Моцартаўская «Чарадзейная флейта» — хіт усіх часоў і народаў. Опера надзвычай запатрабаваная ў Еўропе і Амерыцы, ідзе ў розных краінах, да яе ахвотна звяртаюцца тэатры. У Мінску «Флейта» была пастаўлена ў 1987-м рэжысёркай Маргарытай Ізворскай і сцэнографам Вячаславам Окуневым. Той спектакль атрымаўся яркім і эфектным, за яго маляўнічасцю счытвалася шмат сэнсаў. Мне пашчасціла пабачыць у ім некалькі пакаленняў выканаўцаў. Згадаю толькі Памін: Наталлю Кастэнка і Наталлю Залатарову, Таццяну Траццяк і Алену Бундзелеву. Зразумела, трыццаць гадоў — вялікі адмежак, абнаўляць рэжысуру, касцюмы, сцэнаграфію, шукаць новае бачанне сюжэта, канфлікту, вобразаў — патрэба часу. Практыка суседніх краін сведчыць: пастаноўкі могуць трымацца ў рэпертуары два-тры сезоны, а потым гледачу прапануецца кардынальна іншая версія.
Сёлета над «Флейтай» працавала нямецка-аўстрыйская пастановачная група. Здавалася б, хто, як не яны, лепш за ўсё зразумеюць аўстрыйскага генія?! Хартмут Шаргхофер да Мінска паспеў папрацаваць над сцэнаграфіяй «Флейты» ў пяці розных тэатрах. Ханс-Іахім Фрай прызнаўся, што правёў на гэтай оперы не менш як 300 тэатральных вечароў. Некалькі сезонаў таму рэжысёр увасобіў на нашай сцэне «Лятучага галандца» Вагнера; яго версія, удалая і пераканаўчая, справядліва адзначана Нацыянальнай тэатральнай прэміяй.
Новая пастаноўка выклікала розныя ўражанні. Паспрабую іх прааналізаваць. Спачатку пра ўсё светлае, радаснае і вартае ўхвалы. Дырыжор не стаў рабіць купюры ў музычных фрагментах партытуры. Тут скарачэнняў няма. Больш сціслымі атрымаліся размоўныя фрагменты. У Моцарта опера разлічана на чатыры гадзіны, у Мінску гучала тры.
Спеўныя эпізоды (арыі, дуэты, харавыя сцэны) гучаць па-нямецку, размоўныя ў зінгшпілі — па-руску. Пераклад (у бягучым радку) стылёва вывераны, часта рыфмаваны. Важна, што партыі салістамі добра вывучаны, таму на сцэне яны пачуваюцца ўпэўнена. Нямецкая мова, нягледзячы на шматлікія збегі зычных, успрымаецца як вакальна зручная. І родная. Здольнасць «дасылаць гук» так, каб размоўныя фрагменты былі добра чутыя нават у глыбіні партэра, не прыходзіць сама па сабе. Гэта вынік настойлівай працы.
Да прэм’еры падрыхтавана тры склады выканаўцаў. Сярод іх шмат маладых артыстаў, асабліва ў вядучых партыях. Такі давер маладым дарагога варты. У складзе спевакоў, які я бачыла, былі Дыяна Трыфанава (Паміна), Віктар Мендзелеў (Таміна), Аляксандр Кеда (Зарастра), Царыца ночы (Алена Сіняўская). Лірыка-каларатурнае сапрана Дыяны Трыфанавай, што вярнулася на сцэну пасле невялікага перапынку, гучыць упэўнена і лёгка. Віктар Мендзелеў ад сезона да сезона ўсё больш разняволена адчувае сябе на сцэне і яскрава раскрывае акцёрскія здольнасці.
Хартмут Шаргхофер прапанаваў запамінальную сцэнаграфію, пабудаваную на кантрастах колераў. Прастора сцэны напаўпустая, і лапідарнасць таксама грае на агульную задуму. Надоўга запамінаеш магутную крону дрэва — як сімвал жыцця, прыцемнены ствол, з яго, нібы з гнязда, выходзіць Царыца ночы. Эфектна выглядаюць касцюмы герояў (іх да новай пастаноўкі спатрэбілася амаль 200). Асабліва вылучаецца вопратка амазонак і Царыцы.
Цяпер пра тое, што выклікае пэўныя сумненні. Па сюжэце героі праходзяць шматлікія выпрабаванні. Таму пераважна (але ж па волі рэжысёра) пакутуюць. Паміна або ў адчаі, або моліцца, стоячы на каленях, або збіраецца скончыць жыццё самагубствам. На маю думку, гераіня папярэдняй версіі была больш трывалай, у яе характары адчувалася больш мажору, радасных і яркіх фарбаў. Таміна пакутуе, Царыцу ночы адольвае помста, Зарастра непакоіцца... Мо на агульнае ўспрыманне пастаноўкі ўплывае і прыцемненасць сцэны? Відавочна: мастак па святле Уладзімір Сцерлін (Расія) рэалізуе не ўласную задуму, а канцэпцыю рэжысёра. У выніку казачнасці ў новай «Флейце» замала. Атрымалася няспешная філасофская сага. Не сказаць каб змрочная, але надта суровая.
Гісторыя масонства — рэч захапляльная. Дастаткова зазірнуць у Інтэрнэт, каб перад вачыма разгарнуўся велізарны спіс знакамітых асоб, якія належалі да ложаў «вольных муляраў». Моцны акцэнт, што зрабілі пастаноўшчыкі ў 2-й палове оперы на рытуалах масонскай ложы, на маю думку, замаруджвае дзею і ў рэшце рэшт звужае кола патэнцыйных гледачоў. Усё-такі публіка ідзе ў тэатр па відовішча, а філасофскія, глабальныя ідэі не існуюць у мастацкім творы абстрактна і самі па сабе. Лепей, калі яны ўвасабляюцца праз адносіны і эмацыйны складнік.
Магчыма, годным чынам успрымаць новую інтэрпрэтацыю «Флейты» перашкаджае тая акалічнасць, што большасць твораў мінскай опернай афішы належаць італьянскім ці рускім кампазітарам ХІХ стагоддзя (Вердзі, Пучыні, Масканьі, Чайкоўскі, Рымскі-Корсакаў). З іх вострымі канфліктамі, напалам нават не пачуццяў, а жарсцяў. Мы прызвычаіліся і прагнем такога ж напалу.
Не выпадкова самым жывым, шматгранным і яркім вобразам, у якім адчуваеш радасць жыцця, пералівы эмоцый, сумненні, успрымаецца Папагена ў выкананні Сяргея Лазарэвіча. У той момант, калі Папагена ў пошуках каханай выбягае ў залу, гледачы нарэшце радасна ажыўляюцца. Ёсць магчымасць і зблізку разгледзець спевака, і адчуць асалоду ад яго моцнага голасу. Узнікае зваротная сувязь (ён імкнецца ўбачыць абранніцу сярод паненак у зале). Трызубец Папагена (званочкі на доўгім шасце) успрымаюцца і як музычны інструмент, і як своеасаблівы радар. А мо сучаснае тэхнічнае прыстасаванне, каб злавіць Wi-Fi і нарэшце ўсталяваць сувязь з каханай?
Шырока вядомая афарыстычная думка Антона Рубінштэйна: «Вечнае сонечнае святло ў музыцы, імя табе — Моцарт…» Здаецца, у новай версіі «Флейты» больш святла таямніча-прывіднага, месяцовага і загадкавага, чым радаснага і сонечнага. Зрэшты, не варта спяшацца з высновамі. Спектакль толькі нарадзіўся, ён паступова ўдасканальваецца. З кожным паказам і новым складам выканаўцаў. І ў выніку, спадзяюся, набудзе баланс светлага і змрочнага, жыццярадаснага і драматычнага, які і ўласцівы аўстрыйскаму генію.