Нарадзіўся Юрый Іванавіч у сяле Соміна Яфімаўскага раёна Ленінградскай вобласці. Пачатковую мастацкую адукацыю атрымаў у Ялецкім мастацкім вучылішчы, у 1965-м датэрмінова скончыў аддзяленне графікі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Вучыўся ў майстэрні Паўла Любамудрава, згадвае як настаўнікаў Арлена Кашкурэвіча і Мая Данцыга.
У аснове яго дынамічных, прасякнутых пачуццёвасцю і запалам твораў віртуознае валоданне тэхнікай малюнка, глыбокае веданне законаў кампазіцыі і пластычнай анатоміі, інтэлектуальны падыход да вырашэння сюжэтаў. Нікіфараў дае самабытныя трактоўкі вядомым гістарычным персанажам і падзеям, прапануе сваё асэнсаванне спадчыны выбітных мастакоў і музыкаў, звяртаецца да герояў праслаўленых літаратурных твораў.
Юрый Нікіфараў — мастак тэатра і мастак-тэатр. Нібы рэжысёр і сцэнограф у адной асобе, аўтар вырашае задачу пастаноўкі маленькага спектакля на лісце кардона, узнаўляючы гістарычную падзею, вобраз выдатнай асобы або літаратурнага героя: увасабляе сутнасць сюжэта, выбудоўвае характары персанажаў, прапрацоўвае іх узаемадзеянне. Магчыма, таму колер у яго працах, як і ў тэатральнай сцэнаграфіі, выконвае дапаможную ролю, найперш — як выяўленне эмацыйнага складніка дзеяння.
Нікіфараў сфармаваўся на прынцыпах класічнага мастацтва, у залежнасці ад абранай тэмы і яе інтэрпрэтацыі ўзнікае ідэйна-стылістычнае падабенства з мастацтвам антычным, з эпохамі Адраджэння або барока... Для кожнага сюжэта падбіраецца прыём, які спрыяе найбольш поўнаму ўвасабленню ідэі твора.
Гістарычны і жанравы жывапіс у яго працах — гэта і ёсць тэатр, перанесены на палатно або аркуш паперы: сюжэт у аснове задумы, паглыбленне ў гісторыю і характары персанажаў, пошук канфлікту і кульмінацыйнага моманту як асновы кампазіцыі. Складанае злучэнне пералічаных умоў утварае змястоўны бок работ аўтара. Яго творчасць паддаецца дзяленню, але не на часавыя перыяды, а, хутчэй, на тэатральныя эпохі і жанры.
Старажытная гісторыя і міфалогія выклікаюць у Нікіфарава сур’ёзную цікавасць, з’яўляюцца значнай крыніцай займальных сюжэтаў, добра знаёмых гледачам. Стылістычныя рашэнні такіх прац, як правіла, утрымліваюць у сабе рысы антычнага мастацтва. Для антычнай міфалогіі неўласціва пагружэнне ў характар героя — акцэнт прыпадае на яго дзеянне, а лепшыя якасці ўвасабляюцца праз знешнюю прыгажосць. Для знаўцы пластычнай анатоміі антычнасць — спрыяльная эпоха з культам фізічнай дасканаласці, калі прыгожае цела становіцца галоўным аб’ектам выявы. Занатоўваючы сваіх персанажаў у самых нечаканых ракурсах і рухах, аўтар нібы атрымлівае асалоду ад скульптурнасці і вытанчанасці аголеных целаў, прыкрываючы некаторыя лёгкай вопраткай, што не хавае іх грацыю.
Сярод твораў гэтага шэрагу вылучаецца зварот да паэмы Гамера ў кампазіцыі «Адысей на востраве Цырцэі» (1982), у аснове якой прысутнічае проціпастаўленне: галоўны герой паказвае вернасць ідэі і абранай мэце на фоне зухаватага балю яго таварышаў, што паступова ператвараюцца ў свінняў.
Працы графічнай серыі «Міфы» (1994) сведчаць пра бездакорнае валоданне тэхнікай, пры гэтым аўтар не абапіраецца на нейкі канкрэтны сюжэт і стылістычна збліжае кампазіцыі з творамі антычных майстроў; відавочныя паралелі з метопамі Парфенона.
Багоў успрымаюць пачуццёва, а для інтэлектуалаў існуе філасофскі абсалют.
Юрыя Нікіфарава нельга назваць рэлігійным, а абсалютам для яго быў сам чалавек, і гэта яднае яго бачанне свету з уяўленнямі эпохі Адраджэння. Верагодна, адсюль бярэ пачатак цікавасць аўтара да асобы Мікеланджэла, да герояў Сервантэса і Гётэ.
Сярод рэнесансных постацей найбольш блізкі мастаку Уільям Шэкспір. Прычым не ўсе яго творы, а толькі тыя, у якіх героі самі прымаюць рашэнні ці здзяйсняюць адважныя ўчынкі, усведамляючы магчымую расплату за свае дзеянні.
Серыя графікі, прысвечанай трагедыям Шэкспіра, шырокая: «Гамлет», «Рычард III», «Кароль Лір», «Макбет», «Рамэа і Джульета»... У кожнай з кампазіцый вылучаецца адзін найбольш відавочны момант твора: шкадаванні Гамлета пра «беднага Ёрыка»; насмешкі блазна над пакутамі караля Ліра; клятва Рамэа. У большасці работ серыі мастак выкарыстаў змешаную тэхніку, але перадусім — гратаж. Выразнасць дасягаецца яснай лаканічнасцю жэстаў, мяккай пластычнасцю ліній, кантрастам белага і чорнага. Графічная стрыманасць дапамагае сканцэнтраваць увагу на вобразе, спрыяе ўспрыманню аўтарскай думкі.
Многія творы Нікіфарава прысвечаны гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, яны выкананыя ў тэхніках тэмпернага жывапісу, алею, гратажу. Сярод лепшых — «Ленінградская сімфонія» (1978), што імкнецца перадаць глыбіню бедства блакады горада на Няве. Вобраз Дзмітрыя Шастаковіча напоўнены натхненнем, кампазітар гранічна засяроджаны, пагружаны ў трагедыю роднага горада і яго жыхароў. У свядомасці генія перажываныя ім пачуцці ператвараюцца ў натхнёную драматычную музыку.
Распаўсюджаны прыём супрацьпастаўлення двух розных пачаткаў у працах Юрый Нікіфарава сустракаецца ў самых разнастайных варыяцыях. У рашэннях некаторых сюжэтаў выкарыстоўваецца проціпастаўленне асобы і натоўпу. Праца «Геракліт» (1987) не звязаная з тэорыямі старажытнага філосафа, а, хутчэй, адлюстроўвае абыякавае стаўленне масы да генія. Аўтарам часткова праілюстравана знакамітае выказванне старажытнага мудраца: «Людзі, як і восы, саломе аддаюць перавагу перад золатам».
Дзіўна шчыры аўтапартрэт «Стары Паяц» (1988) успрымаецца як прамежкавае падвядзенне вынікаў. Асновай ідэі паслужыла знакамітае выслоўе Уільяма Шэкспіра: «Увесь свет — тэатр, а людзі ў ім — акцёры». Бясконцы свет-тэатр ляціць у неабсяжным космасе. На авансцэне ў выглядзе спустошанага Пятрушкі ўвасоблены сам аўтар. Погляд яго вачэй, як заўсёды, засяроджаны, аднак у асобе — непрыхаваная іронія дасведчанага Паяца, левая рука бездапаможна павісла, а правая прадстаўлена ў выразным жэсце, нібы кажа аб завяршэнні «спектакля». Тут сабраны любімыя персанажы мастака: Гамлет з чэрапам у руцэ, велічны Мефістофель, Сакрат з чарай цыкуты. У глыбіні левай кулісы ценямі вылучаныя «Бабруйскія мастакі», а на яе пярэднім плане выглядае, падобны да антычнага Пана, таксама аўтар. Сабрана як бы ўсё галоўнае, што напаўняла яго жыццё. І толькі ў глыбіні кампазіцыі на фоне сіняй бясконцай стыхіі бялее сілуэт жанчыны.
Кампазіцыю на апакаліптычную тэму «Звер чакае» (1995) можна лічыць адной з лепшых карцін мастака. Гэты філасофскі па сэнсе твор поўніцца містыцызмам. У некаторых біблейскіх тэкстах імя Звера мае Д’ябал, і шматлікія чорныя сабакі, якія назіралі за тым, як людзі знішчаюць адзін аднаго, асацыююцца з войскам валадара пекла. Д’яблу трэба толькі пачакаць, і людзі самі ўсё, што яму трэба, зробяць. Кампазіцыя мае дынамічны цэнтр з дамінуючым чырвоным колерам. Фігуры персанажаў першага плана дадзены ў гранічным фізічным напружанні, у складаных ракурсах, яны прыкладаюць нечалавечыя намаганні для забойства адно аднаго. Актыўны цэнтр акружаны цёмнай пасіўнай «рамай» з пераважным чорным колерам, якую складаюць сляды тысячагадовых разбурэнняў і цяжкае неба. За кошт кантрасту аўтар змог яшчэ больш узмацніць і вылучыць дынаміку цэнтра кампазіцыі і адпаведна — успрыманне галоўнай ідэі.
Графіка для творцы, які абапіраецца ў вырашэнні задачы на інтэлект, — найбольш натуральны від мастацтва. «Скульптурнасць» выяў, чаканная лепка чалавечых целаў — асноўныя рысы выяўленчай манеры Юрыя Нікіфарава. Героі яго карцін, нібы тэатральныя персанажы на сцэне, займаюць дамінуючае становішча ў кампазіцыях, а іх вобразы раскрываюцца з выкарыстаннем мовы пластычнай анатоміі, праз выразнасць чалавечага цела, дапаўняюцца майстэрскай стылізацыяй і відавочнай гіпербалай.
Шырокае кола інтарэсаў, глыбокія гуманітарныя веды, здольнасць да аналізу вызначалі і насычалі багаты ўнутраны свет мастака, што знайшло непасрэднае адлюстраванне ў творчасці — праз шырокую сюжэтную тэматыку з адным агульным прынцыпам: тое, да чаго ён звяртаўся, было цікава.
Генадзь БЛАГУЦІН