Вынікам «Белартдэко-2013» прысвечаны мой артыкул «Традыцыі без наватарства?» («Мастацтва» №1, 2014), таму цікава параўнаць экспазіцыі двух трыенале. Сёлетняя выстава была досыць прадстаўнічай: гэтым разам у ёй удзельнічала нашмат больш мастакоў, ад дэбютантаў да вядомых майстроў, што дае вызначаны зрэз айчыннага ДПМ. У рамках трыенале былі таксама паказаны юбілейная выстава керамікі Наталлі Яўглеўскай і канцэптуальныя праекты ў падтрымку ініцыятывы ААН пад куратарствам Ірыны Кузняцовай. Мастацкі і тэхнічны ўзровень прадстаўленых сёлета твораў быў даволі высокі, што кажа пра больш строгi адбор: практычна не назіралася відавочна слабых і кічавых прац. Верхні паверх Палаца мастацтва быў падзелены перагародкамі на блокі, у якіх выстаўляліся і тэкстыль, і кераміка, і шкло, згарманізаваныя па колеры і форме. Асобныя работы дэманстраваліся на падстаўках на свабоднай прасторы залы. За кошт гэтага экспазіцыя выглядала больш структураванай, чым на мінулым трыенале, хоць такі падыход выявіў і праблемы. Праз некаторую стылістычную аднастайнасць тэкстылю, пра які пойдзе гаворка далей, выстава ператваралася ў блуканне па лабірынце даволі аднатыповых прац, замінаючы ў належнай меры ацаніць сапраўды вартасныя творы. Давялося прыйсці на выставу двойчы, каб скласці цэльнае ўражанне.
На жаль, і сёлета мы не ўбачылі нi куратарскай думкі, ні канцэптуальнага абрамлення экспазіцыі, бо канстатаванне факту, натуральна, не можа прэтэндаваць на званне канцэпцыі. Гэта асабліва кідалася ў вочы на фоне размешчанай побач III Біенале «Пастулат» Беларускага саюза дызайнераў, што мела, апроч агульнай тэмы, культурную праграму з канцэртамі, перформансамі, лекцыямі. Можна прывесці ў прыклад і I Уральскае трыенале ДПМ, якое праходзіла практычна ў той жа час у Екацярынбургу, — вельмі сур’ёзнае мерапрыемства міжнароднага маштабу з вялікай колькасцю дыпломаў і намінацый, персанальных выстаў, навуковай канферэнцыяй пры падвядзенні вынікаў. Нягледзячы на даволі пафасны тэкст прэс-рэліза, на нашым трыенале адсутнічалі не толькі праграма працы выставы, інфармацыйнае суправаджэнне і рэзананс у прэсе, але нават і этыкеткі на многіх экспанатах. Поруч з некаторымі працамі ляжалі напісаныя ад рукі паперкі, і гэта праз тыдзень пасля адкрыцця. Выстава, пазіцыянаваная як конкурс, па факце практычна не мела намінацый і дыпломаў. Вядома, ніхто не здымае віны за падобныя недахопы з працаўнікоў Палаца мастацтва і кіраўніцтва БСМ як арганізатараў, аднак ці не з’яўляецца сведчанне падобнай непавагі не толькі да гледачоў, але і да саміх сябе пэўным сімптомам? Зададзімся пытаннем: чым, акрамя адбору работ, займаецца вельмі прадстаўнічы па складзе аргкамітэт? У беларускага ўжытковага мастацтва ёсць усе магчымасці для актуалізацыі выставачнага працэсу — узровень адукацыі, шмат у чым страчаны на постсавецкай прасторы, таленавітыя майстры тэкстылю, керамікі і шкла, маса даступнай інфармацыі. Няма аднаго — ініцыятывы. І жадання рабіць штосьці іншае, апроч як жаліцца на наяўныя праблемы і чакаць іх чароўнага вырашэння.
У экспазіцыі таксама былі прадстаўлены працы з дрэва, металу, скуры і іх спалучэнняў, дэкаратыўны роспіс па тканіне (Пётр Кузьміч, Мікалай Кузьміч, Уладзімір Стальмахоў, Наталля Давыдовіч, Яўген Рыжоў, Эмілія Фокіна і іншыя). Аднак мае сэнс падрабязней спыніцца на мастацкім тэкстылі, які займаў вялікую частку экспазіцыі, бо працэсы, што адбываюцца ў ім, характэрныя і для іншых відаў прыкладных мастацтваў.
Адной з асаблівасцей нашай тэкстыльнай школы заўсёды з’яўлялася захаванне нацыянальных і класічных традыцый. Таму такой прыкметнай стала поўная адсутнасць на выставе сюжэтна-тэматычнага фігурнага габелена і відавочная пераарыентацыя большасці мастакоў на камерныя творы для інтэр’еру (хоць такіх у гэты раз было няшмат), а таксама на фарматворчасць у чыстым выглядзе з перавагай даволі падобных «сучасных» пластычных формаў, што ўзыходзяць яшчэ да часоў Баўхаўза. Значная частка работ зусім розных аўтараў вызначаецца схематызмам, аднастайнымі плямамі, палосамі і геаметрычнымі фігурамі, якія вандруюць з працы ў працу. У нечым гэта можна патлумачыць стратай матэрыяльнай базы, заказных тэм і запатрабавання на складаныя па сэнсах маштабныя аб’екты, але практычнае знікненне такога спосабу творчага мыслення не можа не выклікаць шкадаванні. Савецкі сюжэтны габелен вылучаўся высокай якасцю выканання і зместу і можа быць пераасэнсаваны ў сучасных мастацкіх практыках. Напрыклад, у Маскве гэты від ткацтва перажывае сапраўднае адраджэнне. Дастаткова ўспомніць работы такіх вядомых майстроў сучаснай шпалеры, як Сяргей Гавін ці Андрэй Мадзекін, што паслядоўна развіваюць менавіта сюжэтна-тэматычны кірунак з дакладным адборам выразных сродкаў, прафесіяналізмам, інавацыямі прасторава-пластычных вобразаў і ўсвядомленым разуменнем спецыфікі матэрыялу.
У нашым мастацтве даўно наспела вострая патрэба ў абнаўленні пластычнай і стылістычнай парадыгмы ДПМ. Нельга бясконца займацца самапаўторамі і цытаваннем формаў і выяў, ператвараючы іх у штампы і пры гэтым называючы традыцыяй. З іншага боку — новая мова не мае на ўвазе безаблічнага «асучаснівання» ў выглядзе фармальных экзерсісаў. Сёння ва ўсім свеце пошук іншых шляхоў развіцця звязаны з асэнсаваннем нацыянальнай культуры (і асіміляцыяй іншых культур). У габелене адыход ад традыцыі мае не вельмі многа варыянтаў. Гэта адмова ад прамавугольнай і плоскай формы; прасторавыя кампазіцыі; выкарыстанне і злучэнне размаітых, у тым ліку няткацкіх, тэхнік; аб’яднанне ткацтва з іншымі відамі мастацтва. Аднак усе магчымыя варыянты ўжо апрабаваліся раней у розных краінах і рэгіёнах, у прыватнасці ў Венгрыі, Польшчы, Прыбалтыцы ў 60—90-я гады ХХ стагоддзя. На дадзены момант у гэтых кірунках няма сапраўдных прарываў і ўдалых навацый. Магчыма, усё ж галоўнае — індывідуальны почырк творцы, адзінства прыёмаў і зместу, а не ступень тэхнічнай навізны як самамэта. Сучасны габелен ва ўсёй яго разнастайнасці цалкам здольны перадаваць складаныя эмоцыі, з’явы і актуальныя паняцці і пры гэтым быць вытканым з ужываннем традыцыйных воўны і бавоўны паводле старадаўніх тэхналогій. У рамках трыенале-2016, на мой погляд, вылучаліся работы невялікай колькасці мастакоў, пераважна старэйшага пакалення, якія маюць уласную манеру, выкарыстоўваюць традыцыю не як догму ды па-рознаму яе інтэрпрэтуюць. Сярод прац мастакоў класічнага гладкага ткацтва можна адзначыць тонкі па адчуванні колераў паліпціх «Чатыры стыхіі» Ларысы Густавай; трыпціх «Слова застанецца» Галіны Крываблоцкай, дзе злучэнне модульнай сістэмы народнага ткацтва з маляўнічымі пераходамі колераў і тонаў з уплеценымі ў іх літарамі ствараюць ёмісты вобраз; паэтычныя «Касачы» Людмілы Пуцейка; пабудаваныя на пераасэнсаванні аўтэнтычных тэхнік і арнаментыкі, графічныя па падыходзе творы Алы Непачыловіч і Галіны Сіверцавай.
Канцэптуальны і эксперыментальны тэкстыль у Беларусі — з’ява новая, знаходзіцца ў развіцці. Задачы яго — стварэнне дэкаратыўных ці канцэптуальных мастацкіх структур, а не проста ўтылітарнага прадмету. Беларускім «tapisserie» на дадзеным этапе не хапае гнуткасці і шырыні пластычных шуканняў, мастацкага сінтэзу. Хоць многія аўтары дэманструюць цікавасць да структурных, тэхнічных і дэкаратыўных магчымасцяў розных матэрыялаў, аднак гэтыя эксперыменты выглядаюць часта проста прэтэнцыёзна, асабліва калі майстры прэтэндуюць на выяўленне ў тэкстыльнай пластыцы філасофскіх праблем. Сярод твораў эксперыментальнага кірунку хочацца адзначыць тыя, у якіх канцэпцыя была пераканаўча пададзена праз сінтэз разнастайных мастацкіх метадаў. Арыгінальнай задумай, выяўленай вельмі простымі сродкамі, прыцягвала інсталяцыя вядомай віцебскай творцы Святланы Баранкоўскай «Татава шафа»; незвычайнай аўтарскай тэхнікай «вяроўкапластыкі» запомнілася праца Марыі Разумовіч «Планеты»; інтэрпрэтацыяй нацыянальнай колеравай і арнаментальнай сімволікі ў камбінацыі розных матэрыялаў захапіла інсталяцыя Анастасіі Балыш «Чырвоная спадчына». Цікавую «тэкстыльную скульптуру» — дыпломны праект «Лінія лёсу» — прадставіла Хрысціна Высоцкая. Адкрыццём для мяне сталі працы Вольгі Рэднікінай «Дарожныя нататкі» і «Вандроўнікі», у якіх нечаканае злучэнне карціннай рамы, гладкага ткацтва, нятканых матэрыялаў і прыёмаў, рытмічны і дынамічны рух формаў не толькі надавалі плоскасці прасторавае вымярэнне, але і стваралі выразнасць выяў.
Як і на мінулым трыенале, расчаравалі нешматлікія творы батыку, пры тым што гэты від жывапісу па тканіне з яго разнастайнымі тэхнічнымі і вобразнымі магчымасцямі здольны быць не толькі дэкаратыўным, але манументальным і філасофскім. Напрыклад, у расійскім батыку, які развіваўся на той жа самай аснове, ёсць такія майстры, як Ірына Трафімава, Іван Харчэнка, Таццяна Шыхерава, што ствараюць у гэтай тэхніцы складаныя, шматфігурныя работы. Тэматычнае і сюжэтнае кола гэтага віду ДПМ у нас пакуль не ідзе далей самых простых абстрактных і кветкавых матываў, блізкіх да салоннай «густаўшчыны». Бездакорна выкананыя і згарманізаваныя па колеры тэкстыльныя мазаікі Веры Блінцовай і Любові Кірылавай з’яўляюцца, па сутнасці, паўторам. Мастацкі лямец, новы для Беларусі кірунак, вельмі папулярны ў свеце, праўда, больш у аматараў, чым у прафесійных майстроў. На сёння ў ім, акрамя класічных тэхнік валення, існуе шмат незвычайных тэхналагічных прыёмаў. Выкарыстанне машынных радкоў і ручных шыўкоў, ткацтва воўнай для валення, спалучэнне валення з лапікамі, скурай, радком, дадатковым фарбаваннем дае багатыя магчымасці і незвычайныя фактуры. Плённы вынік маюць запазычанні і сінтэз з народнымі традыцыямі. Аднак усе гэтыя навацыі — нішто без задумы, ідэі, мастацкага вобраза. На жаль, такі кірунак у нашым ДПМ можна акрэсліць толькі некалькімі словамі: сумна па форме і колеры, тэхнічна невынаходліва. Магу адзначыць адно някепскую тэкстыльную інсталяцыю Марыі Барысенка «Блюз», якая спадабалася камбінацыяй лямцу, вышыўкі, роспісу і аплікацыі, але да ўзроўню канцэптуальнай, пластычнай ці тэхнічнай навізны яна відавочна не дацягвае.
Як і ў тэкстылі, у беларускай кераміцы ўзрастае цікавасць да пластычнай самадастатковасці, не звязанай з утылітарнымі функцыямі. На фармаванне актуальнай стылістыкі керамікі ўплываюць як самі тэхнікі гэтага старажытнага віду творчасці, так і сучаснае прадметнае асяроддзе, а таксама розныя стылі і плыні найноўшага мастацтва (мінімалізм, сюррэалізм, абстракцыя, поп-арт і іншыя). Напрыклад, у керамапластыцы кіраўніка ўнікальнага для нашай краіны міжнароднага пленэру «Арт-Жыжаль» Валерыя Калтыгіна фальклорная ўмоўнасць народнай лялькі спалучаецца з элементамі гратэску і абстрактнымі формамі. Паводле яго меркавання, сёння беларуская кераміка адчувае востры недахоп крытыкаў і мастацтвазнаўцаў, здольных асэнсаваць і сістэматызаваць змены. Побач з кампазіцыйнай паліванай скульптурай паэтыка-рамантычнага (Наталля Яўглеўская, Тамара Курачыцкая), сюжэтна-асацыятыўнага (Валянціна Іванькова, Валянцін Прыешкін, Фаіна Хаменіч) кірункаў было шмат твораў, адзначаных вабай да архетыпаў як першавобразаў культуры, да простых формаў, архаічных узораў (Ганна Чэпелева, Антон Ціханавец, Арцём Мачульскі, Максім Калтыгін, Вольга Сямашка, Тамара Васюк...). Дэкараванне паверхні стэкам, архаічная арнаментыка, салярныя знакі спалучаюцца з агаленнем вялікашамотнай структуры, глянцаваннем, паліваннямі, дымленнем. Многія аўтары эксперыментуюць з іншымі матэрыяламі — дрэвам, шклом, пластыкам, выкарыстоўваюць фота i дэколь (Ірына Шчасная). Незвычайны па вобразным увасабленні аб’ект з пластыку і люстранога шкла прадставіў Іван Хаменіч («Накцюрн»).
Мастацкае шкло вылучалася выяўленча-пластычнымі знаходкамі, заснаванымі на розных фізічных якасцях матэрыялу як крыніцы формаўтварэння. З бездакорнымі класічнымі формамі гладкага шкла прызнаных майстрынь Таццяны Малышавай і Вольгі Сазыкінай кантраставалі мінімалістычныя аб’екты Ганны Аляксейчык («Штыль»), вострыя, як аскепкі лёду, вытанчаныя скульптуры з тонкіх лістоў шкла Жанны Марозавай («Ладдзя» і «Папараць-кветка»). Цякучасць расплаўленага шкла сталася асновай мастацкай вобразнасці ў Паліны Прахарчук, Анастасіі Калінскай, злучылася ва ўзаемадзеянні з металам у Веранікі Віткоўскай («Восень на шкле»).
Сёння ў свеце цікавасць да дэкаратыўнага мастацтва, да рукатворчасці як ніколі вялікая. Адкрыцці ў вобласці тэхналогій, актыўнае ўкараненне медыйных магчымасцей, інфармацыйнае насычэнне даюць мноства ідэй і сродкаў для інавацый як творцам, так і экспазіцыянерам. У развіцці дэкаратыўнага мастацтва (і беларускае не выключэнне) добра вядомы своеасаблівы «эфект адштурхвання», што дапамагае пераадолець уплыў папярэдняга стылістычнага перыяду, уніфікацыю формаў і густаў. Але, з іншага боку, менавіта традыцыі, у якіх назапашваецца досвед некалькіх пакаленняў, і ствараюць той узровень развіцця, адкуль пачынаюцца наватарскія пошукі, няхай пакуль не дасканалыя ў сваім увасабленні.
Марына ЭРЭНБУРГ