Партытура «Дзіця...» была напісана ў канцы снежня 1924-га і праз тры месяцы пастаўлена ў Францыі, на радзіме кампазітара, і зрабіўся на сёння сусветнай класікай. Але ў нас яна — невядомая, як і многія іншыя заходнія сачыненні ХХ стагоддзя. І тут раптам Равэль з яго полістылістыкай, дзе ёсць нават лёгкі джаз, які ў нашай Акадэміі «не праходзяць». Дык што, ратаваць студэнтаў ад гэтай непасільнай ношкі? Але ж яны і спявалі, і рухаліся выдатна! Хоць удзельнічалі ў пастаноўцы пераважна 2-гі і 4-ы курсы — па вакальных мерках, зусім яшчэ «птушаняты».
Рэжысёркай-пастаноўшчыцай выступіла Ганна Маторная, вядомая па спектаклях у Беларускім акадэмічным музычным тэатры. Яна ж забяспечыла адметную сцэнаграфію, дзе шырока выкарыстоўвалася самастойна зробленае відэа. Дырыжорам-пастаноўшчыкам стаў Аляксандр Высоцкі, якога часта можна бачыць за пультам Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Жыновіча. А надзіва багатае пластычнае рашэнне — дыпломная праца маладой харэографкі Юліі Мельнічук, што заканчвае Акадэмію музыкі па класе народнага артыста Беларусі, прафесара Валянціна Елізар’ева.
Улічваючы акустычныя ўмовы кансерваторскай залы, непрыстасаванай для оперных пастановак (тут адсутнічае аркестравая яма), стваральнікі спектакля выкарысталі інструментальны ансамбль, і гэта дазволіла беражліва ставіцца да маладых галасоў, не вымушаючы іх фарсіраваць гучанне. У ролі аркестравага tutti былі задзейнічаны Сяргей Мікулік (раяль) і Лілія Туравец (сінтэзатар). Некранутымі засталіся каларыстычныя партыі шматлікіх ударных, на якіх ігралі Антон Невяроўскі і Валерыя Рыбінская, а таксама жывое дыханне флейты Ганны Пыкавай. Уражанне было, быццам па ўдала зробленай рэпрадукцыі «прайшліся» зверху пэндзлем, вылучыўшы на карціне найбольш важныя дэталі.
Пры такім раскладзе на першым плане апынуліся вакалісты. У оперы больш за дваццаць дзейных асоб, і амаль усе эпізадычныя. Што можа быць лепшым для студэнцкага спектакля! У кожнага свая невялічкая, аднак прыкметная сольная партыя, у некаторых па дзве. Усе яны — рознахарактарныя, яркія паводле інтанацыйнасці і пластыкі, праз якую трэба было сыграць не толькі Котку з Катом ці Прынцэсу, але, да прыкладу, Жабку, Страказу, Агонь, Кажана, Дрэва. Дый удзельнікам хору трэба было ўвесь час пераўвасабляцца ў «ажыўленыя» хатнія рэчы, расліны, жывёлін, а яшчэ ў попел, лічбы, малюнкі на шпалерах. Атмасферы чараўніцтва вельмі дапамагалі відэавыявы, іх папраўдзе фантазійнае пераўтварэнне ва ўсё новыя малюнкі-сімвалы.
Партыі хлопчыкаў, падлеткаў, зусім маладзенькіх юнакоў звычайна пішуць у операх для мецца-сапрана (Керубіна ў «Вяселлі Фігара», Паж у «Бале-маскарадзе», Ваня ў «Жыцці за цара»). Не абмінуў традыцыю і Равэль. А вось нашы пастаноўшчыкі ад яе адмовіліся: надта ўжо ненатуральна выглядаюць такія героі. І аддалі цэнтральную партыю Дзіцяці лірычнаму барытону. Міхаіл Ліла, якога многія памятаюць яшчэ па адборах на дзіцячае «Еўрабачанне», справіўся з ёй бліскуча! Займаючыся ў Акадэміі, ён паралельна працуе ў Музычным тэатры, дзе ягоныя героі звычайна больш стрыманыя, не такія рухавыя, непасрэдныя, выразныя па сцэнічных паводзінах. А тут — суперзорка! У атачэнні не менш зорных астатніх удзельнікаў.
І ўсё б добра, ды... Няўжо такі праект застанецца «аднаразовым»? Калісьці Оперная студыя мела магчымасць гастраляваць — хоць бы па рэспубліцы. Няўжо сёння мы ў такой ступені заможныя, што можам здзяйсняць пастаноўку дзеля адзінага паказу? На які, дарэчы, праз абмежаванасць месцаў у зале не патрапілі многія і многія жадаючыя. І гэта без аніякага піяру. А калі спектакль разрэкламаваць? Упэўнена: наведаўшы такую оперу, публіка зменіць уласную кансерватыўнасць на прагу чарговых музычных навінак.
Надзея Бунцэвіч