Заснавальнік - Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь
Выдаецца са студзеня 1983 года
Гульні розуму ці пошук універсалій? З рэдакцыйнага «круглага стала»
Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму тэорыя мастацтваў не мела ў нас магчымасці паўнавартасна развівацца. У часы БССР мастацтвазнаўства разглядалася як рэгіянальны праект, і працы па тэорыі не надта ўхваляліся, гэта прэрагатыва аддавалася Маскве. Надзённымі праблемамі нашага мастацтвазнаўства найперш былі збіранне і «парадкаванне» мастацкай спадчыны. Сёння -- час іншы. І для самога мастацтва, і для развіцця яго тэорыі. Сёння распрацоўка канцэптуальных кантэкстаў, якія вызначаюць сучаснае ўспрыманне і асэнсаванне мастацтва, -- запатрабаваная, надзённая задача, вырашаць якую мусіць найперш тэорыя. А што яна сабою ўяўляе, тэорыя мастацтваў у нас і ў сённяшнім свеце? Чым яна займаецца? Што высвятляе і што сцвярджае? Якія яе здабыткі і ўплыў на мастацкія працэсы? Пытанні гэтыя і падказалі ідэю рэдакцыйнага «круглага стала». Сабрала суразмоўцаў за ім і вяла гаворку рэдактар аддзела часопіса Алеся Белявец.
Уладзімір Шэлестаў. Непадобны да самога сябе
Адзін з найбольш папулярных акцёраў Нацыянальнага тэатра імя М.Горкага Уладзімір Шэлестаў працуе на знакамітых падмостках ужо трыццаць трэці год. Сёлета адзначыў шасцідзесяцігоддзе. Цягам паўнавартаснага творчага жыцця перайграў такую колькасць роляў, што сучасны Рускі тэатр без яго наўрад ці можна ўявіць. Амплуа сацыяльнага героя. Удзел Шэлестава ў спектаклі -- гэта, бадай што, факт інтэлектуальнай прысутнасці, высокай мастакоўскай загартоўкі. Тонкія псіхалагічныя нюансы ў характарах персанажаў як трымценне напятай струны. Нечаканыя зместавыя павароты роляў -- плён здатнасці да парадаксальнага мыслення. Акцёру вельмі важна штовечар весці дыялог з глядзельнай залай. Ягоныя героі заўзята абвяргаюць састарэлыя ісціны і абавязкова пацвярджаюць класічныя маральныя пастулаты. Нават выконваючы ролі адмоўных персанажаў, якія актыўна раздражняюць уласнай дробязнасцю і зацятасцю, ён здатны даказваць -- ад процілеглага -- жыццёвую неабходнасць чалавечай дабрыні. Уласна кажучы, акцёрская асаблівасць Шэлестава -- у здольнасці праз ролі ўзняць чалавечую годнасць да ўпэўненай вышыні. Са сцэны ён звычайна звяртаецца да простых людзей, якіх у глядзельнай зале большасць. А значыць, можна разважаць пра універсальны акцёрскі дар, падмацаваны мяккай сумленнасцю і палкай эмацыйнасцю. Гэта пацвярджаецца сыгранымі цягам жыцця ролямі, сярод якіх: Освальд («Здані» Г.Ібсена), Джэк («Усё ў садзе» Э.Олбі), Эліэйзера («Цяжкія людзі, або Жаніх з Іерусаліма» І.Бар-Іосефа), Слава («Улюбёнцы лёсу» А.Паповай), Паўлін, Клешч («Ягор Булычоў і іншыя», «На дне» М.Горкага), Беркутаў («Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Напалеон («Ад’ютант-ша Яго Вялікасці» І.Губача). Асаблівая старонка ягонай творчасці -- праца над монаспектаклямі. Надзвычай уражваюць у ягоным выкананні «Рахманая» паводле Ф.Дастаеўскага, «Нобіль -- барвяны ўладар» паводле аповесці «Сівая легенда» У.Караткевіча, «Камедыя пра Барыса Гадунова і Грышку Атрэп’ева» паводле А.Пушкіна.
Любоў напалам з болем
Лёс Уладзіміра Крываблоцкага для сённяшняга часу і характэрны, і па-свойму унікальны. Мастак існуе ў пастаянным дыялогу з часам, ён і адкрыты свету, і замкнёны ў сабе. Як майстра яго нельга ўспрымаць адназначна. Манументальнае і станковае ў яго творчасці актыўна ўзаемадзейнічаюць. У манументальных аб’ектах мастак закранае грамадска значныя тэмы. Але і ў станковым жывапісе У.Крываблоцкі будуе складаныя прасторавыя кампазіцыі, манументальныя па гучанні, абагульнена-дэкаратыўныя па пластычнай будове. У іх адлюстравана вызначаная жыццёвая філасофія мастака, у якой асноўнае месца займаюць пытанні хуткаплыннага і вечнага, зямнога і нябеснага, былога і цяперашняга. У яго палотнах няма быту, але ёсць быццё, ёсць твары людзей, якія жывуць у духоўнай згодзе з сабой. Гэты свет узнёслы, ён адарваны ад дробнага і нязначнага. У манументальных роспісах, на жывапісных палотнах У.Крываблоцкага адчуваецца подых стагоддзяў -- ХХ-га, ужо і ХХІ-га… Каранёвая сістэма яго мастацтва складаная, але ў творчасці няма герметызму (які немагчымы тут па вызначэнні), не адчуваецца нават імкнення да яго.
Сайт переехал на новый адрес – kultura-info.by
© 2013-2024 «Мастацтва». Зроблена ў «Вэбпрофі»