У кожным раздзеле (драма, лялькі, опера, балет, сучасны танец, аперэта/мюзікл, эксперымент) да канца захоўвалася інтрыга, вастрыня конкурснай барацьбы. Хоць, вядома, не ўсюды напал быў аднолькавы.
Оперны конкурс на гэтым фоне, магчыма, крыху саступаў братам па тэатральным цэху, што не магло не адбіцца на фінальных выніках. Яны апынуліся абсалютна «прамаскоўскімі», і гэта напачатку збянтэжыла. Але пры ўдумлівым аналізе разумееш: асаблівай альтэрнатывы сталічным работам сёлета і не было.
Па-першае, апошнім разам оперная «Маска» практычна засталася без Пецярбурга: з чатырох оперных тэатраў паўночнай сталіцы намінаваны толькі Марыінскі (з «Пікавай дамай» Аляксея Сцепанюка), і той да Масквы не даехаў. Спектакль немагчыма прывезці, ён нетранспартоўны, мае складанае рашэнне і патрабуе асаблівых умоў пракату (бо рабіўся для высокатэхналагічнай сцэны Марыінкі-2, роўнай якой па магчымасцях у Маскве сёння няма). Журы выправілася глядзець пастаноўку ў горад на Няве — само па сабе гэта не здольна паўплываць на вынікі конкурсу, але маскоўская фестывальная афіша, як ні круці, збяднела, застаўшыся без пецярбургскіх спектакляў і без свайго роду інтрыгі — бо першапачаткова задумвалася «сутыкнуць» пецярбургскую «Пікавую» з самарскай версіяй Міхаіла Панджавідзэ гэтай жа оперы Чайкоўскага.
Па-другое, правінцыйныя работы апынуліся на гэты раз досыць слабымі, за выключэннем толькі «Сацьяграхі» Екацярынбургскай оперы, таму не склалі значнай канкурэнцыі маскоўскім спектаклям. Ні самарская «Пікавая», ні пермскі «Дон-Жуан», ні чэлябінская «Жанна д’Арк» (так пастаноўшчыца Кацярына Васілёва назвала ўласную версію оперы «Арлеанская дзева» Чайкоўскага) асаблівага ўражання не зрабілі — у кожнай працы меліся недаравальныя недахопы, калі не памылкі. Акрамя таго, не ўсе пастаноўкі даехалі да Масквы, у прыватнасці дзве пермскія з трох («Казкі Гофмана» і «Падарожжа ў краіну джамбляў») так і засталіся на Урале: іх журы паглядзела там і сталічнай фестывальнай афішы яны нічога не дадалі. Работы маскоўскіх тэатраў на такім фоне выглядалі сталымі і сапраўды прафесійнымі.
Імкненне даць кожнай сястрыцы па завушніцы зрабілася традыцыяй у журы. У чарговы раз яно прывяло да таго, што лепшым спектаклем аб’яўлена адна праца, а лепшым рэжысёрам — пастаноўшчык іншага спектакля, хоць і абодва з аднаго тэатра — Музычнага імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі. Парадокс, але «палітычная лінія» фестывалю ад гэтага не змяняецца: яго кіраўніцтва запэўнівае, што такім чынам захоўваецца баланс інтарэсаў і пэўная справядлівасць, і гэта само па сабе ўяўляецца спрэчным. Ці дарэчная справядлівасць у мастацтве, на конкурсе, асабліва калі ў выніку прызы застаюцца ў адным і тым жа тэатры? Сёлета ў намінацыі «Лепшы спектакль у оперы» перамагла «Хаваншчына» Аляксандра Цітэля, а лепшым рэжысёрам у оперы названы ён жа, але за іншую сваю працу, керубініеўскую «Медэю». Пра абедзве пастаноўкі — сапраўды моцную прадукцыю — часопіс падрабязна распавядаў, таму тут няма сэнсу вяртацца да іх ізноў. Дадамо толькі, што на фестывальным фоне яны сапраўды выглядалі відавочнымі лідарамі. Трэцюю «Маску» на фэсце Тэатру Станіслаўскага прынесла яго бясспрэчная прымадонна Хібла Герзмава — за феерычнае ўвасабленне фатальнай калхідскага чарадзейкі з крывавай оперы-міфа Луіджы Керубіні. З усіх жаночых вобразаў, намінаваных на апошнім фестывалі, сур’ёзную канкурэнцыю ёй складала толькі Анастасія Лепяшынская (Іаана ў чэлябінскай «Жанне д’Арк»), але галоўным чынам менавіта як артыстка, у той час як у Герзмавы атрымаліся і акцёрства, і вакал, прычым яны былі гарманічна сплаўлены.
Яшчэ дзве оперныя «Маскі» выправіліся ў маскоўскую «Новую оперу»: яе штатны маэстра Андрэй Лебедзеў прызнаны лепшым дырыжорам (за пастаноўку «Рамэа і Джульеты»), а штатны тэнар Аляксей Татарынцаў атрымаў прыз «за лепшую мужчынскую ролю ў оперы» — за ўвасабленне трапяткога веронскага каханка. У Лебедзева быў сур’ёзны канкурэнт на стадыі вылучэння спектакля на «Залатую маску». Гэта дырыжор-пастаноўшчык оперы Гуно ў колабаўскім тэатры — папулярны італьянскі маэстра Фабіа Мастранджэла, які трывала і даўно працуе ў Расіі. Аднак выбар экспертнага савета «Маскі» на карысць Лебедзева (другога дырыжора пастаноўкі) выклікаў абсалютнае задавальненне яшчэ пры фармаванні фестывальнай афішы: афектаваная манера італьянца мала стасуецца з французскай прыродай опуса, а вось Андрэй Лебедзеў здолеў пачуць у цудоўным узоры французскай лірычнай оперы самыя розныя настроі, фарбы, нюансы, змог падаць оперу больш далікатна, у адпаведнасці са стылістыкай твора. Як высветлілася, гэта ацанілі не толькі сталічная крытыка, публіка і члены экспертнай рады, але і журы фестывалю. А канкурэнцыя ў яго была сур’ёзная, паколькі вылучаліся такія моцныя прафесіяналы, як Аляксандр Анісімаў (самарская «Пікавая дама»), Тэадор Курэнтзіс (пермскія спектаклі), Яўген Валынскі (чэлябінская «Арлеанка»), Олівер фон Донаньі (екацярынбургская «Сацьяграха») і іншыя.
Аналагічная сітуацыя і ў Татарынцава: яго сур’ёзнымі супернікамі ў «Новай оперы» былі Георгій Васільеў і Георгій Фараджаў (абодва маладыя, з выдатнымі галасамі і яркай акцёрскай харызмай), аднак Рамэа Татарынцава, мабыць, сапраўды больш завершаны, дасканалы. Што тычыцца канкурэнцыі на самім фэсце, то, шчыра кажучы, наогул цяжка супернічаць з такім вобразам, як Рамэа, якому апрыёры належаць сімпатыі кожнага гледача-слухача (у тым ліку і дасведчанага, прафесійнага журы).
Нягледзячы на відавочны маскоўскі «перакос», прынамсі адзін правінцыйны спектакль заслугоўваў пільнай увагі. Яго адзначыла журы, хоць і не галоўнымі прызамі (быў заахвочаны хор — удзельнік пастаноўкі), а таксама крытычная супольнасць (ён атрымаў прыз крытыкі, які на гэтым фэсце ўручаўся, на жаль, у апошні раз). Гэта «Сацьяграха» знакамітага амерыканца Філіпа Гласа ў пастаноўцы Екацярынбургскага тэатра оперы і балета.
Унікальны праект уральскай трупы пераўзышоў па сенсацыйнасці ўсе іншыя ў краіне: з ініцыятывы дырэктара тэатра Андрэя Шышкіна, закаханага ў Індыю, упершыню ў Расіі паставілі оперны твор на санскрыце. Лібрэта оперы кампазітар у сааўтарстве з Канстанс дэ Ёнг склаў на аснове тэкстаў «Бхагавад-Гіты», прытым галоўны герой оперы не міфічны, гэта Махатма Гандзі — знакаміты індыйскі мысляр і грамадскі дзеяч.
Твор цяжка назваць операй у традыцыйным сэнсе слова: прызначаны для выканання ў оперным тэатры, ён, па сутнасці, пазбаўлены многіх класічных атрыбутаў — слушна было б назваць «Сацьяграху» містэрыяй ці нават медытацыяй для опернага тэатра, дзе абвешчаныя ідэі і псіхалагічныя станы герояў і складаюць істу драматычнага развіцця, дзе няма адзінага вектара, па якім рухаецца сюжэт, — хутчэй гэта кола, цыкл, такі натуральны для індуісцкага светаадчування.
Драматургічная своеасаблівасць вызначае музычную атмасферу сачынення. Метад Гласа, які ўпарта называюць мінімалізмам, насуперак пярэчанням самога кампазітара (назавем яго прымітывізмам — гэтакі музычны Пірасмані), з яго кансананснай гукавой атмасферай, простымі і бясконца паўтаральнымі мелодыямі і рытмамі, энергічнай пульсацыяй стварае флёр медытацыі, дзе ўсё рэальна і нерэальна адначасова. Музычная мова Гласа простая для ўспрымання, гукавое асяроддзе неагрэсіўнае, прыемная музыка нібы ахінае вас.
Вакальныя партыі рэчытатыўныя, але меладызаваныя, здаецца, што спяваць іх не вельмі складана — тут няма асаблівага галасавога экстрыму, якога хапае ў оперы і класічнай, і сучаснай. Аднак бясконцыя паўтарэнні няхай і простых гукавых формул кладуцца тытанічнай нагрузкай на салістаў і асабліва хор (хормайстарка Эльвіра Гайфуліна). Але екацярынбуржцы спраўляюцца выдатна — іх выразна і мужна вядзе праз Гласавы нетры ўяўнай простасці маэстра Дананьі, які з гэтай музыкай даўно на «ты».
Бессюжэтная опера дае безліч магчымасцей для пастаноўшчыка: Тадэвуш Штрасбергер прыдумляе свой варыянт гісторыі вялікага Гандзі, дзе знаходзіцца месца і барацьбе за правы індыйцаў, і талстоўскай ферме-ўтопіі, і ведычнай гутарцы Крышны з Арджунам, і знакамітай прамове Марціна Лютэра Кінга «У мяне ёсць мара». Атрымліваецца вельмі яркі, выразны спектакль, дзе сцэнаграфія (Маці Ульрыч), святло (Яўген Вінаградаў) і камп’ютарная графіка (Ілля Шушараў) твораць цуды, дадаючы да музычнай медытацыі яшчэ і запамінальны візуальны вобраз казкі-містэрыі.
Аляксандр МАТУСЕВІЧ