Не толькі таму, што назапасіла ладную калекцыю прац выдатных беларускіх жывапісцаў, сярод якіх — Вітольд Бялыніцкі-Біруля, Гаўрыіл Вашчанка, Валянцін Волкаў, Віктар Грамыка, Май Данцыг, Яўген Зайцаў, Арлен Кашкурэвіч і іншыя. Не толькі таму, што яе кіраўніцтва паспела прадставіць гледачам сусветна вядомых творцаў: Пабла Пікаса, Хуана Міро, Васіля Кандзінскага. Уражвае колькасць наведнікаў — больш 40 000 за першы год — вынік актыўнай працы гаспадара Ігара Якубовіча і прафесійнага калектыву. Сотні гасцей завітваюць на асветніцкую праграму — экскурсіі і лекцыі з гісторыі мастацтва, якія праводзяць Ларыса Фінкельштэйн, Аксана Коўрык і Мікіта Моніч.
Чарговая ініцыятыва «Дома карцін» за кошт нестандартнай ідэі выклікала ў сталіцы сапраўдны фурор. У першы дзень на выставу «Я Манэ Я Шышкін Я Малевіч» чарга расцягнулася на сотні метраў — гэта мастакі неслі свае працы, а скончыўся прыём твораў на лічбе 661.
Як мяркуе Вольга Кліп, у Беларусі нашмат болей таленавітых мастакоў, чым тых, хто мае рэальны шанец выстаўляцца на афіцыйных ці статусных паказах. Ідэя праекта — сабраць работы, якія б «праходзілі ў дзверы». Прымаліся таксама аўдыявізуальныя працы і музычныя кампазіцыі для мультымедыйнай дэманстрацыі.
Вольга Кліп удакладніла: такі прынцып — «каб творы праходзілі ў дзверы» — упершыню выкарыстаў амерыканскі куратар Уолтэр Хопс у 1978 годзе, арганізуючы праект пад назваю «36 гадзін» у альтэрнатыўнай прасторы «Музей часовага мастацтва» ў Вашынгтоне. Хопс, які рабіў музейныя рэтраспектывы Марселя Дзюшана ды Джозефа Корнела і адным з першых выставіў Эндзі Уорхала, Роя Ліхтэнштэйна, Барнета Ньюмена. Папраўдзе, у Мінску аднойчы, на пачатку 1990-х, падобным прынцыпам скарысталася галерэя пры Альтэрнатыўным тэатры, задаўшы мастакам акрэсленую тэму: Арлекін, П’еро і Каламбіна.
На выставу «Я Манэ Я Шышкін Я Малевіч» патрапілі ў асноўным жывапіс і графіка, а таксама акварэлі, аплікацыі, некалькі скульптур, пераважна з металу, інсталяцыі ды іншыя арт-аб’екты. Збольшага невядомых мастакоў, але з’явіліся і слынныя прафесіяналы. Зоя Луцэвіч, Ілона Касабука, Генадзь Шутаў, Кацярына Сумарава, якая разам з сабою прывяла маці, дачку і семярых вучняў. Намеснік дырэктара Цэнтра сучасных мастацтваў Дзяніс Барсукоў прадставіў вытанчаную працу ў шэрых танах «Тралейбус, што ляціць да сонца». Адну са сваіх «візій паветра» з каляровых дэкаратыўных стужак экспанаваў калекцыянер, мастак і музыка Андрэй Плясанаў. Вельмі выразна глядзеўся абстрактны квадрыптых гаспадара галерэі Ігара Якубовіча. Зразумела, было багата інтэрпрэтацый твораў вядомых майстроў. Часам даволі ўдалых гульняў з класічнымі сюжэтамі: калі частка маляванага дывана Алены Кіш з «прымітывісцкім раем» спалучалася з цытатаю «Выгнання з рая» Мазача ў рабоце Максіма Восіпава «Выгнанне з зоны камфорту».
Экспазіцыянеры, нягледзячы на салідныя плошчы галерэі (1000 кв.м), вымушана звярнуліся да дывановага прынцыпу, калі творы змяшчаліся ў 2-3 шэрагі. Але пры гэтым на выставе ставала якасных работ, каб «трымаць» кожную сцяну. Варта звярнуць увагу на актыўны спосаб працы з наведнікамі. Кожнай экскурсіі папярэднічала размяшчэнне гасцямі стыкераў ля работ, пра якія яны б хацелі пачуць падрабязней. Стыкерамі вызначаўся і рэйтынг твораў: пераможцу ў народным галасаванні абяцана персанальная 2-тыднёвая выстава ў галерэі. Нарэшце, выбух цікавасці да праекту падштурхнуў да думкі паўтараць акцыю штогод, стараючыся прыцягваць да яе больш прафесійных мастакоў, якія сёлета нервова адрэагавалі на магчымасць канкурэнцыі з «аматарамі».
Аляксей ХАДЫКА