Спачатку пра пераможцаў у намінацыях «Лепшая жаночая роля» і «Лепшая мужчынская роля». Выкажу не толькі ўласнае меркаванне. Што датычыць артыстаў, якія атрымалі персанальныя ўзнагароды — дыпломы, статуэткі і канверты з сумай у 40 базавых велічынь (840 дэнамінаваных рублёў), — дык тут ні ў заўзятых тэатралаў, ні ў журы вялікіх спрэчак і разыходжанняў не было.
Сапраўды, мала хто можа зраўняцца ў харызматычнасці з Аксанай Волкавай, выканаўцай партыі Кармэн у дзвюх беларускіх версіях оперы Бізэ. Гэтую ж гераіню спявачка ўвасобіла на сцэнах многіх тэатраў свету (у Расіі, Бразіліі, Кітаі). Партыя Гразнога ў «Царскай нявесце» атрымалася ў Станіслава Трыфанава надзвычай магутнай і ёмістай. Перад намі баярын-нягоднік, ахвяра ўласных страсцей, за чыімі ўчынкамі і паводзінамі сочыш, якому — нягледзячы ні на што — спачуваеш. Такі вынік нараджаецца ад уздзеяння моцнага і выразнага вакалу, надзіва прадуманай акцёрскай ігры. Гэта датычыць оперных салістаў. У балеце лепшымі апынуліся Канстанцін Геронік —за Маленькага прынца ў аднайменным спектаклі, і Людміла Хітрова — за партыю Лаўрэнсіі. Цікава: і Трыфанаў, і Хітрова акцёрскія ўзнагароды атрымліваюць другі раз запар. На папярэдняй прэміі барытона ганаравалі за ролю Лятучага Галандца, а балерыну — за партыю Ганны ў «Вітаўце».
У музычным тэатры артысты-лідары выявіліся наступным чынам. Лідзію Кузьміцкую адзначылі за ролю Соф’і ў камедыі «Вяселле ў Малінаўцы», Віктара Цыркуновіча — як Х’ю Пікерынга ў мюзікле «Мая цудоўная лэдзі». Зразумела, такім чынам ацэньваюцца не толькі канкрэтныя партыі, але і вакал, здольнасць быць пераканаўчым і разнастайным. Нарэшце, адданасць прафесіі, унёсак у развіццё творчага калектыву ўвогуле. Адметная дэталь: тэатры сёлета не вылучалі прозвішчы канкрэтных артыстаў, а далі магчымасць журы вызначыць лепшых. І гэтая тэндэнцыя вартая падтрымкі.
Што датычыць намінаваных спектакляў і спектакляў-пераможцаў, дык тут карціна больш складаная і ў нечым супярэчлівая. Лепшую оперу выбіралі з трох твораў — «Царская нявеста», «Паяцы», «Кармэн». Рэжысёр двух першых спектакляў Міхаіл Панджавідзэ, «Кармэн» увасоблена Галінай Галкоўскай. «Царская нявеста», як найбольш цэласнае відовішча і моцная пастаноўка, перамагла. Што і прадказвала аўтарка гэтых радкоў, рэцэнзуючы новую версію оперы Рымскага-Корсакава.
Выбіраючы лепшы балетны твор, журы аказалася перад дылемай. Або «Лаўрэнсія» — спектакль, пастаўлены не так даўно Нінай Ананіянішвілі, асновай якога з’яўляецца харэаграфія Вахтанга Чабукіяні. Або «Маленькі прынц» з музыкай Яўгена Глебава і харэаграфіяй Аляксандры Ціхаміравай. І першая, і другая пастаноўкі яркія і відовішчныя, яны карыстаюцца глядацкім попытам, але з пункту гледжання эстэтычных вартасцей і там, і там ёсць пытанні.
«Лаўрэнсія» — дынамічная, маляўнічая, з пругкім віртуозным танцам. Праўда, асаблівасці партытуры прымушаюць уласную захопленасць сцішыць. У выніку «Лепшым балетным спектаклем» названы «Маленькі прынц». Логіка зразумелая. Партытура належыць класіку беларускай музыкі — Яўгену Глебаву. Спектакль вельмі доўга, больш за тры дзесяцігоддзі, ішоў да нашай сцэны. Маўляў, нарэшце яшчэ адна айчынная партытура ўвасоблена, справядлівасць адноўлена! Дадам: у «Прынцы» адметная праца сцэнографа Вячаслава Окунева, шмат яркіх акцёрскіх прац.
З аднаго боку, радуюся за тэатр, з другога — нагадаю: захопленых рэцэнзій, калі па шчырасці, не было. «А чаму ўсе водгукі на “Прынца” нейкія кіслыя?» — запытаў мяне вядомы рэжысёр неўзабаве пасля прэм’еры. Думаю, чыннікаў тут шмат. Нельга лічыць, што ўсе крытыкі недальнабачныя ці эстэтычна глухія. Ёсць прычыны аб’ектыўныя (сюжэт, у якім няма ярка выяўленага канфлікту і герояў-антаганістаў, складаны для сцэнічнага ўвасаблення). Ёсць прычыны суб’ектыўныя (харэаграфія рознага кшталту, хапае віртуознасці, нечаканых падтрымак, цікавых знаходак у дуэтах, але дастаткова ілюстрацыйнасці ў сцэнах падарожжа Прынца на іншыя планеты).
Мінулым разам, у 2014-м, Музычны тэатр вылучыў толькі адзін спектакль — «Соф’ю Гальшанскую», мюзікл Уладзіміра Кандрусевіча — і сабраў шмат дыпломаў. Але альтэрнатывы яму не было. Сёлета назіраўся прагрэс. Аж дзве пастаноўкі! Журы паўстала перад выбарам: каго прызнаць лепшым? І ў «Маёй цудоўнай лэдзі», і ў «Вяселлі ў Малінаўцы» былі моцныя і слабыя бакі. «Вяселле» больш дынамічнае, «збітае» жалезнай рэжысёрскай рукой, у ім хапае імклівасці, яркіх акцёрскіх прац. Ды ў дадзеным выпадку тэатр стварыў рэтра-відовішча, жадаючы адпавядаць настроям і жаданням менавіта сваёй публікі, якая ідзе ў тэатр па рэлакс і настальгію па ўражаннях даўняй маладосці. «Лэдзі» — пастаноўка больш сучасная, шматслойная. Асабіста мне падалася больш яркай на прэм’еры. Падчас прагляду ў фінале прэміі хапала праблем з гукам, выразнасцю маўлення. Калі сядзіш блізка ля сцэны, чуеш усё, бачыш твары артыстаў. Калі сядзіш далёка, чуеш праз слова, а то і праз сказ. Гэта нервуе і раздражняе, а ўвогуле псуе ўражанне. Магчыма, тэатру варта актыўней варушыць сваіх заснавальнікаў, бо мікрафоны-гарнітуры (з якімі працуюць салісты) зношаныя. Яны ўключаюцца і выключаюцца, калі захочуць.
Цяпер некалькі больш глабальных пытанняў. Што змянілася ў прэміі ў параўнанні з папярэдняй, узору 2014 года? Узнагарода за лепшую ролю ў спектаклі (раней адна) падзялілася на дзве — лепшую мужчынскую і лепшую жаночую. Гэта бліжэй да рэальнасці. Шкада, што знікла намінацыя «Лепшы дэбют». А галоўнае, зніклі намінацыі «Лепшы рэжысёр» і «Лепшы сцэнограф». Мяркую, менавіта такое не надта абдуманае рашэнне справакавала дэмарш Аляксея Ляляўскага, у выніку Дзяржаўны тэатр лялек наогул адмовіўся ўдзельнічаць у прэміі. Аргумент, маўляў, грошай не хапае на вялікую колькасць намінацый, несур’ёзны. Прэмія за лепшы спектакль грунтоўная (230 базавых: 4 830 рублёў або 2,5 тысячы долараў). Яе можна спакойна падзяліць на некалькі
частак.
Нарэшце роздум пра перспектывы. Што ў арганізацыі прэміі можна палепшыць або перайначыць? На маю думку, многія рэчы пакуль не надта лагічныя. Творы ўсё-такі павінна адбіраць не кіраўніцтва калектываў. У Расіі гэта робяць крытыкі і «ўжывую». Але ў нас іх важкасць у грамадстве, іх аўтарытэт, на жаль, несупастаўляльныя з усходнесуседскімі. Адборачная камісія зноў-такі рэч патрэбная, ды ведаю, як «круцілі» для сяброў камісій пэўныя відэаверсіі. Кавалкамі і хуценька. Калі не глядзеў «жыўцом», дык не зразумееш, пра што размова. Таму некаторыя пастаноўкі застаюцца па-за разглядам журы.
Наша прэмія нараджалася па ўзоры расійскай «Залатой маскі». Але ў Расіі велізарная колькасць тэатраў драматычных, лялечных, музычных. Там існуюць падраздзелы «спектакль вялікай формы», «спектакль малой формы». У нас няма падобнага масіву. Таму пастановак, вылучаных у сферы музычнага мастацтва, павінна быць больш. На жаль, не ўдзельнічала трупа «Тэрыторыя мюзікла». Магчыма, лічыць непатрэбным ці неактуальным? Шкада, апошнім часам неяк згубіўся Маладзечанскі музычны маладзёжны тэатр.
Некалі, падчас першай прэміі, крытыкі дружна абураліся, маўляў, нельга разглядаць у адным спісе оперу і лялькі. Сапраўды, магчымасці і маштабы ў іх розныя. Слушна, калі розныя жанры развялі па розных секцыях. Але што атрымліваецца? У раздзеле «опера» змагаюцца тры пастаноўкі. У раздзеле «балет» дзве. І выходзіць, што роля журы ў дадзеным выпадку — вырашыць, якая з двзюх-трох прац аднаго і таго ж калектыву атрымае прызнанне як прафесійная заваёва, а таксама ўхвалу і сур’ёзную фінансавую падтрымку. Калісьці на сцэне купалаўскага тэатра ішоў спектакль «Што той салдат, што гэты» паводле Брэхта. Гэтую назву (як думку і ідэю) я не аднойчы згадвала ў час праглядаў.
Калі яшчэ не абвясцілі імёны пераможцаў, крытык Надзея Бунцэвіч выказала шмат у чым слушную думку: пастаноўкі ўласна Музычнага тэатра (былой музкамедыі) і Тэатра оперы і балета па сутнасці трэба аб’яднаць у адну катэгорыю — «Лепшы музычны спектакль». Бо гэта творчая прадукцыя менавіта музычнага тэатра. У шырокім сэнсе. Калі ў свой час Інстытут мастацтвазнаўства Нацыянальнай Акадэміі навук выдаваў кнігі па гісторыі мастацтва, дык некалькі тамоў даследаванняў так і называліся — «Беларускі музычны тэатр». А ў іх аналізаваліся і опера, і балет, і музкамедыя. Цудоўна разумею: кіраўніцтва тэатраў з такой фармулёўкай ніколі не пагодзіцца. Бо замест трох прэмій па 2,5 тысяч долараў атрымаецца адна. А пры цяперашнім раскладзе ёсць узнагарода оперы, балету, мюзіклу. Усе шчаслівыя! Аркестр, туш! Зразумела, фінансавай падтрымкі ніколі зашмат не бывае. Але нельга не згадаць: сярод драматычных пастановак у фінале фігуравала ажно 8 спектакляў. І гэта былі спектаклі розных калектываў. Канкурэнцыя! Музычны тэатр (у шырокім сэнсе) у нас знаходзіцца ў прывілеяваным становішчы. І наўрад ці захоча з ім развітацца.
Нацыянальная тэатральная прэмія стымулюе і натхняе, асабліва абласныя трупы. Але ці адлюстроўвае, ці ганаруе яна лепшых выканаўцаў і лепшыя пастаноўкі? У тым, што датычыць артыстычных, выканаўчых заваёў, — так. У ацэнках спектакляў — не зусім.
Яшчэ раз згадаю «Залатую маску». Сёння гэта брэнд, разгорнутая структура, напрацаваны вопыт, за назвай — традыцыі і аўтарытэт. Мы ж, як заўжды, даганяем. Што паробіш?! Будзем пераймаць вопыт. Магчыма, калісьці і здолеем...