У адрозненне ад драматурга рэжысёр засяродзіў увагу не на Каломбе (жонцы Жульена), а на самім маладым чалавеку, так што змена назвы дакладна адлюстравала зрушэнне прыярытэтаў: галоўным героем стаў менавіта «іншаземец». Паводле задумы пастаноўшчыка ён успадкаваў часцінку рускай крыві ад бацькі, якога ніколі не бачыў, але бязмерна паважае і намагаецца быць да яго падобным. У выкананні Віталя Сазонава Жульен уяўляе з сябе «рускага француза», і для ўсіх наўкола ён не столькі шараговы эгаіст і мізантроп альбо сталае капрызлівае дзіця, як чужаніца, замежнік, траха не іншапланетнік.
Малады чалавек застаецца незразумелым і чужым для ўласнай маці — велічнай тэатральнай зоркі мадам Аляксандры (Наталля Голубева), і для яе асяроддзя, і нават для самага блізкага чалавека — Каломбы (Ірына Конік). Ненадоўга вызваліўшыся ад уплыву мужа і паспытаўшы існага тэатральнага жыцця, яна вельмі хутка прыпадабняецца да мадам Аляксандры, лёгка прымаючы ды пераймаючы перакручаную мараль закулісся.
Светапогляд Жульена, унутраныя супярэчнасці і (перадусім!) непарушныя ідэалістычныя прынцыпы, якія той няўхільна пільнуе сам ды вымагае пільнаваць усіх, хто побач, напраўду леглі б на кальку рускай літаратуры — напрыклад, Талстога ці Дастаеўскага. Па волі рэжысёра іх імёны ўзнікаюць у спектаклі — і не выпадкова. Верагодна, малады чалавек — госць у сваім часе. Дакладней, немагчыма ўявіць эпоху, дзе б яго зразумелі і прынялі, дзе Жульен змог бы стаць сваім, жыць і, галоўнае, выжыць. Па волі рэжысёра ў пастаноўцы ўзнікае Замежны легіён (а не простая позва ў звыклае войска), куды Жульен выпраўляецца на службу. Легіён, мабыць, адзінае месца, дзе падобныя «іншапланетнікі» ды чужаніцы хоць неяк прыстасуюцца, хай сабе і да экстрэмальных умоваў.
Тэкст Жана Ануя Натапаў ператварае ў нагоду для «постразвагаў» пра пазачасавыя паняткі, падкрэсленыя пэўнай эклектычнасцю музычнага афармлення, дзе ZAZ суседнічае з Фрэдзі Мерк’юры, а Гару і Мішэль Серду — з Маркам Мерманам.
У нейкім сэнсе Якаў Натапаў і сам «іншаземец» у сучасным тэатральным асяроддзі. Кожны ягоны спектакль робіцца не толькі падзеяй, але і цэнтрам крышталізацыі палярных меркаванняў, што глядацкіх, што прафесійных. Падчас рэпетыцый рэжысёр прапануе артыстам (як маладым, так і дасведчаным) прайсці свайго роду курсы дасканалення майстэрства, ажыццявіць чарговую ўнутраную падладку пад камертон рускага псіхалагічнага тэатра.
У выніку ці не кожная пастаноўка прадстаўляе публіцы зладжаны сцэнічны ансамбль, здольны крэсіць новыя сэнсы з вядомых драматургічных пабудоў.
Уладзімір СТУПІНСКІ