворагі», «Радзіма альбо смерць», «Чаклун і Румба», «У чэрвені 41-га...», «Снайпер», «Дняпроўскі рубеж». У гэтым рэчышчы знаходзіцца і стужка «Сляды на вадзе».
Менавіта ваенна-патрыятычная тэма была шматгадовым брэндам беларускага кіно. Але брэнд, шчыра кажучы, стаміўся. Чаму? Відавочна, што не толькі з прычыны павярхоўна-бутафорскага падыходу.
На жаль, у нас не развітая сацыялогія кіно, якая дапамагае зразумець псіхалогію гледача і прагназаваць яго інтарэсы. Сёння, калі рэальны свет поўны ваеннай агрэсіі, звычайны чалавек мае патрэбу ў іншых змястоўных арыенцірах. Вядома, што ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і салдаты, і жыхары тылу хацелі бачыць на экране мірныя і шчаслівыя гісторыі, спяваць лірычныя песні, чытаць любоўную лірыку. І ніякія даваенныя агітацыйна-прапагандысцкія фільмы не змаглі падрыхтаваць народ да вайны. Запас трываласці і стойкасці вырас не на гэтым падмурку.
Патрыятызм выхоўваецца не толькі і не столькі кінематографам пра вайну. Вайна, мяркуючы з твораў Васіля Быкава, гэта экстрэмальны, катастрафічны вопыт жыцця. У той час як патрыятызм выспявае спакваля, ненадакучліва. Ён можа падсілкавацца, напрыклад, добрым фільмам пра гісторыю Полацка ці замка Альшанскага, цікавай камедыяй ці меладрамай пра сучаснае беларускае жыццё, якое патрабуе пэўнай стойкасці і мужнасці.
Расійскае кіно працягвае эксплуатаваць тэму, змяняючы ракурсы, — напрыклад, «жанчыны на вайне» («Батальонъ», «Бітва за Севастопаль», «А зоры тут ціхія...»). Аднак, па некаторых дадзеных, апошнія расійскія ваенна-патрыятычныя фільмы не акупіліся ў пракаце. Гледачу надакучылі перастрэлкі, выбухі, бясконцыя ахвяры. Але вобраз знешняга ворага па-ранейшаму ўкараняецца ў свядомасць як падрыхтоўка да будучых небяспек.
Між тым лепшыя савецкія, у тым ліку беларускія, фільмы пра вайну — не зусім пра вайну. Успомніць хоць бы нашу кінакласіку: «Я родам з дзяцінства», «Вянок санетаў», «Сведка». Для мяне, напрыклад, з апошніх фільмаў важным стаў фільм «У тумане», які прымушае думаць пра этычныя і этнічныя карані патрыятызму і здрады.
Так, у ваеннай педагогіцы кіно часта разглядаецца як сродак ваенна-патрыятычнага выхавання. Але для культуры важней існаванне якаснага і мастацкага кіно.
Антон Сідарэнка