У выкананні Валерыя Глазкова Кулігін пільнуе, сочыць (так што часам выдае на хваравітае зацятае шпегаванне), літаральна — праз бінокль — узіраецца ў наваколле, дэкларуючы ягонае ўпарадкаванне ды захаванне. І міжволі разбірае ўсе абывацельскія сакрэты: мы, маўляў, думаем, што яны работу робяць альбо Богу моляцца, а яны сваіх сямейнікаў тыраняць. Сям’я — справа таемная, сакрэтная...
Дзеянні Кулігіна нагадваюць выкананне абраду, але яго ў спектаклі спраўляе ледзь не кожны сталы персанаж. У сучаснай практыцы існуе тэатр як рытуал; Сяргей Кулікоўскі як бы інвертуе, выварочвае прыём і прадстаўляе рытуал жыцця, дзе сямейнае кола, агорнутае жорсткай местачковай таемнасцю, набывае адзнакі кодла, а сямейнікі паўстаюць ахвярамі падступнай традыцыі. У хаце Кабанавай не жартам мятуць, мыюць ды парадкуюць. За парушаную чысціню яна карае сувора, штохвіліны занятая пільнаваннем звычаю. Адзіны раз, у сцэне начнога спаткання з Дзікім, злятае прывід пачуцця (не анёл) і заспявае Кабанаву знянацку. Наталля Капітонава вылучае яе прыхаванае чаканне, разважлівую гатоўнасць адказаць мужчыну-роўню і нават не адмовіць, але Дзікой, як трапна накрэслівае Сяргей Толсцікаў, дбае пра сваю завядзёнку — перадусім трэба пагаварыць. Бо ён жа дасканаліцца па-свойму, пра што і прызнаецца без ценю жалю: толькі заікніся яму пра грошы, у яго «ўсю нутраную распальваць стане». Так і дабро назапашвае — то сквапнасцю, то прыніжэннем.
Цёмнае царства сям’і — ці ж настолькі датклівая тэма для сённяшняга тэатра? Пацікавілася статыстыкай... Лепш бы не цікавілася. Сямейны гвалт, прыгнёт, крывавыя непаразуменні, нядбайства й недагляд — такім чынам, Новы тэатр інтэлігентна цаляе ў праблему прыхаваную, разгалінаваную, ад’еўшую процьму сродкаў-высілкаў грамадскасці й дзяржавы. Улада цемры ў новых эстэтычных варунках дзівосна адпавядае традыцыйным перакананням тутэйшага чалавека. Недалёка ж мы адышліся ад Кабанавай за сто пяцьдзясят гадоў (п’еса Аляксандра Астроўскага з’явілася ў 1859-м). А колькі люду не зважае на сямейны росквіт і абавязак!..
...Але рэжысёр настойвае: ахвярны абавязак дзеля сям’і, справы, мэты можа выглядаць дужа непрывабна, ды што там — пачварна. Вымагаць самаспалення ўдавы на вогнічшы мужа-нябожчыка. Жыўцом хаваць слугу побач з нежывым гаспадаром. Зрэшты, выслоўе пра сямейную недасканаласць з таго самага шэрагу — пахаваць сябе між чатырох сцен. Пахавальны прыгнёт ледзь улоўна атачае персанажаў з першай сцэны: пастаноўшчык збірае дзейных асоб у канцэртным пралогу, як той казаў, у бляску і велічы, змушае іх разумецца і выдаваць свае існыя дачыненні, парадкуючыся па месцах на авансцэне і разглядаючы публіку; на нейкі момант глядзельня і сцэна ўраўнаважваюцца ў праве дзівіцца адна на адну. Так і будзе. Ці не кожны персанаж патрапіць сцішана таропіцца ў прыціхлую цямрэчу залы і шукаць, чакаць, паклікаць... Здаецца, гэты стан завецца нудою — калі спосабам існавання робіцца чаканне і абачлівасць.
Дасціпнае сцэнічнае аздабленне Святланы Макаранка, у якім спанатранае вока пазнае стандартныя бляшаныя начоўкі, уяўляе з сябе штосьці сярэдняе паміж афармленнем філарманічнай сцэны і, перапрашаю, вітрынай пахавальнага спецкамбіната — падсвечаныя металічныя прастакутнікі, якія спагадзя ператворацца то ў трыбуны, то ў паркан, праз яго Кацярына памкне да Барыса, а потым з яго ўтворыцца труна з вечкам — для Кацярыны... Так падступліва і ціхмяна, папросту разгортваецца метафара пахавання жыцця. Не адной Кацярыны, вядома ж.
Канцэрты ў Кабанавай, відаць, зрабіліся трывалай завядзёнкай, бо модна і нікуды не трэба выпраўляцца. Прыгожа, зладжана спяваюць Кацярына ды Варвара, танчыць слуга (адзіны замест усёй дворні, выпісанай драматургам) — прадстаўляе пародыю на балет, але гнуткі і рухавы Эрык Абрамовіч наводзіць на думку пра адоранасць чалавека, ахвяраваную жыццёвым выгодам: ягонае месца ў доме недвухсэнсоўна вызначылі плоцевыя жаданні гаспадыні.
Адзнакаю культурных пераваг сямейнікаў робяцца ў спектаклі песні Аляксандра Вярцінскага. Праз іх, здавалася б, можна вылучыць пэўны гістарычны час, ды не — гучаць яны надзіва пазачасава, але дзеянне набывае дадатковае вымярэнне: так, адны сумленна сядзяць па хатах, але змушаюць іншых цягацца туды, дзе можна пераняць модныя забавы.
Такім чынам, у свеце Кабанавай дачуваецца голас іншага жыцця. Па-свойму нявытанчанага і хваравітага, але яно чапляе, цвеліць, вымагае цікавіцца сабой, пераймаць свае норавы і клопатам выканаўцы Аляксея Верашчакі вызначае паводзіны Ціхана Кабанава, маладога мужа Кацярыны, калі таму выпадае ехаць па справах: нагуляцца як мага, ну й напіцца, бо звычай такі. А песень-танцаў яму і дома не бракуе.
...Спевы-скокі — адметная асаблівасць усіх пастановак Сяргея Кулікоўскага, дзе драматычныя артысты спяваюць сола і а капэла, не цураюцца музычных інструментаў і ўсё часцей спавядаюць законы музычнай драматургіі. Праз гэткую музычнасць, спеўнасць, вытанчаную густоўнасць са сцэны ледзь заўважна зіхаціць таемнасць, накрэсленая яшчэ Астроўскім, але сённяшняму гледачу пераважна невядомая. У расповедзе Кацярыны пра бацькоўскі дом гучыць наступнае: «А прыйдзем у царкву, возьмемся за якую-небудзь работу, больш па аксаміце золатам...» Шэраг асацыяцый зазвычай пераймае царква (маладая кабета яшчэ й моліцца, як анёл), але існасць, сутнасць Кацярыны выяўляе работа — па аксаміце золатам. Такую работу да сёння выконваюць толькі абраныя майстрыхі, чыё майстэрства не жартам называюць мастацтвам. Такая работа вымагае заўсёднага перфекцыянізму і фармуе асобу наколькі патрабавальную, настолькі цярплівую, уважлівую, ураўнаважаную. І — свабодную, абсалютна свабодную ў цвёрдых, вызначаных межах так званага канону. Дарэчы, менавіта свабода забяспечвае выжыванне рамяства — існаванне размаітых рукатворных школ, развіццё і дасканаленне майстэрства. (Па-свойму гэта пацвярджае фільм «Вышывальніцы» Элеанор Фачэ, дзе спанатраная майстрыха мадам Мелікян у выкананні Арыян Аскарыд праз навучанне вышыванню цалкам мяняе жыццё сямнаццацігадовай Клер, цяжарнай, незамужняй і беспрацоўнай — яе ролю ўвасобіла Лала Наймарк.) Верагодна, артыстка Кацярына Ермаловіч пра гэта ведае, бо прагу кахання сваёй гераіні праз паставу і манеру паводзінаў атаясамлівае з работай золатам па аксаміце — светам выключнага хараства і згарманізаванасці. Ёй бы голку ў рукі, а трэба скрэбсці, шараваць ды цешыць свякроў спевамі пад фартэпіяна. І золата для работы нямашака. Можна, вядома, паспрабаваць воўнаю па льне, да таго ж мяккі, спакойны, падатны Барыс (заўважная і вельмі трапная работа Паўла Чарнова) — як той аксаміт... дый пад прымусам цяжка ўзяць ды вызначыць, хто ты ёсць і чаго напраўду жадаеш. А далей — рытуал спакушэння праз Варвару (а Барыса — праз Кудраша), і замест золата па аксаміце — дзесяць начэй пачуцця (кахання, свабоды, здрады). Не хараства.
Прызнанне Кацярыны, абстаўленае Астроўскім строга па-сямейнаму, адбываецца ў спектаклі на чарговай вечарыне Кабанавай — прылюдна. Кабанава ратуе сямейны гонар, міжволі падказаўшы Кацярыне, як за ўсё адказваць давядзецца — з такой прыгажосцю лепш у вір, ды хутчэй, хутчэй! А Кацярыне цяпер «што дахаты, што ў магілу — усё адно», яна спавядаецца і... ураўнаважваецца, перш як скочыць у ваду, упершыню прымаючы самастойнае рашэнне! Зрэшты, фінал нам таксама вядомы са школьных гадоў. Але ў Новым тэатры ён прагучаў дзівосна: пасля знакамітага маналога пра тое, чаму людзі не лётаюць, Кацярына Ермаловіч сімвалічна скінула долу празрысты шаль, святло прыбралася і запала ціша асэнсавання («Так ціха, так добра», — хвіліну таму паўтарала Кацярына). Каштоўная ціша. Яе не парушыў аніводны воплеск глядацкай удзячнасці. І на хуткае сцвярджэнне Ціхана, што матухна загубіла Кацярыну, вельмі карцела перапытаць — а хто загубіў матухну?