У рэйтынгу «Топ-10 лепшых беларускіх спектакляў» за 2016 год, складзеным інтэрнэт-праектам «Тэатральная Беларусь» і заснаваным на меркаваннях крытыкаў, журналістаў і блогераў, спектаклі па творах рускай класікі трывала занялі дзве пазіцыі: «На дне» Максіма Горкага ў пастаноўцы Магілёўскага абласнога тэатра лялек — II месца і «Крэйцарава саната» Льва Талстога ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры — IV месца. На такім культурным фоне свой унёсак у засваенне рускай класічнай драматургіі падрыхтаваў і Сучасны мастацкі тэатр (СМТ). Рэжысёр Ігар Казакоў, вядомы сенсацыйнымі пастаноўкамі ў Магілёўскім абласным тэатры лялек — «Гамлетам» Уільяма Шэкспіра і «На дне» Максіма Горкага, ажыццявіў на сцэне прыватнага тэатра адну са сваіх нешматлікіх драматычных прапаноў — альтэрнатыўную інтэрпрэтацыю камедыі «Шалёныя грошы» Аляксандра Астроўскага.
Рэжысёр звяртаецца да сучаснага гледача праз рускую драматургічную класіку XIX стагоддзя ў спалучэнні з візуальнай і музычнай эстэтыкай ХХ стагоддзя. Мастачка-пастаноўшчыца Алена Ігруша напоўніла сцэнічную прастору празрыстымі пластыкавымі канструкцыямі, якія адначасова нагадваюць і вечаровыя асветленыя вітрыны, і дзвярную круцёлку супермаркета — пазнавальныя адзнакі грамадства спажывання. Пакуль глядзельня запаўняецца і чакае пачатку, гучыць стылёвая джазавая музыка, а на сцэне за празрыстай перагародкай, як за шклом, камунікуюць, рухаюцца, жэстыкулююць персанажы — нібы ў модным рэаліці-шоу.
Першая сцэна, дзе Цяляцьеў (Сяргей Савянкоў) разважае пра Чабаксаравых ды іхняе атачэнне (так званае кола), суправаджаецца дэфіле Лідачкі (Анастасія Ушакова), Надзеі Антонаўны (Віялета Сарвірава) і Кучумава (Уладзімір Ушакоў). Сцэна шлюбу і дыялог Васількова з Лідачкай «пад вянцом» прыпадабняюцца да эпізода з кінастужкі «Чэхаўскія матывы» Кіры Муратавай. Гратэскавую, нават брутальную сцэну вясельнай гулянкі Ігар Казакоў вырашае як жорсткую гутарку з гледачамі.
Візуальны рэй у спектаклі вядзе знак амерыканскага долара — фетыш матэрыяльнага свету Чабаксаравых. «Грашовае дрэва», дыван у выглядзе купюры ў сто долараў, абіўка канапы з такой самай выявай — красамоўныя дэталі інтэр’еру іх сталічных апартаментаў. Наўмысны кіч сцэнічных гарнітураў адсылае гледача да эпохі нэпа і ўдакладняе характары персанажаў. Адмысловае значэнне набывае і лялечны вобраз Лідачкі (ён дасягае сапраўднага апафеозу пры канцы дзеяння), і просты васілёк на пінжаку Васількова, і ягоныя залатыя боты ў фінальнай сцэне, і пінжак Кучумава, спярэшчаны ўсё тымі ж грашовымі выявамі (мастачка па касцюмах Марына Алекна).
Сур’ёзная праблема акцёрскага выканання — дыкцыя: адметныя рэплікі драматурга зала часам не дачувае. Нягледзячы на гэты істотны недахоп, трэба адзначыць вобраз Надзеі Чабаксаравай, поўны нетыповых эмацыйных фарбаў і творчых адкрыццяў выканаўцы Віялеты Сарвіравай, і вобраз Васількова, які Аляксей Сянчыла будуе арганічна і пераканаўча.
Не зважаючы на адкрытасць ды «чароўнасць дзявоцкасці», Лідачка ў выкананні Анастасіі Ушаковай ніяк не падобная да прыцягальнага «матыля з залатым пылком на крылах», на якога маецца шмат ахвочых у маскоўскім свеце. Падчас фінальнага маналогу Лідачкі, развітання з дзявочым жыццём і павучанняў такім самым, як яна, спадарычнам, Васількоў выносіць бант і цэлафан, а Цяляцьеў з Кучумавым... пакуюць паненку як падарунак мужу, рыхтуючы яе да новага жыцця ў вёсцы.
Асэнсаванне рускай класічнай драматургіі ў сучасным тэатральным працэсе Беларусі адбываецца ў рэчышчы засваення агульнасусветнай культурнай спадчыны, па-за кантэкстам эвалюцыі рускай культуры ў асобку. У пошуку сусветных аналогій Ігар Казакоў надае «Шалёным грашам» гучанне «Утаймавання наравістай», прапануючы нам зірнуць на Астроўскага як на «рускага Шэкспіра».
Дзмітрый Ермаловіч-Дашчынскі