Цягам шмат якіх гадоў тэатру рупяць спектаклі... нечаканыя — паводле тэм, трактовак, вырашэнняў, матэрыялу: «што будзем увасабляць, чым будзем здзіўляць». Перадусім гэта тычыцца вечаровага рэпертуару. Дзякуючы колішняму галоўнаму рэжысёру тэатра Рыгору Гольдману публіка пачала дзівіцца — спачатку на «Памінальную малітву» Рыгора Горына і «Леваруцыйную фантазію» Жана Ануя. Спакваля вечаровыя лялечныя спектаклі зрабіліся неад’емнай часткай гомельскага тэатральнага краявіду, упрыгожанага «Вішнёвым садам» Антона Чэхава і «Адной абсалютна шчаслівай вёскай» Барыса Вахціна, «Над прорваю ў жыце» Джарома Сэлінджара, разнастаенага «Сабачым сэрцам» Міхаіла Булгакава, «Гедай Габлер» Генрыка Ібсена і «Fable (Байкай)» паводле Жана дэ Лафантэна. Рэжысёры — Гольдман, Слашчова, Дзівакоў, Цыпіна...
Пасля паспяховай пастаноўкі паводле Барыса Вахціна Ірына Цыпіна перабралася з Харкава ў Гомель і стварыла яшчэ адзін незвычайны спектакль — для дзяцей сярэдняга і старэйшага падлеткавага ўзростаў і іх бацькоў. «Калі я зраблюся воблакам» паводле аповесці Януша Корчака «Кароль Мацюсь Першы» сілкуе дзіцячая непасрэднасць разам з дарослымі ведамі пра страшныя, цяжкія і трагічныя часы. Добрую паэтычную казку на сцэне склалі дзеці са школы-інтэрната, калі разам са сваім выкладчыкам, вялікім польскім пісьменнікам, доктарам і педагогам Хенрыкам Гольдшмітам (Янушам Корчакам) рушылі пад браму лагера знішчэння Трэблінка.
Спектакль — пластычны, у ім не прамаўляецца аніводнага слова. Артысты ў доўгіх зрэбных кашулях нагадваюць ці то анёлаў, ці то нябесных хірургаў, якія ўдзельнічаюць у няпростай, але вельмі важнай для ўсяго свету аперацыі — над аблокамі. А пад аблокамі тым часам рухаецца цягнік з таварных вагонаў, вязе дзяцей і настаўніка да страшнага месца, набліжаецца да вартавых вышак і змрочных баракаў.
...Маленькі прынц Мацюсь застаецца без бацькі і яшчэ дзіцём змушаны сесці на каралеўскі пасад. Падступным міністрам карціць распаліць вайну, а юны кароль Мацюсь з сябрамі Фэлекам ды Аленкай супрацьстаіць гэтым захадам.
А цягнік ідзе.
Голад і мор прыходзяць у каралеўства. Страшныя фантасмагарычныя сутнасці (сярод іх — сама Смерць) каўтаюць вёскі разам з жыхарамі.
А цягнік ідзе.
Вайна з суседнім каралём канчаецца замірэннем. «Гэта ўтопія, вядома, — пракаментавала Ірына Цыпіна. — Дзяржавы мірацца, як маляты, мезенчыкамі. А Мацюсь становіцца дзіцячым каралём. Корчака, дарэчы, таксама клікалі дзіцячым каралём...» Спектакль канчаецца... Чым жа ён канчаецца? Хэпі-эндам? Так, дзіцячае сяброўства і чысціня перамагаюць. Але пад аблокамі рухаецца цягнік, і неўзабаве паравоз спыняецца перад вышкамі ды пражэктарамі... Гучаць імёны дзяцей, якія зрабіліся аблокамі ў Трэблінцы.
Прэм’ера зусім не звыклай гераічнай пастаноўкі «Калі я зраблюся воблакам» адбылася напярэдадні Дня Перамогі як гутарка пра дзіцячае шчасце, страчанае праз вайну. Пра вайну без баёў, нападаў, аблогаў. Гутарка сур’ёзная і вельмі своечасовая, важная тут і цяпер — у сучасных рэаліях свету. Бо ў старых каляінах, на заржавелых рэйках усё яшчэ мроіцца страшны цягнік...
Уладзімір СТУПІНСКІ