Чытаць Таццяна навучылася яшчэ да школы, перавагу аддавала беларускай літаратуры, пісала вершы. Ужо ў школе настаўніца даводзіла маме: палітінфармацыю ў класе Таня праводзіць толькі па-беларуску. На што маці гаварыла: «Ніхто ёй не загадвае. На якой мове хоча, на той няхай і чытае». Гэтая гісторыя стала сямейнай прыпавесцю. Мама рана сышла, пасля яе самым дарагім чалавекам была бацькава сястра, якая да апошняга дня свайго жыцця апекавалася дзяўчынкай. Матчыну радню з роду Саковічаў у іх роднай вёсцы Ельня лічылі вясковай шляхтай — адукаваныя, вельмі інтэлігентныя. У маці было тры сястры, адна з іх — рукадзельніца: ткала, вязала, шыла. Праз усё жыццё Таццяна захоўвае яе тканыя «дымкай» срэбныя льняныя ручнікі, кашулі, вясельны фартушок. І ўзгадвае наказы, як ткаць, як выбельваць лён, якое прызначэнне таго ці іншага крою і афарбоўкі... Ад яе ж навучылася рукадзельнічаць сама. Тканіна, лён для Таццяны — рэчы сакральныя, што зберагаюцца ў сямейным архіве і паказваюцца як самае каштоўнае дарагому госцю.
Праз два дні, як не стала мамы, у свае няпоўныя 11 год Таня, да замуства Храмянкова, сабрала рэчы і паехала паступаць у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве. Яе школьны настаўнік малюнка ў Хоцімску, які заўсёды хваліў мастацкія здольнасці дзяўчынкі, рэкамендаваў юны талент Кірылу Зеляному, загадчыку мастацкага аддзялення ў «парнаце», што па ўсёй Беларусі шукаў адораных дзяцей. Іспыты Таня здала на «выдатна», а паступала разам з Рытай Рабачовай (па мужы Цімохавай) з Бешанковічаў. Разам вучыліся і сябравалі да заканчэння, разам захапляліся настаўнікам беларускай мовы Стэфанам Аляксеевічам, прадмет якога быў самым любімым. Другі ідэал для падлеткаў — мастацтвазнаўца Кірыл Зеляны. Ён не толькі захапляльна вёў сваю дысцыпліну, але і шмат распавядаў пра творчасць Красаўскаса, Чурлёніса ды іншых, гадзінамі чытаў на ўроках паэзію літоўцаў і эстонцаў. З ім жа ездзілі на выставы і экскурсіі ў Вільню. Таццяну найболей уражвала прыкладное мастацтва літоўцаў, іх колеравая культура. Запамінальнымі былі школьныя мастацкія практыкі. Юных мастакоў вазілі ў Прылукі, на Навагрудчыну, Валожыншчыну. Па выходных самі, на электрычках, ездзілі на эцюды ў Заслаўе. У адну з практык Таццяне дазволілі папрацаваць на радзіме — на Магілёўшчыне. Адтуль яна прывезла фантастычны разняволены жывапіс з выявамі ручнікоў, тыпамі вяскоўцаў, строямі народнага адзення. Верагодна, упершыню дзяўчынка пісала як хацела і што хацела, бо за спінай ніхто не стаяў. Дапамаглі парады любімай выкладчыцы Розы Дубар, якая вучыла, што жывапіс абавязкова павінен быць творчым, заснаваным на адчуваннях.
Міхаіл Свістуноў вучыў пісаць акварэлі па мокрым, уменню стылізаваць рэчаіснасць. Асабліва відовішчнымі былі яго майстар-класы, што праводзіліся на пленэрах і падчас практык. Творца заліхвацкі выліваў вядро вады на аркуш, браў сінюю, жоўтую, зялёную акварэль і смела пісаў азёры, лясы ды пагоркі... У Таццяны гэтыя ўрокі абудзілі любоў да акварэлі — бадай, самага спрыяльнага матэрыялу ў раскрыцці яскравых, аголеных чалавечых пачуццяў. Гэта не аднойчы надалей праявіцца ў творчасці і выставачнай дзейнасці як пачаткоўцы, так і сталай аўтаркі.
Акрамя мастацтва, Таццяна захаплялася матэматыкай. Паспявала сама, дапамагала і іншым, сярод якіх была і дачка вядомай габеленшчыцы Ларысы Скрыпнічэнка. Яе маці, у сваю чаргу, пачала навучаць Таню аб’ёмнаму пляценню. Незаўважна Таццяна стала «правай рукой» вядомай мастачкі габелена, вучаніцы Аляксандра Кішчанкі. Праца са Скрыпнічэнка прыпала на перыяд завяршэння вучобы ў «парнаце», дзе тады не практыкавалася спецыялізацыя. Дыпломнікі мусілі пісаць тэматычную карціну, і Таццяна абаранялася па тэме «Першае купанне нованароджанага». Няўрымслівая, яна не абмежавалася адной дыпломнай работай, паралельна падрыхтавала яшчэ габелен «Алімпіяда». У тыя гады ў Маскве праводзіліся Алімпійскія гульні, і тэма была на слыху. Галоўнай натхняльніцай, кансультантам і дабрачыннай кіраўніцай праекта стала тая ж Ларыса Скрыпнічэнка. Выпускніца прадэманстравала валоданне гладкім ткацтвам, вязаннем кручком... Дыплом быў абаронены паспяхова, і галоўнае, адбыўся прэцэдэнт: упершыню ў гэтай навучальнай установе для абароны быў прадстаўлены твор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — габелен. Вышэйшую адукацыю Таццяна атрымала ў Віцебскім тэхналагічным інстытуце, дзе спецыялізавалася на факультэце «Мастацкае аздабленне і мадэляванне вырабаў тэкстыльнай і лёгкай прамысловасці». У часы навучання ўдзельнічала ў рэспубліканскіх выставах, паралельна, паводле рэкамендацыі настаўніка Леаніда Дзягілева, выкладала малюнак у студыі пры віцебскім Палацы бытавога абслугоўвання. Дзягілеў разгледзеў у яе талент малявальшчыцы і прадаставіў Таццяне ўсе магчымасці для развіцця яе здольнасцей.
1980-я, калі Таццяна Козік уваходзіла ў самастойнае творчае жыццё, былі перыядам росквіту эксперыментальнага аўтарскага габелену і пачаткам практыкі персанальных выстаў майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Развіваўся кірунак міні-габелену (дарэчы, першая выстава еўрапейскага міні-тэкстылю праходзіла ў Лондане ў 1974-м), актыўна выкарыстоўваліся змешаныя тэхнікі ткацтва, узмацнялася дэкаратыўнасць кампазіцый, распрацоўваліся тэкстуры паверхні. Усе наватарствы, нібы ў падручніку сучаснага тэкстылю, увасабляла ў смелых творчых пошуках Таццяна Козік.
Пасля інстытута, размеркаваная ў Наваполацкі мастацкі камбінат, зарэкамендаваўшы сябе працай з Ларысай Скрыпнічэнка, яна адразу стала атрымліваць дзяржаўныя замовы. Буйнейшая — афармленне Гарадской залы сямейных урачыстасцей у Новаполацку (1989). Мастачка выканала насценны габелен у комплексе з агромністым, звязаным з нітак і ільняных шнуроў, падобным да паветранай скульптуры аб’ектам, які адвольна звісаў з люстраной столі. Кампазіцыя будзіла пачуццё ўрачыстай прыроднай прасторы... Для зусім яшчэ маладзенькай Таццяны, якая не мела памагатых, гэта была цяжкая фізічная праца, якая кампенсавалася неверагоднай для пачаткоўцы магчымасцю размахнуцца ў фантазіях, праявіць здабытае ў супрацы са Скрыпнічэнка фантасмагарычнае майстэрства ствараць уражлівыя манументальныя кампазіцыі. Таццяна ганарыцца сваім дэбютам і раз-пораз вяртаецца да ідэй таго велічнага і эмацыйна-зычнага асэнсавання прасторы.
Пазней быў шэраг іншых манументальных аб’ектаў, тэкстыльных і вітражных. Праславілася маштабная (2х6 м) дэкаратыўная кампазіцыя для Полацкага аддзялення Белпрамбудбанка «Крылы пераўтвараюцца ў карэнне» (1990), сутнасць якой у матэрыялізацыі дынамічнага руху наперад. У канцэпцыі Таццяна Козік адштурхоўвалася ад ідэі вольнага палёту птушкі. Габелен пра тое, што кожны чалавек так ці іначай здзяйсняе жыццёвы палёт, немагчымы без сувязі з куточкам роднай зямлі, са сваімі каранямі. Праца зроблена на кантрасце рэльефнага і гладкага ткацтва. Дадатковай выразнасці і дэкаратыўнасці надавала колеравае вырашэнне, дзе чырвоныя ніці праведзены праз вохрыста-бела-шэры каларыт. У вобразе птушкі мастачка ўвасобіла душу чалавека, яго натуру і асаблівасці характару, што для Таццяны асацыюецца з канкрэтнай асобай. Габелен прысвячаўся творчасці Алеся Аркуша, вядомага беларускага паэта, вершы якога працятыя тэмай палёту. Мастачка, што з дзяцінства пісала вершы і друкавала іх у часопісах, найперш зачаравалася паэзіяй Аркуша, і толькі потым гэта пачуццё перарасло ў чалавечае каханне. Птушка — неад’емная частка творчасці абодвух аўтараў. Да тэмы птушкі Козік звяртаецца ўвесь час у малых і вялікіх габеленах і батыках, малюнках і прасторавых кампазіцыях.
Першым адметным крокам у гэтай тэме стала групавая выстава «Прыляцела птушка, Каляду прынесла» (2000) у Полацкім гісторыка-культурным запаведніку. Пасля была персанальная выстава пад дэвізам-слоганам «Птушыны рай». Птушка, сімвал якой надзвычай важны для Таццяны, звязаны з узорамі традыцыйнага народнага мастацтва, стала цэнтрам вобразнай канцэпцыі. Выстава мела сінтэтычны характар. Апрача габелена, экспанаваўся батык. Прэзентацыя выставы рыхтавалася сумесна з мастацтвазнаўцай Галінай Рабянкавай. У выніку атрымалася яскравае прадстаўленне-шоу, дзе побач з аб’ектамі выяўленчага мастацтва гучалі вершы Алеся Аркуша, а аздобіў прэзентацыю паказ сугучных творчасці Таццяны Козік калекцый сучаснага моднага адзення. Надзвычай гарманічная прэзентацыя выставы натхніла і падштурхнула да новых пошукаў. Такі любімы з дзяцінства ў бабуліных вырабах, узведзены ў культ ва ўласнай мастацкай творчасці ў ніцях габеленавых перапляценняў і ў тканінах для батыка, лён раптам «запрасіўся» ўвасобіцца ў адзенні. Наступныя персанальныя выставы — «Роздум ля вялікай вады» (Наваполацкая гарадская выставачная зала, 2006), «Каляровыя сны зімовага саду» (Полацкая карцінная галерэя, 2010), «Выспа» (Полац-
кая карцінная галерэя, 2015), «Малюнкі ў паветры» (Віцебскі мастацкі музей, 2016) — не абыходзяцца без паказаў новых і новых лінеек адзення Таццяны Козік. Кожная прэзентацыя — новая канцэпцыя. На пачатку гэта было пляценне модных сілуэтаў кручком з ільняных нітак моладзевага адзення. Цяпер мастачка са сваёй арт-дырэктаркай Марынай Мярцалавай стварае калекцыі з шытага беларускага льну, арыентуючыся на ўсе ўзроставыя групы, з выразным ухілам да элегантнасці і вытрыманасці. Зусім нядаўна адзін з англійскіх мадэльераў, пабачыўшы гэтыя строі, заўважыў, што такое адзенне вартае англійскай каралевы. Чаму ж не? Яно базуецца на стрыманых колеравых гамах натуральнага, у рознай ступені выбеленага льну. Комплексы адзення Таццяны ўзбагачае адметны элемент, які ў сучаснай сусветнай модзе мае назву «жазюбль». Гэта свабодная падоўжаная накідка без рукавоў, з глыбокімі проймамі і бакавымі разрэзамі, што носіцца паверх вузкай у сілуэце сукенкі або касцюма, у каларыстычнай еднасці з асноўным комплексам адзення. Апошнія гады Таццяна актыўна вяртаецца да прасторавага габелена, на гэта яе натхнілі пленэры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Ларысы Фінкільштэйн. Адзін з іх пад дэвізам «Размовы ў зялёных тонах» праводзіўся ў Славакіі і зацікавіў інтрыгай гульні з аб’ёмамі. У выніку з’явілася кампазіцыя «Малюнкі ў паветры», якая стала ключавой у найважнейшай з персанальных выстаў Таццяны ў Віцебскім мастацкім музеі (2016). Куратар Міхась Цыбульскі адзначыў, што творы Таццяны Козік — гэта не толькі спроба замацаваць у нашым часе паэтыку традыцыйнага беларускага ткацтва, але і жаданне звярнуць увагу на магчымасці сучаснага тэкстылю.
Для Таццяны не існуе ні стылявых, ні відавых абмежаванняў. Мастачка не баіцца змяняцца: адчула пасыл — значыць, будзе працаваць не толькі з ніткамі і тканінай, але і з дрэвам і з металам. У гэтым яе творчы імідж і нязменнае крэда.
Таццяна МАРКАВЕЦ-ГАРАНСКАЯ