П’еса пра невыносную лёгкасць быцця сямейнага, па-свойму рэвалюцыйная за савецкім часам, мусіла адысці разам з ім, аднак у 2010 годзе за каханых (персанажаў) нечакана ўзяўся Рыд Таліпаў у Коласаўскім тэатры Віцебска, і я ўжо была зрабіла для яго новы пераклад... Заўчасная смерць рэжысёра адмяніла пастаноўку.
Што, як не бясконцая размаітасць нешчаслівых сем’яў, змушае тэатр зважаць на «думку сямейную»? Гісторыя Каці ды Міці, чаргова-тыповай нешчаслівай сям’і, уражвае праўдзівасцю пачуццяў у будзённай неабачлівасці ды нейкай тупаватай наканаванасцю непаразумення, няўменнем разумець саміх сябе. У назве п’есы «З каханымі не расставайцеся...» драматург цытаваў драматычную «Баладу аб пракураным вагоне» Аляксандра Качаткова. Якаў Натапаў такім самым паэтычным чынам павярнуў на курс, прадзьмуты сіверам пранізлівай жаночай крыўды, узяўшы верш «Вчера ещё в глаза глядел...» Марыны Цвятаевай.
Верагодна, тое не заўжды скон альбо страта, часцей — здранцвенне, шок і абыякавасць да жыцця. Загнаць сябе за ўяўныя краты крыўды й зацятасці можна хутка і проста. Настолькі, што ўсіх персанажаў сваёй гісторыі Якаў Натапаў і мастак Яўген Волкаў адразу ж асталёўваюць за сапраўднымі кратамі... медыцынскай установы. Але пазнавальныя і агароджа гульнёвай пляцоўкі, і паркавы плот, і паркан стадыёна. У драматургічнай пабудове Валодзіна фігуруюць эпізадычныя справы аб разводах, між якіх набірае моцы драма двух маладзёнаў. Рэжысёр адразу збірае фігурантаў разам з суддзёй у адной прасторы і жорстка абвастрае задуму драматурга — так, што сцэнічная вар’ятня адразу сягае за ўмоўныя мастацкія межы. Паміж чаргою разводаў Аляксандр Валодзін выпраўляе сваіх персанажаў у дом адпачынку. «Адпачывайце!» — колькі разоў загадваюць на сцэне і са сцэны; інвентарнымі нумарамі пазначаны ці не кожны акцёрскі строй; Наталля Голубева ў ролі спанатранага прафесійніка-суддзі роўна да абыякавасці пытае, як і чаму вы тут апынуліся, — у партнёраў і гледачоў. Пары разводзяцца, дзеляць маёмасць, цэняць рэчы, а каханым чалавекам карыстаюцца... Свет вывіхнуўся? Правіла памянялася месцамі з выключэннем?
Паміж іроніяй і дзіцячым здзіўленнем у спектаклях Якава Натапава заўжды паўстае трагізм жыцця. Рэжысёр ані не займаецца пошукамі-эксперыментамі (катэгарычна — пасля таго, як эксперымент масава захапіў тэатры), мяркуючы, што найважнейшыя шлях ды працэс; тое самае меркаваў Андрэй Таркоўскі. Натапаў ніколі не інтэрпрэтуе драматурга, бо карыстаецца ягоным творам як падставаю для ўласнага мастацкага выказвання. Часцяком перастаўляе сцэны, мяняе націскі, штосьці дадае — напрыклад, падмацоўвае празаічныя рэплікі вершамі ўлюбёных паэтаў. Схіляе артыста да асэнсаванага пражывання ролі, прапануе ўведаць яе да драбніцы ды ўслухацца ў сваю артыстычную прыроду, паразумець яе з прыродай персанажа, каб вытачыць малюнак; каб выкшталціць вобраз, навучае мастацтву складаць яго з дзвюх-трох рысаў, дарэчы ўжываць характарныя — маўленне, фактуру, абаянне. Перафразуючы Кірыла Сярэбранікава, яму вельмі важна сведчыць пра тое, што ведае, і пра тое, што памятае. Таму ў тысячы дробязяў ён спавядае дыхтоўны, пародны рэжысёрскі тэатр, дзе вырашае асоба ды прафесійная спанатранасць. У спектаклі «Дзе адступаецца каханне...» Натапаў вывеў на сцэну амаль усю трупу і ўтварыў зайздросны ансамбль, а для сола штораз вынаходзілі новыя вобразы. Што ні артыст — то адкрыццё. Дзмітрый Попчанка ўлоўна звязвае ролі Доктара і разводніка Міронава не роспачным глыканнем з пляшкі, а глыбіннай, прыхаванай «бядой ад пяшчотнага сэрца», якому ўжо хочацца спакою, але кніжнага ды сяброўскага. Не вялікі інтэлектуал, ён, тым не менш, не трывае жончынай абмежаванасці, якую так характарна і смешна ўвасабляе Валянціна Ілюкевіч — да жаху. За сціслым канцылярытам судовай прамовы развядзенца Нікуліна Андрэй Бардухаеў-Арол хавае жаданне як мага хутчэй усё скончыць дзеля таго, каб... не прыніжаць жонку. Ён усё вырашыў і перажыў, а яе перажыванне доўжыцца, ёй баліць, і ён яе шкадуе. З’яўленне Керылашвілі рэжысёр абстаўляе лезгінкай — гэткім сярэднестатыстычным уяўленнем пра каўказца; Гіёргі Чантурыя захапляе высакароднай шчырасцю, калі ягоны персанаж адстойвае каханую жонку перад суддзёй. Непаслядоўнаю, несамастойнаю, але дужа абаяльнаю ў сваёй крохкасці прадстаўляе Ірына Чарняўская ягоную каханую Ларысу. Сяргей Трухін ды Лізавета Астрахава дэманструюць дурноту сямейнікаў Казловых: яны так стараюцца не папусціць у дробязі, што гатовы страціць важнае... Ад Міці ды Каці каханне адступаецца так, як разбураецца мост, — трымаюцца магутныя фермы-апоры, але пасярэдзіне падступна бяжыць расколіна і кавалкі павольна, цяжка абрынаюцца долу.
...Аднаго разу Каця да ранку затрымалася ў дзявочай кампаніі. Міця не даў веры бяскрыўднасці гэтае затрымкі, а Каця не палічыла патрэбным яе давесці. Не дужа значны канфлікт перадусім правакуе развод ды набывае меладраматычную афарбоўку праз захворванне Каці ды несупакоенасць Міці. Ён знаходзіць чалавека, у якога затрымалася кампанія дзяўчат, і выпадкова «спрычыняе шкоду дзеяннем» — нязначна раніць. А хлопец, відавочна, не даруе (гэта вынікае з выканання Сяргея Арцёменкі), і Міця з’яўляецца да Каці ў лякарню як на развітанне. Рэжысёр перакампанаваў паслядоўнасць драматургавых сцэн і значна абвострыў падзеі, задаўшы вельмі складаную задачу Ірыне Шапецька і Віталю Сазонаву, бо свае ролі яны мусяць падаваць і ў наўпроставай, і ў адваротнай перспектыве, прасцей — вяртацца да перажытага і перажываць яго ізноў. Па-новаму. Дуэт вабіць тэмпераментам і пачуццёвасцю, а больш за што іншае — стрыманай годнасцю, якая заўважна вылучае дачыненні іх персанажаў. Яны кахаюць, расколінка ў мосце яшчэ танюткая, яшчэ можна ўлагодзіць характары і не зважыць на выхаванне, але духоўнай моцы для паразумення ўжо не стае. Ці можна звар’яцець праз каханне? Як толькі Каця ўсведамляе непапраўнасць учынкаў і фатальнасць падзей, напагатове рукі санітараў. Як сведчыла вядомая спявачка, у жыцці магчымае ўсё, ды толькі нічога няможна выправіць...
Якаў Натапаў здзіўляе ўменнем падначаліць мастацкай задуме праявы так званай масавай культуры: музычны шлягер, вобраз папулярнай асобы, выказванне альбо ацэнку падзеі. Каб абудзіць цікаўнасць да гераіні спектакля, можа працытаваць урывак з улюбёнага савецкага серыяла; каб прадставіць наступствы ўчынку — іранічна падпусціць зацяганага інфернальнага персанажа. Манеры і паводзіны вар’ятні з пастаноўкі «Дзе адступаецца каханне...», яе жарсці ды шчырасці, нарэшце рэплікі (напісаныя ў мінулым стагоддзі!), між іншым, выдаюць прыхаваную рэжысёрскую пародыю на тэлевізійныя ток-шоу і друкаваны глянец: чалавецтва дружна й паслядоўна робіцца абыякавым да жыцця і з’язджае з глузду, калі так імкне аднавіць вар’ятню паўсюль, куды дацягнецца.