Канцэртны дэбют «Рэнесанса» яшчэ пад назвай «Маэстро диксиленд» супаў з адкрыццём Мінскага клуба аматараў джаза. Цягам многіх гадоў на шматлікіх фестывалях у СССР найперш менавіта ён прадстаўляў беларускі джаз. А вось з чаго ўсё пачыналася, я распытаў Мікалая Лапцёнка — адзінага ў цяперашнім складзе ансамбля музыку, які выступаў у гурце ад самага пачатку.
— Пачалося ўсё ў студзені 1977 года, калі ў адным з пакояў Палаца культуры МТЗ сустрэліся чацвёра музыкантаў з мэтай развучыць адну няхітрую джазавую мелодыю. Браты Сямён і Марк Гарэлікі (фартэпіяна і труба), трамбаніст Генадзь Невідзюк і я. Для нас усіх гэта быў першы досвед выканання традыцыйнага джаза. Пазней дадаўся банджыст Ігар Чайкоў, які прывёў свайго брата Вадзіма, ён часова замяніў мяне, бо мая маладая жонка крыўдавала, што я прападаю на рэпетыцыях. На саксафоне іграў Генадзь Якутовіч, былі кларнетыст Генадзь Крэмер, кантрабасіст Юрый Корчык. Гэтым складам ансамбль дэбютаваў і выехаў на свой першы джаз-фестываль у Куйбышаў. Я ж вярнуўся за барабаны ў канцы 1979 года.
Пачынаў самадзейны калектыў са «здыму» кампазіцый, якія былі раней выдадзены на вінілавых плытках, таксама музыкі шчыравалі ў бібліятэках у пошуку любых нот, прыдатных для аранжаванняў пад свой склад. За ўзор бралася музыка «Ленинградского диксиленда». Аніякай звышідэі не было: проста хацелася граць так, як ленінградскія калегі. Прынцып стварэння рэпертуару палягаў на наступным: каб музыка была вясёлая і добра пазнавальная і яе можна было ўкласці ў 16-тактавую структуру. Было няпроста, хоць бы таму, што ў Мінску ўжо існаваў падобны калектыў пад кіраўніцтвам Авеніра Вайнштэна. У прафесійным сэнсе гэта быў мацнейшы за «Рэнесанс» бэнд, які ведаў, што і як рабіць. Дарэчы, базай калектыву пад кіраўніцтвам Генадзя Крэмера быў ужо Палац культуры камвольнага камбіната, ягоны мастацкі кіраўнік Сямён Загнетаў валявым рашэннем і навязаў дыксіленду новую назву. Ён жа стаў і першым менеджарам «Рэнесанса».
Першыя выезды на джаз-фестывалі сталі для мінскіх музыкаў неацэннай школай. Яны знаёміліся з калегамі з розных гарадоў, засвойвалі «правілы гульні», спецыфічны джазавы слэнг, мяняліся нотамі, таму што падобныя зносіны з аднадумцамі ў Беларусі амаль немагчымыя: калектываў, якія выконвалі джаз, было вобмаль. Джаз тут не выкладаўся, ноты «фірмовых» п’ес былі рарытэтамі, музыкі мусілі літаральна навобмацак вучыцца іграць. Вось чаму джаз-фестывалі рабіліся пэўнымі адтулінамі ў свет ведаў.
— Фестывалі далі нам вельмі шмат, — гаворыць Мікалай. — «Юность Полесья» быў для мяне першым з такіх. А ў 1982 годзе ў Віцебску я пачуў літоўскі студэнцкі біг-бэнд пад кіраўніцтвам Уладзіміра Чакасіна. Для мяне той канцэрт стаў сапраўдным шокам! Лепшы джазмэн Еўропы 1982 года прывёз сваіх выхаванцаў і даў неверагодную лекцыю на тэму «Што такое сучасны джаз»! Праз два гады ў тым жа Віцебску адбыўся «Парад дыксілендаў» з удзелам 10 калектываў. Усе яны выконвалі нібыта падобную музыку, адно на розных узроўнях. Уразіла тое, што праз амаль усю ноч музыкі джэмуюць, спажываюць розныя «джазавыя» напоі, а ўжо раніцай гатовыя сесці ў трамвай, які хадзіў па ўсім горадзе, і зноў іграць гадзіны дзве-тры. Згадаю яшчэ фестываль біг-бэндаў і дыксілендаў у Вільнюсе, дзе можна было пачуць зусім маладых літоўцаў, якія ігралі так, як у Беларусі здольны мала хто з дасведчаных джазмэнаў.
Склад ансамбля цягам гадоў змяняўся неаднойчы. У той жа час з мінчанамі працавалі і спецыяльна запрошаныя госці. Аднойчы сталася так, што напярэдадні чарговага фэсту ў Віцебску Генадзя Крэмера паклікалі ў войска, і тады на ягонае месца запрасілі з Ленінграда кларнетыста Валерыя Зуйкова. Мікалай Лапцёнак прызнаецца: працаваць з ім было надзвычай камфортна. Музыкі сустрэліся на месцы, прагледзелі ноты, удакладнілі, што будзе і як. І ўсё атрымалася без праблем! Яшчэ адным партнёрам «Рэнесанса» быў вядомы наш трубач Валерый Шчэрыца. Паводле Мікалая, ён, як і Зуйкоў, вызначаўся высокай культурай гуку, разумеў форму дыксілендавых п’ес. Неаднойчы выступалі яны і з універсальным кларнетыстам-саксафаністам Віталём Ямуцеевым. Былі і канцэрты з мультыінструменталістам Давідам Галашчокіным, чалавекам у зносінах няпростым.
— Гэта вельмі дасведчаны музыка, ён усё разумее і ўмее. Але чалавек дэспатычны, на сцэне цягне коўдру на сябе. І стаяла задача: як «Рэнесансу» не апусціцца да ўзроўню акампануючага бэнда. Дапамагла форма дыксілендавых п’ес: маецца запрошаны музыка, але тэма выконваецца калектыўна. Таму кожны саліст можа адыграць тры-чатыры квадраты, аднак потым абавязкова ідзе калектыўная імправізацыя. І я пагутарыў з Давідам, сказаўшы: тут, як пойдзе, іграеце свае квадраты, але далей будзе тое і тое. І атрымалася, гэта быў надзвычай яркі саліст, адно ў нашым складзе. Славуты музычны крытык Уладзімір Феертаг быў уражаны, сказаў, што ўпершыню бачыў Галашчокіна, якому паставілі нейкія рамкі.
Выйшаўшы недзе ў сярэдзіне 1990-х па-за межы стандартнага дыксіленда, бэнд пачаў эксперыментаваць. Вызначальным было ранейшае знаёмства з Уладзімірам Феертагам, які давёў, што рамкі дыксіленда вельмі абмежаваныя, а форма п’ес стандартная. Таму варыянтаў было два: альбо ламаць форму, альбо змяняць парадак гучання квадратаў, выконваючы ўжо не толькі дыксіленд, але й блізкую да яго музыку. Прыкладам — тэмы ранняга свінгу. Маючы чатыры духавыя інструменты, «Рэнесанс» абраў другое. Менавіта тады ў рэпертуары з’явіліся аранжаванні беларускіх народных мелодый («Чаму ж мне не пець?»). І атрымалася так: пачыналася п’еса з калектыўнай імправізацыі, а сама тэма з’яўлялася толькі ў канцы.
У 1998 годзе на запрашэнне знакамітага польскага фатографа Марэка Карэвіча, з якім музыкі пазнаёміліся ў Мінску на адкрыцці ягонай персанальнай выставы, «Рэнесанс» узяў удзел у конкурсе «Złota tarka» ў рамках аднаго са старэйшых джаз-фестываляў Еўропы «Old Jazz Meeting» у горадзе Ілава. Праўду кажучы, сілы былі няроўныя: 16-ці польскім аматарскім калектывам супрацьстаяў адзін па сутнасці прафесійны беларускі. Вынікам стала прысуджэнне «Рэнесансу» Гран-пры. Журы традыцыйна прысутнічала на рэпетыцыях. Памятаю рэакцыю Станіслава Фіялкоўскага, дырыжора славутага «Big Warsaw Band», які падляцеў да мяне з пытаннем: «Хто гэтак геніяльна аранжаваў “Lady Be Good”, што тэму я пазнаў толькі ў самым канцы?!» Гэта яшчэ адно сведчанне таго, што напрыканцы 1990-х «Рэнесанс» ужо быў калектывам, у якога склалася непаўторнае творчае аблічча.
Падчас другога наведвання Ілавы ў 2008 годзе ўжо ў якасці ганаровых гасцей «Рэнесансу» прапанавалі ў межах гуманітарнай акцыі даць канцэрт у мясцовай турме. Як лічыць Мікалай Лапцёнак, гэта быў адзін з найбольш яскравых выступаў калектыву. Бо калі на заканчэнне прагучала тэма з вядомай польскай стужкі «Deja vu», муры вязніцы ажно захісталіся ад апладысментаў...
З іншага боку, у актыве бэнда быў і сольны канцэрт у маскоўскай зале імя Чайкоўскага, дзе ён выступаў акустычна: там няма традыцыі падгучваць выступленні. Дарэчы, за ўвесь час у гэтай славутай зале з ліку беларускіх джазавых калектываў паказаліся толькі аркестр пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, вакальная група «Камерата» і «Рэнесанс». Прапанова выступіць зыходзіла ад Уладзіміра Феертага, які, ведаючы асаблівасці сцэны, падказаў мінчанам, як на ёй стаць з тым, каб у зале ўсё гучала дасканала. У п’есе «Solitude» Элінгтана быў момант, калі труба і кларнет, вельмі розныя інструменты, філігранна сыходзіліся на піяна, каб
пасля вярнуцца да тэмы. І публіка гэта ацаніла: у канцы канцэрта яна апладзіравала стоячы. «Са страху ў нас атрымалася выдатна!» — прызнаўся Мікалай.
Парадокс: да 40 гадоў існавання «Рэнесанс» запісаў і выдаў усяго два альбомы.
— Матэрыял для запісу ёсць, — даводзіць Мікалай. — Але ў наш час утрымліваць такі калектыў магчыма толькі пры ўмове, што ён мае пастаянную працу. Альбо датацыю. Тады можна выступаць, запісвацца і выдавацца. Сёння, на жаль, такога няма. Як і грошай на запіс. Апошнім часам выступаем рэдка, сітуацыя на рынку змянілася, найперш замаўляюць маладых выканаўцаў, бо яны каштуюць танней. Мы ж, старыя, за капейкі выступаць не будзем. Таму і запрашаюць зрэдчас туды, дзе патрабуецца якаснае выкананне.
Ці дажыве бэнд да паўвекавога юбілею? Мікалай Лапцёнак у роздуме:
— Нават не ведаю. Калі б цяпер была канкрэтная мэта, мы б рабілі для гэтага ўсё неабходнае. «Рэнесанс» у цяперашні час — усё ж хобі для музыкаў, якім падабаецца традыцыйны джаз, нешта накшталт клубу. Тое няблага, але нестабільна. Кожны з нас працуе яшчэ недзе. Тым не менш ансамбль жывы і на шмат што яшчэ здольны.
30-годдзе калектыву адзначалася на сцэне канцэртнай залы Белдзяржфілармоніі, калі ён працаваў у складзе дзіцячай філармоніі. Лагічна было б думаць, што 40-ы дзень народзінаў старэйшага джазавага бэнда краіны пройдзе як мінімум на не ніжэйшым узроўні. Лагічна думаць нікому не шкодзіць. Аднак у цяпершчыны свая логіка...