Яго неверагодныя творы заўсёды прыцягвалі ўвагу спецыялістаў розных профіляў. У свой час «спавівальнымі бабулькамі» босхазнаўства з’яўляліся ідэолагі сюррэалізму, псіхіятры і паслядоўнікі Фрэйда, няведанне якімі азоў медыевістыкі (а менавіта — старазапаветных метафар і параўнанняў) з лішкам кампенсавалася саманадзейнасцю профі.
Возьмем, да прыкладу, словы Сіраха: «Ці можа спрачацца гаршчок з гаршэчнікам?!» Яны маюць на мэце чалавека і Бога і ўзыходзяць да роднасці словаў «Адам» і «адама» (чырвоны глей, прах). Адгэтуль паходзяць словы: «Прах ты. І ў прах вернешся» і словазлучэнне «сасуд граху». Босхаўскія выявы перакуленых гліняных збаноў сімвалізуюць грэшную плоць, пазбаўленую душы. Момант страты апошняй адлюстраваны на мадрыдскай карціне «Спакушэнне Святога Антонія» ў выглядзе збана, які цягнуць бесы. Пры гэтым з яго выліваецца вадкасць.
З падачы псіхааналітыкаў сюррэалістычная выява вушэй і клінка паміж імі разглядаецца ў якасці сімвала сусветнага мужчынскага пачатку. Між тым выява стралы, якая навылёт пранізвае гэтыя вушы, — біблейская метафара вуснага слова. (У нашым выпадку запавету «не забі», што не затрымліваецца ў галовах грэшнікаў.) Матыў Слова-логаса, не пачутага і «не пазнанага сваімі», увасоблены і на лонданскім «Каранаванні цёрнам» у выглядзе стралы, якая захрасла ў капелюшы.
У якасці эратычнага сімвала часта падаецца і выява ключа з бародкай у выглядзе літары «S» (sanctus, spiritus), у кольцы якога зачапілася чорная душа грэшніка. Між тым гэты матыў — парафраз словаў Святога Пятра: «Лягчэй вярблюду прайсці праз вушка іголкі, чым багатаму трапіць у Царства Нябеснае».
У правым ніжнім кутку цэнтральнай часткі трыпціха «Воз сена» мала хто бычыць сцэну падрыхтоўкі да харчавання сенам, што ўзыходзіць да лацінскай прымаўкі з «Adagia» Эразма Ратэрдамскага («харчавацца сенам» — быць дурнем). Змест слоўнікавага гнязда meta ўніверсальнай лаціны (стог сена, мэта, старт і прызавы фініш рысталішчаў, край магілы) значна глыбейшы і гучнейшы за прымаўкі «сена — нішто, труха», «чутнасць» яе была абмежавана тэрыторыяй Брабанта.
У Беларусі бытуе збіральнае зневажальнае слова «латруга», што паходзіць ад зместу слоўнікавага гнязда latro (рабаўнік, бандыт, душагуб, забойца, найміт, пірат, ігральны камень). Менавіта гіганцкі ігральны камень вянчае галаву грэшніцы (душа — жаночага роду) з «Пекла музыкаў», правай часткі трыпціха «Сад зямной насалоды». Маленькі ж каменьчык — кончык указальнага пальца адсечанай рукі, які ўказвае на падлік грахоў (calculus — ігральны каменьчык, падлік).
Маленькае ратэрдамскае тонда «Блудны сын» з’яўляецца своеасаблівым духоўным аўтапартрэтам Босха, гэта засведчвае рэнесансавую эмансіпацыю яго асобы. Выява весніц без агароджы, да якой накіроўваецца блудны сын, адпавядае рэалістычнай выяве так званай нябеснай «Брамы святла» на гмерку Альбрэхта Дзюрэра і выдавецкаму знаку
«дэльта-таў» Францыска Скарыны. Адметная маленькая ластаўка, змешчаная Босхам на самую ніжнюю перакладзіну гэтых весніц. У хрысціянскай сімволіцы маладыя ластаўкі (заўсёды галодныя) сімвалізуюць прагу духоўнай ежы. Закатанасць штаноў на левай назе блуднага сына сімвалізуе незаплямленасць праведніка брудам грэху і карэлюе з дэталлю сучаснай працэдуры масонскай ініцыяцыі.
Далёка не ўсе юрысты, не кажучы ўжо пра мастацтвазнаўцаў, ведаюць пра тое, што, згодна з аўкцыйным правам старажытных рымлян (Jus hastae), месца распродажу ўказвалася дзідай, на версе якой дэманстраваўся які-небудзь «лот». З улікам тоеснасці слоў «дзіда», «шост» і «прыап» лацінскаму hasta, босхаўскія выявы збаноў, што «прасыхаюць» на вяршынях жэрдак, сімвалізуюць прадажнасць целаў і душ. Напрыклад, на тонда «Блудны сын» выява птушкі ў клетцы і дзіды каля дзвярэй шынка — лупанарыя, разбураны дах якога ўвенчаны збанам (страха — кабалістычны сімвал абароны розуму чалавека ад шкодных уплываў, іх пазбягае блудны сын — праведнік).
Акрамя выявы птушкі ў клетцы, тэзіс хрысціянскіх гностыкаў «Цела — турма душы» ўвасабляе і сюррэалістычны матыў выявы так званага «чалавека-пагорка» з лісабонскага трыпціха «Спакушэнне Святога Антонія»: над уваходам у «пячору» (лац. fornix — пячора, прытон, лупанарый) навісаюць краты (carcer) брамы, што нагадваюць узнятую заслонку клеткі птушкалова. Увайсці ў гэту пячору заклікае біскуп, жаночая дэталь адзення якога (закрывае вусны) намякае на Царкву-Маці. Наверша пастырскага посаха гэтага біскупа ў выглядзе кухонных вілаў (ухват) пазначае пякельнае полымя для «гліняных гаршкоў», адзін з іх увасоблены ў выглядзе аленя (cervus) у святарскім паліўме, што адсылае да слугі (servus) Бога.
Слова з’яўлялася першай і апошняй інстанцыяй культуры і адукацыі Сярэднявечча, у межах чаго было магчымым нават пытанне пра тое, да якой часткі мовы належыць слова Бог, на што будучы «Доктар Ілюмінатус» — шкаляр Дунс Скот — адказаў: «Бог — не частка, а ўсё».
У выяве «манаха-зламысніка», змешчанага ў пельку пад масточкам на левай частцы трыпціха, цяжка пазнаць адыёзнага Аляксандра VI Борха. Між тым водгук гэтай этымалогіі маецца ў Оксфардскім слоўніку англійскай мовы, згодна з якім другое значэнне слова Pontifex — будаўнік мастоў.
…Кола прыватных замоўцаў карцін Босха і беспакаранасць мастака з боку інквізіцыі сведчаць аб уплывовасці яго магутных абаронцаў. На жаль, цяпер яны не могуць абараніць імя гэтага геніяльнага майстра ад псеўданавуковых дыягназаў абмежаваных саманадзейных псіхіятраў і нарколагаў, якія стваралі свае дысертацыі на матэрыяле ўвасабленняў босхаўскіх «монстраў», адзін з іх, напрыклад, сімвалізуе звярыную сутнасць чалавека (жывёліна з тулавам у выглядзе глінянага збана). Аб стане сучаснага босхазнаўства яскрава сведчыць «паспяховае» ўдакладненне дат стварэння асобных карцін з дапамогай дрэўных гадавых кольцаў, ажыццёўленае групай даследчыкаў пры падрыхтоўцы юбілейнай міжнароднай выставы твораў мастака. Між тым колькасць такіх кольцаў на дошках карцін відавочна меншая, чым у ствалоў дрэваў, з якіх яны выпілоўваліся. Да таго ж узрост драўніны дошак карцін Босха ніякім чынам не суадносіцца з датамі стварэння карцін.
Мікалай ПАЛКАЎНІЧЭНКА