Увесь імпэт персанажы спектакля аддаюць варожасці. Як «хроніку адной варажнечы» вызначыў жанр сваёй працы рэжысёр з Санкт-Пецярбурга Алег Малітвін. Ён змясціў шэкспіраўскіх персанажаў у свет антыўтопіі і пазбавіў усялякай прыналежнасці да сярэднявечнай Вероны (пра яе нагадаюць хіба шпагі ды свечкі). Сучасныя акцёрскія гарнітуры вытрыманы ў стылі мілітары — ніякіх аздобаў, як мага функцыянальнасці. Для Мантэкі і Капулеці мастачка-пастаноўшчыца Вольга Гарачава прыдумала дамы, якія ўражваюць празрыстымі сценамі і адкрытай, паветранай прасторай. Затое гарадскія завуголлі, што ператвараюцца ў келлю айца Ларэнца альбо шлюбны ложак Рамэа і Джульеты, — закутыя ў метал ды паплямленыя чымсьці чырвоным (сляды ад графіці, змытага дажджом, ці напамін пра сутычкі, баі ды бойкі, да якіх сямейнікі такія ахвочыя).
Рэй вядуць нянавісць і варажнеча, узведзеныя ў абсалют. Мантэкі й Капулеці штохвіліны гатовыя да сутычкі, двубою, смерці. Яны шукаюць вайны — іншы спосаб існавання ў разлютаваным свеце папросту немагчымы. Антаганістаў тут хоць гаць гаці — лэдзі Мантэкі і Капулеці (Ала Леная і Анастасія Задзірына), бацькі сямействаў (Сяргей Лагуценка і Сяргей Пазняк), галоўныя «баявыя» спружыны спектакля — змрочны, небяспечны Тыбальт і жартаўнік Меркуцыа (Міхал Грышачкін і Рыгор Жураўлёў). Нават Карміцелька (Яўгенія Канькова) і айцец Ларэнца (Уладзімір Цітоў) вох якія няпростыя. І кабета ў веку, і божы чалавек не папусцяць, а ў выпадку чаго адкажуць цвёрда, а можа і жорстка. Князь Вероны Эскал у выкананні Аляксея Бычкова заўжды пры пісталеце — як пры апошнім аргуменце. Жаніх Джульеты граф Парыс (Павел Кордзік) лёгка кідае вытанчаныя манеры, каб разгуляцца на вечарынцы, а ягонае п’янае блазнаванне імгненна пераймаюць вытачаныя фехтавальныя прыёмы.
Тым больш нечаканым і кантрасным на гэтым тле «барвовых таноў» робіцца пачуццё юнака і дзяўчыны. Іх сэрцы адзначаны таўром міжусобіц, але са свету перакуленых, скажоных паняткаў ірвуцца вонкі іхнія душы. Трагічны фінал не проста апраўданы — ён непазбежны. І не таму, што абставіны складаюцца няўдала: варажнеча на нейкі момант апынаецца мацнейшай за каханне, а свет спагадлівы ды прыязны — іншым у простым сэнсе, па-за межамі жывога.
Андрэй Шыдлоўскі ў ролі Рамэа мае дзвюх партнёрак — Марыю Хадзякову і Веру Грыцкевіч. Калі Джульета ў выкананні першай артысткі — крышачку «брыдкае качаня», якое вось-вось вырвецца са сваёй падлеткавай вуглаватасці і няўпэўненасці, дык другая Джульета — хай вельмі юная, але ўжо жанчына, што адкрыла сэрца для кахання. Для свайго героя Андрэй Шыдлоўскі знайшоў вельмі дакладныя, рэзкія, графічныя рысы, уласцівыя юнаку, які рвецца насустрач каханню і не задумваецца ні пра абставіны, ні пра наступствы, падпарадкуючы сваё жыццё
(і смерць) толькі аднаму, самаму вялікаму і моцнаму пачуццю.
Свежы і смелы погляд на класіку не адмяняе асцярожнага і паважлівага абыходжання з ёю. Ці не трапіў гомельскі спектакль у шэраг шчаслівых выпадковасцяў, пакажа наступны тэатральны сезон, які, паміж іншых пастаноўшчыкаў, прычакае таксама і Алега Малітвіна: трупа разам з піцерскім госцем будзе працаваць над адной са знакавых п’ес айчыннай драматургіі.
Уладзімір СТУПІНСКІ