Прасцецкія сюжэты, падсвечаныя трагічнымі жыццямі сваіх стваральнікаў: «Міхалка» належыць Вацлаву Іваноўскаму (псеўданім браты Далецкія), «Мікітаў лапаць» — Міхасю Чароту. П’есы дужа ўпадабала савецкая тэатральная самадзейнасць, а ва ўжытак прафесійнай сцэны іх дасканала ўвёў Барыс Утораў. Поспех пастаноўкі (1979) даў падставу Андрэю Андросіку аднавіць яе ў 1987 годзе. Вядомую рэдакцыю скарыстаў і Уладзімір Савіцкі, папераджальна назваўшы спектакль «Беларускія вадэвілі»: наіўны прасцякаваты жанр, «музыка, песні, інтрыгі і танцы», «найбольш непрыкрытае тэатральнае прадстаўленне» — ні фокусам, ні прыёмам.
Апошняе вызначэнне належыць Юрыю Завадскаму, знанаму практыку і тэарэтыку сцэнічнага мастацтва. Акцёрскае існаванне ў вадэвілі палягае ў тым, каб залучыць глядзельню да сябе ў сябры, дружбакі ды прыяцелі, любым коштам уцягнуць яе ў сцэнічны свет, даверыцца ёй да пошуку парады ці дапамогі. Рухацца й пакутваць лёгка, скакаць і бедаваць весела, дамагчыся бездакорнай тэхнічнасці выканання ды бясконцай шчырасці пражывання. Без прафесійнай акцёрскай вывучкі можна даўмецца толькі характарнасці і сумнага падабенства жыццёвай праўдзе...
У абедзвюх п’есах няшмат дзейных асоб, але рэжысёр вывеў на сцэну мала не ўсю трупу — тюгаўскую моладзь і пачаткоўцаў. Для іх удзел у танцавальных, спеўных і пластычных сцэнах стаўся своеасаблівым прафесійным іспытам на ансамблевасць выканання і партнёрства — хоць бы з усмешлівым балакам панам Карытам, які ятрыцца і люцее, калі нешта не супадае з ягоным жаданнем (Алег Чэчанеў робіць гэтыя пераходы імгненнымі, пластычна падкрэслівае і правакуе залу на эмоцыі, а Леанід Улашчанка як бы спазняецца з ацэнкай, ператвараючы запаволенасць у характарную рысу натурыстага персанажа). Безумоўнай бацькоўскай апантанасцю, што мяжуе з дурнотай, сённяшняй глядзельні блізкія абодва. Часы змяніліся, нявесцін узрост (аж трыццаць восем гадоў!) не выклікае смеху ці асуджэння, тым больш і Таццяна Ражаўская, і Ларыса Горцава іграюць Адэльку па-свойму вельмі абаяльнай. Гэтая акалічнасць перадусім і бянтэжыць Міхалку, персанажа Генадзя Гаранскага і Улада Вінаградава… Пазнавальнай жаночай непаслядоўнасцю Наталля Гарбаценка і Вольга Сініца надзяляюць ганарыстую Грыпіну, а Людміла Разумава (падступна) і Наталля Ваўчок (далікатна) распачынаюць зваду ў ролі Дар’і...
Вобразам спектакля зрабіўся вясельны поезд, складзены з маляваных куфраў (вырашэнне мастачкі Ларысай Рулёвай).
У «Міхалку» яны ўвасабляюць пасаг, у «Мікітавым лапці» — гаспадарскую заможнасць. На куфры, як на вазку, спачывае Міхалка, сніць страшны сон, дзе бацькавы пагрозы хорам агучвае забіяцкая масоўка (так дасціпна апраўдана Міхалкава памылка, бо заспаным палічыў пакаёўку Юльку за гаспадарову дачку); адпрацаваўшы сталамі ды лавамі, куфры ператвараюцца ў імправізаваную сцэну, з якой дворня забаўляе меркаванага зяця пана Карыты; з куфраў з’яўляюцца хлопцы, палохаюць дзяўчат і такім чынам порстка мяняюць месца дзеяння. У «Мікітавым лапці» куфры наладаваныя хусткамі ды падушкамі — мацяркі закаханых і завадатаркі вясковых сварак адначасова падкупляюць і ўзбройваюць імі сваіх паплечнікаў...
Са сховаў можна дастаць толькі тое, што загадзя пакладзена, але ўважлівы глядач заўважыць і невідавочнае: у вадэвільных куфрах няма дна. Дзве гэтыя акалічнасці злучацца толькі па сканчэнні спектакля як адкрыццё — бяздоннасці нацыянальнай скарбонкі і прагматычна-грэблівага спажывання ейнага змесціва ў сучасных жыццёвых рэаліях. Як непрыдатнага, сапсаванага, зведзенага да «чаркі і шкваркі». Непрыкрыты вадэвіль!