Опера як айсберг
Будынак Оперы — візітоўка сучаснага Осла. Напэўна, іначай і быць не можа. Опера знаходзіцца на беразе бухты, яе відаць здалёк. Сілуэт вабіць эфектным выглядам, сучасным архітэктурным рашэннем. Нездарма ў 2008-м праект атрымаў узнагароду на Сусветным фестывалі архітэктуры ў Барселоне. Тэатр, абліцаваны гранітам і італьянскім мармурам, нагадвае ці то велізарны карабель, ці то айсберг, які плыве па хвалях акіяна. На дах, сабраны з 36 тысяч каменных пліт, вельмі проста ўзняцца. Адсюль адкрываецца цудоўны від на Осла-фіёрд. Тут шмат наведнікаў, бо можна паблукаць, пасядзець, зрабіць фота. Там, дзе мяркуюцца прагулкі пешкі, мармур шурпаты, у недаступных месцах — гладкі і бліскучы.
Прывяду лічбы, якія даюць уяўленне пра размах з’явы. Будаўніцтва ішло з 2003 па 2007 гады, фінансавалася з дзяржбюджэту. Каштавала 4,5 мільярды нарвежскіх крон (700 мільёнаў долараў ЗША). У тэатры тры сцэны. Трох’ярусная зала мае форму падковы і змяшчае больш за 1300 месцаў. Сцены, балконы і лесвіцы абшытыя дубовымі панэлямі. Фінансуе тэатр дзяржава. Некалькі сезонаў таму падтрымка знізілася з 90 да 73 працэнтаў, астатнюю суму дадаюць спонсары. Кошт квіткоў адлюстроўвае запатрабаванасць элітарнага мастацтва і ўзровень жыцця нарвежцаў. Самыя танныя білеты для тых, хто ўваходзіць у Клуб аматараў балета ці Клуб аматараў оперы (200 і 300 крон). Каб трапіць на прэм’еру, трэба мець ад 3910 да 5410 крон (420—582 еўра). Балетная трупа інтэрнацыянальная, у ёй 60 артыстаў з амаль 20 краін. У оперы салістаў менш — 25. Хор складаецца з 50 спевакоў, у аркестры 100 музыкантаў.
Што слухаюць і глядзяць меламаны Осла?
Частка рэпертуару адлюстроўвае вядомыя і распаўсюджаныя ў музычным свеце назвы. Напрыклад, ёсць «Жызэль» у класічным прачытанні Перо і Каралі. Ідзе «Манон» у версіі Макмілана. «Ганна Карэніна» пастаўлена нямецкім балетмайстрам Крысціянам Спукам на музыку Рахманінава і Лютаслаўскага. «Шчаўкунок» з музыкай Чайкоўскага ўвасоблены дацкай артысткай і харэографкай Дынай Б’ёрн. Як і ў ва ўсёй Еўропе, гэты балет надзіва запатрабаваны ў калядны час. У снежні мінулага года яго паказалі ажно 20 разоў запар.
Ёсць і «Лебядзінае возера», але ў ім толькі ўрыўкі з Чайкоўскага. Асноўнае месца займае музыка Мікаэла Карлсана. Версія харэографа Аляксандра Экмана ў 2015-м нават намінавалася на прыз «Бенуа дэ ля данс». Пабачаныя фрагменты экстравагантнага балета, дзе яднаюцца элементы драмы і танца, а на сцэне плёскаецца натуральнае возера, крыху здзіўлялі і азадачвалі. Зразумела, сто разоў версію Пеціпа глядзець не здолееш. Але, відаць, радыкальныя прачытанні прымушаюць яшчэ больш высока ацэньваць класіку.
Уласным гонарам трупа, мастацкім кіраўніком якой з’яўляецца былая балерына Інгрыд Ларэнцан, лічыць вялікую колькасць пастановак Іржы Кіліяна. Выдатны харэограф сучаснасці шмат гадоў супрацоўнічае з Осла. Таму ў рэпертуары калектыву ажно 19 яго твораў — па сутнасці, самая шырокая ў свеце панарама наробку спадара Іржы. Сярод іх — «Шэсць танцаў» і «Маленькая смерць», якія з поспехам ідуць у Мінску.
На опернай афішы Осла — «Дон Жуан» і «Вяселле Фігара» Моцарта. «Севільскі цырульнік» Расіні і «Кармэн» Бізэ, «Лятучы галандзец» Вагнера. «Травіята» Вердзі і «Турандот» Пучыні. Больш эксклюзіўныя і нечаканыя назвы — «Каця Кабанава» Яначака, «Вяртанне Уліса на радзіму» Монтэвердзі.
Пра пастаноўку «Лэдзі Макбет Мцэнскага павету» Шастаковіча варта сказаць асобна. Што цікава, опера выконваецца на рускай, субцітры на нарвежскай і англійскай. Рэжысёр Оле Андэрс Тандберг і сцэнограф Эрленд Біркелэнд перанеслі дзеянне спектакля ў рыбацкую вёску. Магчыма, нарвежскую. Таму хор на сцэне ў гумовых ботах, чырвоных пальчатках і фартухах — так зручней патрашыць рыбу. Яе велізарнымі тушамі завалена ўся сцэна. Рыба слізкая, але рэжысёр лічыць: у тым ёсць нешта агульнае са слізкасцю цела ў сэксуальных сцэнах. Атрымалася і жудасна, і па-мастацку моцна.
Высока ацаніла крытыка адну з апошніх прэм’ер тэатра, «Чарадзейную флейту» Моцарта ў версіі нарвежска-шведскага рэжысёра Аляксандра Марк-Эйдэма, паказаную пры канцы 2015 года. Цытую: гэта «маляўнічая высокатэхналагічная пастаноўка са спецэфектамі, феерверкамі, неонавымі агнямі, цудадзейнай машынерыяй... На апошніх кадрах уверцюры становіцца зразумелым, што мы ўжо не ў оперным тэатры, а ў лічбавым 3D-кінатэатры...» А вось першае з’яўленне героя, прынца Таміна. Апрануты ў скафандр, за рулём зоркалёта, ён імкнецца перадаць у Галоўнае ўпраўленне галактыкі сігнал бедства: карабель атакуе змей! Хоць лібрэта рэжысёр і не перайначваў, але атрымалася дасціпна, а галоўнае — сучасна і актуальна. Цікава і дзецям, і дарослай публіцы.
Бацька Норы і Пер Гюнта
Генрык Ібсен — стваральнік нарвежскага тэатра і драматург, вядомы ва ўсім свеце. Многія драмы Ібсена былі пастаўлены Станіслаўскім і Неміровічам-Данчанкам. Меерхольд ажно восем разоў звяртаўся да «Норы». На пачатку ХХ стагоддзя пра Ібсена шмат пісалі рускія крытыкі і паэты — Інакенцій Аненскі, Леанід Андрэеў, Андрэй Белы, Аляксандр Блок, Дзмітрый Меражкоўскі. У 70-я гады мінулага стагоддзя галоўныя ролі ў розных экранізацыях «Лялечнага дома» Ібсена выконвалі такія зоркі кіно, як Джэйн Фонда і Энтані Хопкінс.
Сапраўды, з тысяч напісаных п’ес выпрабаванне часам вытрымліваюць адзінкі. Драматургічны канфлікт павінен хваляваць грамадства, але разам з тым быць пазачасавым.
Пра Пер Гюнта, ібсенаўскага героя, такога ж вечнага, як Анегін, Фаўст, Дон Кіхот, гаворка наперадзе. У сувязі з Грыгам і ягоным балетам. Але самі калізіі — мужчына і жанчына, дом і вялікі свет, каханне-ахвяра і каханне-спакуса — актуальныя заўсёды.
Некалькіх дзесяцігоддзяў таму ці не самай распаўсюджанай п’есай Ібсена была «Нора». У Беларусі Нору ў розны час увасаблялі такія славутыя артысткі, як Ірына Ждановіч і Нэлі Караткевіч. Калі ў музеі на афішы я ўбачыла «Doll’s house» («Лялечны дом») — не адразу здагадалася: гаворка пра той самы твор. У многіх краінах
(і ў самой Нарвегіі) п’еса ішла менавіта пад такой назвай.
Сучаснікі Ібсена ўспрымалі драму як маніфест фемінізму, а галоўнай тэмай п’есы было становішча жанчыны ў грамадстве. Сапраўды, заўжды актуальныя тэмы — ці могуць гарманічна суіснаваць у адной асобе жонка, маці і чалавек? Якая цана ахвяры і дзе межы свабоды? Ці можа жанчына быць шчаслівай па-за межамі сям’і? Кожная эпоха шукае адказы на гэтыя пытанні.
Але вернемся ў Осла. Музей знаходзіцца недалёка ад Каралеўскага палаца, на вуліцы, якая таксама мае імя Ібсена, на шыльдах з нумарамі дамоў пазначана — «драматург». Ля ўвахода — скульптура. Ібсен у капелюшы з высокім верхам (па тагачаснай модзе), у акулярах, з густымі бакенбардамі. Нават у пластычнай мове скульптара адчуваюцца экспрэсіўнасць і напяты драматызм, якія заўжды прысутнічаюць у творах пісьменніка. Менавіта ў гэтым доме ён пражыў апошнія 11 гадоў. Тут былі напісаны некаторыя з ягоных знакамітых п’ес (напрыклад, «Будаўнік Сольнес»).
Музей займае два паверхі. На першым — выстава кніг Ібсена, выдадзеных на розных мовах, пачатак экспазіцыі. Асноўная яе частка знаходзіцца на другім. Уражвае стылёвае вырашэнне выставы. Пераважаюць два колеры, чырвоны і чорны. Нарвежцы вельмі любяць чырвоны. Мо таму, што ёсць у ім актыўнасць і танізуючае ўздзеянне. А ў паўночных краінах, дзе мала сонца і лета кароткае, гэта істотна. Яшчэ адзін колеравы акцэнт — сепія старых фотаздымкаў.
У музеі разумна выкарыстаны літаральна кожны сантыметр прасторы. Асобныя фота і дакументы нават «урэзаны» ў падлогу, зноў-такі чырвонага колеру. Шмат фотаздымкаў, якія даюць уяўленне пра драматурга. Ёсць асабістыя рэчы. Хапае кіна- і тэатральных афіш з розных краін, дзе былі пастаўлены п’есы. Кінуўся ў вочы той самы «Лялечны дом», але шрыфт — кітайскія іерогліфы. Нора — бландзінка з еўрапейскім тварам, адвакат Торвальд, яе муж, — кітаец. Магчыма, у тым спектаклі да ўсяго іншага дадаўся канфлікт ментальнасцей.
У зацемненым пакоі музея, дзе замест сядзенняў — высокія прыступкі, нон-стопам ідзе 20-хвілінны фільм пра Ібсена. У стужцы з’яднаныя дакументальныя кінакадры, фота сям’і, бацькоў, родных, нарвежскіх і замежных гарадоў, дзе жыў драматург, сцэны са спектакляў. Уразіў быццам і просты прыём: некалькі фрагментаў фіналу «Лялечнага дома» ў розных тэатрах. Нора і яе муж Торвальд Хельмер. Развітанне. Яна вяртае ключы ад дома. Або здымае з пальца заручальны пярсцёнак. Сыходзіць. У адной пастаноўцы, другой, трэцяй... Бразгаюць цяжкія дзверы. І не моцна, але ад іх такі рэзананс, што ўспрымаецца як удар. Фінальная кропка лёсу.
Герой імкнецца вярнуць жонку і амаль крычыць. Па-нарвежску атрымліваецца «Н’ёра!». Гэта драма двух прыгожых, інтэлігентных, высакародных людзей. Для абодвух ранейшае ўсталяванае і спакойнае жыццё скончылася. А якім яно будзе далей, ніхто не ведае. «Н’ёра!», «Н’ёра!». Спадзяванне і адчай. І разуменне: нічога не вернецца — ні яна, ні агульнае шчасце.
Парк скульптур
Выходзіш з музея, мінаеш Каралеўскі палац, крочыш вулачкамі Осла ў паўночна-заходнім кірунку — і праз гадзіну выходзіш да аб’екта, які часцей за ўсё наведваюць у сталіцы Нарвегіі. Фрогнер-парк — гэта і парк скульптур Густава Вігеланда, дзе разам сабраны працы знакамітага нарвежца. Тэрыторыя 450 квадратных метраў, 1,5 мільёны наведнікаў у год. Прыемная і камфортная прастора. Яно і не дзіва! Бо побач зялёныя газоны, фантаны, шырокія алеі, паркавая сажалка з птушкамі. Але і сведчанне незвычайнай прадуктыўнасці творчай працы. Вігеланд за сваё жыццё стварыў каля 1600 скульптур, пакінуў 12 тысяч малюнкаў і больш за 420 гравюр на дрэве. Фантастыка! Паркам, дзе знаходзіцца каля 200 ягоных скульптур, майстар займаўся на працягу двух дзесяцігоддзяў. Тут стаіць помнік яму, тут знаходзіцца ягоны музей.
Уздоўж парапета — амаль 60 бронзавых аголеных скульптур. Тыпаж герояў у нечым няўлоўна падобны. А эмоцыі розныя — задуменнасць, пяшчота, гнеў, страсць. Тэма стасункаў мужчыны і жанчыны, стадый жыцця і тэма смерці былі галоўнымі для мастака.
Ля сажалкі ёсць круглая пляцоўка з дзіцячымі скульптурамі. За мостам яшчэ адна кампазіцыя — «Фантан». Лесвіца вядзе да галоўнай працы майстра, 15-метровага абеліска «Маналіт». Уражанне, што калона, дзе экспрэсіўна з’ядналіся больш як сто чалавечых цел, скіравана ў неба. Вакол яшчэ амаль 40 кампазіцый, якія ўвасабляюць розныя станы і настроі. «Маналіт» адкрылі пасля смерці мастака, у 1943-м. Апошняя скульптура была ўсталявана ажно ў 2002 годзе.
Да мастацкага стылю Вігеланда можна ставіцца па-рознаму. Зачароўвацца, з цікавасцю разглядаць, лічыць, што скульптура за наступныя дзесяцігоддзі неверагодна змянілася. Але нельга не захапіцца ідэяй. Блукаючы па парку скульптур, разважала: ці рэальна, каб у нашай сталіцы ўзнікла аналагічная з’ява? Наўрад ці. Думаю, пераможа рэўнасць і зайздрасць калег, якія лічаць сябе ў большай ступені вартымі гонару. А калі парк калектыўных прац?.. Таксама сумняюся, што ён у нас можа з’явіцца ў будучыні. Хоць вопыт Осла сведчыць: падобныя мастацкія аб’екты надзіва запатрабаваныя! Дадам: уваход у парк бясплатны і трапіць туды можна ўвесь час. Праўда, знаёмыя, якія выпраўляліся ў парк бліжэй да ночы, сцвярджалі, што экспрэсіўныя скульптуры, падсвечаныя, дый яшчэ ў цемры, — відовішча не для тых, у каго слабыя нервы.
На радзіме Грыга
І прафесіянал, і аматар музыкі не можа з дзяцінства не ведаць і не любіць творы гэтага нарвежскага кампазітара. Кранаюць да глыбіні душы «Песня Сольвейг» і «Смерць Азэ», уражвае экстатычнасцю твор «У пячоры горнага караля». Музыку да драмы «Пер Гюнт» Эдвард Грыг напісаў у 1874—75 гадах на просьбу Ібсена. Потым яна ператварылася ў сюіту і партытуру балета.
У сярэдзіне 1960-х спектакль з такой назвай быў увасоблены ў Мінску Атарам Дадышкіліяні. Памятаю пастаноўку, як і выкананне балерынамі Людмілай Бржазоўскай і Вольгай Лапо партыі Сольвейг. Роля аказалася надзвычай яркім стартам творчай біяграфіі кожнай. На пачатку 1990-х я ўбачыла ў Маскве версію «Пер Гюнта», ажыццёўленую знакамітым нямецкім балетмайстрам Джонам Наймаерам, але на музыку Альфрэда Шнітке. Гэта здарылася падчас гастролей Гамбургскай оперы.
Калі зайшла гаворка пра ібсенаўскага героя, нагадаю: у Осла ў снежні 2014 года адбылася сусветная прэм’ера «Пер Гюнта». Але оперы. Яе музыка і лібрэта належаць сучаснаму эстонскаму кампазітару Юры Рэйнверэ. Дарэчы, рэжысёрка спектакля Сігрыд Стрэм Рэйбо — выпускніца ГІТІСа і лаўрэатка расійскай «Залатой маскі». Лібрэта напісана на нямецкай, а для пастаноўкі ў Осла тэкст пераклалі (!) на нарвежскую.
Аднак вернемся да асобы Грыга. Думаю, належным чынам зразумець творчасць нацыянальнага генія можна, толькі трапіўшы на яго радзіму і паблукаўшы тымі сцежкамі і вулачкамі, якімі крочыў музыкант. Прырода і асяроддзе, архітэктура і нават паветра могуць падказаць крыніцы ягонага натхнення.
Берген, дзе Грыг нарадзіўся, сапраўды дзівіць. Ён утульны, маляўнічы і рамантычны. Гістарычная частка нагадвае неверагодную тэатральную дэкарацыю, бо маленькія, амаль цацачныя домікі невядома як прытуліліся да высознай гары. Берген знаходзіцца на беразе Паўночнага мора, таму ўвесь час адчуваеш свежыя вятры з Атлантыкі. У такой прасторы вельмі камфортна. Тут хочацца застацца, магчыма, назаўсёды. Бо ўсё разам — экалогія, архітэктура, атмасфера — супер! Вядома, уражвае стары ганзейскі порт. Кварталы даўняй забудовы, у тым ліку Бруген, унесены ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Маляўнічасці дадаюць і горы. Трапіўшы ў Берген, я найперш выправілася да фунікулёра, які ўздымае на самую вяршыню гары Флёен. З вышыні 320 метраў панарама горада захапляе! Вецер такі, што здаецца, зломіць вяршыні дрэў. А ўніз спускаешся пешкі. Ідзеш больш за гадзіну, дыхаеш моцным і густым водарам хвоі. Дзівішся магутным дрэвам, якія растуць на камяністай глебе. І думаеш, што, магчыма, Грыг хадзіў гэтымі сцежкамі, бо пасля напружанай вучобы ў Лейпцыгу ў яго шмат гадоў былі слабыя лёгкія. Усё жыццё музыкант пакутваў на сухоты, а ў апошнія гады дыхаў толькі часткай левага лёгкага. У горы кампазітар любіў выпраўляцца часта. Як і слухаць ігру народных скрыпачоў, падоўгу жыць у вясковай глушы побач з сялянамі, рыбакамі і лесарубамі.
Свет ведае Грыга як кампазітара, але ён быў таксама дырыжорам, піяністам, музычным дзеячам. Пры ягоным актыўным удзеле ў 1867-м у Хрысціяніі (ранейшая назва Осла) адбылося адкрыццё Музычнай акадэміі, першай нарвежскай музычнай навучальнай установы. Пазней Грыг засноўвае Музычнае таварыства. У родным горадзе кіруе канцэртным таварыствам «Гармонія». Летам 1898-га арганізоўвае ў Бергене першы фестываль нарвежскай музыкі, удзел у ім прынялі ўсе нацыянальныя кампазітары і буйныя музычныя дзеячы. Такія фэсты ладзяцца да цяперашняга часу.
У гістарычнай частцы горада — агромністая канцэртная зала Грыгхален. Агледзела будынак з усіх бакоў. Як кажуць архітэктары, зала дакладна «ўпісана» ў асяроддзе, але падалася надта простай па візуальным вырашэнні. У Бергене пабачыла некалькі помнікаў кампазітару. Аглядаючы іх, разумееш, што Грыг меў невялікі рост (насамрэч усяго 152 см). Як, дарэчы, і ягоная жонка, спявачка Ніна. Менавіта таму ў Трольхаўгене, доме музыканта, які знаходзіцца недалёка ад Бергена, уся мэбля (крэслы, сталы) была мініяцюрная і зробленая на заказ. На сценах шмат партрэтаў любімых Грыгам кампазітараў — Моцарт, Вагнер, Бетховен, Шуман. Гонарам музея лічыцца раяль Грыга. Музыканты Бергена падаравалі яго Эдварду і Ніне падчас сярэбранага вяселля.
Трольхаўген (узгорак троляў) знаходзіцца высока ў гарах, паміж двух марскіх заліваў. Цяпер тут мемарыяльны дом-музей Грыга. Цікава, што недалёка ад дома гаспадар пабудаваў флігель, так званую хаціну кампазітара. Яна простая, невялічкая, цёмна-чырвонага колеру. Такіх домікаў шмат на ўзбярэжжы фіёрдаў, яны часта сустракаюцца, калі едзеш на цягніку з Осла ў Берген. Хаціна глядзіць на фіёрд. Ніякіх пампезнасці, раскошы і бляску. Паводле тастаменту кампазітара, ягоны прах пахаваны ў скале над фіёрдам недалёка ад вілы.
Больш за 30 гадоў таму ў лагчыне, недалёка ад дома Грыга, пабудавалі Трользален — канцэртную залу, дзе штогод адбываецца каля 300 канцэртаў класічнай музыкі. Праз дзесяць гадоў пасля залы з’явіўся новы будынак музея. Цяпер тут комплекс — віла, працоўны флігель, канцэртная зала і ўласна музей. Захапляючыся Бергенам і наваколлем, разумееш: такую музыку, як у Грыга, можна было напісаць, натхняючыся менавіта гэтай суровай і магутнай прыродай.