Разнастайным і значным быў пачатковы перыяд жыцця Гімназіі-каледжа пры Беларускай акадэміі музыкі. Ён знайшоў годны працяг у яе далейшай гісторыі. Шмат цікавага пра першыя пасляваенныя гады школы расказалі два вядомыя выпускнікі, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Тамара і Эдуард Міянсаравы. Яны прыязджалі ў Мінск на святкаванне 60-гадовага юбілею ўстановы ў 1995-м, тады я запісаў інтэрв’ю з імі.
Тамара і Эдуард вучыліся тут разам, спярша пасябравалі, а потым і пакахалі адно аднаго, паспяхова скончылі нашу школу на пачатку 1950-х і з’ехалі ў Маскву. Там праходзіла іх далейшае жыццё, асноўнымі прафесійнымі вехамі якога сталі паспяховае заканчэнне Маскоўскай кансерваторыі, удзел у прэстыжных міжнародных конкурсах, дзе яны станавіліся лаўрэатамі. Эдуард Міянсараў заваяваў званне лаўрэата на І Міжнародным конкурсе імя Чайкоўскага, дзе першае месца атрымаў славуты Вэн Клайберн. Тамара Міянсарава ў 1962 годзе стала пераможцай на конкурсе ў Хельсінкі, потым у Сопаце. Выкананне ёю песні Аркадзя Астроўскага «Пусть всегда будет солнце» незабыўнае да нашага часу. Аднак сучасныя маладыя музыканты, вучні нашай школы, магчыма, здзівяцца — якое дачыненне мае такая акадэмічная ўстанова да пераможцы эстрадных конкурсаў?..
Вось што расказала пра ўласны жыццёвы шлях Тамара Міянсарава (у дзявоцтве Рамнёва):
— Ніколі не забуду нашу школу, не забуду, як мы пачалі ў ёй займацца ў першыя пасляваенныя гады. Нас, невялікую групу дзяцей, сабралі ў галодным разбураным Мінску для заняткаў музыкай. Тагачасны дырэктар школы Ізраіль Рыгоравіч Герман імкнуўся зрабіць усё, каб дзеці ваеннага часу маглі спакойна вучыцца і проста нармальна жыць. Тое, што ён зрабіў асабіста для мяне, забыць немагчыма: каб займацца на фартэпіяна, я спала ў школе, заставалася пасля ўсіх — і займалася ўначы, засынала ў тым жа класе. У мяне былі згорнутыя ў трубачку матрац, падушка і коўдра. Герман мне дазваляў начаваць у школе, паколькі фактычна гэта быў мой дом, які даў мне прытулак у цяжкія пасляваенныя гады.
Я была вельмі хворая, мы з маці ў Мінску перажылі вайну, голад — і ў мяне адкрыўся туберкулёз. Дык Ізраіль Рыгоравіч кожнае лета адпраўляў мяне лячыцца ў Астрашыцкі Гарадок у дзіцячы санаторый, каб я набіралася здароўя. Потым, калі перайшла ў 8 клас, дапамог мне, дзяўчынцы, атрымаць кватэру! А якую ўтульнасць і прыгажосць зрабіў у школе! Паўсюль ляжалі дываны, дарожкі, усё ззяла чысцінёй. Насуперак пасляваеннай разрусе, што панавала наўкола, ён імкнуўся стварыць для дзяцей іншы, мірны свет. Ніколі не забуду сваю настаўніцу музыкі, дацэнта кансерваторыі Таццяну Сяданкіну і яе цудоўнага мужа, вядомага скрыпача Аляксандра Амітона. Яны вельмі цёпла ставіліся да мяне, таму я часта займалася ў іх дома.
У 1951 годзе я скончыла нашу школу па фартэпіяна і самая першая паступіла ў Маскоўскую кансерваторыю. Да мяне ніхто на гэта не вырашаўся. На ўступным экзамене па спецыяльнасці атрымала «пяць з плюсам», пачала паспяхова займацца па фартэпіяна. Але заўсёды хацела спяваць і папрасіла вядомую спявачку Ніну Гусельнікаву праслухаць мяне. Яна праслухала і згадзілася займацца са мной вакалам. Падрыхтаваную праграму паказалі рэктару кансерваторыі, які дазволіў мне з 2-га курса сумяшчаць заняткі фартэпіяна і вакалам. Спачатку ўсю ўвагу аддавала сур’ёзнай музыцы, надзвычай любіла спяваць рамансы Рахманінава, але паступова пачала больш вабіць эстрада. Дарэчы, у гэтай галіне акадэмічная музычная адукацыя дапамагала дасягаць прафесійных поспехаў, пранікаць у сутнасць нотных тэкстаў, кампазітарскіх задум. Досвед, атрыманы ў мінскай школе і Маскоўскай кансерваторыі, быў неацэнны.
У эстраднай кар’еры мне пашанцавала — апынулася першай з савецкіх выканаўцаў, хто ўдзельнічаў у міжнародных конкурсах песні. Да гэтага лічылася, што ў нас няма эстрады, якая б магла выйсці на міжнародны ўзровень. Згадваю 1962 год, калі атрымала залаты медаль і 1-е месца на конкурсе ў Хельсінкі, перамагла на фестывалі ў Сопаце з песняй «Пусть всегда будет солнце». Калі ў 1988-м адзначалася 25-годдзе Сопацкага форуму, мяне запрасілі туды як ганаровую госцю і члена журы, куды ўваходзіў і Міхаіл Фінберг — мы прадстаўлялі Савецкі Саюз. А фестываль меў менавіта такую назву — «Пусть всегда будет солнце».
Хачу больш падрабязна спыніцца на гэтай песні, невыпадковай у маім лёсе. Яе мне даў вядомы савецкі кампазітар Аркадзь Астроўскі, і, можна сказаць, я яе выпакутавала. Усё, што мы перацярпелі ў страшныя ваенныя гады, імкнулася перадаць у сваім выкананні. Ніколі не забуду вайну. Бачыла расстраляных, павешаных у скверы каля тэатра Янкі Купалы. Гэта жудасна! Там не было дрэва, на якім бы не вісела цела з таблічкай «Я — партызан». Не перадаць таго, што мы тады перажылі і адчувалі!.. Помню, як хаваліся ў жоўтай царкве (яна ля цяперашняга Дома мадэляў). Калі немцы адыходзілі, туды ўварваўся п’яны фашыст, трымае ў руцэ гранату і крычыць: «Я — капут, Гітлер — капут!..» Наша жыццё тады вісела на валаску.
Калі ўчора ў Мінску я выйшла з машыны і спынілася каля той царквы, у мяне ледзь не разарвалася сэрца, я стаяла і плакала... Агароджа ля яе засталася такая ж, як і тады.
На ёй мы сядзелі з рабятамі, калі ў 1944 годзе ў Мінск увайшлі нашы танкі. Мы крычалі ім так гучна! Байцы пасадзілі нас на танкі і каталі па горадзе. Таму «Пусть всегда будет солнце» — для мяне не проста песня. Відаць, лёс пажадаў, каб пра гэта гучна сказаў той, хто падобнае перажыў. Доўга шукала, як данесці ўсё, што адчуваю, і вырашыла праспяваць яе звонкім дзіцячым голасам. Відаць, Гасподзь паслаў гэту песню мне, каб я апела цёплае мірнае неба і сонца і каб гэта пачулі тысячы людзей. Запісала твор на адзінаццаці мовах, і потым яго заспявалі па ўсім свеце!..
Вельмі кранальная гісторыя, але давайце вернемся да нашай школы. Вы ж тут знайшлі не толькі прафесію, але і свой лёс...
— Так, з Эдзікам Міянсаравым мы пазнаёміліся тут, разам вучыліся, пяць гадоў сябравалі. Пазней, калі навучаліся ў Маскоўскай кансерваторыі, ажаніліся. Тут нарадзіўся і наш сын Андрэй, які скончыў маскоўскую Цэнтральную музычную школу, стаў кампазітарам. Можна сказаць, што парасткі, закладзеныя ў Мінску, маюць працяг...
***
Колькі слоў пра Эдуарда Міянсарава, адметнага савецкага піяніста, лаўрэата прэстыжнага Міжнароднага конкурсу імя Чайкоўскага. Яго музычны шлях да вяршынь прафесіі аказаўся даволі звілістым — Эдуард пачаў займацца на фартэпіяна позна, прыехаўшы ў Мінск з Ерэвана, дзе яго маці і бацька працавалі ў оперным тэатры імя Спендыярава. Бацька быў драматычным тэнарам, а маці, Тамара Вартанаўна, галоўным канцэртмайстрам тэатра. Але жыццё склалася такім чынам, што яна пакахала іншага — вядучага барытона Беларускага тэатра оперы і балета, народнага артыста БССР Міхаіла Дзянісава. Падчас вайны ён аказаўся ў эвакуацыі ў Ерэване, дзе стаў прэм’ерам тамтэйшага опернага тэатра. Калі Мінск вызвалілі ад фашыстаў, сваю новую жонку і яе сына Эдуарда ён забраў сюды. Дзянісаў і Міянсарава пачалі працаваць у Беларускім оперным тэатры, а сын паступіў у нашу школу.
Пра далейшае расказвае сам Эдуард Міянсараў:
— Калі ў 1944 годзе мы прыехалі з Каўказа, дзе нарадзіўся, у разбураны, чорны ад сажы Мінск, я сказаў маці, што не хачу тут жыць. Горад выглядаў жудасна! У Арменіі мы былі жыхарамі тылу і, на шчасце, не бачылі падобных руін. Хоць мае бацькі былі музыкантамі, яны не мелі часу займацца са мной — мама працавала з вакалістамі (яна тады была вядучым канцэртмайстрам Беларускага опернага тэатра, а айчым — вядучым салістам), і я існаваў самастойна. Калі прыйшоў у школу да Германа, мне споўнілася 11 гадоў — гэта позна для сур’ёзных заняткаў музыкай.
Але пашчасціла трапіць у клас да Рыгора Шаршэўскага. Дзівоснай культуры чалавек, надзвычай чулы, інтэлігентны, выдатны прафесіянал, у яго немагчыма не займацца як след — і ён здолеў «разбудзіць» мяне. Думаю, у іншых умовах са мной нічога падобнага не адбылося б, я зрабіў тое, што многім здавалася немагчымым. Недахопы піяністычнага дзяцінства — важкая рэч, я даганяў з усіх сіл. Маці даводзілася літаральна адрываць мяне ад раяля, бо забываўся паесці. Паставіў перад сабой такія мэты: у 13 гадоў сыграць адзін з канцэртаў Бетховена, у 14 — Ліста і ў 15 — Другі канцэрт Рахманінава. Калі Шаршэўскі сказаў, што Рахманінава выконваць зарана, я адказаў: «Сыграю!» — і зрабіў гэта.
У 1951 годзе ў Маскву на праслухоўванне да знакамітага Льва Аборына мяне павезла вядомая беларуская піяністка Ева Эфрон. Гэта здарылася за два гады да майго паступлення ў Маскоўскую кансерваторыю. Яна, як і Аборын, вучылася ў Канстанціна Ігумнава і хацела, каб Лёвушка (так яна звала Аборына) мяне паслухаў. Я сыграў першую частку Другога канцэрта Рахманінава, акампанавала мне сама Ева Эфрон, пасля чаго Аборын сказаў: «Ёсць, вядома, над чым яшчэ працаваць, але няхай прыязджае паступаць...»
І пасля заканчэння школы ў Мінску я паступіў да яго ў Маскоўскую кансерваторыю. Леў Мікалаевіч быў бліскучым піяністам і педагогам, яго педагагічная дзейнасць увайшла ў гісторыю, бо ён выхаваў шмат выдатных піяністаў нашага часу. Вучоба ў такога майстра — шчаслівы шанец у жыцці.
А як вырашылі ўзяць удзел у Міжнародным конкурсе імя Чайкоўскага, неверагодна складаным музычным спаборніцтве?
— Падчас вучобы ў кансерваторыі спрабаваў свае сілы на ўнутрыкансерваторскіх конкурсах, але лічыў сябе небайцоўскім, няконкурсным чалавекам. У год майго заканчэння (1958) Аборын сказаў: «Паспрабуй паўдзельнічаць у конкурсе Чайкоўскага, табе не пашкодзіць».
Я паспрабаваў — і аказаўся сярод лаўрэатаў разам з Навумам Штаркманам і Львом Уласенкам. А перамог тады на гістарычным першым конкурсе Чайкоўскага амерыканец Вэн Клайберн. Такім чынам, кампанія атрымалася годная. Стасункі з Клайбернам далі мне шмат, мы ж дагэтуль ведалі толькі карыфеяў савецкага піянізму — Нейгаўза, Гальдэнвейзера, Фейнберга. А тут прыехаў з-за акіяна амаль хлопчык і сыграў так, што скарыў усіх. Хоць можна сказаць, што ён таксама прадстаўнік рускай фартэпіяннай школы, бо вучыўся ў ЗША ў Разіны Левінай, якая ў свой час паспяхова скончыла Маскоўскую кансерваторыю. Свет цесны, і ўсё ў ім нечакана пераплятаецца.
Пасля нашай школы вучыўся ў Маскве 9 гадоў — пяць у кансерваторыі і чатыры ў аспірантуры, паралельна пасля паспяховага выступлення на конкурсе Чайкоўскага актыўна гастраляваў па СССР. Было шмат цікавай працы над пашырэннем рэпертуару, падрыхтоўкай новых праграм. Я лічу сябе шчаслівым чалавекам, нягледзячы на тое, што на замежныя гастролі выязджаў нячаста. Затое ў паездках па Савецкім Саюзе на канцэртах сустракаў вельмі цёплы прыём, бачыў удзячныя твары педагогаў, вучняў у розных кутках краіны і згадваў словы незабыўнай Евы Эфрон: «Усё ж неблагога хлопца я прывезла з Мінска ў Маскву...»
***
Цяпер, калі Гімназія-каледж пры Беларускай акадэміі музыкі па праве ганарыцца шматлікімі лаўрэатамі міжнародных конкурсаў з ліку сваіх вучняў (згадаем піяніста Андрэя Паначэўнага і віяланчэліста Івана Карызну, лаўрэатаў конкурсу Чайкоўскага), не забудземся на тых, хто пачаў пракладаць гэты шлях — яе першых пасляваенных выпускнікоў Тамару і Эдуарда Міянсаравых.
У 1949-м годзе ў школе ўпершыню набралі клас, дзе вучні сталі паслядоўна займацца ад пачатку і да выпуску, тады іх было усяго дзесяць: трое струннікаў, астатнія піяністы — ні духавікоў, ні тэарэтыкаў, ні харавікоў тады яшчэ не набіралі. Заняткі праходзілі ў тым жа будынку на плошчы Свабоды, паступова склад педагогаў і вучняў пашыраўся, рабіўся ўсё больш разнастайнымі. Але гэта ўжо іншая гісторыя...
Падрыхтавала Ірына Мільто
Аляксандр МІЛЬТО