На афішах фестываль быў анансаваны ўсяго толькі як цыкл канцэртаў. Можа быць, і справядліва, калі ўлічыць, наколькі яркімі і насычанымі былі філарманічныя будні, што папярэднічалі яму. Дастаткова згадаць юбілей Уладзіміра Перліна, бліскучыя гастролі адэска-швейцарскага скрыпача Паўла Вернікава, фартэпіяннае Duetissimo, мінскія прэм’еры клавесіннай сімфоніі Вайнберга і гайднаўскай араторыі «Поры года» — і становіцца зразумела: на такім фоне паднесці сенсацыю не надта проста.
***
Тым не менш сенсацыя здарылася, калі ў Вялікай зале філармоніі выступіў кітайскі піяніст Джэ Юэн. Яго праграма называлася «Поўнач, 1838... Рамантычнае падарожжа». У ёй прагучалі два выдатныя творы — Дваццаць чатыры прэлюдыі, op. 28 Фрэдэрыка Шапэна і «Крэйслерыяна», op. 16 Роберта Шумана. Абодва сачыненні былі напісаны ў 1838 годзе, калі Шапэн, яшчэ не пазбавіўшыся ад кахання да Марыі Вадзіньскай, выправіўся сумесна з Жорж Санд на Маёрку і там падхапіў прастуду, якая ледзь не каштавала яму жыцця. А Шуман змагаўся з Фрыдрыхам Вікам за руку яго дачкі Клары. І гэтыя перажыванні выліліся ў вяршынныя шэдэўры фартэпіяннага рамантызму. Менавіта іх вяршыннасць заахвоціла піяніста параўнаць 1838 год з поўначчу. Бо рамантызм асацыятыўна звязаны з ноччу, а поўнач — апагей ночы, як поўдзень — апагей дня.
Не адразу зразумела, з-за чаго гэтыя два шэдэўры былі апраўленыя п’есамі з цыкла «Musica ricercata» венгерскага авангардыста Д’ёрдзя Лігеці. Як і ўсе, хто глядзеў «Касмічную адысею 2001 года» Стэнлі Кубрыка з музыкай Лігеці, я чакала, што п’есы будуць санарыстычнымі або як мінімум атанальнымі. Але аказалася, што яны кантрастуюць з рамантызмам ані больш, чым творы позняга Пракоф’ева альбо Пуленка, і служаць свайго роду шлюзам паміж нашай эпохай і часамі Шуберта і Шапэна.
Зрэшты, складаная задума так і засталася б літаратурнай метафарай, калі б Джэ Юэн не здолеў удыхнуць у сваё выкананне сапраўды рамантычнае, начное, хвалюючае паветра. Але яму ўдалося пранікнуць у самыя глыбіні твораў і пры гэтым захаваць яснасць думкі, бездакорную адточанасць формы і дасканаласць піяністычнае тэхнікі.
***
Чарговыя дзівосы падрыхтавалі для нас Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь і яго галоўны дырыжор Яўген Бушкоў. Тэрменвокс — інструмент, які ніколі не гучаў у Мінску і хоць бы з гэтай нагоды прыцягнуў значную цікаўнасць публікі. Тым больш у тэрменвоксе хаваецца шмат таямнічага і незразумелага. Найперш, што гэта ўвогуле такое? Ці то музычны інструмент, ці то фізічны прыбор (вымяральнік дыэлектрычнага стану газаў пры розных цісках і тэмпературах), ці то прылада ахоўнай сігналізацыі. Інструмент легендарны хоць бы таму, што на ім спрабавалі іграць Альберт Эйнштэйн, Чарлі Чаплін і Уладзімір Ленін. А стваральнікі «міжзоркавага паслання», адпраўленага ў 2001 годзе Еўпатарыйскім планетным радарам, усю зямную музыку закадавалі ў гучанне тэрменвокса. Хоць для сведчання пра чалавецтва хутчэй падышла б скрыпка або сітар.
Сіла Бушкова ў тым, што, завабліваючы публіку рознымі дзівосамі, ён адначасова займаецца музычным асветніцтвам і прапаноўвае творы, вельмі няпростыя для ўспрымання. Гэтым разам такім опусам аказалася Сімфонія №2 для струннага аркестра і трубы ad libitum швейцарска-французскага кампазітара Анегера. Буйное сачыненне ваенных гадоў пра складаныя людскія лёсы, пра жыццё і смерць. Здавалася, прычым тут тэрменвокс, калі яго нават няма ў партытуры? Аднак знайшлася важная зачэпка. Калі труба ad libitum (гэта значыць, па жаданні выканаўцы), то можна яе замяніць якім заўгодна інструментам — хай нават і тэрменвоксам.
Эфект ад такой замены перасягнуў усе чаканні. «Труба архангела» Анегера ператварылася ў спевы рэфармацкага хору. Крыху зрушыліся сэнсы — і кантраст паміж светам Боскім і светам чалавечым ужо не такі просталінейны, і карны меч Госпада ператварыўся ў веру і надзею.
Прагучалі ў канцэрце і творы, спецыяльна напісаныя для тэрменвокса. Прыкладам, «Першая аэрафанічнаая сюіта» Іосіфа Шылінгера (1929, Нью-Ёрк), у якой калісьці саліраваў сам вынаходнік тэрменвокса Леў Тэрмен з акампанементам Кліўлендскага сімфанічнага аркестра. Дырыжор Яўген Бушкоў у сваіх каментарах распавёў, што Шылінгер, апрача ўсяго іншага, быў настаўнікам Джорджа Гершвіна, Бэні Гудмэна і Глена Мілера. Але насуперак абяцанкам ніякіх гершвінаўскіх інтанацый у яго музыцы я не пачула. Нешта ад позняга Рахманінава, нешта ад ранняга Шастаковіча — а ўвогуле самабытна і свежа, але ў межах класікі, без усялякага свінгу. «Аэрафанічная сюіта» Шылінгера — адзін з першых твораў для тэрменвокса.
П’еса «Speleon» («Пячора»), напісаная Алесяй Растоўскай па ўражаннях ад экскурсіі ў байкальскія пячоры, — найсвяжэйшы па часе твор для гэтага інструмента. Алеся сачыніла яго спецыяльна для выступлення ў Мінску — прычым з уласнай ініцыятывы і не прэтэндуючы на ганарар. Выпускніца Маскоўскай кансерваторыі і асістэнтуры-стажыроўкі па кампазіцыі і аргане, аўтарка оперы «Калыска» паводле Гогаля і Канцэрта для тэрменвокса з сімфанічным аркестрам, лаўрэатка шматлікіх кампазітарскіх конкурсаў і конкурсу фартэпіяннай імправізацыі, дыпламаваная спецыялістка па ігры на карыльёне (механічныя званы), Растоўская яшчэ і віртуоз ігры на тэрменвоксе. У гэтым мы ўпэўніліся падчас яе выступу з камерным аркестрам.
Варта зазначыць, што ігра на тэрменвоксе — справа няпростая; у ім няма ні струн, ні клапанаў, ні клавіш, а толькі дзве антэны, адна з якіх дазваляе кіраваць вышынёй, а другая — сілай гуку. Складаней за ўсё захаваць чыстую інтанацыю. Для гэтага трэба стаяць нерухома і працаваць далонню. Праблема яшчэ і ў тым, што нерухомая постаць выканаўцы збівае з панталыку гледачоў, якія звыкліся ўспрымаць музыку не столькі вушамі, колькі праз знешняе выяўленне эмоцый.
Аднак тыя цяжкасці Алесю Растоўскую ўвогуле не засмучаюць. Я пацікавілася, дзе яна авалодала гэтым чараўніцтвам, бо аніводная ВНУ ў нашых краях не рыхтуе падобных спецыялістаў. «Звычайна людзі шукаюць прыватнага педагога ці займаюцца па аўдыя- і відэазапісах, — патлумачыла Растоўская. — Я пачынала ў Лідзіі Кавінай і потым удасканальвалася па запісах у Клары Ракмор».
Сваё майстэрства Алеся паказала ў розных творах — пачынаючы з «Мелодыі» Глюка і «Салаўя» Аляб’ева і да «Summertime» Гершвіна. Аднак найпрыгажэй прагучала яе ўласная п’еса, якая максімальна раскрыла ўсе выяўленчыя і гукавыя магчымасці тэрменвокса.
***
У адрозненне ад гэткай экзотыкі, мандаліна і гітара вядомыя ўсім і прадстаўлення не патрабуюць. Але іх статус пераважна бытавы. Ідэя Сусветных дзён мандалінна-гітарнай музыкі «Мандалінісіма», што традыцыйна праводзяцца ў межах фестывалю, — зацвердзіць мандаліну і гітару ў якасці паўнапраўных канцэртных інструментаў, як, напрыклад, цымбалы ці баян.
Сёлета гітарна-мандалінны канцэрт называўся «Bonjour, mandoline!» і сабраў на адной сцэне віртуозаў з Беларусі, Францыі і Канады. Усе яны папярэдне ўдзельнічалі ў трохдзённым фестывалі сучаснай мандаліна-гітарнай музыкі ў Францыі, які праходзіў пад патранажам французскага мэтра Рышара Гальяна. З беларускага боку выступаў неапалітанскі аркестр «Экспрэсія» на чале з яго заснавальнікам Мікалаем Марэцкім, вядомым беларускім дамрыстам і мандаліністам, дацэнтам Беларускай акадэміі музыкі. Эксперымент выявіўся настолькі ўдалым, што частку праграмы вырашылі паўтарыць у Мінску. Тым больш Беларуская філармонія ставіцца да падобных праектаў вельмі добразычліва.
Ці атрымалася дасягнуць вызначанай мэты? І так, і не. Цікавасць да мандалінна-гітарнай музыкі ў краіне ёсць, публіка прымала музыкантаў з энтузіязмам. Але інтарэс пакуль не дасягнуў такога ўзроўню, які дазваляў бы перавесці гэты міні-фэст у вялікую залу Беларускай філармоніі.
Тое самае тычыцца і музычнага боку справы. Выканаўцы прадэманстравалі высокі ўзровень віртуознасці. Даказалі, што ў руках майстра гэтыя інструменты здольныя выяўляць найтанчэйшыя нюансы музычнага зместу. Але — гэта датычыцца ў першую чаргу мандаліны — для таго, каб інструмент заваяваў належнае месца на філарманічнай эстрадзе, неабходны самабытны і яркі рэпертуар.
На жаль, у беларускай музыцы няма ніводнага сачынення для мандаліны, якое можна было б параўнаць з Другім канцэртам для цымбалаў з аркестрам Дзмітрыя Смольскага. Не ўпэўненая, ці ёсць такі твор у французскай музыцы. З таго, што прагучала ў канцэрце, мяне па-сапраўднаму ўразіла толькі «Герніка» Вінцэнта Бір-Дэмандэра — глыбокая і змястоўная, што абсалютна па-новаму раскрыла выразныя магчымасці неапалітанскага аркестра. Мандалінна-гітарны тэмбр у дадзеным выпадку не проста «адзежка», якую можна змяніць на нешта іншае. Гэта магутны выразны сродак, ён дазваляе перадаць усю глыбіню трагедыі і смутку, захапіць слухача і прымусіць задумацца пра вечнасць.
***
«Мінская вясна» гэтым разам увогуле прайшла пад знакам маладосці, настаўніцтва і вучнёўства. У межах фестывалю адбылося ўшанаванне двух буйных педагогаў-музыкантаў. 21 красавіка ў Вялікай зале філармоніі адбыўся канцэрт памяці прафесара цымбал Таццяны Пятроўны Сергіенка, да 70-годдзя з дня яе нараджэння. Выступалі яе выпускнікі ў суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Жыновіча, які таксама ў значнай меры складаецца з выпускнікоў яе класа.
А праз пяць дзён, таксама ў Вялікай зале, адбылася цэнтральная, на маю думку, падзея фестывалю — канцэрт «Музычная спадчына прафесара Ірыны Аляксандраўны Цвятаевай: да 100-годдзя з дня нараджэння». Цэнтральнай яна з’яўляецца хоць бы таму, што астатнія падзеі фэсту маглі быць, а маглі і не быць. Можна было прыдумаць іншую канцэпцыю, запрасіць іншых артыстаў. Замест тэрменвокса мог гучаць металафон або кельцкая арфа, замест віяланчэліста Кірылы Радзіма — які-небудзь іншы, не менш знакаміты віяланчэліст. Але 100-годдзе выдатнага беларускага фартэпіяннага педагога Ірыны Цвятаевай, якое мы адсвяткавалі 29 красавіка, павінна было заняць ганаровае месца ў праграме фестывалю. Таму што Цвятаева — адна з заснавальніц беларускай фартэпіяннай школы, а фартэпіянная школа — адно з вяршынных дасягненняў беларускай культуры, тое, чым мы па праве можам ганарыцца і чым знакамітыя ў свеце.
Цікавай атрымалася задума канцэрта: выступалі толькі «музычныя ўнукі» Ірыны Аляксандраўны, вучні яе вучняў. Хоць і самі вучні — народны артыст Беларусі, прафесар Ігар Алоўнікаў, заслужаны артыст Беларусі, прафесар Юрый Гільдзюк, лаўрэат міжнародных конкурсаў, дацэнт Сяргей Мікулік (называю толькі тых, хто жыве і працуе ў Мінску) — да гэтага часу з’яўляюцца бліскучымі канцэртнымі піяністамі.
Ідэя ў тым, каб паказаць пераемнасць традыцый, яе вынікі ў сучаснасці і будучыні. Плён апынуўся ў такой ступені багатым, што канцэрт зацягнуўся на тры з паловай гадзіны. Самым малодшым з удзельнікаў быў 12-гадовы Альгерд Грышчанка (клас прафесара Гільдзюка). Ён крыху разгубіўся, выступаючы на такой прэстыжнай сцэне, але пявучы гук раяля пад яго пальцамі прымусіў пра тое забыць. Найбольш вядомы і «раскручаны», нягледзячы на маладосць, — 15-гадовы лаўрэат міжнародных конкурсаў Уладзіслаў Хандогій (клас Ірыны Семяняка), які з незвычайнай тонкасцю і глыбінёй выканаў Баладу № 3, op. 47 Фрэдэрыка Шапэна.
Акрамя Уладзіслава, а ён апошнім часам здзейсніў якасны скачок у сваім музыкальным і піяністычным развіцці, вялікае ўражанне на мяне зрабіў Ілля Пятроў, канцэртмайстар Нацыянальнага тэатра оперы і балета, лаўрэат 3-й прэміі V Міжнароднага конкурсу музыкі Сяргея Рахманінава ў Санкт-Пецярбургу. Выхаванец Сяргея Мікуліка, Ілля выконваў Другую фартэпіянную санату Рахманінава. Уразілі і два лаўрэаты міжнародных конкурсаў, выхаванцы прафесара Гільдзюка — Аляксандр Данілаў, які выканаў Вялікую санату Чайкоўскага, і Арцём Шаплыка, што ўвасобіў «Думку» Чайкоўскага. Дарэчы, у 2002 годзе Арцём зрабіўся лаўрэатам 1-й прэміі на Міжнародным конкурсе юных піяністаў імя Цвятаевай. Міжволі падумалася: чаму б не адрадзіць выдатны конкурс і не аддаць даніну павагі аднаму з самых лепшых айчынных педагогаў?
***
Моладзь уладарыла і на сімфанічных праектах фестывалю. Канцэрт адкрыцця так і называўся — «Вечар кансерваторыі» — і быў прысвечаны 85-годдзю нашай галоўнай музычнай ВНУ. Увесь час на сцэне знаходзіўся сімфанічны аркестр Акадэміі музыкі. За пультам быў яго мастацкі кіраўнік, дырыжор Нацыянальнага тэатра оперы і балета Андрэй Іваноў.
У першым аддзяленні прагучала Чацвёртая сімфонія Ёганэса Брамса — твор філасофскі, надзвычай глыбокі па змесце і зусім не прызначаны для выканання маладымі людзьмі. Тым не менш калектыў і дырыжор годна справіліся з няпростай задачай. Не абышлося без некаторых шурпатасцей, але ўвогуле аркестр гучаў па-юнацку прыўзнята і горача. Уся сімфонія выканалася на адным дыханні — рэдкая якасць, асабліва ў інтэрпрэтацыі Брамса.
У другім аддзяленні слухачы пачулі Сімфонію-канцэрт для віяланчэлі з аркестрам — адзін з апошніх буйных твораў Пракоф’ева. Саліраваў добра знаёмы мінчанам Жэром Пярно, лаўрэат конкурсу віяланчэлістаў Мсціслава Растраповіча, прафесар Парыжскай кансерваторыі, ганаровы прафесар Беларускай акадэміі музыкі. Кансерваторскі аркестр акампанаваў бездакорна. Віяланчэліст спадабаўся менш, але цалкам рэабілітаваў сябе бліскучым увасабленнем на біс сольных твораў Баха.
Яшчэ адна сімфанічная падзея — выкананне ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі моцартаўскага Рэквіема, перад якім прагучала ўверцюра Бетховена «Карыялан» і сімфанічная паэма Рыхарда Штраўса «Смерць і прасвятленне». Асноўны цяжар складанага праекта ўзяў на сябе Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь і яго галоўны дырыжор Аляксандр Анісімаў. Апрача яго, у выкананні Рэквіема ўдзельнічала Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Шырмы і Музычная капэла «Санорус», салісты — Ірына Крыкунова (сапрана), Крыскенція Стасенка (мецца-сапрана), Аляксандр Міхнюк (тэнар) і Максім Кузьмін-Караваеў (бас), а таксама хор Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 10 імя Яўгена Глебава. І хоць у шчыльнай масе гуку іх амаль не было чуваць, гэта падзея сталася для дзяцей незабыўнай.
Варта адзначыць, што ў апошні час школа усё часцей мільгае на філарманічнай афішы. Яшчэ нядаўна яна была вядомая тым, што яе выпускнікі Ксенія Сітнік, Андрэй Кунец і Дар’я Надзіна зрабіліся пераможцамі і дыпламантамі дзіцячага «Еўрабачання». Сёння шасцікласніцы школы, лаўрэаты міжнародных дзіцячых конкурсаў Даша і Насця Лукашэнка выступілі ў заключным гала-канцэрце фестывалю «Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр прадстаўляе...». Акрамя іх, у гала ўдзельнічалі юная скрыпачка Саша Арбузава, цымбалістка Ірына Міхайлава, піяністка Кацярына Давыдава (апошняя вельмі ярка і ўпэўнена выканала «Блакітную рапсодыю» Джорджа Гершвіна).
Але галоўным упрыгожаннем гэтага музычнага дзейства зрабілася выступленне лаўрэата міжнародных конкурсаў віяланчэліста Мікаэла Самсонава, які пражывае цяпер у Штутгарце. Ён бліскуча саліраваў у Канцэрце №1 для віяланчэлі з аркестрам Каміля Сен-Санса, а потым на біс выканаў віртуозную скрыпічную п’есу Пабла Сарасатэ «Цыганскія напевы», што ў стане сыграць толькі нешматлікія віяланчэлісты свету. Яна і стала той пераможнай нотай, на якой завяршыўся фестываль «Мінская вясна».
Юлія Андрэева