Вера ПРАКАПЦОВА: Кантэкст асэнсавання

№ 2 (299) 01.02.2008 - 29.02.2008 г

У беларускім мастацтвазнаўстве да нядаўняга часу ішло назапашванне гістарычнага матэрыялу. Сёння відавочным становіцца неабходнасць тэарэтычнага асэнсавання -- вывучэнне жанравых, стылёвых і стылістычных асаблівасцей, формаўтварэння, родавых і відавых характарыстык.

 /i/content/pi/mast/7/184/Prakapcova.jpg
Вера Пракапцова,загадчык кафедры беларускай і сусветнай мастацкай культуры

Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, доктар мас-тацтвазнаўства, прафесар

У нашым універсітэце пытанні тэорыі вывучаюцца і распрацоўваюцца глыбока і шматбакова. Даследаванні вядуцца на кафедры беларускай і сусветнай культуры. Дзве спецыялізацыі -- «Сусветная і айчынная мастацкая культура» і «Кампаратыўнае мастацтвазнаўства», на якіх студэнты комплексна вывучаюць гісторыю і тэорыю ўсіх відаў творчасці, даюць плённыя вынікі. Студэнты паступаюць да нас ужо з базавай сярэдняй спецыяльнай адукацыяй у межах аднаго з відаў мастацтва -- выяўленчага, музыкі, тэатра, харэаграфіі. Кожны з іх здольны асэнсаваць іншы від мастацтва, абапіраючыся на веданне агульных заканамернасцей развіцця гісторыка-культурных эпох, тэорыю фарміравання жанраў і стыляў у еўрапейскай і сусветнай культуры.
Да часу навучання ў нашай аспірантуры маладыя навукоўцы ўжо дастаткова ўпэўнена арыентуюцца ў мастацтвах не толькі традыцыйных, але і заснаваных на новых тэхналогіях, якія атрымалі бурнае развіццё ў ХХ ст. У апошнія гады мы заўважаем цікавую тэндэнцыю: калі раней большасць работ былі прысвечаны праблемам гісторыі, то цяпер -- сучаснаму мастацтву. Гістарычная панарама ў асноўным высветлена, і даследчыкі звяртаюць увагу на другую палову ХХ ці мяжу ХХ і ХХІ стагоддзяў.Інавацыйны кірунак, які мы распрацоўваем непасрэдна на нашай кафедры, -- кампаратыўнае (параўнальнае) мастацтвазнаўства -- дае свой плён. У мінулым годзе быў першы выпуск студэнтаў гэтай спецыялізацыі. У чым яе асаблівасць: адбываецца паралельнае вывучэнне ўсіх відаў традыцыйных і сучасных мастацтваў. Кампаратыўны метад дазваляе параўноўваць і вызначаць агульнае і асаблівае ў развіцці стыляў, жанраў, сродкаў выразнасці, пераносіць метады, напрыклад, музыказнаўства на аналіз іншага віду творчасці, параўноўваць музыку і жывапіс, гук і колер, тэмбр і каларыт, рух у часе і прасторы і г.д.
Важны кірунак, які мы актыўна распрацоўваем: уплывы новых тэхналогій на формы развіцця традыцыйных відаў мастацтва, фарміраванне новых відавых і жанравых утварэнняў. Гэта і камп’ютэрная музыка, і відэа, і фатаграфія, і перформанс.
Абмяркоўваючы праблему развіцця мастацтвазнаўства ў сукупнасці трох яго састаўных частак -- гісторыі, тэорыі і крытыкі, -- згадаю, што найбольш распрацаванай з’яўляецца тэорыя музыкі. Такую думку мы сустракаем у многіх даследчыкаў. Напрыклад, М.Волкаў у манаграфіі «Колер у жывапісе» гаварыў, што, на жаль, тэорыя жывапісу не валодае пакуль распрацаванай тэорыяй колеравай пабудовы. Шведскі кінарэжысёр І.Бергман казаў, што яго творы нараджаюцца з музыкі, і сам вызначаў форму карцін як варыяцыі ці санату, тым самым прэзентуючы музычную форму. На думку лідэра футурызму Ф.Марынэці, навацыі ў музыцы найбольш складаныя, але менавіта яна, музыка, падрыхтоўвае тэорыю і зліццё ўсіх мастацтваў.
У беларускім мастацтвазнаўстве да нядаўняга часу ішло назапашванне гістарычнага матэрыялу. Сёння відавочным становіцца неабходнасць тэарэтычнага асэнсавання -- вывучэнне жанравых, стылёвых і стылістычных асаблівасцей, формаўтварэння, родавых і відавых характарыстык. Да гэтага дадам, што наспеў час вывучаць беларускае мастацтва не толькі як самастойны феномен у замкнёнай культуралагічнай прасторы, а разглядаць заканамернасці яго развіцця ў кантэксце еўрапейскага і сусветнага. Гэта складана, але -- запатрабавана. Мы на нашай кафедры зрабілі першыя крокі ў гэтым накірунку.