Чаму нам лепш знаёмае мастацтва Францыі, Італіі і Расіі? Таму што яго выкладаюць, яно больш вывучана, вывучана яно таму, што яго даследуюць, даследуюць яго таму, што пра яго ведаюць, бо выкладаюць. Замкнёнае кола, якое хочацца разарваць. Мы, беларусы, з гонарам згадваем імёны Шагала, Суціна і іншых прадстаўнікоў Парыжскай школы. Але яны, па сутнасці, належаць нам толькі па факце нараджэння іх носьбітаў?.. Прыналежнасць спадчыны Алёны Кіш да беларускай культуры не выклікае сумневу, пры гэтым трэба памятаць, што яе імя ўваходзіць у адзін спіс з не менш вядомымі аўтарамі.
Што такога асаблівага ў Алене Кіш, чаму варта распавядаць пра яе ў школе? Таму што праз прызму яе жыццёвага і творчага шляхоў можна шмат даведацца пра культуру Беларусі прынамсі цэлага стагоддзя. Пленэр «З Аленай Кіш у сэрцы» стаў яшчэ адной спробай асэнсавання наробку вядомай мастачкі. У ліпені-жніўні 2016 года ініцыятыўная група «Мастацкi маёнтак» сабрала ў «Культур-мультур сядзiбе» групу творцаў. Чатырох з іх — Ганну Балаш, Аляксандра Дзямідава, Аляксандра Наўгародскага і Аляксандра Рэпку — Алёна Кіш аб’яднала зусім не таму, што яны пішуць маляваныя дываны. Не, яны гэтага не робяць. Акрамя таго, аўтары маюць прафесійную мастацкую адукацыю. Але кожны з іх развівае непаўторную наіўную міфалогію: Ганна засяляе тэатральнымі выявамі Арлекінаў і Мальвін побытавыя сцэны, Аляксандр Дзямідаў успамінае дзяцінства як лепшую пару жыцця, у якую хочацца вяртацца, гледзячы на наіўныя фарбы і як быццам дзіцячыя сюжэты, Аляксандр Наўгародскі акумулюе ўсе культуры свету і выводзіць іх у зусім аўтэнтычным геаметрычным арнаменце, што пакрывае скульптурныя формы бытавых прадметаў, Аляксандр Рэпка — у жанравых сцэнах быццам багемнага Парыжа, у якіх варта абавязкова прыняць удзел.
Прысвячэнне праекта Алене Кіш шмат у чым адбылося дзякуючы Ганне Балаш. Многія гады Ганна была вядомая як цудоўная майстрыня лялечных спраў, але мінулай вясной я пазнаёмілася з ёй наноў, адкрыўшы для сябе жывапісца. Ганна Балаш здабывае «візуальныя асалоды» змалку: у дзяцінстве калекцыянавала маркі з тэматыкай мастацтва, вучылася па кнізе Арнхейма пра візуальнае ўспрыманне. Бацькоўская кватэра была поўная кніг, а першыя ўражанні ад сусветнай мастацкай культуры Ганна атрымала ад календароў з рэпрадукцыямі карцін «Балгарскія пакутніцы», «Іван Грозны забівае свайго сына» і «Іван-царэвіч і Васіліса на Шэрым воўку», затым — ад альбома Брэйгеля. Прадметы дасканалай формы з Егіпецкай залы ў Пушкінскім музеі, убачаныя ў дзіцячыя гады, пасля, мабыць, і ператварыліся ў лялек. З такім багажом Балаш паступіла ў Тэатральна-мастацкі інстытут, дзе яе ўлюбёным педагогам была Леніна Міронава, а сапраўдная вучоба прайшла па піцерскіх адрасах, якія даў Віталь Чарнабрысаў, чые працы Ганна сёння з адмысловым трапятаннем збірае ў сваёй калекцыі. Сумленнасць у жывапісе, увабраная з творчасці Аляксея Дзмітрыева, не толькі выбітнага жывапісца, але і мужа Ганны, і жыццё вуліцы як «сінтэз усіх мастацтваў» выявіліся ў яе малюнках і на палотнах.
Аляксандр Дзямідаў у дзяцінстве марыў стаць археолагам ці падводнікам, па парадзе маці спачатку наведваў мастацкую студыю, закончыў мастацкую вучэльню і Беларускую акадэмію мастацтваў. Жывапісны свет Аляксандра грунтуецца на ўласнай дзіцячай творчасці, такім чынам аўтар увасабляе прастору, абароненую ад небяспекі.
Аляксандр Наўгародскі — мастак-кераміст. Ці важна тое, што ён прыехаў з Гомеля? Пэўна, так, таму што ён вандроўца, які шукае сябе і сваю творчасць у розных месцах і ў кантакце з рознымі людзьмі. Яго імбрычкі, кубкі, талеркі, акарыны — неабходныя прадметы ва ўжытку. Пры гэтым іх форма настолькі скульптурная, што часам забываеш пра ўтылітарнасць гэтых рэчаў.
Але самае цікавае тут вось што: на дэкаратыўнай паверхні з’яўляюцца знакі, не ўласцівыя беларускай традыцыі. Чым натхнёная гэтая паўднёва-амерыканская сімволіка? Верагодна, тым жа пошукам ідэальнага свету, у якім хочацца жыць і які стварала Алёна Кіш на сваіх дыванах, засяляючы іх небывалымі львамі, арланамі і пальмамі.
Last but not least — гэты ўдзельнік пленэру прыехаў з Севастопаля. Для Аляксандра Рэпкі імя Алены Кіш стала адкрыццём, хоць ён добра знаёмы з творчасцю, напрыклад, Анры Русо. Якая ж тады сувязь з нашай гераіняй? Саша Рэпка (менавіта так ён падпісвае свае працы) доўгія гады вандраваў па Парыжы, Празе, Кіеве ў пошуках уласнай рэалізацыі, як і Алена, калі тая хадзіла па вёсках, пісала дыванкі на сцяну ля ложкаў, атрымліваючы наўзамен крупу, малако і часовы прытулак.
Аляксандр Рэпка нарадзіўся ў сям’і мастакоў у Кіеве. Вучыўся ў Кіеўскім мастацкім інстытуце, затым працягнуў вучобу ў IʼENSBA ў майстэрні Клода Віяла. За гады жыцця ў Францыі (пад парыжскімі мастамі ў тым ліку) нарадзіўся цыкл жывапісных прац «Багема». Аляксандр працуе ў тэхніцы афорта і алейнага жывапісу, а яго сюжэтны шэраг разбіваецца на жанры — нацюрморт, партрэт, пейзаж. Жанравыя сцэнкі прасякнуты марай мастака: яго атачаюць мадэлі, калегі, выпадковыя гледачы, прыяцелі і калекцыянеры.
Жывапісныя і скульптурныя выявы, створаныя мастакамі падчас пленэру, — вокны ў наіўны лепшы свет, летуценні і міражы. Вясковая жанчына амаль сто гадоў назад пісала рай, сховішча ад цяжкага сялянскага галаднаватага жыцця 1920—40-х. Побыт сучаснага творцы зусім іншы, але мроі пра лепшы свет не вычарпаліся.
Выставы па выніках пленэру «З Аленай Кіш у сэрцы», дзе будуць паказаны не толькі работы ўдзельнікаў, але і дываны мастачкі, адбудуцца ў галерэі «Універсітэт культуры» і ў Гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Заслаўе».
Вольга КЛІП