Зузана Граўс Рудаўска нарадзілася ў 1962 годзе, мастацкую адукацыю атрымала ў Школе прыкладнога мастацтва ў Браціславе і Інстытуце прыкладнога мастацтва ў Празе. У сярэдзіне 1980-х эмігравала ў ЗША. Аўтарка шматлікіх арт-праектаў у ЗША, Еўропе, Японіі і Марока. Яе персанальныя выставы з поспехам праходзілі ў Браціславе, Кошыцэ (Славакія), Тусоне (ЗША), Рыме (Італія), а працы прадстаўлены ў калекцыях вядомых музеяў і галерэй.
Зузана Рудаўска — лаўрэатка прэміі Скульптурнага парка Сакрата (1994, Нью-Ёрк), уладальніца ўзнагароды «Залаты арол» (1998, Вашынгтон). У 2000 годзе атрымала грант Фонда Полака-Краснера.
Сёння мастачка жыве і працуе ў Браціславе.
У экспазіцыі былі прадстаўлены малюнкі ў змешанай тэхніцы, мастацкія аб’екты, а таксама ювелірныя вырабы, якія ўвасабляюць творчыя пошукі апошніх 12 гадоў.
Славакія вядомая прыгажосцю прыроды, з яе заснежанымі горнымі вяршынямі, празрыстымі, стромкімі рэкамі і ручаямі пад полагам бязмежных, цяністых хваёвых лясоў, і ў меншай ступені — багатымі культурнымі і гістарычнымі традыцыямі. Тым цікавей пазнаёміцца з аўтаркай, што ўдала спалучае традыцыйнае з сучасным. У першасным, прыродным аспекце мастацтва Зузаны Граўс Рудаўскай будзе даволі лёгка «прачытана» беларускімі гледачамі. Бо яе творчасць заснавана на пачуццях: Зузана не абмяжоўвае сябе адным матэрыялам і адзінай тэхнікай выканання, яе найперш матывуе навакольны свет: «Для мяне натуральна камбінаваць розныя матэрыялы і знаходзіць гармонію ў іх несумяшчальным, на першы погляд, кантрасце. У прыродзе я чую самыя моцныя імгненні сувязі з сусветам. У хвіліны, якія ў большасці выпадкаў неадчувальныя, я перажываю вецер і дождж, жар сонца і шум лістоты або марскога прыбою... Праз выкарыстаныя матэрыялы і тэхнікі я працягваю традыцыі нашых продкаў. Але пераношу іх у іншую плоскасць, бо даю магчымасць матэрыялу прагучаць у яго натуральнай форме, наўмысна пакідаючы дотык сваіх рук на непрапарцыйных структурных формах. Так з’яўляюцца і мае аб’екты — як сімвалы святла і дома».
Улюбёныя матэрыялы — горны крышталь, каштоўныя і напаўкаштоўныя камяні, медзь, бронза, дрэва. У творах, прадстаўленых у экспазіцыі, мастачка апускаецца ў свет незлічоных магчымасцяў, даследуючы тонкасць ніткі або суворасць вяроўкі, гнуткасць меднага дроту, шурпатасць паперы ручной працы, вартасці бронзы і бясконцыя прыродныя трансфармацыі дрэва.
Вывучэнне тэкстыльнай тэхнікі ў каледжы выяўленчых мастацтваў і дызайну ў Браціславе, а потым у Празе глыбока паўплывала на працу аўтаркі. З таго часу ў яе творчым метадзе захавалася тэндэнцыя ўключаць у свае работы фрагменты валокнаў або выкарыстоўваць кампазіцыйныя структуры, звязаныя з ткацтвам.
Зузана Рудаўска спалучае далікатнасць ткацтва і моц дрэва, яны служаць ёй, утвараючы фармальна і канцэптуальна вывераныя працы.
Пры гэтым мастачка не выбудоўвае жорсткія іерархіі, а імкнецца збалансаваць суадносіны ўсіх элементаў. У гэтым сэнсе ў наробку Зузаны Рудаўскай няма падзелу паміж прыроднай і духоўнай рэальнасцямі. Таму можна назваць яе той самай аўтаркай, чыя творчасць дазваляе нам дакрануцца да таго, што можна назваць сапраўдным духам Славакіі.
Андрэй ЯНКОЎСКІ