Усё думаў, як жа абыграць яго прасторы і сэнсы, меркаваў выкарыстоўваць складаныя камбінацыі з наяўных там статуй, сучасных артэфактаў і з ужываннем новых мультымедыйных тэхналогій. Але ў выніку зразумеў, што не трэба нічога. Музей Азгура — цэльны і самадастатковы. Няма чаго трансфармаваць і дадаваць — варта супрацьпаставіць.
Так у музеі з’явілася «Плюха» — надзённае мастацкае выказванне пра сучасную скульптуру. Яго найважнейшая частка і адзін з полюсаў — сталая экспазіцыя Мемарыяльнага музея-майстэрні Заіра Азгура, якая складаецца з некалькіх сотняў сацрэалістычных бюстаў і статуй. Уражлівы збор прац Азгура ўяўляе з сябе апафеоз скульптурных цялеснасці, дэталізаванасці, пераканаўчасці і сур’ёзнай такой упартасці, іншымі словамі — прафесіяналізму. Мая сціплая экспазіцыя ў малой выставачнай зале музея — процілеглы полюс аўтарскага паслання. Яна складалася з манументальнага пластыкавага муляжа жавальнай гумкі, прылепленай зверху да скульптурнай тумбы. Гэта ўсё. Dixi.
Гіпертрафаваная жуйка-плюха ілюструе маё адчуванне феномену беларускай скульптуры, часткай якога я з’яўляюся. Безгустоўнасць, бясформеннасць, шматразовая перажаванасць сэнсаў і пластычных канцэптаў... Менавіта гэта чакае айчынную скульптуру, калі мы працягнем разжоўваць традыцыйныя каштоўнасці, з невыразнымі (дзіва што — рот жа заняты) песнямі пра захаванне «класічнай скульптурнай школы» ў асобна ўзятай краіне. Сумна глядзець на нашы новыя помнікі, і яшчэ больш сумна і ніякавата вырабляць іх самому. Я магу, вядома, валіць усё на традыцыю і неразвітыя густы соцыуму, але праўда ў тым, што ніхто — уключаючы мяне самога — не жадае нічога змяняць.
«Плюха» задумвалася як індывідуальны маніфест, як запрашэнне да абмеркавання тых, каму гэта тэма неабыякавая. На жаль, прафесійная супольнасць выставу праігнаравала, а шкада. Магчыма, вышэйсказанае выглядае для кагосьці крыўдным. Але крыўдзіць якраз нікога не хацелася. Асабістая справа кожнага — рабіць тое, што лічыш правільным. «Плюха» тычыцца найперш мяне самога — маёй уласнай няздольнасці змяніцца.
Хацелася — аднак не атрымалася — абмеркаваць нюансы калектыўнага (глядацкага і аўтарскага) асэнсавання выставы. Былі непасрэдныя стасункі з наведнікамі ў фармаце artist talk: я правёў некалькі аўтарскіх экскурсій, і быў узрадаваны, выявіўшы зацікаўленых людзей. Дыскусіі ў Інтэрнэце так і не адбыліся, а адзіным мастацтвазнаўчым артыкулам пра выставу стане хіба што гэты.
«Плюха» апынулася выказваннем без адказу, мёртванароджанай.
Але вось другая падзея, якая адбылася разам з яе адкрыццём, здаецца, мае перспектывы. Першы беларускі фэст постскульптуры — мультымедыйны праект, які дэманструе магчымасці скульптуры. Разам з вядомым літаратарам і перформерам Іллёй Сінам мы задумвалі фэст як мультымедыяпадзею, прысвечаную новым магчымасцям мастацтва 3D, і спадзяваліся на яе яркасць, відовішчнасць, інтэрактыўнасць — у процівагу звычайнай для сучаснай беларускай скульптуры сумнай бронзакаменнасці, адарванай ад зямлі і гледачоў пастаментамі.
Чаму фэст матэрыялізаваўся? Праз асцярогі, што проста пластмасавай жуйкі, прылепленай зверху на скульптурны подыум, хай і асвячонай традыцыйным шампанскім адкрыцця, недастаткова для паўнавартаснай падзеі. У выніку ў музеі здарыўся аншлаг і аказалася, што больш за 150 гасцей не змаглі ўбачыць усё запланаванае. Гэта мінус. Але яны сустрэліся і пагутарылі — гэта плюс. Высокая канцэнтрацыя добрых людзей на квадратны метр музея-майстэрні была пазітыўным скрыўленнем у сталічнай сацыяльнай прасторы, якое змаглі стварыць выстава і фэст.
А яшчэ з’явілася нагода канцэптуалізаваць перспектывы скульптуры (постскульптуры), што пазбаўляе выставачнае выказванне «Плюхі» закончанасці і, адпаведна, негатыўнасці.
Удзельнікі фэсту пашыралі паняцце скульптуры як маглі — пры дапамозе сродкаў і тэхнік, у якіх яны атрымалі поспех: Аляксей Церахаў — відэа, Канстанцін Мужаў — перформансам, VJ Solar Olga & Pavel Ambiont — віджэінгам, «Экзарцыстычны Gesamtkunstwerk» у складзе Іллі Сіна, Яўгенія Рагозіна, Паліны Вялічка, Паўла Вайніцкага — мультымедыядзеяй і Сяргей Пукст — гукам.
Канцэпт постскульптуры натхнёны бліскучым тэарэтыкам мастацтва Разалінд Краўс і вынайдзеным ёю паняткам «скульптура ў пашыраным полі». Яна выбудоўвае сваю схему пашырэння разумення скульптуры, адштурхоўваючыся ад мадэрнісцкага вызначэння гэтага мастацтва як не-архітэктуры і не-ландшафту («Скульптура — гэта тое, на што мы натыкаемся, калі адыходзім паглядзець на жывапіс», — як сказаў калісьці Барнэт Ньюмэн). Выкарыстоўваючы постструктуралісцкія метады, Краўс лагічна трансфармуе, пашырае апазіцыю «скульптура — гэта не ландшафт і не архітэктура». Пры дапамозе простай інверсіі Краўс выяўляе гэтыя ж проціпастаўленні, але пазітыўна, як сцвярджэнні. У выніку яна атрымлівае лагічна пашыранае сэнсавае поле, на якім становіцца магчымым тэарэтызаваць сучасныя ёй практыкі лэнд-арту. (Гл. ілюстрацыю: чыстае проціпастаўленне — проста стрэлачкі; сувязь супярэчнасцяў, інвалюцыя — падвойныя стрэлкі; імплікацыйная сувязь — курсіўныя стрэлкі.) Гэтая схема ў фармулёўцы Краўс з’яўляецца комплекснай, то-бок скульптура адначасова можа быць і ландшафтам, і архітэктурай, прычым ландшафт і архітэктура могуць вызначаць скульптурнае не толькі ў негатыўным сэнсе, як гэта было ў пострэнесансным мастацтве. Цікава, што скульптура ў традыцыяналістычным разуменні знаходзіцца на перыферыі новага пашыранага поля. У схеме Разалінд Краўс ёсць месца для тэарэтызавання прац Роберта Смітсана (маркіраваныя месцы), Мэры Міс (месца-канструкцыя), Рычарда Сера (аксіяматычныя структуры) і многіх іншых.
Такім чынам, мы ведаем, што скульптура — гэта від мастацтва, які мяркуе стварэнне трохмерных твораў. Усё слушна, але ў інтэрнацыянальнай тэарэтычнай літаратуры скульптура тлумачыцца значна шырэй. Канцэптуальнае пашырэнне тэрміна «скульптура» абвешчана шматлікімі тэарэтыкамі і мастакамі. Сярод найбольш характэрных ідэй, напрыклад, такія, як аптычнае не-прадметнае ўспрыманне скульптуры, сфармуляванае ў шасцідзясятых Кліментам Грынбергам, тэарэтыкам амерыканскага абстрактнага экспрэсіянізму. Ён лічыў, што для нетрадыцыяналістычнай статуі ў першую чаргу важная візуальнасць, а не аб’ём, абцяжараны масай і фактурай матэрыялу.
Таксама не менш знакавым этапам у пашырэнні сэнсавага поля скульптуры сталі ідэі, народжаныя крыху пазней — у рамках інтэрнацыянальнага руху лэнд-арту, перадусім, мабыць, экспансія ў рэальнасці вонкавую (ландшафту) і ўнутраную (гледача) амерыканца Роберта Смітсана.
І, безумоўна, нельга праігнараваць канцэпт «сацыяльнай скульптуры» Ёзэфа Бойса. Класік паваеннага нямецкага мастацтва лічыў, што любое пазітыўнае сацыяльнае дзеянне з’яўляецца скульптурай, а любы чалавек — мастак.
Сучасная тэорыя працягвае пільна разглядаць скульптурную сацыяльнасць, ці «грамадскасць», мы ж нашым фэстам паспрабавалі прайсці яшчэ трохі далей па шляху даследавання новых магчымасцей скульптуры, не адпрэчваючы яе асноўную характарыстыку — аб’ём. Так, аб’ём, аднак не абмежаваны трыма вымярэннямі. Больш таго, мы намерваемся адшукаць і прад'явіць іншыя формы (скульптурных) аб’ёмаў. І таму за Першым фэстам постскульптуры абавязкова рушыць услед Другі.
А пакуль было вось як... Насуперак усім правілам, фэст адкрыў яго хэдлайнер, жывая легенда беларускага кліпмэйкерства — Аляксей Церахаў. І гэта была сусветная (!) прэм’ера ягонага новага кліпа. Ленінская тэма і пластылін выразна вызначылі відэа Аляксея ў прасторы музея і нашай праграме. Выкарыстоўваючы жывое чалавечае цела, гук і відэа ў якасці скульптурных матэрыялаў, група «Экзарцыстычны Gesamtkunstwerk» прэзентавала два перфарматыўныя творы: балет «9 падзенняў» і публічнае ўзвядзенне помніка пры жыцці. VJ Solar Olga & Pavel Ambiont выбудавалі складаны віртуальны аб’ём без фізічнай трохвымернасці — толькі экраны і аўдыясэт у цемры. Канстанцін Мужаў прадставіў свой перформанс, які выразна дэканструяваў манументальную скульптуру. Літаральна. Перформер разбурыў велізарнага кентаўра з надзіманых шароў пры дапамозе пугі і ўласнага аголенага цела. Завяршальнай медытатыўнай нотай фэсту стала прэзентацыя новага альбома Сяргея Пукста — у прыцемку сярод гіпсавых статуй і бюстаў. Адзін з якіх уступіў у гутарку з гледачамі. Гэта і быў Сяргей, загрымаваны пад уласны скульптурны партрэт.
Не ўсё адбылося так, як хацелася, аднак першы фэст на тое і першы, каб не быць дасканалым. Мы, арганізатары, удзячныя нашым выдатным гасцям і ўдзельнікам, а асабліва — супрацоўнікам музея. Дзякуючы ім складаная ў тэхнічным вымярэнні імпрэза атрымалася зладжанай. Спадзяюся, у наступным годзе нашы сумесныя высілкі зробяць Другі фэст яшчэ больш цікавым і відовішчным. Усё ў імя скульптуры — сумленнага мастацтва ў трох прасторавых вымярэннях — без двухмерных ілюзорнасцей і зману. Скульптуры — пасля (традыцыйнай) скульптуры.