Стужка «Марк Шагал. Пачатак» адлюстроўвае беларускі перыяд мастака, нараджэнне і жыццё ў Віцебску. Зразумела, перадаць на экране багатую на падзеі, каласальную біяграфію Шагала на працягу трынаццаці хвілін немагчыма, таму аўтар сцэнарыя Дзмітрый Якутовіч пабудаваў сюжэт як успамін творцы. Фільм пачынаецца моцнай метафарай: Шагал стаіць на вяршыні гары, што сімвалізуе заканчэнне вялікага і складанага шляху. Ён бачыць перад сабой космас, месяц, родны Віцебск. Вось месяц хістаецца, нібы ківач, і паўстае ў выглядзе маленькага люстэрка, якое выпраменьвае асаблівае святло і адбівае твар маленькага Шагала. Наш герой быццам свабодна пераходзіць з аднаго часу ў іншы.
Вядома, што ў дзяцінстве Шагал баяўся цемры, з якой паўставалі таямнічыя і фантастычныя вобразы. Але па карцінах відаць: ён не адрываўся ад зямлі і распавядаў гісторыю свайго часу. Такім шляхам пайшлі і аўтары беларускай стужкі — злучыць фантазію з рэальнасцю. Складанасць была ў тым, што яны не мелі права карыстацца дакладнымі візуальнымі цытатамі са славутых карцін, таму ўсе персанажы — а іх больш за пяцьдзясят — створаны асабістым уяўленнем і фантазіяй. Магутнай апорай сталі аўтабіяграфія «Маё жыццё» Шагала, яго жывапіс і графіка, непаўторная манера, якая ідзе ад фальклору, ад роднай мовы — ідыш, дзе ёсць свае метафорыка і паэзія. Падтрымкай стала і своеасаблівая кампазіцыя яго карцін. На думку рэжысёра Алены Пяткевіч, гэта сапраўды анімацыйныя палотны, якія нагадваюць кінематаграфічныя раскадроўкі.
У кожным малюнку адчуваецца вялікая любоў стваральнікаў фільма да свайго героя. Ёю прасякнуты абліччы персанажаў, ёмістыя фоны, рукатворныя жывапіс і графіка. Кожны кадр насычаны паэзіяй. Атрымліваеш асалоду ад матавага бляску бронзы і ценяў ад старых вагаў. Застаецца ў памяці вобраз бацькі мастака, які працаваў грузчыкам у рыбнай краме, і ягоны твар біблейскага прарока. На бацькавай вопратцы серабрыцца луска, а ў вялікіх кішэнях заўсёды ёсць падарункі для дзяцей. Выклікаюць добрую ўсмешку цётачкі Муся, Гуця і Хая, што цвыркаюць і пырхаюць, быццам стракозы з крылцамі, — нават яны лётаюць, як заўсёды ў Шагала. Дарэчы, прыгожая Бэла, славутая муза мастака, з’яўляецца эпізадычна, як юнацкая мара. І як метафара і лейтматыў жыцця — Шагал балансуе на канаце.
Шчыльны сюжэт і візуальная насычанасць стужкі не адмяняюць таго, што рэжысёрка Алена Пяткевіч і мастачка-пастаноўшчыца Ала Мацюшэўская першапачаткова планавалі рабіць усё проста і выразна. Мастачка, напрыклад, выпрацоўвала свой кінематаграфічны стыль, абапіраючыся на тэхніку перакладкі — напэўна, самую вытанчаную ў анімацыі. Адначасова ў фільме выкарыстоўваюцца разнастайныя тэхнікі, якія прысутнічаюць у палотнах вялікага майстра. Графіка вызначае сцэны, дзе радасны конік бяжыць па аблоках і нясе скрыпку. Жывапіс ярка ззяе любімымі фарбамі Шагала — залатым і ліловым. Менавіта дзякуючы творчай рызыцы і таленту Алы Мацюшэўскай у карціне з’явіўся незвычайны і яркі вобраз Шагала — з мудрагелістым разрэзам вачэй, з тварам-маскай, за якой хаваецца сам мастак. Толькі выразныя вочы пазіраюць з-пад маскі і ажыўляюць яе. Па сутнасці, маска сімвалізуе ідэю сну ўвогуле і анімаваныя сны творцы.
Услед за Шагалам аніматары візуалізуюць яўрэйскі фальклор, замяшаны на глебе Віцебска. І персанажы, і жывёлы — бык, конь, голуб — усё ідзе ад фальклору, ад казак. У творах Шагала і ў стужцы беларускіх аўтараў адчуваецца ўплыў хасідызму як самага містычнага, ірацыянальнага руху юдаізму. Яго неад’емнымі рысамі былі танцы, песні і музыка, праз якія хасід выказваў радасць Боскай прысутнасці. Адсюль у фільме яркая і насычаная гукавая стыхія, блізкая да карнавальнай. Прафесійная музыказнаўца Соф’я Пяткевіч стварыла дынамічную і адначасова празрыстую партытуру, дзе клезмерскія і сінагагальныя найгрышы і напевы злучаюцца з барочнай музыкай і рэгтаймам. У насычанай фанасферы карціны шмат неверагодных, амаль касмічных гукаў. І разам з тым існуе «натура» — брэх сабак, рыканне каровы, гудзенне насякомых, утульнае адчуванне роднага дома. Партытура зроблена гукарэжысёрам Уладзімірам Сухадолавым і яго вучнямі з вялікай любоўю. Гукарэжысёр працаваў на ўзроўні маштабнага мастацкага фільма. Гукааператар Шаміль Ісмаілаў сінхронным запісам шумоў стварыў гукавы партрэт кожнага персанажа. На ролю закадравага апавядальніка невыпадкова быў абраны Дзмітрый Астрахан: на думку рэжысёркі, ён падобны да Іосіфа Бродскага і таксама з Пецярбурга, горада з асаблівым менталітэтам, дзе досыць часта дамінуе саркастычнае стаўленне да жыцця.
Аудыявізуальны вобраз дасягае часам асаблівай моцы. Вось сямейная фатаграфія паступова змяняецца сімвалічнымі кадрамі: Шагал сыходзіць у выццё ветру, у завею, у рэвалюцыю. Разам з ім сыходзіць цэлая эпоха. Гэта амаль булгакаўскія сцэны. Менавіта тут спатрэбіліся малюнак з вострымі лініямі і адначасова немудрагелісты вальс, якія перадаюць няпэўнасць часу, збянтэжанасць чалавека і ягоныя надзеі.
Стваральнікі стужкі імкнуліся перадаць атмасферу віцебскага жыцця Марка Шагала. Старыя пахіленыя домікі, вежы царквы, школа Юдэля Пэна, родны дом з чырвонай цэглы на Пакроўскай вуліцы — усе вобразы амаль рэалістычныя. Але яны адсылаюць да абагульненай міфапаэтыкі Шагала, у карцінах якога Віцебск набывае выгляд біблейскага Іерусаліма. Тут гарманічна існуюць людзі і жывёлы, мастацтва і побыт. Магчыма, пра гэты віцебскі космас марыў і бачыў сны Марк Шагал.
Антаніна КАРПІЛАВА