Сярод удзельнікаў — тэатры танца «Квадра» (Гомель) і «Галерэя» (Гродна), сталічныя калектывы Лабараторыя акцёрскай пластыкі «Tакт» Міхаіла Камінскага, эксперыментальны тэатр «Галава-Нага» і танцавальны «Skyline», Тэатр сучаснай харэаграфіі Беларускага маладзёжнага тэатра і Тэатр танца «Альтана», Лабараторыя руху Сяргея Паяркава «Structures», «Перформанс Неж Компані».
Партнёрамі форуму выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Польскі інстытут у Мінску, Міністэрства культуры Польшчы, Цэнтр культуры Любліна, Skyline Dance Studio, медыяпраект «Партызан», Платформа перфарматыўных практык «зЕрне». У якасці эксперта-мастацтвазнаўцы на фестываль з Польшчы быў запрошаны госць — Рышард Каліноўскі, танцоўшчык, харэограф Цэнтра культуры Любліна.
Tрадыцыйна перад фэстам прайшла прэс-канферэнцыя, на якой выступілі арганізатары, сярод іх Уладзімір Галак, мастацкі кіраўнік НЦСМ, і Вячаслаў Іназемцаў, арт-дырэктар фэсту. Яны распавялі пра гісторыю форуму, яго культурны феномен і задачы.
Характэрна, што «ПлаSтформа», створаная калісьці дзякуючы энтузіязму артыстаў тэатра «ІнЖэст», цяпер стала асноўнай пляцоўкай, дзе можна ўбачыць абсалютна розныя танцавальныя канцэпты. Больш за тое, гэтыя рознасці і ствараюць унікальнасць падзеі, нейкую арт-электрычнасць. Менавіта праз яе адбываецца тое ўзаемадзеянне з гледачом, нараджаюцца пачуцці, якія пранізваюць душу і выклікаюць эмацыйны адказ кожнага. Бо пластычны тэатр, што вырас з пантамімы, прадугледжвае мастацтва дыялогу, гутаркі. Так дыхае кантактны Сусвет танца.
Амаль немагчыма пазначыць спектр жанравых варыяцый, увасобленых маладымі акцёрамі і харэографамі. Мастацтва пластыкі зрабілася ў такой ступені дынамічным, што лагічна разважаць пра два асноўныя напрамкі — тэатр эстэцкі і тэатр псіхалагічны.
У першым выпадку пэўны традыцыйны сюжэт набывае новае прачытанне. Такі, напрыклад, спектакль «Рахманая» (тэатр танца «Альтана»), створаны паводле аднайменнай аповесці Дастаеўскага. Дэкарацыя (канторка, ложак) і пастэльная колеравая гама касцюмаў ствараюць уражанне бязмежнага ідылічнага знешняга свету для «неспрактыкаванай» душы «рахманай». Але ад жорсткай кантраснасці дзеяння герояў-антаганістаў на гэтым лагодным фоне ўзнікаюць дынаміка, рух, інакш кажучы, умовы для сталення душы чалавека. Канфліктнасць узаемаадносін, напал страсцей (любоў-нянавісць-напоўненасць-пустата) трымаюць увагу гледача да апошняга акорда музыкі, якая суправаджае спектакль. Немінуча паўстае аналогія з сённяшнім днём: актуальна ці не? «Чапляе»? І яшчэ ўзнікае суперажыванне: а дзе тут я? Класічная балетная тэхніка пераносіць у «тую» эпоху, а чалавечыя пачуцці ўспрымаюцца як натуральныя і злабадзённыя. Дзёрзка-актуальнае прачытанне класіка — гэта, бадай, выклік культурнаму плюралізму ХХІ стагоддзя з яго размытымі крытэрамі якасці, дзе самай важнай з’яўляецца ацэнка гледача.
Tэатральная вобразнасць уласцівая і перформансу «Беларускае мора» (пастаноўка Ірыны Шырокай), што прэзентаваў тэатр танца «Skyline». «Мора заўсёды з намі, шуміць — дзесьці так блізка і адначасова... так летуценна далёка». Атрымалася ўзрушальная, эмацыйна насычаная пантаміма, у якой праглядае сюжэт — мара, ажыццёўленая ў дзеянні. Што можа быць лепшым, калі ты рамантык?
Безумоўна, эстэтычна цікавымі ўспрымаюцца ўсе спектаклі, але мэтанакіравана інтэрактыўным выглядае танец «anima & animus» (мужчынскі і жаночы аспекты душы), уласцівы іншай групе перформансаў. Саўдзел гледача складае найважнейшую ролю дзейства, і тут добра ўспрымаюцца пошукі Лабараторыі акцёрскай пластыкі «Tакт» Міхаіла Камінскага (сумесна са Студыяй танцавальнай імправізацыі «Сутнасць танца»). Прынцып кантактнай імправізацыі, пакладзены Камінскім у аснову працы, дазваляе максімальна разняволіць і акцёра, і гледача, дасягнуць тонкага ўзаемадзеяння, калі цела адчувае патрэбу ўспышкі або пачуццяў, або непахіснай упартасці, якая вядзе да бар’ераў. Адасобленасць, страхі і сумненні — вось аснова «закрытасці» сучаснага чалавека, насычанага ўсім, чым заўгодна, але часцяком не хапае сапраўды чалавечага ў глыбіні параненай душы. Аднак менавіта «гэта», чалавечае, і з’яўляецца сапраўдным скарбам асобасных стасункаў. Яно вельмі патрэбна тым, хто толькі ступае на шлях паразумення, заўсёды пасля траўм і расчараванняў. Імправізацыя нараджаецца імгненна, і мы ўжо дзівімся эфекту, кажучы сабе: «Я таксама хачу зрабіць TАК».
Псіхалагічныя замалёўкі Іны Асламавай, «Перформанс Неж Компані», — гэта, бадай, мастацкія вынаходствы ў эксперыментах з часам і прасторай. Уключаючыся ў іх, глядач сядае ў «машыну часу». Пластыка, што змяняе свядомасць, — гэта перформанс, дзейства ці нават... трэнінг?
Асобнай увагі заслугоўваюць дзве пастаноўкі — спектакль «Мова-Х» эксперыментальнага тэатра «Галава-Нага» і перформанс Ганны Карзюк «Як я даведаўся пра сябе праз цела свайго палюбоўніка». «Мова-Х» — абсалютна сацыяльны перформанс на вершы Вальжыны Морт, пастаўлены дастаткова жорстка і праўдзіва. Прынцып спектакля — сцэнічнае традыцыйнае дзейства, у якім зададзена пытанне: як будзе жыць наша родная мова, калі «беларус не народзіцца зноўку»? Аўтарскі канцэпт, безумоўна, заслугоўвае флагманскага знака па актуальнасці тэмы і вастрыні выразу.
Перформанс Ганны Карзюк выглядае лабараторыяй уласных і партнёрскіх пачуццяў. Менавіта ён выклікаў найбольшую колькасць абмеркаванняў, якія заўсёды практыкуюцца пасля спектакляў. А ўсё таму, што ў аснову пакладзена «пытанне, якое засталося без адказу». У пастаноўцы ўвасоблена дынамічная парадыгма жыцця, дзе пачатак становіцца канцом, і наадварот, таямніца ператвараецца ў відавочнае, а апошняе робіцца таямніцай.
Інакш кажучы, па якасці прадастаўленых мініяцюрных спектакляў апошняя «ПлаSтформа» выглядала годна і заслугоўвала пільнай увагі. Тут арыгінальна, эстэтычна разнастайна, нават з выклікам паўстае карціна свету, увасобленая творцам. Харэограф Міхаіл Камінскі кажа: «Ёсць моманты, якія заслугоўваюць роздуму, — моманты этыкі танца, узаемаадносін, культуры ўвогуле. Тут зноў і зноў вымалёўваецца, паўстае Чалавек. Ён у масцы або без маскі, чалавек-кансананс або дысананс. Пры тым мая задача як кіраўніка — быць этычным у дачыненні да кожнага свайго артыста, утвараючы з ім кааперацыю, з якой вырастае салідарнасць».
Менавіта такая салідарнасць дазваляе аб’яднаць усіх неабыякавых да пластычнага мастацтва. Бо не сакрэт, што мадэрн-пантаміма не з’яўляецца топам поп-культуры. Яна патрабуе ад свайго стваральніка не агульнапрынятага густу, а тонкай здольнасці да распазнавання стылёвай эклектыкі, адкрытасці да змен у мастацкай рэальнасці і, самае галоўнае, магчымасці самому зрабіцца ўдзельнікам таго ці іншага дзейства. Вячаслаў Іназемцаў кажа: «Усе мае акцёры — гэта людзі “з вуліцы”. Яны прыйшлі і засталіся, бо зразумелі, што самі могуць ствараць тэатр, свабодна пераходзячы з “надуманага” жыцця — праз іронію — у жыццё натуральнае. Мы вельмі плённа працуем, калі ёсць агульная ідэя. Спектакль павінен быць відовішчным, зразумелым, мець гумар, які разумее кожны глядач. І ў выніку падараваць гледачу асалоду і агульнасць разумення».
Парадаксальна, але мастацтва пластычнага тэатра збірае ўсё больш прыхільнікаў на замежных пляцоўках і не так ужо шмат у нас. У параўнанні з мінулымі фэстамі апошні аказаўся больш камерным. «У нас няма гасцей з-за мяжы, пастаянных сцэнічных пляцовак для правядзення фестывалю, часцяком і рэпетыцый, — працягвае Іназемцаў. — Калі б не энтузіязм...»
На ім трымаецца амаль усё мастацтва. Дзякуючы яму ў танцавальныя трупы прыходзяць усё новыя выканаўцы, якія робяцца ў выніку камандай. Ставяцца арт-мэты, працуе творчы мегамозг. Бо ва ўсіх галінах зямля беларуская поўніцца талентамі. Трэба толькі, каб дасведчаныя спонсары і арганізатары разумелі творчыя працэсы, каб на наступны год можна было заявіць узровень «ПлаSтформы», напрыклад, як еўрапейскі. Ёсць таксама надзея, што сярод калектываў узнікне і дзіцячы рух, які эксперыментальна падмацуе вядомыя тэатры і студыі. А пакуль варта сказаць дзякуй удзельнікам і арганізатарам «ПлаSтформы-2017» і пажадаць плённага творчага лета.
Марына МДЫВАНІ