Акурат такая магчымасць была прадастаўлена беларускаму гледачу на Фестывалі аўстрыйскага кіно, які ладзіўся ў межах Аўстрыйскага культурнага сезона ў сталічным кінатэатры «Перамога».
Праграму склалі пяць стужак: трагікамедыя Паўля Харатара «Індыя», вядомы хіт 2000-х «Выхавальнікі» Ганса Вайнгартнера, камедыйны хорар Дэвіда Рума «Вампір на кушэтцы», крымінальнае драмедыя «Вечнае жыццё» Вольфганга Мернбергера і свежая «казка сталення» Херарда Аліварэса і Отмара Пенкера «Браты ветру».
На прыкладзе гэтай падборкі (пераважна камедый з рознымі жанравымі дамешкамі) аўстрыйскае кіно раскрывае сябе як кінематограф глядацкі і відовішчны. Тым не менш такі складнік зусім не перашкаджае пералічаным вышэй карцінам распавядаць пра тое, як пачуваецца вядомая краіна-спадкаемніца слыннай Аўстра-Венгерскай імперыі ў сучасныя дні.
Смех як зброя супраць смерці
Як прызнаўся аўтарцы «Мастацтва» Паўль Харатар, рэжысёр самай касавай за апошнія дзесяцігоддзі ў Аўстрыі стужкі «Індыя», аўстрыйцы — народ са своеасаблівым пачуццём гумару. Яны любяць смяяцца шмат з чаго — улады, сэксу, дрэннага сэрвісу, але ў гэты размаіты шэраг трапляе і такая даволі табуяваная для публічнага абмеркавання тэма, як смерць. «Не ведаю, з чым гэты звязана, можа быць, свайго кшталту абарона ад яе, — кажа рэжысёр, — але падобны гумар у нас вельмі папулярны». Неверагодны поспех «Індыі» ў суайчыннікаў Паўль тлумачыць у тым ліку і магчымасцю пасмяяцца з таго, што нельга змяніць. «У аднаго з герояў маёй карціны выяўляецца невылечная хвароба, але сябры-персанажы не ведаюць, як гаварыць пра тое, — кажа рэжысёр. — І ва ўжытак ідзе чорны гумар». «Індыя» — гэта экранізацыя п’есы стэндап-акцёраў Ёзэфа Хадэра і Альфрэда Дорфера, што распачынаецца як канфлікт двух ладаў жыцця і трансфармуецца ў гісторыю сяброўства. На жаль, заканчваецца яна смерцю аднаго з герояў, дадаўшы глядацкаму вопыту яшчэ дозу перажыванняў, дыяпазон якіх у карціне даволі шырокі. А галоўнае, выкрываюцца і высвечваюцца яны з дапамогай смеху. Лайфхак ад Паўля Харатара — знаходзіць апору ў чалавечых стасунках, жартаваць і клапаціцца пра сваіх сяброў. Спалучыўшы ў карціне некалькі жанраў — роўд-муві, камедыю, трагедыю ды трошкі сатыры (гісторыя сяброўства адбываецца на фоне інспекцыі правінцыйных матэляў), — рэжысёр выкрывае адметнасці аўстрыйскага менталітэту праз своеасаблівы, жарсткаваты гумар, але тое не замінае паказаць сентыментальнасць і пэўную мяккасць характараў галоўных герояў. Бадай, менавіта такім і можна пазначыць нацыянальны характар, што спалучае інтэлігентнасць і педантычнасць аднаго з персанажаў з брутальнай упартасцю, недалёкасцю і дабрынёй другога.
Смех як лекі ад траўмаў
Жанравае кіно тым і цікавае, што дадае нечаканыя інтанацыі ў разважанні на знаёмыя тэмы. Такім прыкладам становіцца камедыйны хорар «Вампір на кушэтцы» з Тобіясам Марэці, зоркай сучаснага аўстрыйскага кінематографа. Іншы кантэкст дазваляе пасмяяцца не толькі са смерці, але і з жыцця пасля яе.
1932 год. Вена. Граф Геза фон Кёзнём, вампір «са стажам», знаходзіць адпачынак ад шэрых будняў на сеансах псіхааналітыка. Рэжысёр карціны Дэвід Рум стварае кіно з самых што ні на ёсць брэндавых інгрэдыентаў — вампіры, псіхааналіз, Вена. І робіць тое ў такім ключы, што не згадаць эпоху Штраўса немагчыма. Гаворка тут пра традыцыю музычных спектакляў, аперэты і адпаведную атмасферу займальных канфліктаў і перасоўванняў. Але можна надаць гэтай чароўнай камедыі і глыбінны сэнс: матывы настальгіі па часах Аўстра-Венгерскай імперыі ды былой велічы і бляску імператарскіх дынастый увасобіліся ў такую мудрагелістую форму, як «Вампір на кушэтцы». Першая сусветная вайна — глабальная катастрофа — перайначыла мапу Еўропы, і вядомая дзяржава, у межы якой да 1918 года ўваходзіла і Трансільванія, перастала існаваць. Аўстрыя ахвотна прэтэндуе на румынскі эпас як частку сумеснага мінулага, а вампір — цалкам амбівалентная фігура, каб пазначыць смерць і ўваскрашэнне аўстрыйскай культуры. Магчыма, новае каханне здольнае ажывіць графа фон Кёзнёма, сучасніка вялікіх эпох, і прымірыць з уласным становішчам? Амаль казачная хорар-камедыя — дасціпны фармат, каб пагуляць з такімі сэнсамі.
Слаўныя 1970-я?
Ад жыцця вечнага — да «Вечнага жыцця» Вольфганга Мернбергера. Ад жартаў над вампірамі, якія захаваліся ў спадчыну з незабыўных часоў, — да крымінальнай драмы з элементамі абсурду. Ад пачатку ХХ стагоддзя — да пачатку наступнага. У драмедыі Мернбергера, што зарэкамендаваў сябе напрыканцы нулявых хвацкай крымінальнай камедыяй «Мяснік», разборкі і забойствы існуюць не як экшан дзеля экшану, а як працяг дзіўнай і трагічнай гісторыі ў мінулым. У «Вечным жыцці» тым самым «шкілетам у шафе» становяцца не глабальныя войны, а недарэчнае рабаванне ў 1970-х, часе росквіту сэксуальнай рэвалюцыі, руху матацыклістаў «outlaw» і пратэстных настрояў. У гэты час, «прыцягальнасць якога любяць перабольшваць» (па словах галоўнага героя), рабаванне банка выглядала справай авантурнай. «Мы зрабілі гэта проста дзеля таго, каб паказаць, што мы нічога не баімся, — кажа ён. — Мы хацелі проста зарабіць грошай і паехаць на мора ў Югаславію». 1970-я — час спадзеваў і маладосці герояў і час недарэчнай катастрофы, з вынікамі якой даводзіцца жыць сёння. Рэжысёр па-майстэрску жанглюе жанрамі, разбурае шаблоны і пераходзіць ад драмы крымінальнай да экзістэнцыяльнай. Цікава, героі-антаганісты могуць знайсці паразуменне: не ўсё мінулае аказваецца такім дрэнным, ды ёсць сёе-тое, за што можна зачапіцца ў цяперашнім.
Папярэджанне, якое спраўдзілася
«Выхавальнікі» Ганса Вайнгартнера, нямецка-аўстрыйскі хіт 2004 года, таксама пераасэнсоўвае падзеі другой паловы ХХ стагоддзя. І калі старэйшае пакаленне на прыкладзе «Вечнага жыцця» вырашае канфлікты паміж сабой у крымінальным духу, то маладая генерацыя ў фільме Вайнгартнера бачыць ворагаў у тых самых буржуа, што калісьці змагаліся за свабоду, а сёння сталі паборнікамі сістэмы. Прышчэпка супраць «пластмасавых» дзялкоў — уварванне на іх тэрыторыю. Без крайнасцей, але з дэманстрацыяй: кантроль багацеяў над іх уласнасцю цалкам умоўны.
Непазбежны ў такіх умовах раскол аднадумцаў-анархістаў, які ў стужцы, нагадаю, адбываецца з-за праблем у асабістых стасунках, паспяхова пераадольваецца. Догма герояў-«выхавальнікаў» важнейшая за «дзяўчыну». Рэвалюцыйныя ідэі 1968-га, спачылыя ў стабільныя для Еўропы гады, атрымліваюць перараджэнне ў маладых розумах 2000-х. Сёння «Выхавальнікі» выглядаюць папярэджаннем, якое спраўдзілася. Крызіс, што ахапіў Еўропу, — як расплата за снабізм і недальнабачнасць.
Happy-працяг
І завяршаюць праграму «Браты ветру», шчыры спадзеў на адраджэнне — краіны і людзей. Гісторыя сяброўства хлопчыка і арла — як гісторыя сталення і тэрапіі ў шыкоўных дэкарацыях Альпійскіх гор. Канал «National Geographic» мог бы пазайздросціць такім здымкам, але стужка Херарда Аліварэса і Отмара Пенкера не абмяжоўваецца адно жывапіснымі краявідамі і ўдзелам у ёй міжнароднай зоркі Жана Рэно, а заклікае да даравання і паразумення. Выпеставаць арла як уласны характар і гонар — аўстрыйскае сямейнае кіно здольнае на стварэнне прыгожай метафары палёту. Вера ў свае сілы і перараджэнне пасля здзейсненых памылак, непаразуменняў і бед.
Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ