Фільм адкрыцця МКФ — «Пецярбург. Толькі па каханні» — альманах з сямі навэл, знятых у паўночнай сталіцы Расіі сямю рэжысёркамі. Пры ўсёй жанравай ды ідэйнай разнастайнасці гэты твор быў, бадай, бліжэй да густаў самай шырокай аўдыторыі і паняцця жанравага кіно. «Лістапад-2016» прадставіў на мінскім вялікім экране тое, што сёння ў кінапракат практычна не трапляе, не ўкладваючыся нават у пракрустава ложа камерцыйнага арт-хаўса. І ўсё ж менавіта па гэтых фільмах можна атрымаць уяўленне аб тым, што адбываецца ў кінематографе дзяржаў, якія чвэрць стагоддзя таму лічыліся роднымі і братэрскімі, і ў кінамастацтве далёкіх, часцяком экзатычных краін.
Пасланні і крыкі
Цікава, што аўдыторыя «Лістапада», па суб’ектыўных назіраннях аўтара дадзенага матэрыялу, ужо некалькі гадоў запар выразна падзяляецца на дзве катэгорыі. Калі не браць у разлік прафесійных гледачоў з шэрагу мясцовых кінематаграфістаў і прэсы, першую катэгорыю можна аднесці да маладых кінаманаў, заўсёднікаў торэнт-сайтаў, якія выдатна арыентуюцца ва ўсіх трэндах і выгібах кінамоды і мяняюцца прыблізна раз на два-тры гады. Другая аўдыторыя самая цікавая. Гэта пастаянныя гледачы «Лістапада» яшчэ з тых часоў, калі межы кінафоруму былі выразна пазначаныя межамі былога СССР. Менавіта гэтай публіцы, выхаванай у часы, калі мастацтва і літаратура мелі ярка выражаны пазнавальны вектар, уласціва дапытлівае стаўленне да фестывальнага кіно, у якім гледачы шукаюць (і часта зусім беспаспяхова) ідэю, што была характэрна для кінематографа індустрыяльнага перыяду, калі кіно не толькі забаўляла, але і аб’ядноўвала масы людзей перад экранам.
Любы твор змяшчае пасланне, часта неўсвядомленае і неадрэфлексаванае самімі аўтарамі. Сучаснаму фестывальнаму кінамастацтву ўласціва яшчэ і драбленне агульных мэсэджаў на прыватныя і камерныя гісторыі, што яскрава прадэманстравалі карціны як ігравой, так і дакументальнай частак «Лістапада-2016».
Нягледзячы на відавочную сціпласць маштабаў сюжэтаў большасці конкурсных фільмаў, іх аўтары здолелі прадставіць свет сваіх герояў з такім павелічэннем, што прастора постсацыялістычных малагабарытных кватэр у прыгарадах паўстае перад гледачамі як сапраўдны мікракосм. Многія з гэтых стужак уяўляюць з сябе маўклівыя крыкі індывідаў, якія перажываюць глыбока асабістыя і нецікавыя ўжо суседу па лесвічнай клетцы драмы.
Суворай мовай кінапрозы
У ігравым конкурсе ў гэтых адносінах па-ранейшаму дамінавалі карціны зорак так званага «румынскага новага кіно» — «Сьераневада» Крысці Пую і «Атэстат сталасці» Крысціяна Мунджыў. Да іх прымыкала галоўнае адкрыццё 23-га МКФ, уладальніца Гран-пры «Золата Лістапада» — стужка «Лілі Лейн» венгра Бенедэка Флігаўфа. І калі румынскія рэжысёры вырашылі творы ў традыцыйным для іх празаічным ключы, то спадчыннік венгерскай традыцыі арыгінальнага падыходу да візуальнага ўвасаблення сюжэта Флюгаўф прапусціў сваё выказванне пра радавую сямейную траўму пакаленняў праз мазаічны відэашэраг, у якім традыцыйны наратыў быў раскладзены на шматлікія складнікі, як у калейдаскопе.
У займальным фільме «Слава» балгары Крысціна Грозева і Петар Вылчанаў (пераможцы леташняга «Лістапада» і ўладальнікі глядацкай «Бронзы» гэтага года) пабудавалі расповед у звыклым рэалістычным стылі. Роўна як і літовец Андрус Блажавічус — аўтар «Святога», самага сціплага, на першы погляд, фільма, адзначанага ў выніку дыпломам журы конкурсу «Маладосць на маршы». Стваральнікі чэшскай рэтра-драмы «Я, Вольга Гепнарава» Томаш Вайнрэб і Пётр Казда і рэжысёр польскага рэтра-дэтэктыва «Чырвоны павук» Марцін Кашалка змясцілі такія ж кампактныя прыватныя гісторыі ў антураж таталітарнага мінулага сваіх краін.
Нямецкі дакументаліст Андрэас Фойгт прадставіў у асноўным конкурсе неігравой часткі «Лістапада» гісторыі рэальных, а не прыдуманых людзей у карціне «Час пакажа» — пятай у серыі яго шматгадовых назіранняў за лёсамі жыхароў былой ГДР. Дакументальны кінематограф у чарговы раз праявіў сваю перавагу над ігравым у магчымасцях лепшым чынам паказаць трансфармацыю характараў людзей, якім давялося пажыць у дзвюх сацыяльна-эканамічных сістэмах.
Выключэннем, мабыць, з’яўляецца фільм «Я не мадам Бавары», гісторыя барацьбы за справядлівасць правінцыйнай кухаркі, расказаная кітайцам Фэн Сяаганам. Рэжысёр прадстаўляе гледачу не толькі прыватную гісторыю, але і неверагодны сатырычны зрэз грамадскага і дзяржаўнага жыцця сваёй гіганцкай краіны, якая імкліва расце ў супярэчлівым воблаку традыцый і забабонаў.
Кітайскі фільм, створаны ў вельмі незвычайным мастацкім вырашэнні — інавацыйным і традыцыйным адначасова, быў самым маштабным у плане відовішчнасці і ўкладзеных у яго вытворчасць рэсурсаў. Ён стаў наглядным доказам сціплага эканамічнага становішча аўтарскага кіно ў еўрапейскіх краінах.
Вектар і маштабы
На фоне камерных еўрапейскіх гісторый на «Лістападзе-2016» вылучалася праца нееўрапейскага аўтара — «Чума ў ауле Каратас» казахстанскага рэжысёра Адзільхана Ержанава. Ігравое кіно такога кшталту мае прыдомак «прыпавесць». Заснаванае на метафарычнай кінамове, яно было вельмі папулярным у кінакультуры таталітарных дзяржаў. У сваёй падкрэслена тэатралізаванай манеры Ержанаў больш трапна за іншых аўтараў з былых сацыялістычных краін апісвае абсурд посттаталітарнага існавання.
Творцы эпохі перабудовы і галоснасці таксама карысталіся падобнымі сродкамі, але ў пачатку дзевяностых не змаглі нічога супрацьпаставіць простым мэсэджам галівудскіх гісторый. Вяртанне Ержанава да эзопавай мовы не было ацэнена мінскай публікай на сёлетнім «Лістападзе»: стужка атрымала самы нізкі глядацкі рэйтынг. Але гэты фільм — не толькі цікавае выказванне з дакладна выбудаванай сімвалічна-знакавай сістэмай мастацкіх вобразаў, але, верагодна, і папярэднік новых часоў, змены развіцця вектара аўтарскага кіно.
Мабыць, ужо не зусім адпавядае нашаму часу і канцэпцыя асноўнага конкурсу «Лістапада», які ўключае ў сябе фільмы з краін былога сацлагера і краін так званай «народнай дэмакратыі». Катастрафічныя падзеі апошніх часоў сведчаць: «канец гісторыі», так аптымістычна і саманадзейна прадказаны ў канцы халоднай вайны, відавочна не адбыўся. А значыць, кіно зноў можа вяртацца да глабальных выказванняў і абагульненых вобразаў, ад якіх творцы так энергічна адмаўляліся два дзесяцігоддзі таму.
Сведчаннем магчымай змены кірунку развіцця аўтарскага кіно сталі лепшыя фільмы дакументальнага конкурсу «Лістапада». У 2010-я дакументалістыка апярэджвае ігравое кіно актуальнасцю прадстаўленых у фільмах гісторый і інавацыйным мастацкім падыходам.
Апошняе больш за ўсё тычыцца карцін «Аўстэрліц» Сяргея Лазніцы і «Саламанка» Руслана Фядотава і Аляксандры Кулак. Яны сталі самымі яркімі аўтарскімі выказваннямі на «Лістападзе-2016», якія перабілі сваім радыкалізмам ігравыя працы. Кожная з гэтых стужак вартая асобнага падрабязнага апісання, скажам толькі, што і ў іх прыватнае саступіла калектыўнаму, а кінапроза — высокай вобразнасці.
Фільм «Украінскія шэрыфы» Рамана Бандарчука зняты ў больш традыцыйным для дакументалістыцы жанры назірання, але асабістыя гісторыі ў гэтым фільме развіваюцца на фоне напружаных падзей гісторыі вялікай краіны, што яшчэ дагэтуль не скончыліся.
Насустрач натхненню
На фоне карцін міжнароднай часткі фестывалю гульнявыя стужкі Нацыянальнага конкурсу «Лістапад-2016» былі далёкія ад канцэптуальных выказванняў.
«Душы мёртвыя» Віктара Красоўскага, пераможцу ігравога конкурсу, можна лічыць узорам моцнага прафесіяналізму, што само па сабе ўжо дасягненне для маладога айчыннага кіно. У супрацьлегласць Красоўскаму леташні трыумфатар «Лістапада», дваццацідвухгадовы Мікіта Лаўрэцкі, фільмы якога з’яўляюцца тыповым постындустрыяльным кінамастацтвам, развівае свой стыль на шкоду відовішчнасці. Рэжысёр выкарыстоўвае здымкі ўзроўню хоўм-відэа ў якасці аўтарскай мовы, што прадэманстраваў яго другі поўнаметражны фільм «Каханне і партнёрства» (дыплом журы «За пачуццё часу»). І акурат відовішчнасць у Мікіты Лаўрэцкага з поспехам атрымліваецца. Іншая справа, што нават да конкурснай праграмы «Маладосць на маршы» міжнароднай часткі праграмы «Лістапада» маладыя беларускія аўтары пакуль не дараслі, застаючыся на студэнцкім узроўні.
Дакументальная частка нацыянальнага конкурсу па-ранейшаму глядзелася больш прафесійнай. Гэта датычыцца і карціны «25» Андрэя Куцілы — шчырай спробы даць зрэз пакалення беларусаў-аднагодкаў незалежнасці нашай краіны, і поўнаметражнага паглыблення ў беларускую рэчаіснасць «Ты сюды больш не вернешся» Дзмітрыя Махамета. Створаныя ў фарватэры работ іх старэйшага калегі Віктара Аслюка, але з арыгінальным бачаннем, гэтыя фільмы абавязкова знойдуць свайго гледача і на іншых кінафорумах.
Нацыянальны конкурс «Лістапада-2016» цалкам адпавядаў дэвізу ўсяго фестывалю, які ў гэтым годзе гучаў так: «Насустрач натхненню». Пры адсутнасці леташняга ажыятажу, але з вялікім зачынам на будучыню — у гэтым і ёсць галоўны вынік сёлетняга Мінскага МКФ.
Антон СІДАРЭНКА