Вядома, многія з той нагоды пусцяць скупую слязу: фэст саверсізму і ігдрасілізму стаў сапраўды яркай, апрычонай і змястоўна насычанай падзеяй айчыннага культурнага жыцця. Аналагаў яму па-ранейшаму няма і не прадбачыцца. Але памкненне арганізатараў паставіць кропку і завяршыць гештальт, у прынцыпе, можна зразумець.
«Дах» нарадзіўся ў культавым берлінскім кунстхаўсе «Тахелес» і з цягам часу зрабіўся ягоным перадавым атрадам, прызначаным дзейнічаць на чужынскай тэрыторыі, сеючы там зерне той анархічнай шчырасці і працэсуальнасці, якіх бракуе канвенцыйным арт-інстытуцыям. Што раз-пораз удавалася нядрэнна. Але сам «Тахелес» вось ужо пяты год як зачынены ды наўрад ці калі адродзіцца ў папярэднім фармаце. Пазбаўлены дома (а сам гэты будынак, без сумневу, значыў вельмі многае), бясплотны дух яшчэ туляецца па Еўропе — ды шмат хто прапануе здаць яго ў музей. Хочацца верыць, усё ж зарана... Хоць часы ўжо не тыя — прычым не толькі ў Берліне.
Першае паўнавартаснае прышэсце «Даху» ў Мінск у далёкім 2004 годзе, як і трэба было чакаць, скончылася поўным канфузам. Тагачасны дырэктар Палаца мастацтва сваім валявым рашэннем забараніў сціплы тыднёвы фэст адразу пасля яго бурлівага адкрыцця. Памятаю, Алесь Родзін запрасіў мяне за кампанію ў якасці парламенцёра, але перамовы былі ад пачатку вырачаны на правал. У адказ на мае апеляцыі да агульнасусветнага мастацкага кантэксту візаві па памяці цытаваў артыкулы Адміністрацыйнага кодэкса. А калі адзін з наведнікаў пры мне запытаў вахцёрку Палаца, чаму адмянілі фэст, тая адказала: «Бо народ быў супраць». А супраць народу, вядома, не папрэш.
Літаральна праз пяць гадоў, у 2009-м, 40-дзённы «Дах» раскашаваў на ўвесь Палац, і ні яго кіраўніцтва, ні тым больш народ гэтаму ўжо не пярэчылі. Фэст збіраў шалёныя тлумы гледачоў і дзясяткі здзіўлена-захопленых водгукаў у СМІ. Да ўсяго, ён небеспадстаўна прэтэндаваў на інтэгральную ролю ў айчынным арт-працэсе, задзіночыўшы пад сваім дахам цэлую купу самых розных мастакоў.
Некалі быў час, калі «брацкія магілы» прымяркоўвалі да таго ці іншага афіцыйнага юбілею. Цяпер мастакоў завабліваюць у Палац надзеяй што-небудзь прадаць... «Дах» патрапіў акурат у шчылінку паміж гэтымі эпохамі. І нават здавалася, што ён можа стаць пачаткам нейкай новай тэндэнцыі.
* * *
Але пабыць трэндсэтарам «Даху» давялося нядоўга. Падзеі ў Мінску разгортваліся настолькі хутка, што сёлета мы маем справу з ідэяй на трэцяй, самай сумнай стадыі эвалюцыі яе грамадскага ўспрыняцця: «Каго гэтым можна здзівіць?». У тым Мінску, якім ён стаў за прамінулыя сем гадоў, здзівіць нейкім культурным прадуктам ужо і праўда складана. І пры гэтым колішняе здзіўленне не перайшло ў здаровую цікавасць.
Яшчэ зусім нядаўна Палац быў хіба безальтэрнатыўнай пляцоўкай для вялікіх выставаў. Але ў адпаведнасці з павевамі паўсюднай моды, за пару год у Мінску панаадкрывалася розных лофтаў, вонкава падобных на «Тахелес». Адзін з іх — прастора «Верх» у корпусе завода «Гарызонт», што стала ідэальнай лакацыяй для сёлетняга «Даху». Дух берлінскага кунстхаўза там удалося адрадзіць бадай ідэальна, і той, хто не паспеў пабываць у апошнім, мае ўнікальную магчымасць «адкруціць час назад».
Але ахвотных, як ні дзіўна, небагата — і гэта характэрна не толькі для «Даху». Мінскія лофты пераважна пустуюць, там няма такога пастаяннага вірлівага жыцця, як на падобных пляцоўках у іншых гарадах. Прынцып броўнаўскага руху, што шмат у чым і спарадзіў феномен «Тахелеса», прышчапіўся на нашу глебу неяк няправільна. У сценах кунстхаўза ўдавалася наладзіць дыялог з гледачом без рэкламы, прэсы, грантаў ды ўсіх іншых праяваў арт-інфраструктуры, аднак у Мінску гэта пакуль не атрымліваецца. А паколькі з інфраструктурай у нас чым далей, тым болей бяда...
Сёлетні «Дах», які, лічы, не прыцягнуў увагі гледачоў, сведчыць пра відавочнае. Мінскае культурнае жыццё перайшло ў прынцыпова новую стадыю — калі амаль усё можна, але... нікому не трэба. Парушанасць повязяў паміж кантрыбутарам і рэцыпіентам арт-прадукту набыла бадай касмічныя маштабы, стаўшы ці не самай галоўнай праблемай айчыннага мастацкага працэсу. І з гэтым трэба нешта рабіць, аб’яднаўшы намаганні ўсіх удзельнікаў апошняга.
* * *
Як гэтыя тэктанічныя зрухі ў культурнай прасторы паўплывалі на творчы складнік «Даха»? Ды, па вялікім рахунку, ніяк. Фестывальная праграма, арганізаваная «пракуратарам» Змітром Юркевічам, як заўсёды, насычаная і цікавая. Яна ўздымае той пласт сапраўды незалежнага беларускага мастацтва (найперш музычнага), пра існаванне якога многія нават і не здагадваюцца. І сведчыць, што, на шчасце, самі аўтары жывуць у сваім часавым вымярэнні, якое наўпрост не сінхранізуецца з пераменлівай навакольнай мітуснёй. А ўзорам для многіх з’яўляецца менавіта Алесь Родзін.
Гэтым разам ён назваў сябе Родзімам — каб адасобіцца ад былога і не пераўтвараць уласнае імя ў брэнд. Не верыць у родзінскі нонканфармізм няма ніякіх падставаў — пацверджана шматгадовай жыццёвай практыкай. Алесь Родзін у апошняе дзесяцігоддзе быў увасабленнем не толькі «Даха», але і самога «Тахелеса»: ягоная выстава «Глабальнае папярэджанне» перманентна экспанавалася ў самай вялікай галерэі цэнтра, збіраючы каля тысячы гледачоў штодня. Мастак неаднаразова меў унікальную па беларускіх мерках магчымасць прасунуцца кудысьці вышэй па іерархічнай лесвіцы, але шторазу ад яе адмаўляўся, абіраючы беднасць і незалежнасць.
Здавалася б, жывапісныя творы Родзін(м?)а цалкам самадастатковыя: іх можна спасцігаць гадзінамі, адкрываючы ўсё новыя візуальныя і сэнсавыя пласты. Адпаведна, яны выгодна глядзеліся б і ў класічным белым кубе музея ці галерэі. Тым не менш экспазіцыя выставы была вырашана ў тыповым «тахелесаўскім» ключы. З аднаго боку, яна ўтварае нейкую татальную інсталяцыю — прастору, здатную поўнасцю паглынуць гледача. З іншага — адчуваецца наўмысная незавершанасць, атмасфера майстэрні альбо work in progress. І гэта акурат тое, што адрознівала прастору берлінскага кунстхаўса ад залаў звыклых арт-цэнтраў.
Яшчэ больш поўным тое адчуванне бывае па вечарах, калі на тле экспазіцыі адбываюцца тыя ці іншыя музычныя альбо літаратурныя дзеі, рандомна сінхранізуючыся або, наадварот, супярэчачы вобразнай частцы.
Насуперак рэкламе, мастак прадставіў не свой «зэ бэст», а пераважна новыя творы, нямала з якіх былі зроблены спецыяльна для выставы. Некаторыя з іх выглядаюць пакуль толькі накідамі будучых праектаў, але ход творчай думку прыемна радуе.
Падчас папярэдніх «Дахаў» Родзін дэманстраваў творы на гістарычную тэматыку. Такі нечаканы піруэт ва ўласнай практыцы ён тлумачыў выключна асветніцкімі мэтамі, а саму гэтую графіку называў «графіці» — бо рабілася яна на хуткую руку. Зразумела, такі падыход мог выклікаць хіба насцярожанасць у даўніх прыхільнікаў мастака, якому заўсёды былі ўласцівы тэхнічная дасканаласць, ідэйная полівалентнасць ды адкрытасць да розных глядацкіх інтэрпрэтацый. Але, як цяпер выявілася, хваляванне заўчаснае: аўтар паціху асвойваецца на новай глебе, ператраўляе яе, і на месца былой ілюстратыўнасці прыходзіць фантасмагарычнасць.
* * *
У той дзень, калі я пішу гэтыя радкі, асвечаная публіка ў сацсетках абмяркоўвае аднаго дурня, які год таму абразіў беларускага класіка. У той дзень, калі вы іх чытаеце, той дурань ужо, без сумневу, кануў у інфармацыйную Лету, але медыяканвеер паспеў паставіць вам на экраны манітораў парачку свежанькіх — бо тавар жа ходкі! І пра іх будуць гаварыць — у адрозненне, напрыклад, ад выставы Алеся Родзіна і фестывалю «Дах».
Яшчэ нядаўна мастака лічылі «занадта сучасным», цяпер — ужо не актуальным. І гэта вечны кон — назаўсёды заставацца анахранізмам. Гэта кон тых, хто наогул занадта глыбока адчувае час.
Між тым агульная тэма выставы, здавалася б, як ніколі істотная для сучаснага чалавека. І справа нават не ў экалогіі — хоць да «Глабальнага папярэджання» дадалося гэтым разам і «Глабальнае пацяпленне». Справа ў тым, што страхі і неўрозы наогул прасякаюць гарадское жыццё. Як няцяжка заўважыць, творам Родзіна яны таксама заўсёды былі ўласцівыя, але выяўляюцца зусім па-іншаму. Усвядомленая і няўцямная трывога, трапляючы ў мастацкі кантэкст, вызваляецца ад свайго атрутнага псіхалагічнага зараду і становіцца складнікам катарсічнай гульні. І менавіта гэтым яна адрозніваецца ад тых неўрозаў, якімі штодня напампоўваюць нас Інтэрнэт, гарадская мітусня, эканамічныя ды ўсе іншыя мітрэнгі.
І тут мы бачым чарговае развіццё сюжэта. «Тахелес» у свой залаты час пераўтварыў «храм мастацтваў» у папулярны шынок а-ля «Кабарэ Вальтэр». У тое месца, дзе жыццё віруе асабліва моцна, дзе яго энергетычныя плыні падаюцца проста неўтаймоўнымі. Цяпер жа, магчыма, наспеў час трохі вярнуцца назад — да арт-цэнтра як месца засяроджанасці і ўнутранага паглыблення. Як падаецца, апошні «Дах» — акурат такое месца. І гэта значыць, што ён стаў не толькі канцом аднаго цыклу, але і пачаткам новага.
Ілля СВІРЫН