Далучэнне да тэатральнага працэсу людзей з інваліднасцю спарадзіла новую эстэтыку і вылучыла адмысловую манеру выканання. Вядомае ў Заходняй Еўропе з 1960-х, і для Беларусі гэтае далучэнне — не навіна. Ужо ў 1947 годзе на базе Рэспубліканскага дома культуры Беларускага таварыства глухіх быў створаны народны тэатр мімікі і жэсту; у 1963-м да яго прыяднаўся народны тэатр пантамімы «Рух». Калектывы да сёння існуюць на грамадскіх пачатках.
Беларускія фестывалі — вынік прыватнай ініцыятывы і фінансавання праз замежныя гранты. «Непратаптаны шлях» ладзіцца ў рамках аднайменнай міжнароднай праграмы, накіраванай на рэабілітацыю людзей з інваліднасцю і рэалізуецца на тэрыторыі Беларусі, Украіны і Польшчы. Арганізатарам фэсту выступае Брэсцкае абласное моладзевае грамадскае аб’яднанне «Інвалід і асяроддзе».
Арганізацыйна і тэматычна мінскі «Крок насустрач» — дубль брэсцкага фестывалю. Ягоны заснавальнік — грамадскае дабрачыннае яўрэйскае аб’яднанне «Хэсэд — Рахамім» пры падтрымцы праграмы малых грантаў Амбасады Злучаных Штатаў Амерыкі ў Рэспубліцы Беларусь. Фэст ад пачатку ладзіцца без конкурснага адбору, з тэматычнымі варштатамі і культурнай часткай для ўдзельнікаў, а таксама аднадзённым бяскоштавым паказам спектакляў для гледачоў.
Сёлета пастаноўкі фестывалю «Крок насустрач» праходзілі ў рэжыме нон-стоп з адным антрактам на працягу некалькіх гадзін. Творы з Беларусі, Украіны і Расіі ўяўлялі з сябе кароткатэрміновыя (не больш за 20 хвілін) дзеі розных жанраў і тэм. Бальшыня ўдзельнікаў аддала перавагу казцы — найпрыдатнейшаму тэрапеўтычнаму сродку, які выдатнана дапамагае развіваць фантазію. Таму тэатр «Вясёлка» з Мінска, створаны для рэабілітацыі і адаптацыі маладых людзей з псіханеўралагічнымі захворваннямі, звярнуўся да народнай яўрэйскай казкі «Сёма і воўк», у якой хлопчыка Сёму бацькі паслалі да бабулі з гасцінцамі. Традыцыйная сустрэча з галодным ваўком скончылася тым, што ваўка з’ела галодная бабуля. Да народных казак таксама звярнуліся тэатры «Званочак» з Украіны і «Іскрынка» з Віцебска.
Адметную сцэнічную форму прапанаваў калектыў «Каралеўства Цікавых Спраў» Пінскай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху. Рэжысёр Мікалай Клюско прыдумаў кранальны гумарыстычны спектакль-пантаміму аб рэпетыцыі фартэпіяннага канцэрта. Дзеці выконвалі ролі клавіш з рознымі характарамі; паўнавартаснай дзейнай асобай зрабілася музыка.
Калектыў «Пераадоленне», створаны пры Пінскім таварыстве інвалідаў, у філасофскай пастаноўцы «Пад небам» звярнуўся да тэмы Старажытнага Егіпта, ягонага жрэцкага цырыманіялу і вераванняў, добра папрацаваўшы над касцюмамі і рэквізітам. Галоўным выразным сродкам на сцэне стала пластычнасць акцёрскіх паставаў, а пастаноўка вылучылася не толькі тэматыкай, але і атмасфернасцю.
Найбольш наватарскі і яркі спектакль прывёз Санкт-Пецярбургскі тэатр «Церамок». Кіраўнік Пётр Яфімаў стварыў пластычна-харэаграфічную інтэрпрэтацыю рускай казкі «Каша з сякеры». Мову танца дапоўніла гульня каляровых палотнаў, якія сімвалізавалі стыхіі. Пастаноўку прасякнула вывераная лёгкасць рухаў выканаўцаў і свабода іх самавыяўлення, з імі казка загучала па-новаму.
Сродкамі культуры акцёры здабываюць яскравы досвед камунікацыі і сацыялізацыі, мяняюцца ў працэсе творчасці, прымушаючы гледача станоўча зірнуць на іх жыццё. Гэтая высакародная справа ўтрымлівае вялікія магчымасці і не менш вялікую працу для сектара крэатыўнай эканомікі. Згадаем, што па Мінску ўсталяваныя білборды сацыяльнай кампаніі «Тач Даун», адзін з герояў якой — Андрэй Гарбаценка, акцёр з сіндромам Даўна. На адной з краўдфандынгавых пляцовак ідзе збор сродкаў для тэхнічнага абсталявання спектакля «Маленькі прынц» асаблівага тэатра «Радасць». З падтрымкай буйной прыватнай кампаніі абылася прэм’ера мюзікла «Флейта — чарадзейка» сямейнага тэатра «І», створанага для дзетак з аўтызмам. З такімі ж дзецьмі падрыхтавалі і паказалі спектакль артысты Нацыянальнага тэатра імя Максіма Горкага. Ладзяцца раённыя фестывалі творчасці людзей з інваліднасцю. Тэндэнцыя цудоўная. Аднак, узіраючыся ў заходнія дасягненні, мы бачым, што інклюзія, пераасэнсаваная і прадстаўленая сродкамі сучаснага тэатра, здатная на неверагоднае ў самым мастацкім сэнсе слова. Застаецца хіба крок насустрач.
Уладзімір ГАЛАК