ПЫТАННЕ ДА ЎСІХ І КОЖНАГА
Не намі, а нам задаецца пытанне пытанняў: чаму ёсць нешта, а не нішто? Гэта — асноўнае пытанне філасофіі. Вось што кажа светлавядомы філосаф сучаснасці Мераб Мамардашвілі: «Гэта і ёсць першае асноўнае і апошняе [зважаем! — В.В.]. Усё астатняе арганізуецца вакол яго. Калі мы хочам думаць — пытанне для ўсіх і кожнага».
Пытанне несумненнае і несумнеўнае. Без падтэксту. Затое не безнадзейнае і безвыходнае. Памагае думаць.
Выразна і ўседаступна тлумачыць Мамардашвілі: «Філасофія пачынаецца са здзіўлення, і гэта сапраўднае здзіўленне па тым, што чагосьці няма... Не гэтаму здзіўляецца філосаф. Філосаф здзіўляецца таму, што ўвогуле штосьці ёсць. Бо дзіва, што ёсць хоць дзесьці, хоць калісьці, хоць у кагосьці, напрыклад, сумленне. Здзіўляе не яго адсутнасць, а тое, што яно ёсць. Не адсутнасць чэсці здзіўляе, а тое, што яна ёсць. Або адсутнасць маралі. Гэта значыць, здзіўляе тое, што ёсць нешта. Што тут маецца на ўвазе? — Парадак. Нешта спарадкаванае. Здзіўляе, што ёсць нешта, а не хаос. Таму што павінен быў бы быць хаос».
Хаос, як бачым, пераадольваецца парадкам. Так і паўстае на свеце культура. Культура ёсць і бывае толькі праз чалавека і для чалавека. Гэта не кашчунства, а самая-самая ісціна, што культуру творыць не Бог-дэміург і не прырода, арганічнай часцінкай-прахам якой мы з’яўляемся.
Культуры — з яе тэхнічнымі і творчымі артэфактамі — не павінна было б быць, а яна ёсць.
Мастацтва — як іншабыцця — не павінна было б быць, а яно ёсць.
Гармоніі, красы не павінна было б быць, а яны ёсць.
І музыкі — з яе гармоніяй, красою — не павінна было б быць, а яна ёсць.
Урэшце, і памяці пра ўсё гэта не павінна было б быць, а яна дзесьці калісьці ў кагосьці, здаецца, ёсць.
ЗНАЦЬ У САБЕ ЗНАНАЕ
Мудрэц Сакрат паказваў: чалавек знае, ды сам не знае, што знае. Ён уступаў з кім-небудзь у дыялог і так ставіў пытанне за пытаннем, што прастадушнаму суразмоўцу ўвачавідкі рабілася ясна, што ён сапраўды знае. Гэты сакратаўскі метад быў названы маеўтыка (па-грэцку «спавівальнае мастацтва»).
Падобнае можна згледзець у пілігрымстве самаахвярных навукоўцаў і майстроў мастацтваў да нязведанай даўніны нашага культурнага быцця. Іх клікала і вяла нацыянальная памяць. Ёсць жа нешта, а не нішто.
Прафесар Адам Мальдзіс ужо з паўстагоддзя таму вызначыў праблему: «Павінна ж было ад беларускай літаратуры XVIII стагоддзя застацца нешта большае, чым некалькі інтэрмедый і духоўных вершаў. Не магло ж на працягу цэлага стагоддзя духоўнае жыццё нацыі выяўляцца толькі ў фальклоры... Мае субяседнікі [польскія калегі — В.В.] далікатна пагаджаюцца: не магло. Пагаджаюцца больш катэгарычна: трэба шукаць, шукаць і шукаць!» Шукаць, збіраць, выдаваць — праблема акрэсліла праграму.
Адметны дар першаадкрывальніка, цікаўнасць, памножаная на цікаўнасць, акадэмічная дысцыпліна мыслі, непрыманне «выручальнай» прыблізнасці доказаў і «прымірэнчых» агульнаўжывальных высноў. Гэтыя знакі служэння ісціне дзеля ісціны забяспечылі Адаму Іосіфавічу і тым, хто ішоў з ім поруч, рэч за рэччу вывесці на белы свет смугою гадоў прыхаваныя, а яшчэ горш — загадзя, агулам прынятыя за нішто ўзоры «духоўнага жыцця нацыі» вельмі няпростага перыяду яго развіцця. І гэта — уласна беларуская літаратура. У фундаментальнай васьмітамовай «Истории всемирной литературы», выдадзенай у Маскве «Наукой» у перабудовачныя гады, у томе пятым, які прысвечаны літаратурам XVIII стагоддзя, адпаведны раздзел (аўтар Адам Мальдзіс) называецца «Белорусская литература». Без варыянтаў. Паўнапраўная і раўнапраўная сярод «всемирных».
СПАВАРОТНЫ ДОЎГ
...Двое людзей, музыкантаў, вяртаюцца пасля працы дадому. Слата, холад, морак, а яны ў нейкай іншай рэальнасці. Мучаюцца няўведаным: «Як стварылася сітуацыя, калі ў цэнтры еўрапейскага кантынента жыве народ, які не мае класічнай мастацкай спадчыны, тады як усе суседзі вакол маюць?» Інтуіцыя, здаровы сэнс падказвалі абодвум, што такая сітуацыя створана штучна. Няўжо нацыя ў прошласці жыла без свае музыкі? Нацыя безмузыкая, што без’языкая. Знаёмая праблема. Значыць, дарма тлуміцца. Слушна пачынаць дыялог з прошласцю. І знаёмая, амаль тыповая праграма: шукаць-збіраць-друкаваць, публічна выконваць, у навучальных установах выкладаць.
Такую смелую праграму звеставаў перад музычнаю супольнасцю вядомы оперны спявак Віктар Скарабагатаў. Смелую ўдвая: таму, што яна мусіць разгортвацца ў часе, а час — непадкупны суддзя, і таму, што хадайнічае перад яго судом за класічную мастацкую спадчыну. Хто бачыў гэткі прывід? Завучвалі аксіёму: беларусы да вялікай, знацца, рэвалюцыі ніякай музыкі, акрым фальклорнай, не мелі і мець не маглі. І многія зусім не крывадушныя, шаноўныя людзі, не знаючы свайго знакача, наіўна туравалі гэтай аблуднай ідэалагеме. Аднак вера ў прывідную спадчыну не згінула. Сказана: «Верце, што атрымаеце, і будзе вам».
На грамадска-палітычным дварэ станавілася больш пагодліва. Пры Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета пад эгідай Міністэрства культуры быў заснаваны творчы калектыў «Беларуская капэла» (мастацкі кіраўнік Віктар Скарабагатаў). Яна і была заклікана ўдыхнуць жыццё ў тую прынцыпова адказную праграму.
«Капэла» гуртуе аднадумцаў, верных справе як асабістаму абавязку. Садружнасць асобаў, што ох як не заўсёды здараецца ў творчым асяроддзі. Пошук за пошукам, досвед за досведам — і радаснае вітанне нованароджанага твора. Ды сэрцу тут трэба быць у згодзе з розумам, а розуму — з сэрцам. Праз «павівальнае мастацтва» ўсебаковага асэнсавання і бесстаронняга аналізу твор явіцца ў канцэрт. Хвіліна тым больш урачыстая, што ладзяцца спектаклі і канцэрты не ад выпадку да выпадку, а паводле ўнутранай логікі музычнага матэрыялу і музыказнаўчай «лагістыкі».
Сустрэча са спадчынай заўжды кранае, асабліва калі яна прыходзіць, як у добрых старых раманах, нечакана-негадана. А духоўнай спадчынай нельга не падзяліцца. Тады і гарыць-жыве ў ёй агеньчык духу. Таму дзейнасць «Беларускай капэлы», якая не дае гаснуць гэтаму агеньчыку, не толькі прыгожая, пачэсная. Уратаванне ад небыцця і забыцця, актуалізацыя і папулярызацыя перад шырокай, а галоўнае — свабодна мыслячай аўдыторыяй — гэта пачэснае і неадменнае грамадзянскае дзеянне культурна-гістарычнай справядлівасці. Цалкам прававая «рэстытуцыя» зробленага і назапашанага продкамі з сутарэнняў раўнівай мінуўшчыны ў сучасны адкрыты абіходак. Як сказаў бы Ластоўскі, спаваротны доўг.
Беларуская музычная класіка — не экзотыка. Мы слухаем музыку, ужываемся ў вобразы, спадчынай у спадчыну перададзеныя, і дазнаемся: музыка «ў цэнтры еўрапейскага кантынента» была ўсцяж у розных жанрах і жанравых формах далучанай да ўсіх вызначальных ідэйных тэндэнцый і стылявых напрамкаў гістарычных эпох і мае важкія набыткі, якія не трацяць свайго эстэтычнага значэння. Ад песень і малых інструментальных п’ес да буйных сімфанічных і харавых сачыненняў на кананічныя тэксты і самых з самых — опер.
Артыст, прафесар музыкі, музыказнавец Віктар Скарабагатаў на грунтоўным фактычным матэрыяле праз паралелі-параўнанні зазначае, што на нашых землях самабытна ўзніклі з’явы, аналагічныя якім незалежна ўзніклі і ў іншых культурах. Тут не спрэчка пра нейкія прыярытэты. Тут агульныя заканамернасці.
А што да нашых мясцовых, тутэйшых з’яў, то згадаем, каб не быць галаслоўнымі, песенны цыкл Міхала Казіміра Агінскага (хранікальна ранейшы за цыклы Бетховена і Шуберта), а ў «Гальцы» Станіслава Манюшкі прыкметныя рысы верыскага опернага стылю, які аформіўся толькі пры канцы ХІХ стагоддзя ў творах італьянскіх кампазітараў — Масканьі, Леанкавала, Пучыні.
Слова «тутэйшыя» падышло якраз да месца. Тутэйшае, не сакрэт, успрымаецца паблажліва. З тутэйшага можна ўволю пакпіць. Хай сабе... А вось пра тутэйшае не скажаш «другаснае» або «запазычанае». Тутэйшае тутэйшае і ёсць. «Сваё».
Самы раз задацца пытаннем: калі свая культура пачынае ўсведамляцца як «свая»? Не такое просценькае пытанне, як думаецца. Ім ушчыльную займаюцца высокааўтарытэтныя навукі. «Теоретическая культурология», выдадзеная ў серыі «Энцыклапедыя культуралогіі», усебакова абгрунтавала палажэнне: «Адкрыццё сваёй культуры [адкрыццё! — В.В.], увогуле культуры як такой стала магчымым тады, калі былі адкрыты культуры [у множным ліку! — В.В.]. Дзякуючы гэтаму культура як такая стала прадметам даследавання. Менавіта ў ХІХ стагоддзі ўзніклі філасофія культуры і культурная антрапалогія як сістэматычныя навукі. Тады ж паявілася сацыялогія, якая, па сутнасці, пачалася і развівалася як навука пра культуру».
З гэтага недвухсэнсоўна вынікае, што прызнанне і самапрызнанне сваёй культуры як сваёй мераецца меркамі агульначалавечымі. Яно не робіцца самотна, нават геніямі сваёй культуры. Яно зусім не робіцца — яно адкрываецца.
Тады, адвёўшы сумненні-падазрэнні, смеем гаварыць, што свая музыка — законнае
дзіця сваёй культуры.
НАТУРАЛІЗАЦЫЯ... У НАТУРАЛЬНАЕ
Іспанскі філосаф, вучоны, пісьменнік Мігель да Унамуна хораша размежаваў мастацтва натхнёнае, адухоўленае — «жывароднае» і мастацтва бязлікага апісальніцкага рэалізму фактаў, якое, тым не менш, выдае сябе за мастацтва вышэйшага ўзроўню — «яйцароднае». Па-руску аж паказальна: «живородящее» і «яйцекладущее». Найбольшая каштоўнасць твора «жывароднага» мастацтва ў яго непаўторнасці. Непаўторнасць аўтарскага замыслу, увасаблення. Непаўторнасць слухацкага, глядацкага ўспрымання. Нарэшце, непаўторнасць выканальніцкай інтэрпрэтацыі. А вось «яйцароднае» мастацтва абсалютызуе ўзнаўленне «тыповых характараў у тыповых абставінах» або, як патрабаваў сацыялістычны рэалізм, «отражение жизни в формах самой жизни», дзе душу гоняць як прымху.
«Жыватворнае» мастацтва годна ўступае ў адзінаборства з Хронасам, бо жыве і працягвае жыць класіка. А класіку можна спадобіць радаводу. Радавод імёнаў, ідэй, якія яны распрацоўваюць, мастацкага мыслення, што знаходзіць пераемнікаў. І прарастае традыцыя. Прарастае, як бачым, не ў абстрактнай прасторы, не на чужой вотчыне, а на сваёй — сваімі стараннямі абжытай і акультуранай глебе. Тут яна будзе зразуметая і прынятая за натуральную.
Музыка на беларускіх землях была тая, што задавальняла інтарэсы і густы насельнікаў гэтых зямель. Інакш бы яна не ўтрымалася. А тое, што не ўтрымалася, мы й не ведаем.
Гісторыя грамадстваў — гэта не гісторыя так званых тытульных нацый. Таму беларуская культура — гэта не «чыстая» культура «чыста» беларусаў, а культура беларускага грамадства на беларускіх землях, што і ёсць, натуральна, беларуская культура.
Калі мы гаворым «музыка Беларусі» або «музыка ў Беларусі», то гэта не характарыстыка, а як бы пашпартныя звесткі пра тэрытарыяльна-дзяржаўную прыналежнасць. Такія звесткі ў нас што ні стагоддзе мяняліся. «Пасведчанні асобы» без самой асобы.
Радаводная ж прыкмета — беларуская музыка. Выходзіць, каб музыцы Беларусі называцца беларускай музыкай, ёй неабходна натуралізавацца. Натуралізавацца... у натуральнае. Музыку спраўджвае толькі музыка. Гэта паказвае і даказвае — яскрава, далікатна, інтэлігентна — «Беларуская капэла».
МУЗЫКА — АДМЫСЛОВАЯ ПЛОЦЬ
Эстэтычныя тэорыі б’юцца над разгадкаю таямнічай здольнасці музыкі выражаць душэўны свет чалавека. Мудрыя тэорыі ў рэшце рэшт спыняюцца перад таямнічасцю: музыка — адмысловая плоць. Затое гэтую таямнічасць не прамяняеш на «канчатковае» матэрыялістычнае вытлумачэнне. Слынны філосаф-эстэтык Аляксей Фёдаравіч Лосеў проста-такі бунтаваў (дазволім сабе пафасны бунт не перакладаць): «Что такое музыка? Материально ты по учебникам знаешь, что это такое. Воздушная среда, определённые волны, которые ударяют тебе в ухо, в барабанную перепонку... А это отдаётся в мозгу, и вот тебе — музыка. Но ведь это чистейшее враньё с точки зрения восприятия и переживания.
Когда ты слушаешь музыку, ни о каких волнах в ушах не думаешь, никаких уравнений не решаешь... Всё это к музыке отношения не имеет, в противном случае её могли бы слушать только специалисты по акустике».
Возьмем жывапіс, яго практыка лёгка праецыруецца на ўсе выяўленчыя ў сваёй аснове віды мастацтва. Жывапісец, які піша пейзаж, партрэт, фігуратыўную кампазіцыю, заўсёды наперад ведае — з жыцця, з вопыту наяўную матэрыю быцця. Ён абавязкова над ёю фантазіруе, па-майстэрску ўвасабляе і пераўвасабляе.
Музыкант-кампазітар з першым дотыкам пяра да нотнага ліста з наяўнай матэрыяй быцця развітваецца. Ён можа пісаць і на гатовы тэкст — песню, кантату, оперу, аднак гукі, якімі ён піша, узяты не з гэтай няўхільнай усюдыіснай матэрыі. Там да яго гэтых гукаў не было, ён здабыў іх толькі з фізічнай віртуальнасці.
Ну добра, забудземся пра хвалі ў вушах. А як быць з нашымі хваляваннямі — яны-то матэрыяльныя? І музыка выражае, з неймавернай пранікнёнасцю палоніць нас, перад ёю безабаронных. Праўда і тое, што негатыўныя эмоцыі і пачуцці музыка не выражае, мы ж ужо сказалі, што музыка не падманвае.
Вельмі важна тут вось што. Эмоцыі і пачуцці, якія мы рэальна перажываем, а потым перажываем у музыцы, адплаціўшы ёй слязьмі радасці або смутку, не адны і тыя ж. Гэтак і ў іншых відах мастацтва. Нашто б яно, «высакароднае», далося, калі б капіявала і паўтарала?..
Эмоцыі і пачуцці, якія пасылае нам з таямнічых глыбіняў музыка, заўсёды багацейшыя, ярчэйшыя, прыгажэйшыя, чым іх рэальныя правобразы і прататыпы. Мы адчуваем быццам тое самае, але незраўнана, невымоўна большае, якому імені няма. Бачыць Бог, музыка не выражае эмоцый і пачуццяў, а нараджае іх. З нашых архетыпаў, з калектыўнага бессвядомага.
Калі беларускую музыку мы будзем слухаць з геаграфічнай пэўнасцю — як «музыку Беларусі», нават кампліментарна разумець і ацэньваць як адну з еўрапейскіх (заходніх), але не расчуем архетыпаў, якія ў ёй жывуць, то нечага сутнаснага не спасцігнем.
«Ты женщина — и этим ты права», — прызнаў паэт Брусаў. Пра што яшчэ, як не пра музыку, можна сказаць гэтак бясспрэчна?
Вячаслаў ВАЙТКЕВІЧ