У размаху, з якім летась ладзіліся ўрачыстыя мерапрыемствы, хапала, на вялікі жаль, фальшу і нават кашчунства, яно выявіла пачварнае скрыўленне грамадзянскай свядомасці. Кандытары выпякалі тарты ў выглядзе танкаў з чырвонымі зоркамі, дызайнеры распрацоўвалі новыя калекцыі моды ў стылі мілітары з выявамі ваенных узнагарод на пляжных трусах. Але ўсіх пераўзышлі «крэатыўшчыкі» з Падмаскоўя, якія ўсталявалі прыдарожны білборд з надпісам «Они сражались за Родину» пад ваенным фотаздымкам лётнага экіпажа ў шлемафонах, які на справе аказаўся экіпажам нямецкага знішчальніка.
Самі ветэраны ўжо не могуць даць адпор гэтаму тэатру абсурду, бо іх засталося зусім няшмат, і паважны ўзрост не дазваляе ўступаць у дыскусіі з нахабнымі нашчадкамі. Сёлета ў Дзень Перамогі ветэранаў будзе яшчэ менш... На беспардоннасць у паказе (асэнсаванні) тэмы вайны можна адказаць хіба толькі сухой мовай фактаў і сведчаннямі тых, хто прайшоў праз жорсткія ваенныя выпрабаванні.
У гэтай публікацыі сабраны ўспаміны вядомых беларускіх артыстаў, якія перажылі вайну і ўнеслі свой пасільны ўклад у Перамогу. І няхай гэтыя згадкі будуць галоўным аргументам супраць спробаў з боку нядобрасумленных і недалёкіх людзей ператвараць святую тэму вайны ў цынічны анекдот.
***
Чэрвень 1941 года стаў ракавым для артыстаў беларускага опернага тэатра, якія на той час знаходзіліся ў адпачынку. Не змог даехаць да дому вядучы саліст оперы, заслужаны артыст БССР Валяр’ян Каліноўскі. Ён загінуў у Маскве ад выбуху бомбы. Вайна забрала жыцці дырыжора Навума Балазоўскага, спевакоў Сяргея Трахановіча і Розы Шапіра. У яўрэйскім гета скончылася жыццё Паліны Жэзмер. Загінулі некаторыя артысты аркестра і хору: аркестранты Яўген Ажаеў, Рыгор Буданіцкі, Гірш Ліўшыц, спявак Веніямін Хачэўскі.
У першыя дні вайны зусім новы будынак тэатра (ён з’явіўся на карце горада ў 1939 годзе) аказаўся моцна разбураны: у яго трапіла авіябомба, якая ператварыла глядзельную залу ў груду друзу. Фашысты размясцілі там стайню. Яны вывезлі з тэатра музей, выставу, прысвечаную Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве, усю мэблю, музычныя інструменты, дэкарацыі, сцэнічнае адзенне для 23 оперных і балетных спектакляў, электраапаратуру, нотную бібліятэку і ўсе іншыя матэрыяльныя каштоўнасці. Як сведчыў артыкул у «Советской Белоруссии» ад 16 снежня 1944 года, «страты, нанесеныя нямецкімі акупантамі тэатру, налічвалі 14 мільёнаў рублёў» — па тых часах велізарная сума.
З пачаткам вайны тэнар-прэм’ер беларускай оперы, народны артыст БССР Ісідар Балоцін апынуўся ў Свярдлоўску і каля года працаваў у тамтэйшым оперным тэатры. Кампазітар Анатоль Багатыроў, які ў той час жыў у Свярдлоўску ў эвакуацыі і выконваў абавязкі намесніка дырэктара па навуковай і вучэбнай частцы Свярдлоўскай кансерваторыі, стаў сведкам вялікага поспеху Ісідара Балоціна на свярдлоўскай сцэне. Анатоль Васільевіч расказваў, што на спектаклі з удзелам вядомага беларускага артыста білетаў было не знайсці, і кожнае з’яўленне спевака перад гледачамі суправаджалася літаральна шквалам авацый. Але пастаноўкамі Свярдлоўскай оперы не абмяжоўвалася творчае жыццё Ісідара Міхайлавіча. Архіўная магнітафонная стужка захавала яго ўсхваляваны аповед пра выступленне перад параненымі байцамі ў адным са свярдлоўскіх шпіталяў.
«Прыпамінаю адзін выпадак, — расказваў спявак у 1952 годзе падчас радыёінтэрв’ю. — У 1941-м мне давялося быць у Свярдлоўску, дзе я часта выступаў у шпіталях. Сярод параненых воінаў былі і беларусы. Гэтая акалічнасць навяла мяне на думку праспяваць некалькі беларускіх песень. Сярод іх была і “Дзе ты, чарнавокая” кампазітара Любана. Яе поўныя пяшчотнай цеплыні інтанацыі ўсхвалявалі людзей, на тварах байцоў я бачыў шчаслівыя задуменныя ўсмешкі. Я адчуваў, як паміж мной і маімі слухачамі ўзнікла нябачная, але моцная сувязь. Мне здавалася, што ўсе яны спявалі разам са мной».
У маі 1942 года Ісідар Балоцін далучыўся да трупы Беларускага опернага тэатра, які ў той час быў эвакуяваны ў горад Горкі, а потым перабазаваўся ў Каўроў.
Творчае жыццё калектыву працягвалася. Адноўлены некаторыя оперы, што ішлі на сцэне тэатра да вайны, — «Яўген Анегін», «Севільскі цырульнік», «Кармэн» і іншыя. Але асобнай старонкай у летапісе нашага опернага стала ваенна-шэфская работа па абслугоўванні часцей дзеючай арміі. Артысты аддавалі байцам увесь свой талент, іх канцэрты сустракаліся з вялікім уздымам і заўсёды выклікалі ў слухачоў хваляванне і радасць. Адной з франтавых канцэртных брыгад кіраваў Ісідар Балоцін. У брыгаду ўваходзілі самыя вядомыя артысты тэатра: спевакі Рыта Млодак, Соф’я Друкер, Ілля Мурамцаў, Дора Кроз, Галіна Цэпава, балерыны Ніна Майсеенка, Тамара Узунава, Юлія Хіраска, канцэртмайстар Сямён Талкачоў і цымбалісты Ханон Шмелькін і Станіслаў Навіцкі. Брыгада толькі з 4-га па 22 сакавіка 1943 года дала 30 канцэртаў у прыфрантавой зоне. А ўсяго з канца 1942-га па 1 чэрвеня 1943-га адбылося 138 канцэртаў у вайсковых часцях. За гэтую самаахвярную працу многія артысты былі ўзнагароджаны медалём «За баявыя заслугі».
Нязменны поспех спадарожнічаў выступленням народнай артысткі Савецкага Саюза Ларысы Александроўскай. Ваенная хроніка зафіксавала адно з такіх выступленняў на кінастужку: стоячы на танку, Ларыса Пампееўна спявае песню Ісака Любана «Бывайце здаровы». У нейкі момант падчас выканання чуецца моцны артылерыйскі выбух...
«Гэта Калінінскі фронт быў, — згадвала артыстка. — Вось прывезлі мяне туды. Лес, між дрэў відаць танкавыя гарматы. Байцы сядзяць на зямлі, таму здалёк мяне не бачаць.
Я пытаюся: “Дзе ж тут стаць, каб мяне ўбачылі? А на танк можна?”
Яны кажуць: “Можна”. — “А я не зламаю?..” Такі магутны рогат пачуўся!
І я падумала, што зрабіла вялікую памылку, недаацаніла таўшчыню нашай брані! Спявала шмат чаго. І пасля гэтага ім аб’явілі трывогу. І вось яны сабраліся ў паход. Загрукаталі многія машыны, пачалі ўздымацца на шашу. І тут падышоў маладзенькі, невысокага росту танкіст. Ён сабраў для мяне кветкі, яны яшчэ не раскрыліся. А што ён мог тут зрабіць больш? Не сасну ж мне ссекчы!
Я была так узрушана гэтым падарункам! Абняла яго, пацалавала, і ён мяне пацалаваў. І ўсе танкісты заапладзіравалі і ўзняліся ехаць. І вось я стаю на краю шашы, а яны праязджаюць міма мяне. І ўсе апладзіруюць і машуць мне рукамі. І я таксама ўзяла хустачку і махала. Паехалі. Хто з іх вярнуўся, а хто не, ці ж вядома?..»
Як шкада, што ў кадр не ўвайшоў эпізод кранальнага развітання Александроўскай з салдатамі! Бо гэта ж была зусім натуральная, а не пастановачная сцэна. Славутая артыстка са слязамі на вачах махала хусткай услед байцам, якія ад’язджалі, каб прыняць бой... Ларысу Пампееўну сагравала думка, што яе песня надала ім сілу, натхніла на подзвіг. У той момант для ўсіх салдат, якія бачылі развітальны ўзмах яе хусткі, яна ўвасабляла Радзіму, каханую, маці, што верыць, спадзяецца і чакае...
3 ліпеня 1944 года вызвалена беларуская сталіца. Скалечаны і разрабаваны Мінск ляжаў у руінах. Але гэта была свабодная зямля. Людзі вярталіся дамоў, паступова аднаўлялася жыццё. У верасні ў сталіцу вярнулася трупа Беларускага опернага тэатра. Вярнулася, каб ужо праз 3 месяцы, у снежні, паказаць прэм’еру — оперу Яўгена Цікоцкага «Алеся». Гэтым творам, які рыхтаваўся яшчэ ў эвакуацыі і быў прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны, адкрываўся першы пасляваенны сезон у тэатры.
Прэм’ера адбылася 24 снежня 1944 года на сцэне Акруговага дома афіцэраў. А ў напаўразбураным будынку Опернага тэатра ладзіліся рэпетыцыі. «На сцэне і ў партэры была стайня, — расказвала Александроўская. — Тут стаялі коні. Дарэчы, абломкі крэслаў з глядзельнай залы знаходзілі на франтах у зямлянках і дотах. Дык вось, у партэры стаялі коні. Немцы апусцілі на сцэне жалезную заслону, таму другі, закулісны бок застаўся цэлы. Закуліссе і нашы грыміравальныя пакоі захаваліся. І ў гэтых пакоях мы жылі, бо ў нас ні ў каго не было дзе прытуліцца. Гатовы спектакль мы паказвалі ў Доме афіцэраў, а тут рэпеціравалі — па той бок сцэны».
«Калі вярнуліся з эвакуацыі, дык пачалі сваю дзейнасць у напаўразбураным памяшканні тэатра, — згадваў дырыжор-пастаноўшчык спектакля “Алеся” Марк Шнэйдэрман. — Наш аркестр рэпеціраваў у тых памяшканнях, якія захаваліся на другім-трэцім і больш высокіх паверхах. Выканаўцы на струнных інструментах ігралі ў пальчатках, таму што быў неверагодны холад. Але калектыў разумеў свае задачы. Было вялікае жаданне стварыць спектакль, і неадкладна. І вось у такіх жахлівых умовах не толькі аркестр, але і салісты, хор — усе працавалі з аддачай у вызваленым Мінску, калі яшчэ грымелі гарматы. Спектакль “Алеся” быў паказаны ў Мінску і меў годны і вельмі кранальны прыём. Былі такія сцэны, калі публіка плакала ад пабачанага, спачуваючы героям, і адчувала ўздым ад усведамлення, што наша Радзіма вызваляецца ад ворага. Такія дні не забываюцца ніколі!»
Не было, здаецца, сям’і, якую б абмінула трагедыя Вялікай Айчыннай вайны. Вядучая салістка беларускай оперы Соф’я Друкер і яе муж, дырэктар Беларускай дзяржаўнай філармоніі Рыгор Прагін у вайну страцілі двух малалетніх дзяцей, якія загінулі ў гета. Там жа, у гета, скончылі свае дні тры маленькія сыны вядомага цымбаліста Ханона Шмелькіна, а таксама жонка дырыжора Міхаіла Рыўкіна. Дзеці Рыўкіна выжылі цудам, але былі раскіданы так далёка, што пабачыліся і сустрэліся толькі ў 2000-м, а са старэйшай дачкой бацька болей і не ўбачыўся ніколі, лічыў, што яна загінула. Такія страты непапраўныя, і раны ад іх не зарубцоўваюцца да скону дзён. І ўсё ж людзі, аб’яднаныя агульным горам, атрымалі надзею на лепшае, мірнае жыццё.
«Калі мы з тэатрам прыехалі ў Мінск, наша дарагая сталіца ляжала ў руінах, — распавядала народная артыстка БССР Соф’я Друкер. — Раней нават нельга было сасніць, што гэтак можна знявечыць горад. Сэрца сціскалася ад болю. Але ж трэба было жыць. А жыць — гэта значыць працаваць. І мы ўзяліся за працу. Мы адчувалі незвычайны прыліў творчых і фізічных сіл. Вайна скончылася, мы вярнуліся дамоў. І вось я ўспамінаю, як мы самі дамаўляліся і прыходзілі на суботнікі, каб давесці да ладу памяшканні тэатра, добраўпарадкаваць тэрыторыю. З якім хваляваннем садзілі маладыя дрэўцы! Усе мы тады былі разам — Балоцін, Млодак, Дзянісаў, Александроўская, Малькова. А потым адна за адной пачаліся ў нас прэм’еры. Якое гэта было шчасце, якое свята! Халодна было пасля вайны ў нашым тэатры. Стаялі нейкія асабліва суровыя зімы. Не было чаго апрануць. Памятаю, спявала ў “Аідзе”. Ногі заходзіліся. Папераменна ставіла іх, каб трошкі сагрэць, на гарачыя лямпачкі. Але колькі там цяпла?.. Або ў “Пікавай даме” трэба веерам рабіць “халадок”, а мне б над вогнішчам схіліцца! І з якой асалодай і радасцю ўспамінаюцца гэтыя спектаклі! Гледачу на іх не было халодна — магчыма, таму, што ўсё сваё цяпло мы, артысты, аддавалі спектаклю».
Шмат канцэртаў каля лініі фронту было на ліку вядомага беларускага цымбаліста, народнага артыста СССР Іосіфа Жыновіча. «Прыгадваецца май 1942 года, — расказваў музыка. — Я выступаў на Паўночна-заходнім фронце. Мы вазілі з сабой маленькую фісгармонію, і пад яе акампанемент спявалі, ігралі, танцавалі. Паездка доўжылася тры месяцы. Часта снарады рваліся зусім побач, але канцэрт працягваўся. Здаралася, я сам не чуў, што іграю, але байцы лавілі кожны гук. Памятаю, у час аднаго з канцэртаў у прыфрантавым лесе адбыўся налёт варожай авіяцыі. Зеніткі адкрылі шалёны агонь. Разрывы бомбаў зліваліся з разрывамі зенітных снарадаў. Але ніхто з нашых слухачоў не крануўся з месцаў. Артысты спалі проста ў лесе. Над галовамі ў абодва бакі ляцелі снарады, але ўсе цяжкасці кампенсаваліся тым энтузіязмам, той цеплынёй, з якімі сустракалі нашы выступленні воіны. “Вы прывезлі нам кавалачак мірнага жыцця”, — казалі яны, дзякуючы за канцэрт. У красавіку 1945 года, перад самым канцом вайны, беларуская брыгада выступала перад воінамі Тацынскага танкавага корпуса. Незабыўныя два тыдні, на працягу якіх наша брыгада дала 14 канцэртаў — Патсдам, Бабельсберг, Штраўсберг. У наша распараджэнне быў перададзены спецыяльны самалёт. На канцэрце ў Патсдаме прысутнічала камандаванне групы савецкіх войскаў. Воіны Беларусі з залы дасылалі запіскі з просьбамі выканаць народныя песні і танцы. Гэтыя канцэрты — своеасаблівы вынік нашай франтавой дзейнасці».
Усхваляваныя ўражанні ад тых выступленняў пакінуў і народны артыст Беларусі кампазітар Генрых Вагнер. «У раён Кёнігсберга наша канцэртная брыгада прыехала ў канцы красавіка, — успамінаў Генрых Матусавіч. — Кіраўніком брыгады быў выдатны музыкант Іосіф Жыновіч, а ў яе складзе — вядомыя беларускія майстры мастацтваў: салісты оперы Мурамцаў, Лапін, Друкер, балерына Майсеенка, артыстка філармоніі Плоткіна, кампазітар Лукас, скрыпач Бяссмертны, піяніст Жэзмер і я, на той час студэнт Беларускай кансерваторыі, якому даводзілася выступаць як піяністу і акардэаністу-акампаніятару. У артыстаў, музыкантаў была свая нялёгкая задача: выступаць перад воінамі, не баючыся варожых налётаў і нечаканых абстрэлаў; выступаць у шпіталях, імкнучыся падбадзёрыць нават цяжка параненых і знявечаных вайною маладых салдацікаў. Дайце веры, і артыстам не заўсёды бывае лёгка “трымаць усмешку”. Праўда, у тыя дні ў нашай брыгадзе панавала сапраўднае натхненне. Мы былі ўжо, як тады казалі, у логаве ворага. Канец фашызму і канец вайны імкліва набліжаліся, мы з пачуццём асаблівай радасці, удзячнасці сустракаліся з воінамі роднай арміі. Сапраўды, нашы канцэрты адбываліся як сустрэчы родных людзей. Нас прасілі выканаць “Зямлянку”, разам з намі спявалі “Бывайце здаровы” і “Наш тост”, воіны-беларусы — а іх мы нярэдка бачылі і ў войску, і ў шпіталях — з трывогай, з хваляваннем распытвалі: а што ж там, на радзіме, а ці былі мы на Віцебшчыне, а як выглядае Мінск, а ці ёсць надзея, што не спалена родная вёска і засталіся жывымі сваякі?.. Часта па просьбе землякоў мы выконвалі беларускія песні, і тады асабліва адчувальным быў смутак вайны, трывога чакання, радасць ад усведамлення таго, што хутка скончыцца ўвесь гэты жах...
Май 1945-га пакінуў успаміны пра вызваленчы паход нашых войскаў, парад пераможцаў ва Усходняй Прусіі 7 мая, які прымаў генерал Баграмян, а побач на трыбуне былі і мы, беларускія артысты. Запомніліся сустрэчы з генералам танкавых войскаў Бурдзейным, які пасля вайны адшукаў нас ужо ў Мінску. Запомніўся зруйнаваны, але ўсё ж цудоўны Кёнігсберг, у якім праз шмат гадоў, падчас калінінградскіх гастролей нашага Тэатра оперы і балета, гучала і мая музыка...
Я шчаслівы, што ў дні Перамогі — так, для мяне гэта не адзін, а некалькі майскіх дзён, — я апынуўся на фронце, сярод салдат-вызваліцеляў. Магчыма, тыя веснавыя ўражанні дапамаглі мне пераадолець трагічныя перажыванні ваенных гадоў і з аптымізмам уключыцца ў мірную працу, ніколі не забываць пра вялікую каштоўнасць чалавечага жыцця і адлюстраваць усё гэта ў сваёй музыцы».
Перамога!.. Такая жаданая, такая доўгачаканая! Яе здабывалі цярпліва і самаахвярна, крок за крокам, хвіліна за хвілінай. Здабывалі коштам неверагодных пакут і непапраўных страт. Але з першых і да апошніх дзён побач з салдатамі заўсёды крочылі музы. Яны не маўчалі. Мастацтва таксама самааддана змагалася за Перамогу. І сёння, калі тыя вогненныя гады ўсё далей і далей адыходзяць у мінулае, мы схіляем галовы перад усімі творцамі, што прайшлі дарогамі вайны і падаравалі нам гэта вялікае свята.
Вольга БРЫЛОН