Расказвае куратар абодвух падзей, у Рыме і ў Мінску, мастацтвазнаўца і кіраўніца аддзела Алена Карпенка.
— Ідэя прывезці беларускія абразы ў Ватыкан узнікла ў дырэктара Уладзіміра Пракапцова гады 3-4 таму назад. У Ватыканскай Пінакатэцы мы паказалі 33 творы ХVІ—ХІХ стагоддзяў з фондаў нашага музея і два абразы сучаснага іканапісца Андрэя Жарава з майстэрні Мінскага епархіяльнага ўпраўлення. Ужо тады было вырашана прадставіць тую ж экспазіцыю ў пашыраным складзе ў нашай сталіцы. Мінскі праект «Свет нябесны на зямлі» складаецца з некалькіх частак. Адна з іх — творы ХVІ—ХХ стагоддзяў з нашых калекцый. Другая — рэстаўрацыйная частка, 18 мастацкіх аб’ектаў у працэсе аднаўлення, над якімі апошні год працавалі рэстаўратары музея (у выніку супрацоўніцтва з’явілася магчымасць атрымаць для іх стажыроўкі ў Рыме). Трэцяя частка — 16 работ сучасных іканапісцаў з майстэрняў Куцейна (Орша), Сабора Усіх Святых і Епархіяльнага ўпраўлення ў Мінску.
Сярод твораў з нашых фондаў ёсць помнікі, што дэманструюцца ўпершыню: апостальскі чын з касцёла св. Брыгіты (Гродна) сярэдзіны ХVІІ стагоддзя, а таксама ўнікальны арнат з фрагментам тканага пояса гарадзенскай мануфактуры Антонія Тызенгаўза. Упершыню паказваем напрастольны крыж 1636 года з дарчым надпісам з Некасецка Мінскай вобласці. Наяўнасць прывязкі экспанатаў да канкрэтных асоб або карпарацый — адметная рыса падбору прац на выставу. Напрастольны крыж 1806 года ахвяраваны ў слуцкую Міхайлаўскую царкву. Нарэшце, шэдэўр з іканастаса Жыровіцкай царквы — вобраз Жыровіцкай Божай маці, які з’явіўся на дрэве, з біскупамі перад ёй, фактычна не ікона, а па стылістыцы ўжо алтарная карціна, з надпісамі лацініцай, а ўнізе — кірыліцай (за «адпушчэнне грахоў» ахвярадаўцаў абраза ў храм).
Магчыма ўпершыню мы экспануем разам комплексы твораў розных канфесій — праваслаўнай, каталіцкай, уніяцкай, што асабліва ўразіла нашых калег у Ватыкане.
Ці цяжка было дамовіцца на правядзенне выставы ў старэйшым у свеце Ватыканскім музеі?
— Вельмі. Ватыкан увогуле не практыкуе прымаць экспанаты з іншых калекцый. Перад намі ў Рыме спрабавалі выставіць творы спецыялісты з Яраслаўскага музея, але яны атрымалі памяшканні ў горадзе, па-за межамі Ватыкана. Кіева-Пячэрскі музей-запаведнік (Лаўра) сутыкнуўся з праблемай вялікіх страховак і бяспекі. Нам удалося размясціць абразы непасрэдна ў Ватыканскіх музеях, дзеля чаго з пастаяннай экспазіцыі з вітрын знялі іканапісныя ўзоры рымскай калекцыі. Мы былі абмежаваныя памерам тых вітрын, і ўдалося паказаць толькі абразы вышынёй не болей за 60 сантыметраў. Таму ўвесь спектр і разнастайнасць беларускага мастацтва прадставіць было цяжка, але мы падабралі найлепшыя экспанаты з магчымых. Выстаўленыя на прыгожым зялёным фоне ў якасных вітрынах, нашыя мастацкія шэдэўры, калі меркаваць па кнізе водгукаў, выклікалі ў Рыме літаральна фурор.
На мой погляд, выключнай мастацкай якасцю вызначаюцца менавіта творы з Жыровіцкага іканастаса. Можаце расказаць пра іх?
— Так, гэтыя сем абразоў — апрача вобраза Божай Маці — фігуры прарокаў і апосталаў, паказаных па чацвёра і парамі, трапілі да нас у калекцыю ў 2009 годзе намаганнямі Аляксандра Ярашэвіча. Гаспадары манастыра дэмантавалі ў 2005-м гэты ўнікальны іканастас, замяніўшы яго сучаснымі шараговымі працамі ў праваслаўным рускім стылі. Тое, што Аляксандр Адамавіч у той час рыхтаваў кнігу «Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр» (Мінск, 2006), паспрыяла таму, каб шэдэўры апынуліся не на сметніку, а ў музеі. З дапамогай варшаўскага даследніка Войцеха Баберскага ў манастырскіх архівах, захаваных у Віленскім універсітэце, знайшоўся кантракт 1732—1733 гадоў са сніцарамі-сталярамі, якія рабілі разьбу іканастаса, — Пятром Пралускім і Францішкам Прытуцкім. Спадзяюся, далейшыя пошукі дазволяць высветліць і імёны жывапісцаў.
***
На заканчэнне распавядзем чытачам вялікі сакрэт. Перад адкрыццём мінскай выставы адбылася прэс-канферэнцыя, дзе прысутнічаў прадстаўнік Ватыканскіх музеяў, захавальнік аддзела візантыйскага і сярэднявечнага мастацтва Гвіда Карніні. На наша пытанне, ці гатовы Ватыкан да сустрэчных крокаў у выставачным абмене з Мінскам, сіньёр Карніні зацеміў, што ён не ўпаўнаважаны вырашаць падобныя пытанні. Аднак у нашай прыватнай гутарцы Алена Карпенка паведаміла: перамовы вядуцца, і можна з часам чакаць прыезду ў Нацыянальны мастацкі некалькіх абразоў, твораў ужытковага мастацтва і карцін з рымскіх збораў. Да таго ж наладжанае супрацоўніцтва можа паслужыць дадатковым фактарам і на палітычным узроўні, набліжаючы візіт Папы Рымскага ў Беларусь.