Аляксандр ЛАКОТКА: Грунтоўна і ўсебакова…

№ 2 (299) 01.02.2008 - 29.02.2008 г

Фундаментальныя тэарэтычныя даследаванні, якія праводзяцца ў нашым інстытуце, становяцца грунтоўнай асновай для практычных рэкамендацый творчым саюзам, мастакоўскім суполкам, асобным мастакам і творчым дзеячам. Гэта аксіёма, што тэорыя павінна ляжаць у аснове любых практычных ініцыятыў.

 /i/content/pi/mast/7/183/Lakotka.jpg
Мастацтва можа сёння рэпрэзентаваць маладую беларускую дзяржаву, стварыць яе імідж, уласнае аблічча. Якія задачы стаяць тут перад тэорыяй? Яна можа адказаць на пытанне, якія актуальныя традыцыі ў галіне культуры і мастацтва стануць асновай для далейшага развіцця.
Другое, не менш важнае пытанне заключаецца ў вызначэнні таго, на чым павінна грунтавацца прафесійнае мастацтва ў сённяшніх умовах разбуральнага, агрэсіўнага ўздзеяння глабалізацыі і масавай культуры. Калі мастацтва будзе захоўваць повязь з традыцыяй, гэта будзе гарантам таго, што яно не страціць самабытнасці, нацыянальных і рэгіянальных асаблівасцей, якія фарміраваліся стагоддзямі.
І трэцяя задача: асэнсаваць фундаментальныя асновы, на якіх базуюцца сучасныя плыні, так бы мовіць, авангард нашага мастацтва. Тут можна разглядаць і філасофскія тэорыі, і традыцыі школ, светапоглядныя і гістарычныя стасункі, усё, што становіцца падмуркам для іх развіцця. Да каго скіраваны гэтыя творы, якія эстэтычныя, культурныя каштоўнасці яны развіваюць?
Навуковыя распрацоўкі, якія выконваюцца ў інстытуце, праводзяцца ў рамках дзяржаўных праграм фундаментальных даследаванняў у галіне мастацтва, этналогіі і фалькларыстыкі. Вынікі тэарэтычных распрацовак уплываюць на рашэнні, што прымаюцца на ўзроўні дзяржавы і накіраваны на далейшае развіццё культуры.
У нас праводзяцца даследаванні ў галіне архітэктуры, выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, старажытнабеларускай культуры і тэатразнаўства, прафесійнай музыкі, этнамузыкалогіі, кіна- і тэлеэкранных відаў мастацтва. Працягвае выходзіць шматтомнае выданне (рыхтуецца 6 кніг) «Архітэктура Беларусі: нарысы эвалюцыі ва ўсходнеславянскім і еўрапейскім кантэксце». У ім разглядаюцца спадчына і праблемы сучаснага горадабудаўніцтва, сядзібна-паркавай і жылой архітэктуры. Упершыню падрабязна разглядаюцца прамысловыя збудаванні і дарогі Беларусі. У выяўленчым мастацтве, у прыватнасці, вывучаецца праблема відаў і жанраў, асобных школ. На працягу апошніх гадоў падрыхтавана 10 тамоў фундаментальнага выдання «Беларусы», прысвечанага этнагенезу, этнічнай гісторыі, матэрыяльнай і духоўнай культуры. У гэтым годзе плануецца выхад тома па музыцы і тэатру, кіна- і экранных відах творчасці. Названыя даследаванні ствараюць аснову для тэарэтычных распрацовак, надзвычай плённых для нашага культурнага развіцця.