Пад знакам Суціна

№ 3 (300) 01.03.2008 - 31.03.2008 г

Сусветнай сенсацыяй сталі вынікі лютаўскіх таргоў аўкцыённага дома «Сотбіс». Самым дарагім аказаўся «Партрэт мужчыны ў чырвоным шарфе» Хаіма Суціна, напісаны мастаком у 1921 г. 17 мільёнаў долараў -- новы рэкорд кошту, асабліва калі супаставіць яго з коштам палатна Агюста Рэнуара «Дзве сястры» (1889), якое набылі за 13 мільёнаў долараў.

 /i/content/pi/mast/8/188/MD-Sharangovich.jpg

Яшчэ параўнальна нядаўна імя Суціна, які нарадзіўся ў мястэчку Смілавічы пад Мінскам, а ў 1912 г. з’ехаў у Францыю, ведалі на радзіме толькі некаторыя прыхільнікі яго таленту. Рэдкія артыкулы ў прэсе не давалі цэласнага ўяўлення пра творчасць гэтага мастака, як і іншых выхадцаў з Беларусі, якія ў пачатку мінулага стагоддзя жылі ў Парыжы: Крэменя, Кікоіна, Зака, Бакста, Мешчанінава, Цадкіна. Больш пашчасціла хіба што Шагалу.
Не толькі бліжэйшы сябра Суціна Мадыльяні, але і К.Каровін, не схільны да кампліментаў, называў мастака адным з пяці лепшых творцаў свету. Жывапіс Суціна, сакавіты, фактурны, экспрэсіўны, ірацыянальны, з незвычайна тонкім адчуваннем чырвонага колеру, сёння заварожвае гледачоў. Мастацтвазнаўцы так і не вызначыліся, да якога стылю адносіць яго творчасць -- экспрэсіянізму, прымітывізму ці яшчэ нейкага «ізму», бо мастак балансуе на мяжы, не падначальваецца ніводнаму накірунку.

 /i/content/pi/mast/8/188/Sucin1.jpg
М.Бушчык. Прастора агню. Алей. 2007.

Карціны Суціна ёсць у многіх буйных музеях Парыжа, Нью-Йорка, Лондана, у прыватных калекцыях. Сёння яны з’явіліся і ў Беларусі -- праўда, у выглядзе рэпрадукцый -- у экспазіцыі «Прастора Суціна», адкрытай у дзвюх залах Дома дзіцячай творчасці ў Смілавічах. Якасныя фотапрынты хоць і не ў стане перадаць усе фактурныя і колеравыя нюансы работ, тым не менш дазваляюць зразумець, у чым наватарства і магія творчасці майстра. Праект быў рэалізаваны Нацыянальнай камісіяй па справах ЮНЕСКА сумесна з Нацыянальным мастацкім музеем Беларусі. Аўтары канцэпцыі -- У.Шчасны і Н.Усава. Пры ўсёй сціпласці фінансавання -- ЮНЕСКА выдзеліла на праект 10 тысяч долараў -- і адсутнасці арыгінальных матэрыялаў экспазіцыя атрымалася даволі прадстаўнічай. Першая зала паказвае жыццёвы шлях мастака праз фотакопіі дакументаў, якія адносяцца да той эпохі, і рэпрадукцыі твораў сяброў Суціна; ёсць тут і некалькі старых рэчаў, знойдзеных у ваколіцах мястэчка. Другая зала аднаўляе атмасферу парыжскай кавярні: круглыя столікі, стылізаваныя драўляныя крэслы, барная стойка натуральна суіснуюць са шматлікімі фотаздымкамі і рэпрадукцыямі твораў Суціна на сценах. У афармленні пакояў выкарыстаны сучасныя матэрыялы, нават вокны аздоблены белымі фіранкамі з фотаадлюстраваннямі мясцін, дзе ў розныя часы жыў мастак.
Хацелася б, безумоўна, каб добрае пачынанне мела працяг. Прынамсі, адпаведныя намеры ў мясцовых уладаў ёсць: мяркуецца назваць адну з вуліц Смілавіч імем Суціна, адкрыць мемарыяльную дошку, а на месцы, дзе некалі быў дом бацькоў мастака, паставіць памятны знак-камень, які на грамадскіх пачатках выканае В.Чарнабрысаў.

 /i/content/pi/mast/8/188/Sucin2.jpg
 М.Кікоін. Партрэт Х.Суціна. Малюнак. 1920-я.

А тым часам у Мінску адбылася яшчэ адна цікавая падзея -- у Нацыянальным мастацкім музеі прайшла прэзентацыя альбома А.Лукашэвіча і А.Аляксеева «Спадчына Беларусі. Скарбы». Пад агульнай вокладкай сабраны выявы больш як трохсот рарытэтных прадметаў з золата, срэбра і каштоўных камянёў, якія захоўваюцца ў буйнейшых музеях нашай краіны, а таксама знаходзяцца ва ўласнасці Беларускай Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла на Беларусі. На старонках новай кнігі шмат адкрыццяў: некаторыя з паказаных скарбаў дасюль заставаліся па-за полем зроку даследчыкаў. «Адзінства формы і зместу» прасочваецца ў выбары паперы, фактура якой падобная да старадаўняй. Выявы змешчаны ў храналагічным парадку -- гэта дае магчымасць назіраць, як з цягам часу меняліся стылі і тэхнікі.
Нельга пакінуць па-за ўвагай і шматлікія выставы, якія адбываліся ў сталіцы. У Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адкрылася юбілейная экспазіцыя М.Бушчыка. Адкрыццё выставы супала з днём нараджэння маці мастака, і таму экспазіцыя была прысвечана ёй. «Яна была першай, хто даў мне маральны стымул да творчасці, заўсёды падтрымлівала мяне». На выставе М.Бушчык прадставіў свае ўражанні ад падарожжаў, роздумаў, «цнатлівых ці паэтычных станаў». Усе яго карціны неверагодна жыццярадасныя, святочныя і яскравыя. Людзі -- рэдкія госці на яго палотнах, краявіды будуюцца праз схематычна-спрошчаныя рознакаляровыя домікі і дрэвы. Мастак адыходзіць ад канкрэтнасці, але назваць яго стыль чыста фармальным таксама нельга. У кожным творы выяўляецца паэтычнасць аўтара, яго імкненне перадаць рытм музыкі.
У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі больш за месця працавала міжнародная выстава «Усе стыхіі», дзе прадстаўнікі Беларусі, Украіны, Расіі, Нарвегіі, Сербіі паказвалі каля 130 твораў выяўленчага і фотамастацтва. Стыхіяй пачуццяў і стыляў назваў гэтую экспазіцыю куратар праекта Ф.Ястраб.