У захаванні спадчыны навуковец і мастак бачыў сваё пакліканне: у шматлікіх паездках ратаваў матэрыяльныя творы і рэчы мастацкай вартасці, увасабляў карціны народнага бедства ў шматлікіх жывапісных палотнах і старанна вёў дзённікавыя запісы назіранняў і ўражанняў. Першая паездка ў зону адбылася ў 1986-м. Напачатку гэта была экспедыцыя групы беларускіх мастакоў па Брагінскім раёне, па выніках напісаны дзясяткі карцін, перададзеных Брагінскаму райвыканкаму. З гэтай калекцыі праз год на базе Брагінскага гістарычнага музея была створана экспазіцыя, прысвечаная Чарнобылю, якая не губляе актуальнасці і сёння. Яна папаўняецца, мяняе аблічча і заўсёды поўная наведнікаў. У далейшым Віктар Фёдаравіч на чале супрацоўнікаў Музея старажытнабеларускай культуры, якім кіраваў з 1991-га, ініцыяваў і здзейсніў шэраг экспедыцый (па дзве-тры ў год) у вёскі 30-кіламетровай Чарнобыльскай зоны з мэтай выяўлення высокамастацкіх экспанатаў этнаграфіі і народнай культуры, арганізоўваў іх дэзактывацыю, дастаўку ў Мінск і рэстаўрацыю і, што не менш важна, абавязковае ўвядзенне ў навуковы абарот праз даклады на канферэнцыях, адмысловыя манаграфіі і публікацыі. З выселеных вёсак Магілёўшчыны і Гомельшчыны амаль на адным энтузіязме і без адпаведных умоў вывозіліся помнікі, многім з якіх няма цаны. Гэтая маштабная, метадычна абгрунтаваная работа не адразу заўважная, бо вынікі яе праяўляюцца паступова: «з-пад попелу» выратаваны цэлы пласт унікальнай культуры. З вывезеных экспанатаў паўстаў «Чарнобыльскі фонд», а на яго трывалым падмурку — новы аддзел акадэмічнага музея, названы «Помнікі культуры і народнага мастацтва Чарнобыльскай зоны», дзе размясцілася болей за 600 артэфактаў. У артыкуле пра гэтую дзейнасць у «Гістарычным часопісе» (№4, 1997) Віктар Фёдаравіч прыводзіць фрагменты дзённікавых запісаў: «5 чэрвеня 1991 года, Брагін. Ужо два дні, як мы, М. Мельнікаў, Ю. Піскун і А. Хадыка, у зоне… Даследавалі вёскі Ясень, Пучын, Жэрднае, Вазок і іншыя… Працаваць нялёгка: спёка, пыл, бур’ян, крапіва ды калючкі ля кінутых хат вышэй галавы. Радыяцыя ў асобных вёсках перавышае нармальны фон у тысячы разоў. Збіраем толькі найбольш мастацкія, арыгінальныя рэчы… Паступова выпрацавалі методыку працы… У Брагінскую гасцініцу вяртаемся позна ўвечары… Так пачыналася наша Чарнобыльская Пампея».
Даследаваннем Чарнобыля Шматаў цалкам падначальвае ўласную жывапісную творчасць. Гэтая тэма мела для яго і асабістае значэнне, бо Віктар Фёдаравіч паходзіў з гарадскога пасёлка Камарын, што прымыкае да зоны. У выніку з’яўляецца вялікая серыя жывапісных палотнаў, якую ён дзіўным чынам спалучае з музейным этнаграфічным матэрыялам у агульную канцэптуальную выставу пад назвай «Палітра Чарнобыля». Падобных прыкладаў сумяшчэння твораў сучаснага мастацтва з музейнай этнаграфічнай экспанатурай гісторыя яшчэ не ведала. Спачатку некаторых гэта засмучала, здзіўляла, бянтэжыла. Але аб’ектыўная логіка сведчыць на карысць шматаўскай ідэі: вобраз ландшафту, натуральнага асяродка існавання твора мастацтва дапамагае гледачу ўвайсці ў кантэкст, у інсітную атмасферу ўнікальнай старажытнай культуры. У сувязі з гэтым прыгадаўся прыклад сучаснага мастацтва Англіі. Адзінаццаць кіламетраў на поўнач ад Ліверпуля, у мястэчку Кросблі, на узбярэжнай пляжнай паласе працягласцю каля трох кіламетраў даўжынёй і на кіламетр у бок мора брытанскі майстар Энтані Гормлі стварыў унікальную прасторавую кампазіцыю з сотні бетонных скульптур, ідэнтычных постацям чалавечых асоб у натуральную велічыню. У часы марскіх прыліваў копіі людзей здаля, адна за другой, знікаюць у марскіх хвалях, а з адлівам наноў з’яўляюцца. Так мастак імкнуўся давесці, што мы неад’емная частка прыроды, нараджаемся і знікаем у ёй жа. І працэс гэты бясконцы. Выстава «Палітра Чарнобыля» сведчыць пра тое самае. Асяродак жыцця і дзейнасці чалавека ўвасоблены фарбамі, на палатне, часам — у метафізічнай рыторыцы. А побач рэчы — іканапіс, ручнікі, разьба па дрэве, кераміка, узоры традыцыйнага народнага адзення, — што з пакалення ў пакаленне ўвасаблялі культуру і менталітэт народа, якому радыяцыя пагражае татальным знішчэннем. Верагодна, канцэпцыя экспазіцыі Шматава больш глыбокая і красамоўная ў параўнанні са шматкіламетровай прасторавай кампазіцыяй яго англійскага калегі Энтані Гормлі. Я запрашала паглядзець экспазіцыю Віктара Шматава, асэнсаваць і падзяліцца ўражаннем студэнтаў-мастацтвазнаўцаў. Некалькі цытатаў…
«Выстаўка “Палітра Чарнобыля” адначасна захапляе высокай мовай шэдэўраў мастацкай культуры беларускага Палесся і паралельна — трагічна-жахлівая ў аповедзе пра смяротную катастрофу, якую ўжо немагчыма выправіць. Катастрофу, што для многіх пакаленняў людзей з забруджаных тэрыторый парушыла светлы вобраз дзяцінства, зруйнавала самую ідэю вяртання ў бацькоўскую хату, пакланення дзядам, ідэал увасаблення малой радзімы-абярэга, каштоўнага для кожнага чалавека. Бо на месцы радзімага краю скрозь пачварства і пустэча».
«Прыйшла бяда і панішчыла жыцці, лёсы, гісторыю… Раптоўна, без дазволу, без суда і следства».
«Боль можна на ўсё жыццё захаваць у сэрцы, а можна выплеснуць фарбамі і вобразамі на палотны карцінаў, каб перасцерагчы чалавецтва».
У вялікай серыі, якая налічвае болей за сотню палотнаў, увасоблена мастацкая хроніка чарнобыльскай бяды і падзей у працэсе і пасля перасялення з забруджаных тэрыторый. Некаторыя з іх — жывапісныя рэпартажы, дзе дакладна выпісаны краявід, вывераная канкрэтыкай кампазіцыя. З першага погляду такой успрымаецца карціна «Развітанне». Пачаўшы пранікацца сюжэтам, разумеем, што тут выяўлена трагедыя — непамерны боль вымушанага развітання чалавека з зямлёй бацькоў і дзядоў. Яшчэ болей энергіі вобразнасці і сімволікі асацыяцый у рэпартажным палатне з натуры «Студня». Перакрэсленае лініяй гарызонту жыццё вёсачкі, дзе на першым плане буйны бур’ян, а за гарызонтам напаўразваленыя хаціны, на мяжы колішняга побыту чалавека і хаосу смерці бязвольна завіс у прасторы цяпер нікому не патрэбны калодзежны журавель. З рэпартажных па стылістыцы карцін — кампазіцыя «Дарога». У ёй і колішні шлях праз вёску, які некалі быў «ракой жыцця», і пахіленыя слупы лініі электраперадач, і апусцелыя хаткі з праваленымі вачніцамі вокнаў. Пукі някошанай травы прабіваюцца абапал і пасярэдзіне дарогі. А над усім гэтым бязладдзем стыхій — пагрозлівае, са свінцовымі пералівамі неба. За гэтымі вобразамі, што спараджаюць сум і горыч, бязмежная энергія адчаю чалавека, які назаўсёды застаўся без мінулага і будучыні. Гэтыя палотны Шматава, што глыбока эмацыйна і адметна люструюць шырокамаштабную трагедыю беларускага народа, выклікаюць асацыяцыі з аналагічнымі творамі па магуце мастацкага пранікнення ў з’явы апакаліпсічных трагедый у іншых кутах планеты. Адлюстраваныя геніем майстроў розных цывілізацый, яны ідэнтычныя па сіле ўздзеяння на гледача і велічы ўвасабленняў катастроф. Да прыкладу, «Апошні дзень Пампеі» Брулова і «Герніка» Пікаса. Творы, што прагучалі энергіяй пратэсту супраць татальных бедстваў, падобныя да рэпартажных сюжэтаў з гісторыі Чарнобыльскай трагедыі Віктара Шматава. Той жа напал страсцей і адчаю. Тая ж непрадказальнасць знішчальнай прыроднай стыхіі, якая ў Брулова ўвасобілася ў дэманічным свавольстве вулкана, у Пікаса — у адначасна абрынутай на мірны горад знішчальнай ваеннай стыхіі. Але прыведзеныя прыклады замежных увасабленняў маштабных трагедый дзесьці грэшныя залішнім прагматызмам паказу стыхій. Названыя творцы нібы асцерагаліся выйсці за межы высокіх рысаў прафесіяналізму і аўтарытэту ўласнай сусветнай славутасці. Шматаў пра гэта і блізка не думаў. Ён ірваў душу і па-жывому выкладаўся. Гэта ўздзейнічае, прабівае токам, пакідае моцныя і незабыўныя ўражанні. І дзе той Мунк са сваім «Крыкам»! Беларускі мастак яго «перакрычаў».
У іншых карцінах серыі першасныя сімволіка асацыяцый і філасофскіх разваг. Дэталі тут саступаюць месца глабальнай энергіі знакавых сістэм з шэрагу паняццяў «род», «народ», «радзіма». У непасрэднай сувязі з імі — магутныя вобразы жанчыны-маці. «Шматаўскі партрэт “Маці” (1979—1994 гады) стаіць у шэрагу найлепшых жывапісных твораў, прысвечаных гэтай тэме. Гэта эпічны вобраз жанчыны, які застанецца ў гісторыі мастацтва Беларусі», — пісала мастацтвазнаўца Валянціна Трыгубовіч. На вялікім па памерах палатне, ад нізу да верху карціны ва ўвесь рост паўстае жанчына. Яна ўзвышаецца над гарызонтам, над палямі і лясамі, сёламі, гарадамі і мястэчкамі. Агорнутая хусткай, кабета велічна і годна крочыць па зямлі, застаючыся вышэй за любую непагоду і віхуры аблокаў. Яе размераная, спакойная і ўпэўненая хада ўсяляе пачуцці непарушнасці спакою і бяспекі, упэўненасці ў заўтрашнім дні і прагі жыцця… Такой мастак бачыў будучыню роднага краю — светлай і непарушнай. Твор у пэўным сэнсе стаў сімвалам жывапіснай творчасці Віктара Фёдаравіча, паказваўся на многіх айчынных і замежных выставах і з 2002 года знаходзіцца ў пастаяннай экспазіцыі ў Еўрапарламенце (Брусель). Вобразы беларускіх мацярок пераходзяць у Шматава з карціны ў карціну. Гэта і сціплы абразок жанчыны на фоне рамкі з сямейнымі фотаздымкамі — карціна «Маці» (1978), і даволі маштабны вертыкальны твор з маці, што сядзіць у праёме дзвярэй хаты, адхіліўшыся на хвіліну ад перабірання бульбы на пасеў, — «Вечар» (1978), і папрадуха за ткацкім станком — «Ткалля» (1978). Эмацыйнай вобразнасцю вылучаецца карціна «Матчын абраз» (1900—1991), дзе па полі ды бур’яне ўздоўж паваленага плота, усё далей ад небяспечнай зоны радыяцыі рушыць сталая кабета, прыціскаючы да грудзей акуратна агорнуты ручніком хатні абраз. Найболей яскравае, шматкроць паўторанае ў 1990—1993 гадах палатно «Лёс»: жанчына-маці, якую ён малюе на тле аконнага праёма з выбітымі шыбамі. Традыцыйныя выявы галубкоў на аканіцах тут ужо страцілі сваю абярэжную моц, сталі антыподам бяспекі і хараства. Жудасці ўражанням дадае моцны кантраст бялюткіх ліштваў з чорнай безданню прасторы апусцелага дома, жыццё і побыт у якім ужо нішто і ніхто не абароніць. Толькі гераіня карціны, апошняя жыхарка калісьці ўтульнай вёскі, ніяк не можа развітацца з мінулым, гатовая загінуць побач з родавым гняздом некалькіх пакаленняў сям’і. Адным з характэрных вобразаў чарнобыльскай серыі жывапісу Шматава паўстаюць прыдарожныя і надмагільныя, агорнутыя шматлікімі белымі і багата арнаментаванымі ручнікамі палескія крыжы. Праз увесь наробак майстра веліч іх увасаблення, вартасць і патэнцыял мастацкай выразнасці можна параўнаць хіба з ім жа створаным манументальным вобразам Маці-Радзімы. У карціне «Палессе» (1992) Віктар Фёдаравіч гарманічна злучае дзве дамінанты ўласнага жывапісу і гэтым далучае працу да шэрагу лепшых сваіх здабыткаў.
Віктар Шматаў падзяляў уласную творчасць на два асноўныя перыяды: адзін звязаны з увасабленнем Палесся да Чарнобыля, другі — Палессе пасля Чарнобыля. Усё жыццё працуючы над адной рэгіянальнай тэмай і адказна ўсведамляючы сябе мастаком Палесся, ён ганарыўся тым, што бяда не закрыла яму дарогу да бацькаўшчыны. За кожным палатном у Шматава свая гісторыя пра родны край, пра Айчыну і яе традыцыі. Але гэты шлях абазначыўся не адразу. Заняўшыся мастацтвазнаўствам, ён вывучаў рысы нацыянальнай мастацкай культуры, прысвяціўшы іх даследаванням тэарэтычныя працы. Кандыдацкую дысертацыю абараніў па тэме «Беларуская сатырычная графіка 1945—1965 гг.», доктарскую — «Мастацтва беларускіх старадрукаў ХVI-ХVIII стагоддзяў». Асобную вартасць і значэнне для Беларусі мае яго дзейнасць па вывучэнні мастацтва кніг Францыска Скарыны, а таксама манаграфіі пра творчасць пачынальнікаў беларускай мастацкай школы — Язэпа Драздовіча, Міхася Філіповіча, Пётры Сергіевіча, Алесі Паслядовіч і іншых майстроў, каго натхнялі самабытны побыт нашага народа і яго драматычная гісторыя, нацыянальныя традыцыі і фальклор. Шматаў быў перакананы, што «іх творы — сведчанне таго, што ў кожнага народа свае ўлюбёныя колеры, рытмы, непаўторнае бачанне і адчуванне, свой асабісты шлях у мастацтве». Мастак і доктар мастацтвазнаўства Віктар Фёдаравіч Шматаў адзін з першых у 1993 годзе быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, а ў 1995-м — за шматлікія даследаванні творчасці Скарыны — стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі. Яго Скарыніяна — важкі набытак у даследаваннях эпохі Рэнесансу і ролі ў ёй першадрукара. Шматаў з 1963 года — актыўны удзельнік выстаў, а з 1971-га —сябра Беларускага саюза мастакоў, аўтар вядомых палотнаў станковага жывапісу. У пачатку 1990-х адбыліся яго першыя персанальныя выставы, спачатку ў Мінску, а ў 1995-м — у Францыі. Чарнобыльскія экспазіцыі з удзелам твораў Віктара Фёдаравіча прайшлі ў 1990-м у Амерыцы, у 1993-м — у Германіі.
У 2006 годзе майстар заўчасна пакінуў гэты свет, паспеўшы адзначыць сямідзесяцігадовы юбілей маштабнай уласнай экспазіцыяй у Нацыянальным мастацкім музеі. Пасля шэрагу інсультаў Шматаву ўжо цяжка было гаварыць. Але трымаўся ён бадзёра і годна побач з лепшымі сваімі карцінамі, гэтак сімвалічна і прыгожа развітаўшыся з сябрамі і паплечнікамі. Яго калега мастацтвазнаўца і мастак Міхась Раманюк некалі пісаў, што для многіх творцаў і аднадумцаў гэта быў шчыры павадыр да каштоўнасцяў гісторыі і культуры. Павадыр і ахвярнік — не злічыць тыя гадзіны і дні, што правёў ён у Чарнобыльскай зоне, у рэгіёнах роднага Палесся, ратуючы артэфакты матэрыяльнай і духоўнай культуры, занатоўваючы ў жывапісных палотнах зыходзячую ў нябыт прыгажосць. Ручнікі на крыжах у карцінах, нібы жалобны крык птушкі над раскіданым гняздом, лунаюць з твора ў твор самабытнага мастака, закаханага ў родны край.
Палотны Віктара Шматава захоўваюцца ў сям’і мастака, у фондах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Беларускага саюза мастакоў, Магілёўскага музея імя Масленікава, у Брагінскім і Нараўлянскім музеях, а тэарэтычныя распрацоўкі і навуковыя веды — у шматлікіх артыкулах і манаграфіях.
Таццяна МАРКАВЕЦ-ГАРАНСКАЯ