Аляксандра Клімава ў ролі Клеапатры. |
Памятаю, хтосьці з маіх прыяцеляў па пяру гаварыў пра «трагічны абсурд кахання», якое не жадае прызнаваць нічога вышэй за сябе, за ўласную выключнасць. Мне больш па душы было іншае вобразнае параўнанне: «Каханне -- гэта паходня, якая ляціць у бездань і толькі на гэтае імгненне асвятляе ўсю ягоную глыбіню». Бездань жыцця згасае для выдатнай егіпцянкі, калі ад яе назаўсёды сыходзіць Антоній. Свет без яго -- суцэльны змрок, напоўнены слотнай калатушай.
Гэта перажывае ўладычыца імперыі! Усё наўкол зычыць ёй асалоду, а яна... Не ведаю, ці магчыма перадаць пачуццё «я кахаю цябе», якім былі ахоплены героі «Антонія і Клеапатры», больш ярка, чым гэта адбывалася ў спектаклі, пастаўленым Верай Рэдліх, з Аляксандрай Клімавай і Расціславам Янкоўскім на чале ансамбля выканаўцаў.
Такое -- усепаглынальнае! -- каханне пашырае плошчу ўразлівасці для ахопленых ім. Янкоўскі ў тлумачэнні пачуццяў, якія зведваў ягоны кесар на берагах Ніла, перадаваў ноткі асуджанасці такога чалавека. Ягоны Антоній нібы і не здзіўляўся ўласнай пагібелі, дый сама Клеапатра, ужо «без Яго», пускае сабе на грудзі дзвюх чорных змеек, молячы іх выратаваць яе, што стамілася так кахаць. Якім грацыёзным быў яе крок, калі яна сыходзіла з трона на зямлю!
Дэкарацыі спектакля стрыманым каларытам з акцэнтаванымі залатым, чорным, пунсовым і белым колерамі вылучалі постаці нібы ажылых на нашых вачах фрэсак якога-небудзь Калізея або фараонавых пірамід. Сцэнограф Васіль Галубовіч з паўслова разумеў рэжысёрскія пажаданні. Сонечныя промні ў яго настойліва прабіваліся ў змрочны замак. Камень, прагрэты летняй спякотай. Чаша курыльніцы фіміаму. І на пасцелі з духмянога дрэва, засланай скурай афрыканскага льва, у чаканні пяшчоты і дотыку -- Яна. Укаранаваная царскім шлемам. У водблісках каралавых упрыгожанняў на поясе. З-пад доўгіх вейкаў -- бляск неверагодных вачэй, а метал у голасе царыцы раптам робіцца мякчэй, чым бавоўна. Ля ног яе -- рымскі трыумвір -- Антоній -- адзін з уладароў тамтэйшага свету. І -- перабежчык. У лагер кахання. У варожы ягонаму ўсемагутнаму Рыму Егіпет.
Захопленая літарай і духам гэтага незвычайнага драматургічнага твора, Вера Рэдліх настойвала, што героі трагедыі былі па-сапраўднаму прыгожыя. «Ніякі грым не надасць шчаслівую знешнасць жаночай сутнасці і мужчынскай прывабнасці; гэта стварае спапяляючае каханне», -- зазначала Вера Паўлаўна. Першая асоба ў дзяржаве дзеля гэтага пачуцця пагарджае велічнасцю ўласнага трона. Надзвычай прыгожымі, вытанчанымі ў сваіх зямных страсцях паўставалі ў гэтым спектаклі царственны Антоній і велічная Клеапатра.
Так, тэатр у той час цалкам падзяляў думку Луначарскага пра непераўзыдзеныя творы Шэкспіра. Яны «... сцвярджаюць, што жыццё грандыёзнае і цудоўнае, нягледзячы на тое, што напоўнена смуткам і катастрофамі, і што ўсялякае меркаванне пра гэтае жыццё ўяўляецца вартым жалю і аднабаковым, не ўлоўлівае ўсю разнастайнасць, усю яго асляпляльную ірацыянальнасць». Марныя мае намаганні хоць у нейкай меры даказаць, што такімі пастаноўкамі наша сцэна і «улоўлівае ... усю ірацыянальнасць асляпляльнага жыцця». Якраз гэтым і ўразіў нас спектакль «Антоній і Клеапатра», паказаны Рускім тэатрам у 1964 годзе.
Барыс БУР'ЯН