Даўгалецце М’ARТа вызначаецца яго стратэгіяй. Гэта дынамічны праект, што афармляе прамежкавыя вынікі свайго развіцця ў выглядзе выстаў. Плюралізм апошняй канцэптуальна грунтуецца на постмадэрнісцкім паняцці актыўнага адрознення (differance), уведзеным у філасофію Жакам Дэрыда ў якасці аднаго з вынікаў крызісу метанаратываў, зняцця бінарных апазіцый і жорсткай структурнай іерархіі папярэдніх культурных эпох. У аксіялагічнай сістэме постмадэрнізму філасофія адрознення ацэньваецца як тая, што дае магчымасць выйсці за межы логікі тоеснасці і адкрывае верагоднасць множнасці ў мысленні, а таксама ў мастацтве. Рэалізуючы дадзены канцэпт у стварэнні выставачных праектаў, М’ARТ дае ўдзельнікам свабоду ў асэнсаванні, інтэрпрэтацыі і трактоўцы тэмы.
Тэма, абраная Аляксандрам Дзямідавым, куратарам сёлетняй выставы, — «Сны». Сны сумяшчаюць у сабе тое, што азначае, і тое, што азначаецца. Бо калі ў штодзённым жыцці вобразы з’яўляюцца крыніцай адчуванняў, то ў снах узнікненне вобразаў прадукуюць пачуцці і атмасфера.
Вобразная сістэма жывапісных твораў Аляксандра Дзямідава будуецца на трансфармаванай каштоўнаснай семантыцы міфа: пераўтварэнне хаосу ў космас, гарманізацыя свету, пошук і здабыццё страчанага Раю. Асноўнымі архетыпічнымі сімваламі з’яўляюцца дзіця, жывёла, дом, дрэва, кветка, шлях. Вобраз дзіцяці ўзаемадзейнічае з вобразам жывёлы, прадстаўляючы адзінства жыцця, чыстага, гарманічнага існавання.
У Алены Гурынай гульнявы пачатак праяўляецца ў суіснаванні элементаў фантастычнага свету і бытавых рэалій. Дом становіцца кампанентам нацюрморта, а праявай анімізму ў ім можна лічыць адушаўлёнасць кожнай рэчы. Душа (гэты ўдых і выдых, які дае жыццё) робіць рэчы пазачасавымі. Архетыпічны вобраз жанчыны часта трансфармуецца ў нешта жывёльнае ці птушку.
Працы Уладзіміра Канцадайлава з серыі «Зімовыя сны» — фігуратыўны жывапіс, які прайшоў імпліцытную фазу абстракцыі. Мастак выкарыстоўвае камбінаваныя тэхнікі, калаж, гратаж, перадаючы раўназначнасць любых фрагментаў творчасці: фігуратыўныя работы бесцялесныя, як памяць, а пазнавальнасць вобразаў не адмяняе іх надасабовы характар.
Алег Захарэвіч экспанаванымі карцінамі пачынае новы этап сваёй творчасці, які характарызуецца яркай каларыстычнай гамай. Пасля прац некалькіх апошніх гадоў, выкананых у цёмных тонах, выбух колеру таксама цягне за сабой новыя кампазіцыйныя рашэнні, што адлюстроўваюць фрагментаванасць постсучаснай свядомасці і культуры. Традыцыйныя вобразы выглядаюць даволі сюррэалістычна ў гэтых аскепках светабудовы.
Аляксандр Шапо прадставіў скульптуру і друкаваную графіку. У гэтых творах рэпрэзентуецца канцэпцыя быцця як серыя суіснавання процілеглых стыхій — Эраса і Танатаса; іх дуалізм і немагчымасць быць адзін без аднаго. Эратызм і ў той жа час адухоўленасць, у асобных працах — трагізм жаночых вобразаў адсылаюць таксама да антрапалагічных канцэпцый, якія параўноўваць пісьменнасць (і, адпаведна, мову мастацтва) з рытуалам ахвярапрынашэння.
Графіка Усевалада Швайбы знаёміць нас з разгорнутай сістэмай сімвалаў. Шматлікія драпіроўкі, стужкі, якія перакрыжоўваюцца і злучаюць персанажаў, нагадваюць матэрыяльнае ўвасабленне нябачных сувязяў і стыхій. Дынаміка гэтых патокаў і ўрачыстая статыка вобразаў выяўляе спалучэнне рэальнага і ўяўнага.
Літаграфіі Рамана Сустава рэпрэзентуюць фантастычныя вобразы, што залучаюць гледача ў гісторыю, часта створаную ім самім. Уяўленне пачынае працаваць, дабудоўваючы розныя сусветы і вымярэнні. Гэтае адзінства — арганічнага і механічнага, часу, мастацтва і навукі — нагадвае пра тэорыі Дэлёза і Гватары, якія выключаюць дзяленне прыроды на жывую і нежывую, сціраюць адрозненні паміж прыродай, чалавекам і машынай; тэорыі, дзе лепшай машынай жаданняў, што вырабляе фантазмы, з’яўляецца мастацтва.
Скульптуры Сяргея Сотнікава ў праекце сведчаць пра полістылістыку творчасці. Тут прысутнічаюць як аб’екты, якія сваёй лаканічнасцю і фармальным падыходам працуюць на стварэнне адзінай прасторы экспазіцыі, так і стылізаваныя фігуратыўныя працы.
Сны можна назваць самым складаным відам мастацтва. У сне чалавек глядзіць на сябе збоку, пры гэтым ён — эмацыйны ўдзельнік і аўтар сюжэтаў, што яму сняцца. На выставе аб’яднання М’ARТ глядач быў закліканы адначасова адчуць атмасферу існавання сноў і стаць іх суаўтарам.
Алена ГЕ