Любоў напалам з болем

№ 2 (299) 01.02.2008 - 29.02.2008 г

Лёс Уладзіміра Крываблоцкага для сённяшняга часу і характэрны, і па-свойму унікальны. Мастак існуе ў пастаянным дыялогу з часам, ён і адкрыты свету, і замкнёны ў сабе. Як майстра яго нельга ўспрымаць адназначна. Манументальнае і станковае ў яго творчасці актыўна ўзаемадзейнічаюць. У манументальных аб’ектах мастак закранае грамадска значныя тэмы. Але і ў станковым жывапісе У.Крываблоцкі будуе складаныя прасторавыя кампазіцыі, манументальныя па гучанні, абагульнена-дэкаратыўныя па пластычнай будове. У іх адлюстравана вызначаная жыццёвая філасофія мастака, у якой асноўнае месца займаюць пытанні хуткаплыннага і вечнага, зямнога і нябеснага, былога і цяперашняга. У яго палотнах няма быту, але ёсць быццё, ёсць твары людзей, якія жывуць у духоўнай згодзе з сабой. Гэты свет узнёслы, ён адарваны ад дробнага і нязначнага. У манументальных роспісах, на жывапісных палотнах У.Крываблоцкага адчуваецца подых стагоддзяў -- ХХ-га, ужо і ХХІ-га… Каранёвая сістэма яго мастацтва складаная, але ў творчасці няма герметызму (які немагчымы тут па вызначэнні), не адчуваецца нават імкнення да яго.

 /i/content/pi/mast/7/179/Kryvablocki3.jpg
Азарычы. 1944-ы. Фрагмент паліптыха “Рэквіем”. Ляўкас, тэмпера, пакрыццё воскам. 2000. Музей Вялікай Айчыннай вайны.
«Усё, што не мае традыцыі, становіцца плагіятам», -- пісаў нямецкі філосаф Эўхеніа д’Орс-і-Равіра. Думка гэтая асабліва важная ў адносінах да сучаснага мастацтва. У апошнія дзесяцігоддзі агрэсіўнае мноства створаных мастацтвам вобразаў стала ледзьве не шчыльнейшым і актыўнейшым за рэальную прыроду. І сапраўды, нічога цалкам вольнага ад традыцый сёння стварыць немагчыма -- усё іншае застаецца толькі прамым запазычваннем або самападманам. «Спазнаўшы правілы, дасягнеш поспеху ў зменах», -- гаварыў кітайскі жывапісец Шы-тао.
Школа Г.Вашчанкі і А.Кішчанкі, якую прайшоў У.Крываблоцкі, дала яму свабоду незалежнага пошуку, бо толькі прафесіянал, які ведае сваё рамяство да драбніц, вольны ў выбары ўласнай мовы. Дзіцячыя ўражанні ад вясковага жыцця, заняткі ў тэатральна-мастацкім інстытуце, шматгадзінныя штудыі з выкладчыкамі кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, складаныя пошукі самога сябе -- сінтэз усяго гэтага даў моцны падмурак для станаўлення яго асобы. У.Крываблоцкі -- прыхільнік вялікага стылю, маштабнай карціны, якая захоўвае рыторыку, значнасць матыву, несумненную прадметнасць. У яго творах адчуваецца повязь з культурай мінулага, якая натуральна сінтэзуецца з дакладным і вострым пачуццём сучаснасці. Той сучаснасці, якую трэба разумець не як набор модных прыёмаў, не як шчыліну для ўваходу ў сучасны main-stream, а як уменне рэзаніраваць сённяшнім кодам, захоўваючы ўласную інтанацыю -- і змястоўную, і пластычную.
Усё гэта відавочна выявілася падчас першай персанальнай выставы У.Крываблоцкага, якая адбылася ў Палацы мастацтва. У экспазіцыі гледачы маглі пазнаёміцца з манументальнымі творамі -- фотаздымкамі аб’ектаў і эскізамі да вітража «Чалавек і прырода», мазаік на тарцах жылых дамоў у Брэсце і Салігорску, роспісаў «Дзеля жыцця на зямлі» для Музея народнай славы г.п. Ушачы Віцебскай вобласці, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама са шматлікімі жывапіснымі палотнамі, большасць з якіх выстаўлялася ўпершыню. Відавочна, што мастак ставіцца да станковай карціны як да складанага візуальнага аб’екта. У.Крываблоцкі карыстаецца такімі кампазіцыйнымі хадамі, рытмам, святлом, прасторай, змадэляванай святлом і ценем, дзякуючы якім найбольш шчыльна і выразна выяўляецца пластыка твараў, чалавечых цел. Водгукі магутнага «сезанаўскага» адлюстравання жыцця (Сезан па сутнасці трыумфальна адчыніў дзверы ў найноўшае мастацтва) адчуваюцца ў патаемнай глыбіні яго карцін. Пры ўсёй колеравай
 /i/content/pi/mast/7/179/Kryvablocki4.jpg
 Прарок. З цыкла партрэтаў. Ляўкас, тэмпера, пакрыццё воскам. 1996.
дэкаратыўнасці каларыстыка першаасновы палатна, асабліва ў рашэнні фону, валодае той суровай гушчынёй, моцным
«гулам» цяжкіх чырванавата-барвовых, зеленавата-вохрыстых адценняў, якія звычайна будуюць «сезанаўскую» гаму. Менавіта гэтая агульнасць каранёвай сістэмы жывапісу У.Крываблоцкага з прынцыповымі кодамі транс’еўрапейскай мастацкай культуры дае адчуванне далучанасці яго творчасці да сусветных працэсаў. Стылістыка некаторых твораў выклікае асацыяцыі з сімвалізмам. Аднак і тут устойлівая карцінная плоскасць ператварае яго жывапісныя творы ў самастойную каштоўнасць, незалежны мастацкі мікрасусвет, які жыве па ўласных мастацкіх законах.
З цягам часу храматызм работ мастака робіцца ўсё мацнейшым і больш стрыманым, ён будуе каларыстычныя рашэнні палатна на рэзкіх, нават рызыкоўных спалучэннях нямногіх прыглушаных, але моцных, гатовых выбухнуць колеравых плямах, часта выкарыстоўвае лакальныя плоскасці. Абрысы гэтых плоскасцей дакладна вывераны і прыўносяць у работу велічны, сканцэнтраваны і нават урачысты рытм. Мастак часам ставіць перад сабой складаныя каларыстычныя задачы. Прафесіяналы ведаюць, як цяжка згарманізаваць у палатне зялёныя адценні. У.Крываблоцкі робіць гэта віртуозна. Напрыклад, у карціне «Зялёны месяц», якая вылучаецца сталым майстэрствам і завершанасцю: тут валадараць ізумрудна-попельныя і бірузовыя колеры, якія ствараюць уражанне застылага маўклівага трыумфу, здзяйснення.
Работы мастака нават у рэпрадукцыях выглядаюць велічнымі -- гэта сведчанне манументальнага, маштабнага кампазіцыйнага мыслення. Але і ў рэальнасці яны велізарныя па памерах, а ў экспазіцыйнай прасторы яшчэ больш зрокава павялічваюцца, авалодваюць глядацкім поглядам, прыкоўваюць яго да сябе...
Ёсць у мастака дзве важныя для яго тэмы -- Вялікая Айчынная вайна і чарнобыльская трагедыя. Ён з гадамі ўсё больш адчувае трагізм рэальнасці, які не так лёгка разгледзець жывапісцу, успрымальнаму найперш да прыгожага боку жыцця. Гэты трагізм выяўляецца не толькі ў сюжэтах (іх у мастака надзіва нямнога, нават мастацкі прыём, аднойчы знойдзены, ён паўтарае і адпрацоўвае ў розных варыянтах шмат разоў), але і ў
 /i/content/pi/mast/7/179/Kryvablocki5.jpg
 Анёл. Фрагмент мазаікі “Асветнікі”. 1996. Салігорск.
пластычнай мове, якую Дзмітрый Меражкоўскі называў
«рэчывам паэзіі». Тут ёсць апакаліптычны колеравы выбух, калі знаёмыя зеленавата-жамчужныя кобальтавыя плямы разрываюцца палымяна-барвовымі водбліскамі нябачнага агню, жахлівага ў сваёй першабытнай моцы. Сюжэтная расшыфроўка палатна -- для кожнага розная, і наўрад ці яна неабходна. Тыя, хто імкнецца ўбачыць у гэтых творах штодзённае жыццё, прачытваюць жаночыя і мужчынскія вобразы; гледачам, надзеленым асацыятыўным мысленнем, можа ўявіцца сам Харон, які вязе людзей у царства смерці; шукальніку глабальных абагульненняў уявяцца сімвалы пачатку і заканчэння жыцця. Галоўнай застанецца плазма фарбавага слоя, якая ўнушае кожнаму гледачу высакародную трывогу, узбуджае ўяўленне і адкрывае шлях у патаемныя глыбіні мастацтва.
Але пры гэтым не трэба прыпісваць мастаку залішнюю драматычнасць. Ён застаецца захавальнікам зямной радасці быцця. На многіх палотнах драматычная тэматыка саступае месца алегарычнасці, дзе ёсць прыгажосць жаночага цела, святочная яркасць пладоў з іх жыватворнай рэальнай рэчыўнасцю, кветкі, візуальнасць пялёсткаў, разварот сцяблін. Усё гэта таксама натуральна існуе ў яго творчасці. Проста мастак ведае іншую старонку жыцця з яе памяццю пра непазбежны боль, сыход, і гэта надае яго аптымізму асаблівую, нейкую выпакутаваную значнасць.
Уладзімір Крываблоцкі, які толькі нядаўна перасягнуў пяцідзесяціпяцігоддзе, -- безумоўна, майстар, але майстэрства для яго -- не сродак зрабіць лягчэйшым творчае жыццё. Кожны раз ён ставіць перад сабой новыя задачы, «выкладваецца» ў працы цалкам. Мастак знайшоў свой стыль, аднак не стаў яго пакорлівым даннікам. Ён па-сезанаўску «рэалізоўвае свае ўяўленні». Складана сказаць, ці зменіцца ў творцы ў будучым бачанне свету, спосаб выяўлення яго на палатне. Але, гледзячы на работы У.Крываблоцкага, можна ўпэўнена прадказаць, што на творчым шляху таленту мастака будзе спадарожнічаць яго няўрымслівы характар шукальніка.


Наталля Шаранговіч

Уладзімір Крываблоцкі: «Першы крык душы самы шчыры...» 

«Нарадзіўся я на Брэстчыне, у прыгожых мясцінах каля Белавежскай пушчы. Мая творчасць скрозь пранізана ўражаннямі ад прастораў гэтага краю. Пушча мяне аберагала, яна цалкам запаланіла мае дзіцячыя фантазіі. Матчын брат, які працаваў у лясніцтве, браў мяне, яшчэ зусім маленькага, разам з сабой на таямнічыя лясныя сцяжыны. А я -- маляваў і маляваў навакольныя краявіды. І сёння таксама малюю іх -- але ўжо праз алегорыі, праз вобразы кентаўраў і зуброў».
 

«Мая родная вёска Хвалава налічвала каля 300 дамоў, іх вайна не кранула. Аднак многія жыхары былі вывезены ў Германію на працу. У тым ліку і мая мама з дзедам і бабуляй. Пасля вяртання дадому яна выйшла замуж, яе муж, мой тата, быў старэйшы за яе на
 /i/content/pi/mast/7/179/Kryvablocki7.jpg

Анёл з вянком. Ляўкас, тэмпера,
пакрыццё воскам. 2005.

дваццаць чатыры гады. Чаму так атрымалася, для мяне і сёння загадка. Хутка маці з-за хваробы пакінула працу ў калгасе. Займалася хатняй гаспадаркай, а таксама вышывала, ткала ручнікі і посцілкі. Так сфарміравалася яе асабістая жыццёвая прастора. А вось бацька, які працаваў у будаўнічай брыгадзе, меў іншае захапленне. Ён іграў у народным тэатры, спрабаваў пісаць п’есы, любіў чытаць на памяць сачыненні сваіх «калег»-драматургаў.
Памятаю бацькоўскі дом. Каля яго быў вялізны сад. Бацька займаўся пчалярствам. А я на ўсё жыццё наеўся мёду, і сёння не магу глядзець на салодкае. Ужо ў пенсійным узросце бацька захапіўся бондарствам, па яго бочкі прыязджалі нават з Брэста, так дыхтоўна яны былі зроблены.
Калі пасля заканчэння чацвёртага класа я паступіў у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве, зразумеў, як моцна ў той час быў прывязаны да вясковых традыцый. Матчыны бацькі былі шчырымі вернікамі, служылі ў праваслаўным храме. Мне вельмі падабалася ўрачыстасць іх адзення. Па нядзелях мы сям’ёй абавязкова хадзілі ў царкву, пасцілі перад рэлігійнымі святамі. Памятаю, як гасцям ставілася на стол тая ежа, якая забаранялася нам, напрыклад, перад Раством...» 

«Маляваць я пачаў рана, пад уплывам бабулі, якая сама нядрэнна працавала вугалем на аркушах, што ўяўлялі сабой адваротны бок шпалер. Алоўкі, фарбы прывозілі мне родзічы з Беласточчыны і Варшавы. Яшчэ ў маленстве адкрыў для сябе акварэль, тэмперу, алей. Свае малюнкі дасылаў у газету «Піянер Беларусі» і нават тройчы займаў там першыя месцы на конкурсах. І калі ўжо паступіў у сталічную спецыялізаваную школу, раптоўна даведаўся, што выйграў паездку ў піянерскі лагер «Артэк». Адвучыўшыся год, я-такі з’ездзіў на Чорнае мора. Вялікая заслуга ў гэтым тагачаснага мастака газеты Алы Замай, якая парупілася адабраць лепшыя з маіх шматлікіх малюнкаў, якія я звычайна маляваў на адваротных баках контурных карт». 

«У Рэспубліканскую школу я паступіў лёгка. Пазней, праўда, узнікла нечаканая праблема: у вёсцы я вучыўся па-беларуску, а тут павінен быў пераходзіць на нязвыклую для мяне рускую мову. Зрэшты, гэта адбылося даволі проста: дапамагла даўнішняя зацікаўленасць літаратурай, гісторыяй, якія добра ведаў мой бацька. Але асноўным для мяне было, безумоўна, маляванне. У сёмым класе ў нашу групу прыйшоў выкладаць жывапіс Леанід Шчамялёў. І гэта быў сапраўдны падарунак лёсу. Ён пашырыў межы нашага светабачання, дазволіў кожнаму з навучэнцаў паспрабаваць свае сілы ў розных накірунках. Напрыклад, я на дыплом задумаў зрабіць работу манументальнага плану. І вось чаму. Калі ў школьнай бібліятэцы гартаў альбомы і кнігі па мастацтве, мяне ашаламілі роспісы Мікеланджэла, кампазіцыі Бацічэлі, захапіла такое магутнае маляванне. Сама літаратура эпохі Адраджэння, іканапіс, класіка скульптуры, дыхтоўнасць выканання твораў узбуджалі ўва мне прагу да творчасці.
У якасці дыпломнай працы зрабіў трыпціх «Хатынь». Мне дазволілі напісаць вялізныя палотны -- два з паловай метры ў вышыню! На абарону прыйшлі Анатоль Анікейчык, Васіль Шаранговіч, Пётр Крахалёў, Гаўрыла Вашчанка -- загадчыкі ўсіх кафедраў тэатральна-мастацкага інстытута. Дзякуй Гаўрылу Харытонавічу, ён адразу падтрымаў маё імкненне займацца манументальным мастацтвам». 

 /i/content/pi/mast/7/179/Kryvablocki8.jpg
 Памяці брата. Ляўкас, тэмпера,
пакрыццё воскам. 1990.
«У інстытуце быў старастам групы. Група наша складалася з адных хлопцаў. Адносіны былі цёплыя, моцных спіртных напояў мы не ўжывалі, на дні нараджэння выязджалі за горад. Вытрымлівалі строгі працоўны рэжым, хадзілі на вячэрні малюнак. Таму ва ўсіх былі і неблагія вынікі.
Я заўжды шмат працаваў. І сёння лічу: мастак не можа адбыцца як творца, калі не працуе па дванаццаць гадзін у суткі. Памятаю, бацька казаў, што чалавека характарызуюць тры асноўныя рысы: працалюбства, прыстойнасць, адносіны з асяроддзем, у якім ён жыве. Словы гэтыя як запавет запалі мне ў душу». 

«Я ўдзячны ўсім, хто падтрымліваў мяне ў жыцці і творчасці. Найперш -- Гаўрылу Вашчанку, які для ўсіх студэнтаў без выключэння быў сапраўдным лідэрам. Мы прыслухоўваліся да яго заўваг. Абавязкова наведвалі тыя выставы, дзе ён паказваў свае творы. Памятаю адзін з яго нацюрмортаў: драўляны стол, белыя яйкі, хлеб. Як мы здзіўляліся тады, што такімі простымі сродкамі можна стварыць велічны, манументальны твор... Гаўрыла Харытонавіч дапамог нам зразумець галоўнае: пасля заканчэння інстытута шлях у творчасць толькі пачынаецца. І я, калі атрымаў выдатную адзнаку на дыпломе (сябры гаварылі, што папрацаваў за шасцярых), вызначальную планку сабе гэтай работай не ставіў.

Доўгія сяброўскія адносіны звязвалі мяне і з Анатолем Анікейчыкам. У нас нават была такая сумесная задума: зрабіць Пантэон у Курапатах. Мы распрацавалі макет, дзе калоны ў выглядзе скульптур завяршаліся наверсе распісаным купалам. На жаль, смерць гэтага выдатнага мастака не дазволіла ажыццявіць ідэю». 

«На першых самастойных кроках мяне асабліва не песцілі. На адным з выстаўкамаў маю работу не прынялі ў экспазіцыю: шэсць галасоў «за», сем -- «супраць». Было вельмі крыўдна і непрыемна, што такі правал бачылі мае ўчарашнія выкладчыкі. І тады да мяне падышоў А.Анікейчык і сказаў: «Трымайся, хлопча, лёс твой такі». Вось я і трымаюся. Выпраўляю памылкі, калі яны ёсць. Але не па нечай указцы, а згодна з ўласным меркаваннем і поглядам на творчасць». 

«Кожная новая манументальная работа дазваляла мне ўзнімацца на новую прыступку да творчай сталасці. Не ўсе работы захаваліся. Так, вялікі вітраж у 230 кв. метраў у ЦНДІТУ, які на конкурсе ў Прыбалтыцы заняў першае месца, гадоў праз шэсць пасля стварэння проста рассыпаўся. Тэхналогія, па якой мы наклейвалі шкельцы на шкельцы, аказалася
 /i/content/pi/mast/7/179/Kryvablocki9.jpg

Кола часу. Чарнобыль. Ляўкас, тэмпера, пакрыццё воскам. 1996. Магілёўскі мастацкі музей
імя П.Масленікава.

недасканалай. Наступнай стала праца над роспісамі шматпавярховых дамоў у мікрараёне «Усход» -- разам з Г.Жарыным і А.Кішчанкам. Цікавы быў час: і перайманне досведу старэйшых мастакоў, і асвойванне гарадской прасторы. Я жыў на кватэры, не быў яшчэ жанаты, працаваў ад шасці раніцы да паловы дванаццатай ночы. Мне вельмі прыдаўся вопыт, які я набыў на практыцы ў Варкуце на 2-ім курсе. За два месяцы я зрабіў там роспісы -- метраў 300 шматфігурных кампазіцый. Нават падзяку пасля даслалі ў інстытут. Таму вялікія манументальныя аб’екты мяне не палохалі.
Ужо ў той час перада мной паўстала пытанне, якім шляхам трэба ісці мастаку-манументалісту: праз дэкаратыўнае рашэнне кампазіцыі або праз больш рэльефную пабудову прасторы твора, з выхадам у глыбіню, у прасторавыя пласты. Нават спрачаўся з А.Кішчанкам, які на першае месца ставіў дэкаратыўнасць. І толькі пасля заканчэння працы я зразумеў, што рашэнне, прапанаванае А.Кішчанкам, было апраўдана тым, што дамы знаходзяцца на хуткаснай магістралі. У Брэсце мы з Ю.Багушэвічам пайшлі па іншым шляху: мазаікі выклалі з 90 колераў як аб’ёмныя, рэльефныя кампазіцыі. І сёння такая рознасць у падачы здаецца мне цікавай».
«Аднойчы заўважыў: колькі б ні рабіў варыянтаў адной і той жа працы, амаль заўсёды вяртаюся да пачатку. Відаць, першы крык душы самы шчыры. У будучым мне хацелася б больш выкарыстоўваць выяўленчую, а не фармальную мову пластыкі. І ў манументальных роспісах, і ў станковых творах. Натхненне я сёння шукаю ў класічных творах: там ёсць пісьменная падача малюнка, далікатны колер, закладзена глыбокая думка. Там прысутнічае дабро, выяўлена прыгажосць чалавека і зямлі, на якой ён жыве. Нікому не навязваю сваё меркаванне, тым больш -- і сам пэўны час з задавальненнем рабіў рытарычныя, дэкаратыўныя кампазіцыі. А сёння хачу маляваць чалавека пазнавальным, пісаць выразныя твары. Калі адбылася мая персанальная выстава, упершыню разгубіўся. Адчуў, што на многія тэмы выказаўся ўжо дастаткова поўна. Напрыклад, на тэму вайны. Дзе ж тады сёння мой шлях? Калі вярнуўся дадому, раскрыў папкі з няздзейсненымі накідамі. Там -- кентаўры, зубры, што вязуць на спінах Вясну... Буянне колеру, эмацыянальны выбух, падумалася мне, -- вось мой новы шлях...»