Пісарэнку сёлета споўнілася 50 гадоў (ён нарадзіўся ў Маладзечне ў 1967 годзе), але па бацьку яго рэдка хто называе: выглядае ён прынамсі на дзясятак гадоў маладзей — актыўна займаецца спортам, шмат падарожнічае па Беларусі і за мяжой. Сяргей адносіцца да новага пакалення нашых творцаў, для якіх Еўропа даступная не толькі як «турыстычная Мека», а як выставачная пляцоўка, як шырокі рынак спажыўцоў і знаўцаў мастацтва.
Талент Сяргея Пісарэнкі праявіўся яшчэ ў дзяцінстве, якое прайшло ў Карагандзе і Валожыне, а яго шлях у мастацтва ішоў праз знакаміты «Парнат» — Рэспубліканскую школу-інтэрнат імя Івана Ахрэмчыка, куды яго накіравалі ў 10 гадоў. Сустрэчы з бацькамі (а яны доўга не верылі ў сур’ёзнасць гэтай прафесіі) былі толькі вакацыйныя, так што да самастойнасці Сяргей прывучаны з падлеткавага ўзросту, калі зразумеў: яго лёс залежыць выключна ад вынікаў яго працы. Затым шлях, як і ў большасці «парнатаўцаў», — паступленне на графіку ў Тэатральна-мастацкі інстытут потым двухгадовая служба ў арміі. Знакамітыя сёння Юрый Хілько, Юрый Падолін, Марта Шматава былі яго аднакурснікамі. Сярод выкладчыкаў — выдатны педагог па малюнку Вячаслаў Цюрын, выбітны акварэліст Вячаслаў Паўлавец, мастачка і педагог Людміла Кальмаева, што ставіла цікавыя нацюрморты для вырашэння задач дзеля абвастрэння колеравага бачання.
Пасля войска вярнуўся ў Акадэмію да іншай каманды (Таццяна Радзівілка, Андрэй Арынушкін), адстаўшы на два курсы ад тых, з кім паступіў. Ужо тады ён вылучаўся сваім асаблівым стылем — любоўю да графікі Сярэбранага веку, вытанчанымі лініямі і паэтычным стаўленнем да ўбачанага. Пісарэнка лічыўся моцным студэнтам — многія вучнёўскія работы траплялі ў метадычны фонд інстытута. Ужо ў студэнцкія гады выставіўся ў Кракаве. Малюнак яго быў лёгкі, упэўнены, вылучаўся беспамылковым контурам і схопленым характарам мадэлі. Не акадэмічны. Таму ацэнкі па спецыяльных прадметах часта былі нізкімі: Акадэмія не падтрымлівала самавольства і залішняй самастойнасці студэнтаў (як гэта знаёма: «скончыш — рабі што хочаш, а тут падпарадкоўвайся агульным правілам»). Як вынік — выключэнне на пятым курсе на год па рашэнні кафедры. Падтрымаў маральна выкладчык-графік Уладзімір Басалыга, змог ацаніць здольнасці вучня і пераканаць абавязкова вярнуцца для працягу вучобы. Год перапынку не прайшоў марна: Пісарэнка засвоіў тэхніку ляўкаснага тэмпернага жывапісу. Сяргей вырашыў усе ж атрымаць дыплом, бо не меў маральнага права не апраўдаць надзеі бацькоў.
Ён не пашкадаваў пра гэта: апошнія студэнцкія гады шмат і напружана працаваў з натуры і дасягнуў выдатных вынікаў у малюнку. Творцу ўдавалася і схапіць падабенства з натурай, яе псіхалагічныя асаблівасці, і захаваць фармальную прыгажосць лініі. Цяпер згадвае пра апошнія студэнцкія пераддыпломныя гады з настальгіяй: «Ніколі ўжо не будзеш мець магчымасць маляваць і пісаць аголеную натуру бясплатна і сістэматычна!» Ужо сам дае парады маладым калегам: «Студэнцкія гады — самы творчы перыяд, бярыце ад іх усё, карыстайцеся прадстаўленым часам і ведамі сваіх настаўнікаў, такое ўжо не паўторыцца ніколі...»
У пераддыпломны год ад Сяргея чакалі многага: яго заўважыў выкладчык Яўген Шунейка і напісаў пра маладога пачаткоўца ў часопісе «Маладосць». На вокладцы быў змешчаны жывапісны твор Сяргея «Першы снег». Гэтае прызнанне і падтрымка акрылілі мастака, далі яму новы імпульс да далейшай творчасці.
Сяргей абяцаў стаць яркім ілюстратарам, і дыпломная праца пацвердзіла тое — Пісарэнка стварыў рукапісную кнігу вялікага гуманіста эпохі Адраджэння Мікалая Гусоўскага «Песня пра зубра» (1994) пад кіраўніцтвам народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча і каліграфа Уладзіміра Семчанкі. Атрымалася цудоўная стылістычная інтэрпрэтацыя старадаўніх летапісаў, упрыгожаная ілюмінаванымі мініяцюрамі. Сяргей дамогся дазволу ілюстраваць Гусоўскага, хоць матэрыялу на акварэльны дыплом было з лішкам і ён мог зрабіць дыхтоўную дыпломную працу за пару месяцаў. Але мастак паставіў амбіцыйныя задачы, якія выношваў і ўвасабляў цэлы год. Гэта сем невялікіх планшэтаў з уласным канцэптам: Сяргей стварыў сваю структуру кнігі, узяўшы за аснову пераклад лацінскага тэксту на беларускую мову Язэпа Семяжона. Беларускі тэкст кнігі Сяргей напісаў гатычным шрыфтам. Буквіцы і пастаронкавыя ілюстрацыі захапляюць тонкай філіграннай працай, шматлікімі раскадроўкамі — жыційнымі замалёўкамі і сцэнамі палявання, пазалочанымі ўстаўкамі і асаблівым вынаходлівым прыёмам: зашыфраванай у тэксце пастаронкавай малітвай Маці Божай, якую можна прачытаць, прагарнуўшы ўсю кнігу. Сяргей і цяпер даражыць гэтай сваёй працай. На тыя ілюстрацыі і праз дваццаць гадоў глядзіш з захапленнем, дзівішся, наколькі тонка адчуў малады чалавек чароўную готыку, што ідзе ад французскіх крыніц, каліграфію шрыфтоў, з якой любоўю і разуменнем маляваў дэталі — бытавыя сцэнкі з паэмы Гусоўскага. Гэтая праца вылучыла яго, маладога мастака, у першы шэраг нешматлікіх калег — майстроў каліграфіі. Дыпломны праект шмат выстаўляўся, а аркуш з яго быў набыты Полацкім дзяржаўным музеем-запаведнікам. Пасля многіх выстаў нямецкія выдавецтвы прапаноўвалі нават надрукаваць кнігу на латыні з ілюстрацыямі Сяргея Пісарэнкі, але ён быў вымушаны са шкадаваннем адмовіцца: працу давялося б зрабіць нанова.
Сяргей не стаў ілюстратарам (аформіў адзіную дзіцячую кнігу Дзмітрыя Уварава «Агеньчык Залатога Капялюшыка», выдадзеную ў 2010 годзе ў Свята-Елісавецінскім манастыры), хоць яго здольнасці нібы прызначаны для гэтага: вытанчанасць дакладнага малюнка, пяшчота колеру, густ да дэталі, якую цікава разглядаць, кампазіцыйная ёмістасць пры лаканічнасці аркуша.
Пісарэнку надоўга захапіла акварэль — мастацтва, якое натхняецца прыгажосцю святла і вады і, як лакмусавая папера, паказвае, на што здольны мастак. Акварэльная школа ў Беларусі — адна з самых моцных, і Сяргей Пісарэнка здолеў вылучыцца як арыгінальны, ні да каго не падобны майстар. Ён двойчы, у 2005 і 2009 гадах, удзельнічаў у Еўрапейскім біенале акварэлі ў Намюры ў Бельгіі, што збірае эліту еўрапейскіх акварэлістаў. Даследчык беларускай акварэльнай школы, графік Уладзімір Рынкевіч вылучае ў ёй традыцыйную і наватарскую, больш фармальную, плыні. Традыцыяналісты, у сваю чаргу, дзеляцца на рэалістаў, якія дакладна паказваюць прадметнае асяроддзе, і лірыкаў, што ставяць задачай перадачу настрою, тонкіх эмоцый. Апошніх адрознівае і большая тэхнічная разняволенасць.
Пісарэнку з яго камернымі пейзажамі і вытанчанымі нацюрмортамі можна назваць ужо не столькі лірыкам, колькі «рамантыкам новай хвалі». Матывы пісарэнкаўскіх аркушаў простыя — кветкі ў вазе, заснежаныя зімовыя пейзажы, беларускія азёры, вясковыя панадворкі, адзінокія дрэвы. Але ў гэтай немудрагелістасці ёсць чароўнае хараство, таямніцу якога не так проста разгадаць. «Мастак можа ўсё сказаць садавіной, кветкамі або проста аблокамі», — сказаў неяк вялікі Эдуард Мане. «Пра мяне лёгка даведацца — дастаткова паглядзець на мае працы», — кажа і Сяргей. Душэўны свет мастака — ва ўменні дзівіцца і знаходзіць гармонію ў штодзённых рэчах: сталах, кубках, палявых букеціках, нават дзіцячых сандалях. Акварэлі Пісарэнкі — мастацтва нюансу. Яны музычныя і святланосныя.
Манера Сяргея Пісарэнкі пазнавальная і індывідуальная: святочная казачнасць сюжэтаў, рамантызацыя матыву, размытасць контураў, асаблівая мяккасць пэндзля, любоў да тэхнікі працы «па-мокраму», стылізацыя вобразаў рэчавага свету, светлавыя эфекты, лаканічнасць. Часам мастак небяспечна спыняецца за два крокі ад салоннасці, падкрэсленай прыгажосці, але густ не здраджвае яму — і нараджаюцца кампазіцыі бездакорнага майстэрства.
Маладому пакаленню выпускнікоў-графікаў, якія ўступілі ў творчае жыццё ў 1990-я, час жорсткага эканамічнага крызісу ў Беларусі, давялося нялёгка. Адсутнасць дзяржаўных замоў і заняпад Саюза мастакоў, яго матэрыяльнай базы вымусілі некаторых аўтараў сыходзіць з прафесіі або з’язджаць за мяжу ў пошукаў заробку. Тады Беларусь пакінулі многія таленавітыя мастакі — Раман Заслонаў, Ігар Кашкурэвіч, Андрэй Задорын, Андрэй Арынушкін, Ігар Цішын, Наталля Залозная і іншыя, здольныя рэалізаваць сябе па-за радзімай. Шмат працаваў за мяжой і Сяргей Пісарэнка. Тут ён упершыню сутыкнуўся з законамі жорсткага заходняга арт-рынку. «Даводзілася рабіць не толькі творчыя, але і камерцыйныя рэчы, працаваць па замовах людзей з розным густам. Але гэта дазволіла выжыць у тыя няпростыя гады».
Сяргей не хавае, што таксама думаў пра ад’езд, тым больш з цягам часу яго выставы ў замежжы, дзе шанавалі беларускую рэалістычную графічную школу, ішлі вельмі нядрэнна.
У апошнія гады Сяргей шмат экспануецца і на радзіме. «Адкрыла» яго для беларускіх аматараў вядомая мастацтвазнаўца Таццяна Бембель, у тыя гады дырэктарка галерэі ЕГУ, калі арганізавала ў 2000 годзе ў галерэі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Мінску яго першую персанальную выставу. У 2004 годзе Пісарэнка стаў членам творчага аб’яднання мінскіх мастакоў «Арцель», на выставах якой ён неаднаразова паказваў свае працы. На адным з мерапрыемстваў тагачасны Пасол ЗША ў Беларусі Майкл Козак набыў карціну Сяргея, якая пасля ад’езду ў ЗША ўпрыгожвала сцяну новага працоўнага месца былога амбасадара ў Белым доме. Такім месцазнаходжаннем свайго твора, напэўна, можа пахваліцца рэдкі мастак. (З рускіх жывапісцаў там знаходзіцца толькі карціна Івана Айвазоўскага.)
У 2008 годзе Сяргей Пісарэнка стаў сябрам Саюза мастакоў. Яму тады мінула 40 гадоў — узрост творчай сталасці. Апошнія гады Сяргей усё часцей звяртаецца да жывапісу, пераносячы ў яго графічныя прыёмы — шпаркасць выканання, выдасканалены контурны малюнак, ці наадварот — акварэльную мяккасць і размытасць сілуэтаў, што надае яго працам асаблівы загадкавы флёр мары або сну. Рамантычнае стаўленне да прыроды ў жывапісе Пісарэнка ўвабраў ад Ягора Батальёнка, свайго настаўніка па школе Ахрэмчыка.
«Усё, што ён робіць, ён творыць з любоўю і задавальненнем. Сяргею ўласцівая адмысловая танальнасць, свой непаўторны свет, які адразу пазнаецца, ну і, вядома, вялікае майстэрства выканання», — кажа пра калегу графік-акварэліст Вячаслаў Паўлавец. Аб тэхнічных прыёмах Пісарэнкі можна казаць доўга. Сяргей літаральна «вядзьмарыць» над аркушам, дамагаючыся незвычайнага гучання, ператвараючы яго ў каштоўны твор, даводзячы да дасканаласці. Гэта яго асабістая індывідуальная манера: выбар адмысловага гатунку паперы, акуратнае вымыванне колеру, праца не толькі пэндзлем, але губкай, пальцам, яго фірмовы эфект плямістасці («тыгравы камень»), прадрапванне, накладанне клішэ, двух-, трохслойнае накладанне колеру сухім пэндзлем і адначасова выкарыстанне прыёму «па-мокраму», асаблівыя, вынайдзеныя ім прыстасаванні, якія не дазваляюць доўга высыхаць паперы, каб мець магчымасць працягнуць работу заўтра, у два, а то і ў тры сеансы...
«Я сам ствараю сабе праблемы, сам іх і вырашаю. Мне нецікава проста адлюстроўваць убачанае», — кажа мастак. З кожным годам яму ўсё цяжэй расставацца з працамі. Хочацца, каб гэтыя работы трапілі не толькі ў беларускія і замежныя прыватныя зборы, але і ў сур’ёзныя калекцыі вядомых музеяў. Пакуль яны знаходзяцца ў прыватных зборах розных краін і ў карпаратыўных калекцыях, напрыклад, карэйскай кампаніі «Самсунг». Некалькі твораў мастака ў 2005-м набыў Цэнтр сучасных мастацтваў у Мінску.
У снежні 2014 — студзені 2015 года на міжнароднай выставе «Прастора быцця» ў Цэнтральным доме мастака ў Маскве Сяргей Пісарэнка заваяваў два залатыя медалі ў намінацыі «Жывапіс/Графіка», а таксама, што асабліва цешыць, — «Прыз глядацкіх сімпатый». «Вельмі прыемна, калі людзі адзначаюць тваю працу, — кажа мастак. — Мяне ўразіў адзін нядаўні выпадак: маладая дзяўчына купіла ў мяне карціну. У размове высветлілася, што бабуля пакінула ёй невялікую спадчыну, і яна выкарыстала большую яе частку для набыцця жывапісу, а не якіх-небудзь матэрыяльных дабротаў! Гэта натхняе і выклікае веру ў сябе...»
У 2015 годзе Сяргей Пісарэнка быў запрошаны экспанаваць свае акварэлі ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь на эксперыментальнай арт-пляцоўцы. Невялікая выстава пад назвай «Цьмяныя аповеды» стала адкрыццём для многіх, і не толькі для спецыялістаў — мастацтвазнаўцаў і мастакоў, якія ўважліва ўзіраліся ў кожны аркуш, спрабуючы адгадаць сакрэты майстэрства творцы. Адзначылі наватарства мастака і шматлікія наведвальнікі музея, пакінуўшы захопленыя водгукі, адзначаючы тонкасць і паэтычнасць яго карцін. Адну з лепшых работ — «Выспа» (2010) — мастак падараваў Нацыянальнаму мастацкаму музею. Спадзяёмся, што неўзабаве колькасць твораў гэтага выдатнага графіка ў нацыянальных калекцыях будзе значна большай.
Надзея УСАВА