У 2007 годзе яе ўвасабляў Алег Жугжда для Марыі Захарэвіч, але доўга і шчасліва жыць на сцэне Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы твору не выпала.
Спектакль рэжысёра Лінаса Зайкаўскаса сцвярджае, што каханне — перадусім прэрагатыва душы, пачуццё без веку і яго зашмат не бывае, а жыццё набывае сэнс толькі тады, калі ёсць пра каго клапаціцца і камусьці быць патрэбным. Гэта зразумець няцяжка. Пераклад з літоўскай дакладна падаваўся праз праекцыю, і глядзельня не трапляла ў моўную залежнасць. Да таго ж пастаноўку суправаджаў джазавы гурт (музычнае афармленне належыць Рымантасу Багдонасу): тэмпа-рытмічна і настраёва музыкі час-почас няўгледна скіроўвалі персанажаў да дзеянняў. А калі праз адметнасці пластычнага вырашэння трагікамедыя набывала эксцэнтрычныя рысы, дачувалася нават цыркавая нота — нібыта дзіўнае і павучальнае прадстаўленне даюць кілімныя на жыццёвай арэне ды адпаведны аркестрык пры іх...
Гераіня Асты Прэйдзітэ Вольга — адыходзячая натура ў шаноўным веку (актрыса дасціпна дае адчуць яе адрозненне ад старой каргі). Гэты адыход па-свойму выбітны, бо адбываецца з перакананнем: «Калі пачаць сентыменціць ды шкадаваць сябе, жыццё будзе сапсаванае. З іншага боку, цяжка разважаць, калі цела ўвесь час млее. Галава лепей кеміць, калі табе добра. Атрымліваецца, тое, што добра, — таксама і разумна». Яна шмат патрабуе ад сябе, ведае смак свабоды і аддае перавагу незалежнасці. Малады Рундзіс — бадзяга, нахаба, дробны злодзей, але Ёнас Чэпуліс падае яго наколькі цынічным, настолькі й рамантычным («Я хачу пачувацца жывым і ва ўладзе тых самых сілаў, што й Сусвет»). Як ні дзіўна, абодва — ідэалісты, кожны на свой манер, і падсвядома пераймаюцца тым, што цікавыя свету хіба сваімі сацыяльнымі ролямі. Адно ў адным ім выпадае заўважыць асобы і пільней угледзецца ў сваё, так бы мовіць, найбліжэйшае кола: напрыклад, у дыхтоўныя паставы антыквара Эрвасці (Вольга мае цікавыя старыя рэчы) і Сіркі, Вользінай дачкі. Персанажы Рымантаса Тэрэсаса ды Інгі Талушытэ надзейна і відавочна прыземлены, маюць перабольшана вялікія, кумпястыя, цяжкія цялесныя нізы як вартую супрацьвагу галовам — пачуццёвы вецер вандраванняў такіх проста не ўздыме. Затое худзенькую, аж празрыстую маладзіцу Элу ў выкананні Ёліты Скукаўскайтэ-Вайшэнэне, здаецца, выдзьме вонкі любое спадарожнае парыванне — абы толькі не зляцець (бо хутка ж вернецца муж!). Яна чапляецца за Рундзіса, як павуцінне за калючае кустоўе. Падкрэсленая перабольшанасць вырашэння гэтых вобразаў выдае на гратэск, але прымаецца безумоўна з таго моманту, як Вольга задуменна прамаўляе, што толькі прыгажосць робіць чалавека шчаслівым. У пачварным свеце шчаслівых быць не можа. Надзвычайная хуткасць ягоных зменаў да так званай зручнасці (камфорту, выгодаў) адбываецца з такімі стратамі для чалавечай душы і цела, што ўжо не захапляе, а бянтэжыць, бо нават каханне значыць усё менш і менш! — так чытаецца рэжысёрскае пасланне да залы, але, паводле пастаноўшчыкаў, супраць такой прадвызначанай «згадкі пра будучыню» яшчэ не позна паўстаць, таму гратэскавы самагубны стрэл гераіні ў фінале гучыць як стартавы для героя...
«Ганна Карэніна» Льва Талстога, прадстаўленая Рускім драматычным тэатрам Літвы, зазнала прэм’еру аж у 2005 годзе і да сёння не страціла асаблівага халадковага смаку — перадусім праз імклівае развіццё драматычных падзей, нібыта і вядомых з літаратуры, але на сцэне аніяк не відавочных. Іхні шэраг вызначыў ды ўвасобіў украінскі майстар Эдуард Мытніцкі — ад драматургіі да вырашэння сцэнічнае прасторы праз дзве дыяганалі крэслаў: яны ўтвараюць падабенства трохкутніка, скіраванага да глядзельні шырокай уяўнай падставай. Іх металічны бляск адначасова ўрачысты і жорсткі: крэславыя шыхты вымагаюць адметнага парадку — да таго, што кожнае зрушэнне з месца хвалюе і трывожыць. Долі, якую пераследуе муж, каб вымаліць прабачэнне за здраду, чапляецца за іх, падае, але падымаецца так, што патрапляе падтрымаць парадак... так званае «слушнае становішча», пра якое Бэтсі Цвярская жорстка нагадае Ганне, — аднолькава прынятае ў гасцёўні, бальнай зале, тэатры… Ганна знаёміцца з Вронскім на вакзале, і хутка ўсе абставіны яе жыцця нагадаюць вакзальную пачакальню…
Імкліва выпушчанае дзеянне «хронікі жарсці і граху» як бы прыпадобнена рэжысёрам да цягніка — бярэ разгон, набірае хуткасць; лаканічныя эпізоды толькі што не наязджаюць адзін на адзін як вагоны, пастукваючы на (змантаваных) сутыках рэек-падзей: трапны гукавы шэраг узмацняе і падтрымлівае эфект. Здаецца, само жыццё вось-вось раскідае бліскучую геаметрыю «слушнага становішча» і пераедзе кагосьці з персанажаў неўсвядомленай гульні «на выбыванне» альбо «слабы звянчак». Адна выспа застаецца нязрушнай — Аляксей Аляксандравіч Карэнін. Ён не бязлітасны мярзотнік, як вынікала з колішніх трактовак (асабліва ў кіно). Ён не гуляе ў «становішчы». Яму няможна дапускаць «няслушнасці» як чалавеку дзяржаўнаму, чыноўніку ў найвышэйшым рангу: ён прысягаў і абавязаны; нельга нават па-
давацца смешным і датклівым.
Развіццё стасункаў Ганны і Аляксея Аляксандравіча ўражвае — і майстэрствам распрацоўкі, і асаблівай далікатнасцю ўвасаблення Анжэлай Бізуновіч і Аляксандрам Агаркавым: воляй рэжысёра жаноцкасць і абаяльнасць Ганны даведзена да такой магічнай (і трагічнай) прадвызначанасці, а зацятая адказнасць Карэніна — да такой ступені самаахвярнасці, што цьмянее «страшна багаты, прыгожы, з вялікімі сувязямі» Вронскі (але не акцёрская работа Вячаслава Лук’янава!).
Але ж ці выправіў чалавечае становішча цягнік, які за часам Льва Талстога ўвасабляў хуткасць зменаў у свеце (і якраз да зручнасці)? Існуе меркаванне знаўцаў: калі дужа пільна перачытваць раман, можна заўважыць, што Ганна, верагодна, і не трапіла на рэйкі. Гэткая пастка альбо досціп талстоўскага генія. Калі ўзброіцца веданнем ды ізноў угледзецца ў фінальную падзею спектакля, накрэсленую святлом і гукам, яна выдасць на эпілог: можна ўявіць, як трушчаць цяжкія колы штучную слушнасць і адчуць палёгку праз тое, як вяртаюцца да чалавека простыя жыццёвыя сэнсы. На што толькі не здатны Сусвет, каб прымусіць сябе пачуць!
...Вось пра гэта і апавёў спектакль «Гатэль двух светаў» Эрыка-Эмануэля Шміта, за які Рускі драматычны тэатр Літвы атрымаў адну з вышэйшых прафесійных узнагарод Літвы — залата сцэнічны крыж.
...Да выпрабаванняў чалавека праз хваробу ды катастрофу драматург дадаў клінічную смерць: пакуль дактары ратуюць пацыента, ягоную душу прымае адмысловы гатэль з доктаркай С. Мэта перабывання ў гатэлі — шанец на развагі пра марнасць марнасцяў альбо пра ўласнае жыццё. Толькі гутарыць і чакаць: ад чалавечае душы і доктаркі ўжо нічога не залежыць. Нібыта...
Разважаюць (размаўляюць) у спектаклі шмат. Але рэжысёр Сігітас Рачкіс ужывае мноства буйных і дробных выкрутаў для таго, каб цікавасць да гэтых размоў, прамоў, плётак, роспытаў і досціпаў не гублялася, каб глядзельня, як той казаў, паціху ўзіралася ў сябе праз мітрэнгі персанажаў, прадстаўленых усімі пакаленнямі артыстаў Рускага драматычнага тэатра Літвы. Каб выратаваць каханне, што ўзнікла ў гатэлі імя Клінічнае смерці, самы сталы кліент падбівае доктарку на высакароднае пасаднае злачынства: нейкім чынам давесці да хірургаў, што ягонае сэрца трэба аддаць маладзенькай закаханай, якая ў жыцці не падымалася з інваліднага вазка. Просты сэнс таго, што жывому трэба жыць, крануў інфернальную доктарку нароўні з рэальнай глядзельняй...
І гэта варта было перажыць.