Малюнак чалавечага шчасця кранае глядзельню да слёз. Зрэшты, у Гомельскай папраўчай калоніі № 4 яна збіраецца ўжо адзінаццаты год запар — колькі доўжыцца праект «Тэатр у турме». У якасці шведска-беларускага ён распачаўся ў 2005 годзе ў турмах Гомеля, Віцебска і Магілёва, але прыжыўся толькі ў Гомелі — перадусім дзякуючы Аляксею Бычкову, артысту Гомельскага абласнога драматычнага тэатра, рэжысёру і драматургу, які з удзячнасцю адгукаецца пра Дэпартамент па выкананні пакаранняў і ягоных супрацоўнікаў Таццяну Сафроненка (як дэпутат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь яна не пакідала праект без пільнай увагі), Святлану Паходаву (былую начальніцу папраўчай калоніі № 4) і Маргарыту Зінкевіч (яе намесніцу).
Дзеянне сёмага праектнага, прэм’ернага спектакля «Сонца свеціць усім», пастаўленага Аляксеем Бычковым паводле п’есы Майі Тарахоўскай «Альтэрнатыўнае мысленне, або Дурдом», адбываецца ў вар’ятні, куды трапіла здаровая жанчына: дзеля мужа-бізнэсоўца яна ўзяла на сябе буйное эканамічнае злачынства, а ён вырашыў пазбыцца і жонкі, і сведкі. Побач з ёю пакутуюць праз здраду і паклёп або хаваюцца ад свету вялікага і небяспечнага ў маленькім свеце лякарні, чые правілы і абмежаванні вельмі падобныя да турэмных. Адна з гераінь мяркуе, што людзі, якіх лічаць нездаровымі, могуць аздаравіць усіх. Бо яны — сапраўдныя. Без фальшу. А краты на вокнах не для таго, каб кагосьці бараніць ад іх, а наадварот — каб іх бараніць ад здраднікаў ды гіцляў. Развіццё падзей нагадвае казку з добрым фіналам, гэта вельмі важна для пазітыўнага светаўспрымання людзей, пазбаўленых волі, няхай заслужана, але часова абмежаваных у сваіх правах. Мовім шчыра: ад задумы Майі Тарахоўскай у спектаклі засталося няшмат. Некаторыя дыялогі ды эпізоды прыдумалі самі выканаўцы, беручы пад увагу ўласны досвед і веданне жыцця. З’явіліся новыя персанажы, сцэны, дачыненні, нават фінальнае свята Сонечных зайчыкаў. Урэшце на афішы побач з прозвішчам драматурга Аляксей Бычкоў мусіў паставіць сваё. Пастаноўка настолькі ўдалася, што сёлета 30 чэрвеня яе паспяхова паказалі на сцэне Гомельскага абласнога драматычнага тэатра.
Праектныя спектаклі на сцэне прафесійнага тэатра праходзілі не ўпершыню. Пасля дзевяці месяцаў рэпетыцый першай пастаноўкі, «Восем жанчын, якія кахаюць» Рабэра Тама, падобны паказ каштаваў велізарных высілкаў: Сяргей Палякоў, сённяшні начальнік калоніі № 4, займаўся аховай мерапрыемства і распавёў: для актрыс-вязняў давялося выкарыстаць пяць ступеняў аховы. Ніхто не хацеў за іх адказваць, ніхто не мог ведаць пэўна, на што яны здатныя ў нешараговай сітуацыі, — пяцёх, дарэчы, асудзілі за забойства... Пасля гучнага паспяховага паказу выканаўцы напісалі свайму рэжысёру пра тое, як апынуліся за кратамі. Лісты зрабіліся падставай для дакументальна-публіцыстычнай аповесці «Справа №».
На прафесійнай гомельскай сцэне каланісткі паказалі і «Дом Бернарды Альбы» Федэрыка Гарсія Лоркі — яго ад пачатку праекта рэкамендаваў ставіць шведскі бок. Па-свойму эксперыментальным атрымаўся спектакль «Адна за ўсіх, усе супраць адной» Станіслава Страціева. Адметна вылучылася праца над творам «Мая жонка — манюка» паводле Маргарэт Мэё і Морыса Энэкена, дзе занялі двух супрацоўнікаў калоніі — начальніка санчасткі і аператыўніка, непасрэднага начальніка асуджаных-выканаўцаў. Рыхтаваць камедыйны спектакль з начальнікамі — гэта набываць досвед псіхалагічны ды эмацыйны. Сцэнічным вынікам паўстала арганічнасць існавання ў ролях і нават ансамблевасць! На хвалі поспеху Аляксей Бычкоў прапанаваў гэтым самым выканаўцам паставіць яшчэ адну камедыю, распачаў працу, але воляю жыццёвых абставін яна не дайшла да гледача.
Складаны лёс напаткаў і спектакль «Кошкі-мышкі» па п’есе Аляксандра Марданя. Пачалі рэпетыцыі і зразумелі, што адну з роляў — прафесійнай актрысы — не стае ўмення ўвасобіць пераканаўча. Хіба сапраўды запрасіць прафесійную... Запрасілі Наталлю Задорыну з трупы абласнога драматычнага тэатра. Жонку Аляксея Бычкова. Адна з асуджаных (з вялікім тэрмінам за эканамічнае злачынства), удзельніца чатырох пастановак, адзначыла, што праца з Наталляй Задорынай зрабілася для яе вялікім і важным урокам, як тэатральным, так і жыццёвым.
Варта апынуцца ў турэмным тэатры, як з’яўляецца адчуванне ягонай наздвычайнай важнасці не толькі для артыстак-асуджаных, але і для вялікай глядзельні ў аднолькавых сініх ватоўках, спадніцах і хустках. Яна шчыра суперажывае гераіням, пазнае ў выканаўцах сябровак і суседак, засмучаецца, румзае і апантана пляскае ў ладкі. Дарэчы, тэхнічную частку спектакляў — святло, гук, касцюмы, дэкарацыі — таксама ствараюць і абслугоўваюць асуджаныя, якіх Аляксей Бычкоў навучае сам. Верагодна, наспеў час і сыграць са сваімі выхаванкамі?
Алена ПАРФІЯНОВІЧ