Калі ў «першым выданні» ўсе жанры былі змешаны, то цяпер «СРМ» дарос да пяці конкурсных праграм — ігравой, дакументальнай, эксперыментальнай, анімацыйнай, а таксама асобнай праграмы беларускага кіно. Сталі традыцыйнымі пазаконкурсныя праграмы «Дзэн/Трэш» (фільмы, што прымушаюць «прасвятліцца», дасягнуць абсалютна невідавочнай ісціны праз негламурную карцінку і дзіўны сюжэт) і «Маладое расійскае кіно». З’явіўся абсалютна новы фармат — секцыя «Visual music», якая не мае аналагаў на іншых беларускіх фестывалях: гэта не проста кліпы, а візуальныя мастацкія творы, куды музыка ўваходзіць як адзін з кампанентаў нароўні з колерамі, рухамі, формамі.
За час свайго існавання «Cinema Perpetuum Mobile» пазнаёміўся і пасябраваў з іншымі міжнароднымі фестывалямі — польскімі «Zubroffka» і «O!PLA», славенскім «Stop Trik», нямецкім «Grenzland-Filmtage Selb», косаўскім «Dokufest», дзякуючы гэтаму ў праграме з’явіліся партнёрскія паказы, прайшлі адукацыйныя майстар-класы шведскай рэжысёркі Карын Брэк і шатландскай мастачкі Ханны Хэркс і адбылася прэзентацыя кнігі праграмнага дырэктара фестывалю «Stop Trik» Міхала Баброўскага.
Канцэпцыяй «СРМ-2016» стала «пагружэнне ў кіно»: кароткі метр — канцэнтраванае асяроддзе, таму арганізатары імкнуліся забяспечыць максімальную глыбіню сінематаграфічнага дайвінгу, каб паспець сказаць самае галоўнае за вельмі абмежаваны час. Сяброўства, непрыняцце, каханне, расчараванне, захапленне, адчуванне самоты ці прыналежнасці да супольнасці, сама сутнасць жыцця — увесь магчымы дыяпазон таго, на што здольнае святло праектара, адлюстраванае на белым экране.
Стужкі ігравой праграмы з розных месцаў зямной кулі датычыліся кахання — ці таго, што магло б ім стаць. Паміж культурнымі наслаеннямі, якія ствараюць перашкоду на шляху нашых індывідуальных памкненняў, і нечым няўлоўна агульначалавечым раптам не апынулася непераадольных межаў. Дворнічка Валя з Кіева («Лістапад» Марыі Кандаковай), здымаючы спяцоўку, агаляе трапяткую душу самотнай жанчыны. Яна марыць пра падарожжы, сустракае мужчыну і страчвае яго. Застаецца гераіня ў сваёй хатцы ці з’язджае — мы так і не даведваемся. Стары рыбак Папэ («Папэ» Нікаля Паліксэна) усё жыццё займаўся толькі рыбным промыслам на беразе Карыбскага мора і рабіў гэта лепш за ўсіх. Ён у роўнай ступені аддадзены лодцы, якая корміць яго, і каханай жонцы. Дасканаласць ва ўсім вылучае Папэ, за што рыбак мае ўсеагульную павагу, а добрыя памкненні вяртаюцца да яго і ахінаюць хваляй, цёплай і любячай. Хлопчык Паўль з Германіі («Пагадненне з мурашамі» Бенджаміна Марцінса) — ахвяра дзіцячай гей-прастытуцыі. Гэта гісторыя пра падлетка, адкрытага сусвету, які ніколі не спазнае кахання праз жорсткасць і нянавісць людзей, што сустракаюцца на яго шляху. У канву трагедыі героя ўплятаюцца дакументальныя дыялогі з маладымі людзьмі і дзяўчынай, якія вымушаны прадаваць свае целы дзеля заробку. Стужка Алены Брочы «Складныя байдаркі і намётавыя калочкі» малюе ўжо камічную карціну (нават мапу) нямецкага разумення, як трэба праводзіць «дзікі» адпачынак. Дзейныя асобы бавяць час на прыродзе, знаёмяцца і пакідаюць адно аднаму добрыя летнія ўражанні. Перамагла ў секцыі драма Зака Расэла «Яна заступіла да заваявання». Жанчына, якая працуе ў скетч-шоу, абірае ў якасці свайго героя для стэндапа пажылога мужчыну, а пасля сустракае менавіта такога ж у бліжэйшым бары. Паміж імі маглі б быць нейкія адносіны і пачуцці, але гераіня не ўмее развітвацца — і ад іх сустрэчы застаецца толькі ўспамін...
Дакументальны конкурс быў прасякнуты ідэяй шляху і лёсу. Фільм пра расійскага астранома «Досвед нябесных свяцiлаў» (рэжысёр Антон Маісеенка) зняты як аўтапартрэт. Герой разважае пра віртуальнае жыццё і прагу чалавека да ўтопіі. Што з іх штучнае, а што натуральнае — яшчэ адна падстава для дыскусіі. Дакументальны арт «Прах: жыццё, якога мне б хацелася» Габрыэле Фальсэты — тэатральная пастаноўка, у якой удзельнічаюць людзі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Драматызм іх жыццяў не выклікае жалю, толькі сапраўдны катарсіс ад захаплення рытмам чаргавання прыгожага і ўзвышанага. «Вялікдзень» беларускай аўтаркі Дар’і Юркевіч — антрапалагічная замалёўка пра пробліск сакральнага ў шэрай прасторы бетоннага мікрараёна. Прымаўка «Бог жабраваў і нам казаў» робіцца больш яркай, калі накладаецца на вымушанасць ісці свяціць ежу на Велікоднае свята. Вернікі прыходзяць пацярпець на асвячэнне — пачакаць, пастаяць, паслухаць казанне. «Аніма» Сымона Жыльяра — гэта партрэт Заходняй Афрыкі. Даследаванне колераў, пахаў і гукаў, больш падобнае да рухомага малюнка, чым драматычнага сюжэту. Але драматычная сама фактура Афрыкі — паляванне на жывёл, павучкі, дзеці, неба і зямля. Самым яскравым увасабленнем перапляцення лёсу і шляху стаў пераможца — фільм «I да начлегу шлях далёкi» Ганны Хавiціе. Яшчэ ў раннім дзяцінстве Ашат прадалі ў рабства — яна нават не памятае, ці былі тыя людзі, якіх яна лічыла сваімі бацькамі, сапраўды яе сям’ёй. Некаторы час яна жыла ў прыёмнай сям’і арабаў у Францыі, потым дзяўчынку зноў перапрадалі ў Афрыку, і толькі пасля разглядання справы Ашат у спецыяльным камітэце ААН яна змагла знайсці прытулак у Фінляндыі. Але і гэты пункт — толькі пачатак шляху, які яна яшчэ не абрала.
Моцнай была канкурэнцыя ў анімацыйнай секцыі — але нават не праз тое, што ў ёй прысутнічала намінаваная на «Оскар» кароткаметражка Канстанціна Бранзіта «Мы не можам жыць без космасу». Хоць гісторыя двух сяброў-касманаўтаў вельмі кранальная, яна згубілася на фоне іншых прац, адметных малюнкам і сюжэтам. Кафкіянская анімацыя Генадзя Бута «Яно» — сапраўдны фільм жахаў. І нават не жахаў у множным ліку, а аднаго ўсёпаглынальнага жаху, з якім герой змагаецца, мабыць, не для выратавання сябе, а для выратавання гледача ад падзення ў невыносную цёмную пустэчу. Харвацкі сюррэалістычны фільм «Цобан» Маціі Пісачыч прысвечаны Лайцы, першай жывой істоце ў космасе. Выдатнае візуальнае рашэнне адпавядала шырыні задумы паказаць футурыстычна-апакаліптычны сусвет, дзе сабака на касмічным караблі далятае да невядомай планеты з Мойрай, якая строчыць на швейнай машынцы лёсы і прышывае сабаку да падобнага да жанчыны механічнага агрэгата. Дзякуючы гібрыдызацыі сабака здолее вярнуцца ў жаночым вобразе да Цобана і застацца з ім. Аповед «Касцілія і ваяр» Пэдра Харэса, як напісана ў цітрах, заснаваны на рэальных падзеях. Змаганне са стыхіяй і з рыбай, бясплённае і суворае, паказана праз рэзкія лініі і змрочнасць чорна-белай афарбоўкі, больш чорнай, чым белай. «Гуіда» Разаны Урбэс распавядае пра жанчыну, працаўніцу бібліятэкі, якая вырашыла на пенсіі стаць мадэллю для мастакоў — менавіта тут яна заўважыла, што іншыя таксама могуць бачыць яе ўнутраную і знешнюю прыгажосць. Узнагароду журы атрымала «Краіна каўбояў» Дэвіда Штумпфа. Мінімалістычнасць і лаканічнасць часцяком з’яўляюцца прыкметамі высокага прафесіяналізму — так і адбылося з гэтай стужкай, дзе каўбоі напіваюцца, ездзяць на конях, страляюць і трапляюць за краты. Проста і элегантна.
Беларуская конкурсная праграма амаль стала адгалінаваннем дакументальнай — з сямі фільмаў былі два ігравыя і адзін эксперыментальны. Дзіўна, што сёлета не было ніводнай анімацыйнай стужкі. Вытлумачэннем такой сітуацыі можа быць тое, што дакументальныя фільмы вымагаюць менш фінансавых укладанняў у параўнанні з іншымі жанрамі. «Кансьерж» Роберта Сенэкі распавядае пра незадаволенасць выбарамі кансьержа, вынікі якіх прадказальныя праз безальтэрнатыўнасць. Фільм атрымаў спецыяльную адзнаку журы за адраджэнне жанру кінафельетону. Каханне і смерць ляглі ў аснову канфлікту «Таямніцы гарбатай ямы» Януша Гаўрылюка — адзін бандыт вывозіць іншага (свайго сябра дзяцінства) у ваколіцы Гродна, каб забіць яго. У пэўным сэнсе табуяваная для гледача і для саміх герояў тэма аднаполага кахання абыгрываецца ў смяротным зыходзе сцэны. Эксперыментальны фільм Вольгі Лабоўкінай «Пад іншым вуглом» — вынік працы майстэрні танца, твор прэзентуе новы для Беларусі жанр — відэаданс. «Заходнікі» Ягора Сурскага зняты па матывах экспедыцыі па збору дадзеных для Архіва вуснай гісторыі. Сведкі даваеннага жыцця з Заходняй Беларусі распавядаюць пра сваю маладосць і дзеляцца састарэлымі, як яны самі, антысавецкімі анекдотамі. Другі фільм Ягора Сурскага ў суаўтарстве з Мікалаем Жалудовічам, Дзмітрыем Нікіфаравым і Русланам Фядотавым — пра вядомага савецкага беларускага графіка Арлена Кашкурэвіча — «Я жыву ў гэтым горадзе». Выдатнай сінхранізацыяй з пазнавальным стылем мастака стаў відэашэраг мінскіх пейзажаў і партрэтаў. Гукі горада рэзануюць са словамі сталага мудрага чалавека і творцы, міксуюцца ва ўрбаністычны эпас. Яшчэ адзін фільм на гарадскую тэматыку, але ў незвычайным жанры дэтэктыву, — «Толькі ў Гродна!» Максіма Шведа. Рэжысёр вырашыў дайсці да ісціны і даведацца, каму належыць аўтарства тэксту культавай песні, аднайменнай назвы фільма. Гарадзенцы лічаць яе народнай, але ў песні сапраўды ёсць аўтар, якога нарэшце знайшлі і распыталі пра гісторыю стварэння шлягера і дух горада, з якога ён нарадзіўся. Пераможцам сярод беларускіх аўтараў стаў Максім Сарычаў з медыяпраектам «Двулапы сябра». Гісторыя пра выратаванне аднаго сабакі апынулася гісторыяй пра чалавечнасць і выйшла за межы фармату сацыяльнага роліка пра дабрачыннасць. Адказнасць за тых, каго мы абрахманілі, выхоўваецца і выяўляецца, незалежна ад таго, сабака гэта, кот ці чалавек...
Ну а «Cinema Perpetuum Mobile» — для ўсіх, хто хоча глядзець кіно. Фестываль стварае прастору для кінематаграфічнай супольнасці і зацікаўленых людзей, якая дае надзею на творчы супраціў нетрываласці нашай будучыні.
Ліна МЯДЗВЕДЗЕВА