Ідэя, калі будучыя артысты балета ствараюць нумары для аднакласнікаў і аднакурснікаў (а часам сябе), — вельмі прадуктыўная! Яна развіваецца і ўдасканальваецца. Відаць, што і самыя малыя, і больш сталыя выхаванцы ставяцца да працэсу з вялікай ахвотай. Зразумела, сачыненне нумара разнявольвае фантазію, вучыць бачыць свет у харэаграфічных вобразах, знаходзіць актуальныя тэмы і сюжэты, шукаць у пластыцы экспрэсіўнасць. Другі год запар у праекце прымаюць удзел танцавальныя групы — і гэта яскравае сведчанне ягонай папулярнасці.
Адметнасць імпрэзы «Пачатак» выявілася ва ўвазе да музычнай асновы кампазіцый. Бо яна ўплывае не толькі на рытм, настрой, але і на агульнае вобразнае рашэнне. Прысутнічала класіка замежная і руская, опусы папулярных гуртоў, але хапала і твораў айчынных кампазітараў (Кандрусевіч, Лучанок).
Увогуле дзівіла багацце фантазіі, вынаходлівасць юных пастаноўшчыкаў ды педагогаў, якія сачынялі нумары для вучняў. Мініяцюра «Белая ластаўка» (ёю адкрывалася праграма) не надта складаная па харэаграфіі, але добра вывучана, лірычна-спеўная. «Нічога не бачу, нічога не чую, нічога нікому не скажу» — назва як быццам жартаўлівая, але насамрэч пра драматычны лёс трох дзяўчын, адна з якіх сапраўды не бачыць, другая не чуе, трэцяя пазбаўлена магчымасці размаўляць. Глыбока кранальнай, трагедыйнай па гучанні атрымалася кампазіцыя «Хатынь» (на музыку песні Лучанка), увасобленая маленькімі артыстамі. У іншай, камедыйнай танальнасці была вырашана характарна-ігравая мініяцюра «Шпана» (на музыку з фільма «Ліквідацыя»), вучні 6 і 7 класаў выконвалі яе з відавочнай асалодай. Красамоўныя назвы нумароў: «Пабег з рэальнасці», «Полька з хустачкай», «Самая лепшая частка мяне», «Натхненне».
Сярод двух дзясяткаў выступаў вылучаліся кампазіцыі педагогаў. Найперш гэта «Вальс на тысячу тактаў» у пастаноўцы Вольгі Лапо. Музыка Жака Брэля і харэаграфія ідэальна адпавядалі адно аднаму. Маладзенькія артысткі нагадвалі ці то гарэзлівых белых матылькоў над лугам, ці то танцоўшчыц з мюзік-хола. Нумар, якому ўласцівы шарм, вытанчанасць і лёгкі гумар, перадаваў водар і адметнасць менавіта французскай культуры. Запомніўся і «Мегаполіс» з харэаграфіяй Маргарыты Панковай. Масавыя сцэны з іх досыць простым малюнкам і складаная пластыка ў дуэтах нараджалі вобраз натоўпу і сучаснага горада. Тут кожны адасоблены ад іншых і паглыблены выключна ў сябе, а траекторыі рухаў (і лёсаў) амаль не перакрыжоўваюцца. Думаю, такія пастаноўкі варта было б паказаць падчас «Беларускіх музычных сезонаў у Францыі»: яны і сучасныя, і стыльныя.
Справаздачныя канцэрты вучэльні заўжды праходзяць з аншлагам, тут збіраюцца не толькі фанаты, сваякі, бацькі, але і профі, якія прыходзяць убачыць вынікі навучання і будучых калег. Апошні па часе праект атрымаўся больш цікавы, чым леташні, юбілейны, дзе шмат часу і сіл забралі ўрачыстасці і віншаванні.
Заўважу: калі праграмы каледжа робяцца з густам, дык шмат у чым гэта заслуга мастацкага кіраўніка Інесы Душкевіч. І гэтым разам назіраўся разумны баланс розных кірункаў танца. Так, дамінавала класіка. Але ўрыўкі з балетаў («Карсар», «Марная перасцярога»), якія не тыражуюцца з аднаго канцэрта ў другі. Годна былі прадстаўлены сучасныя харэографы — Ніна Дзьячэнка, Юрый Пузакоў, Юрый Лапша. Асобнага разгляду вартыя нумары Дзмітрыя Залескага («Тата, або Той, каго я буду чакаць заўжды») і Сяргея Мікеля («Тыя, што сышлі з карцін Клімта»). Характарных і народных пастановак няшмат (фрагмент з «Дон Кіхота», «Яўрэйскі танец», «Танец лаўтараў»), але яны выглядалі яркімі, імклівымі, здатнымі «завесці» залу.
Сёлета каледж не прэзентаваў багата выпускнікоў, гэта не тыя «гронкі», што былі ў мінулыя гады. Але два сярод іх успрымаюцца як вельмі перспектыўныя — Эван Капітэн (ён танцаваў харэаграфію Баланчына і Пеціпа) і Андрэй Лагуненка (уразіў паветранымі скачкамі і тэхнічнасцю ў фрагменце з «Карсара»). Абодва вучні педагога Аляксандра Калядэнкі.
У другім аддзяленні мы пабачылі аднаактовы «Прывал кавалерыі». Дастаткова ўдалы выбар. Па-першае, юныя артысты і выпускнікі танцавалі не пад запіс, а пад жывы аркестр (дырыжор Іван Касцяхін). Па-другое, «Прывал» — жывы, камедыйны спектакль з нескладаным сюжэтам. У ім шмат герояў, і гэта дае магчымасць заняць у класічных і характарных танцах многіх артыстаў. Відавочны вялікі аб’ём працы педагогаў-рэпетытараў, у дадзеным выпадку іх было ажно шэсць. Раскаванымі і тэхнічна ўпэўненымі выглядалі выканаўцы галоўных партый Яна Койпіш (Марыя), Андрэй Лагуненка (Пётр), Дар’я Тамаровіч (Тэрэза).
...Такім чынам, свята адбылося, фанфары адгучалі, кветкі падораны. А як складзецца артыстычны лёс кожнага з выпускнікоў і тых, хто заканчвае навучанне, — сёння ніхто не скажа. Адказ на такое пытанне дасць толькі час.