П’есу «Гэта ўсё яна» Андрэя Іванова, створаную ў 2012 годзе на драматургічнай лабараторыі і ўвасобленую на сцэнах Расіі, Украіны, Латвіі, Чэхіі, Уругвая, першы раз у Беларусі ставіў Аляксандр Марчанка — у Нацыянальным драматычным тэатры імя Якуба Коласа; для другой пастаноўкі — у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі — запрасілі польска-нямецкую рэжысёрку Моніку Дабраўлянскую. «Камера, якую дала мне маці», паводле амерыканскай пісьменніцы Сюзанны Кейсэн, — першая частка праекта «HomoCosmos», у межах яго Кацярына Саладуха і Дарыюш Язерскі сумесна з Нацыя-нальным цэнтрам сучасных мастацтваў прадставяць шэраг тэатральных пастановак з асноўнай тэмай цялеснасці.
...Па смерці мужа гераіня спектакля «Гэта ўсё яна» ў выкананні Людмілы Сідаркевіч спрабуе наладзіць дачыненні з сынам-падлеткам, сыграным Дзмітрыем Давідовічам. Хлопец траціць сувязь з рэальнасцю, ізалюецца ў віртуальнай прасторы і сваім унутраным свеце. Праблема непаразумення, якая існуе паміж маці і сынам-падлеткам, у пэўным сэнсе адлюстроўвае чалавечыя стасункі сучаснага свету. Каб хоць паразмаўляць з сынам, гераіня стварае старонку ў сацыяльнай сетцы пад імем дзяўчынкі Тофі. Чым больш героі збліжаюцца віртуальна, тым больш аддаляюцца ў рэальнасці. Маці бачыць, што сын упадабаў Тофі, а потым закахаўся ў яе, але не спыняецца. Тэма віртуальнага інцэсту паміж маці і сынам мае трагічны фінал. Мастак-пастаноўшчык Андрэй Жыгур умоўным пункцірам выбудоўвае прастору кватэры, раздзеленай сцяной, што адпавядае сэнсаваму пасылу драматургічнага матэрыялу. Артысты суіснуюць у арганічным тандэме, відэа ў рэжыме анлайн узбуйняе нюансы і робіць ярчэйшымі фарбы. Спектакль, вядома, не дае ўніверсальных адказаў, але абвастрае тэму, вельмі актуальную для грамадства.
— Мы запрашалі псіхолага для кансультацыі, — распавядае пра даследаванне тэмы Моніка Дабраўлянская. — Аказалася, што ёсць шмат выпадкаў, калі бацькі ствараюць сабе профіль «Вконтакте» і правяраюць старонку дзіцяці, але, уведаўшы мяжу, неўзабаве спыняюцца. Для мяне пастаноўка ператварылася ў працэс назірання за псіхалогіяй персанажаў. З такой падачай канфлікту я не сутыкалася ні ў польскім, ні ў нямецкім тэатры. Я хачу зразумець, дзе мяжа паміж звычайнымі паводзінамі цяжкага падлетка і чымсьці больш страшным, калі ён ужо здольны выйсці на вуліцу забіваць людзей.
Сюзанна Кейсэн, вядомая па рамане і аднайменным кінафільме «Перапыненае жыццё» (за які Анджаліна Джалі атрымала «Оскар»), гэтым разам бярэ пад дослед яшчэ адно табу: вагіна гераіні пачынае хварэць. Гінеколаг, тэрапеўт, загадкавы «вульволаг» — ніхто не можа знайсці тлумачэння і прапанаваць адпаведныя лекі. Сэкс робіцца ўсё больш хваравітым, дачыненні з бойфрэндам спыняюцца, жыццё губляе сэнс. Дарэчы, гэта не выдуманая гісторыя, але драма, перажытая самой аўтаркай.
«Камера, якую дала мне маці» ўзіраецца ў сэксуальнае жыццё сучаснай жанчыны, у яе цялеснасць, у формы штодзённага гвалту — тэмы, да сёння табуяваныя для шырокага беларускага грамадства. Рэжысёр Дарыюш Язерскі працуе скупымі, мінімалістычнымі мастацкімі сродкамі. Сцэнаграфія абмяжоўваецца чатырма крэсламі ў невялічкай камернай сцэне на семдзесят месцаў. Выканаўца монадрамы, актрыса Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Анастасія Баброва, свабодна і шчыра існуе ў амаль пустой сцэнічнай прасторы, апавядае, гледзячы проста ў вочы гледачам. Чорная сукенка адкрыта дэманструе жаночую сэксуальнасць яе персанажа. У гэтай самай сукенцы яна кладзецца на «гінекалагічнае крэсла» — жанчыну заўсёды хочуць бачыць прыгожай.
...Анкеты, што раздавалі перад спектаклем, утрымлівалі пытанні накшталт «ці мелі вы сэксуальныя зносіны супраць сваёй волі» і гарантавана вярталі гледачоў, якія былі зачараваліся тэатрам, да рэальнасці. Мінімалістычнасць выразных сродкаў змушала іх не спажываць твор, а дадумваць яго самастойна, згадваць асабісты досвед. Для кожнага пастаноўка рабілася прыватнай гісторыяй.
«Камера...» выклікала моцную рэакцыю, чым засведчыла, што напраўду важная і надзённая. Петыцыю пра тое, каб скасаваць спектакль, змешчаную на адным з беларускіх інтэрнэт-парталаў, амаль не падпісвалі: вольнае грамадства дазваляе выказвацца Іншаму.
У эмацыйным выкананні Анастасіі Бабровай гераіня прыходзіла да самарэфлексіі, пошуку ўзаемасувязі цялеснага і духоўнага, навучалася слухаць і разумець сябе, выбудоўвала здаровыя межы з навакольным светам. Спектакль можна разглядаць як своеасаблівы маніфест жанчыны на права быць сэксуальнай і адмову ад стэрэатыпных паняткаў «прыстойнасці», «правільнай жаноцкасці», «мацярынства». Карыстаючыся незвычайным аб’ектывам, стваральнікі прапанавалі звярнуць увагу на непадзельную сувязь плоці і сэксуальнасці з духоўным станам жанчыны, далі магчымасць свабодна выказацца пра тое, аб чым у грамадстве ўвогуле не прынята гаварыць. Дарэчы, матэрыял Сюзанны Кейсэн увасоблены адначасова ў Польшчы, Беларусі і Расіі. Хто ведае, у якой з краін агрэсіўней адрэагуюць на слова «похва» са сцэны?
— Гледачы пытаюцца: ці прыстойна абмяркоўваць такое? — кажа рэжысёр Дарыюш Язерскі. — Мы жывём у свеце, дзе пра ўсё, што звязана з чалавекам, трэба гаварыць. Без перверсіі, без парнаграфіі, але проста і адкрыта. Жанчыне — каб выпрабаваць нейкі ўнутраны катарсіс. Ці навучыцца з гумарам прымаць праблемы сваёй сэксуальнасці. Але перш за ўсё, каб даведацца, што гэта ўсё нармальная тэма, што жанчынам самім патрэбна ўнутраная рэфлексія наконт сэксуальнасці. Для мяне гэта свет, у якім мы не ўцякаем ні ад якіх праблем.
Сцэнічныя творы выконваюць пэўную сацыяльную функцыю, даюць магчымасць гаварыць пра грамадскія праблемы, а не маўчаць і выціскаць іх у падсвядомасць. Хіба гэтага мала на тэатральнай тэрыторыі, дзе такія пастаноўкі можна пералічыць па пальцах адной рукі?
Крысціна СМОЛЬСКАЯ