Інеса Міхайлаўна пераняла кіраўніцтва хорам «з рук» сапраўды вялікага хормайстра — народнага артыста СССР прафесара Віктара Роўды. Яго вучаніца не толькі прадоўжыла на належным узроўні справу настаўніка, але і памножыла вядомасць хору ў еўрапейскай музычнай прасторы. Хор актыўна ўдзельнічае ў конкурсным і фестывальным жыцці Еўропы, а ў 2012 годзе заваяваў і адну з самых маштабных пляцовак Азіі. З паездкі ў кітайскі горад Гуанчжоў на I Міжнародны харавы конкурс пад назвай «Гран-пры імя Ксіана Ксінгаі» (Xinghai Prize International Choir Competition), у якім удзельнічалі больш за 100 калектываў з 43 краін свету, хор прывёз дзве так званыя Плацінавыя намінацыі ў катэгорыях «Змешаныя хоры» і «Фальклор», а таксама Гран-пры ў катэгорыі «Фальклор». Як прыемна, калі народная песня тваёй радзімы пераможна ліецца па ўсёй планеце (а ў выкананні нашага хору прагучала беларуская народная песня «Туман» у апрацоўцы Алега Турышава).
Цяпер хормайстра Інесу Бадзяка запрашаюць у журы міжнародных харавых конкурсаў у Беларусі, Польшчы, Швейцарыі, Румыніі, Кітаі, Італіі, яна праводзіць майстар-класы ў Францыі, Украiне, Польшчы і арганізоўвае творчыя праекты, у якіх бяруць удзел сусветныя лідары харавога мастацтва.
Нагодай для гутаркі стаў шэраг праектаў, ажыццёўленых апошнім часам разам з хорам Акадэміі музыкі. Гэта і прэм’ера Месы для саліста і хору Андрэя Саўрыцкага — першы айчынны твор у духоўным жанры, напісаны ў джазавай стылістыцы. Гэта і выступленне калектыву ў красавіцкім канцэрце «Не толькі вясна...», які можа лічыцца штогадовай мастацкай справаздачай студэнтаў і груп Акадэміі музыкі, з бліскучым выкананнем папуры з мюзікла Леанарда Бернстайна «Вестсайдская гісторыя». Гэта і чарговы філарманічны канцэрт з цыкла «Харавыя старонкі ХХ стагоддзя» аўтарства Інесы Бадзяка. З абмеркавання апошняй музычнай імпрэзы і пачалася наша размова.
— З 2006 года у межах згаданага цыкла мы рыхтуем і ладзім канцэрты з дырыжорамі Польшчы, Балгарыі, Швейцарыі, Даніі. Ідэя праекта простая: замежныя артысты, з якімі наладжваем творчыя кантакты, дасылаюць нам сучасную музыку сваёй краіны. Я праводжу рэпетыцыйны працэс, прыязджае дырыжор, і пасля некалькіх рэпетыцый ладзіць канцэрт з хорам. Апошнім разам мы стварылі вельмі цікавую праграму з латвійскім дырыжорам Романсам Ванагсам, дзе прагучала народная і духоўная музыка балтыйскіх краін — творы Арва Пярта, Вельё Торміса, менш вядомых нам кампазітараў Вітаўтаса Мішкініса, Марцінса Браунса, Сэлгі Менце і іншых.
Ці можна чакаць, што пасля візіту ў Акадэмію музыкі вядомага венгерскага хормайстра Чабы Кутнянскага наступнай старонкай праекта стане венгерская?
— Чаба Кутнянскі — загадчык кафедры харавога дырыжыравання і прарэктар Будапешцкай музычнай акадэмii iмя Феранца Лicта. Ён выступіў старшынёй журы на нашым конкурсе харавых дырыжораў сярод навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Ухвальна выказаўся пра ўзровень падрыхтоўкі нашых харавікоў, адзначыў, што ў Венгрыі ёсць толькі нацыянальны конкурс для студэнтаў вышэйшага звяна (у нас таксама ёсць такі — Адкрыты конкурс харавых дырыжораў імя Віктара Роўды). Таму наша памкненне падтрымаць зацікаўленасць навучэнцаў каледжаў знайшло ў яго самы станоўчы водгук. Венгерскае харавое мастацтва цяпер мае надзвычай высокую рэпутацыю і лічыцца адным з лепшых у свеце. Гэта культура Белы Бартака і Золтана Кодаі, гэта масавая агульная музычная адукацыя дзяцей, годны ўзровень харавых калектываў. Кампазітары Венгрыі пішуць разумную, складаную і займальную музыку для хору, якую не заўжды лёгка выканаць нават прафесійным калектывам. Нам будзе цікава падрыхтаваць такі праект.
Якія ж вынікі мінулага конкурсу?
— Усе ўдзельнікі выступілі годна, спадзяемся, што гэты вопыт падтрымае іх жаданне працягнуць адукацыю ў Акадэміі музыкі. Агульная ж выснова конкурсу ранейшая: трэба, каб харавых калектываў было больш, як і слухачоў, а харавыя спевы вярнуліся ў школы. Нягледзячы на ўсе захады і петыцыі да кіруючых структур, мы, на жаль, бачым скарачэнне заняткаў музыкай у школе і замену харавых спеваў слуханнем музыкі. Увогуле ў цэлым гэта дае адмоўны вынік. Я і мае калегі ў дадзеным выпадку не гаворым аб праблемах харавога мастацтва як прафесіі. Мы разважаем пра нацыянальны інтарэс, пра культурны ўзровень нацыі ў цэлым. Хацелася б, каб дзеці масава спявалі ў хоры. Ніхто не адмяняў прыгожага правіла «літара — лічба — нота», згодна з якім кожны гарманічна развіты чалавек павінен ведаць усе тры знакавыя мовы.
Як вы ацэньваеце сённяшні сусветны ўзровень харавога мастацтва?
— Узровень аматарскага мастацтва вельмі блізкі да прафесійнага. Вакол — мора цікавых мерапрыемстваў, выдатныя галасы, складаныя праграмы, цікавыя аўтары. Мяне абсалютна зачаравалі харавыя калектывы з Паўднёвай Афрыкі, Новай Зеландыі, Філіпін. Іх выкананне адрозніваецца асаблівай энергетычнай сілай, тэмпераментнасцю, якія чутныя не толькі пры выкананні нацыянальнай музыкі, але і класікі, напрыклад Баха. Калі еўрапейскія спевы вельмі часта мяжуюць з халоднасцю, то носьбіты іншага менталітэту культывуюць тэмбрава багатыя спевы з прыўзнятай эмацыйнасцю добрага кшталту.
Адметнасць кожнага калектыву — гэта ў першую чаргу ўнікальны рэпертуар, які нельга пачуць у іншым выкананні. Як фармуецца індывідуальнае рэпертуарнае аблічча вашага хору?
— З кожнай паездкі прывожу новыя сачыненні, што дае цудоўную магчымасць разнастаіць успрыманне маладых музыкантаў. Дарэчы, прафесар Роўда рабіў тое самае: з кожнага конкурсу браў 1-2 творы, якія заўжды станавіліся «разыначкамі» канцэртных і экзаменацыйных праграм. Працягваючы традыцыі Віктара Уладзіміравіча, мы выконваем некаторыя новыя сачыненні беларускіх кампазітараў. З апошніх яскравых прэм’ер — меса «Нябеснае нараджэнне» для саліста і хору ў джазавым настроі нашага калегі Андрэя Саўрыцкага. У нас няма праблем або складанасцей з рэпертуарам. Непакоіць усё большы заняпад цікавасці звычайнага чалавека да акадэмічнай музыкі. Новыя творы патрабуюць новага слухача, а яго цяпер выхоўвае толькі тэлеэкран з яго заўсёднай «папсой». Нам трэба яшчэ расці і расці да той надзвычай шырокай ахопленасці харавымі спевамі, якая была дасягнута ў савецкі час. Мае калегі ўсімі сіламі супраціўляюцца крызісу агульнага музычнага выхавання, які мы назіраем сёння.
А якія вашы асабістыя рэпертуарныя схільнасці?
— Мне становяцца цікавымі любыя сачыненні, да якіх звяртаюся. Упэўнілася, што не бывае музыкі непрывабнай, бывае нявывучаная. Абыякавасць да пэўнага твора нараджаецца ад слабога ўяўлення пра тое, як ён тэхнічна зроблены. Адна з маіх улюбёнасцей — рускі партэсны канцэрт XVII стагоддзя, які не саступае сучаснай яму еўрапейскай музыцы. Гэта творы Дзмітрыя Бартнянскага, Максіма Беразоўскага, Мікалая Дылецкага, Васіля Цітова, што гучаць вельмі рэдка. Вяршынямі харавога мастацтва і выканальніцкага майстэрства лічу духоўныя шэдэўры Новай маскоўскай школы — аўтары Аляксандр Кастальскі, Павел Часнакоў, Аляксандр Грачанінаў, Аляксандр Нікольскі. У нас была спроба выканаць «Усяночнае няспанне» Cяргея Рахманінава са студэнцкім хорам. Музыка такая, што яе нельга спяваць дрэнна. Было нават страшна дакранацца да такога сачынення, нам дапамагаў знакаміты маскоўскі хормайстар Уладзімір Семянюк. Мы выканалі твор на дзяржэкзамене, але вялікі канцэрт яшчэ наперадзе. Рэдка чуецца музыка эпохі барока, не хапае падрыхтоўкі ў галіне інтэрпрэтацыі старадаўняй музыкі, мала педагогаў і, адпаведна, слухачоў, якія гэтай музыкай маглі б захапляцца.
Студэнцкі хор Акадэміі музыкі шмат выступае ў Беларусі і за мяжой. Якія паездкі здаюцца вам найбольш значнымі?
— Кожная вандроўка па-свойму цікавая. Для студэнтаў, напэўна, больш яркай апынулася паездка ў Кітай. Асабліва хвалюючым і адказным быў удзел у X Міжнародным восеньскім харавым фестывалі імя прафесара Барыса Тэўліна ў Вялікай зале Маскоўскай кансерваторыі імя Чайкоўскага ў кастрычніку 2014 года. Нягледзячы на цяжкі пераезд, першае выступленне студэнтаў нашай Акадэміі музыкі на гэтай легендарнай сцэне прайшло выдатна.
Якія пачуцці выклікаюць у вас успаміны аб сваім прафесійным сталенні?
— Вельмі прыемна прыгадваць моманты, звязаныя з выбарам прафесіі. «Барацьба» пры гэтым адбывалася, мінаючы мяне, паміж выкладчыкамі ў роднай Віцебскай школе мастацтваў. Педагог па фартэпіяна Раіса Карлінская і педагог па харавым класе Віталь Рауза — я да гэтага часу з удзячнасцю ўспамінаю іх і іншых настаўнікаў. Кожны звязваў мае перспектывы са сваёй спецыяльнасцю. Віталь Аляксандравіч — сапраўды ўнікальны чалавек. Ён не толькі вучыў нас спевам, але і выхоўваў ідэальнае стаўленне да жыцця, правільнае разуменне месца чалавека ў грамадстве. Арганізоўваў таксама паездкі хору на фестывалі і ў летнія лагеры, будаваў з тымі, хто не надта хацеў вучыцца, корты і шпакоўні ў дварах. У Віцебску яго ведаў кожны начальнік, бо ў пошуках фінансавай падтрымкі для выступленняў хору ён абыходзіў кожнага кіраўніка з тлумачэннямі, што ёсць музыка і чым яна з’яўляецца ў лёсе дзяцей. Нават у тых хлопчыкаў i дзяўчынак, якiя не зрабiлi музыку прафесійнай дзейнасцю, засталіся самыя цёплыя згадкі пра час, праведзены ў нашай школе.
І гэтае ідэальнае, мо нават ідэалістычнае стаўленне да жыцця вы перадаяце цяпер уласным вучням?
— Вядома, памкненне да ідэалу пераважае. З іншага боку, яно часта замінае, бо шмат у чым супярэчыць штодзённай хадзе жыцця. Але мне прыемна бачыць, з якімі разуменнем і гатоўнасцю нашы былыя і сённяшнія студэнты ўсведамляюць сваё месца ў прафесіі і місію сваёй прафесіі. Мы выступалі ў дамах інвалідаў, у дзіцячых дамах, бальніцах. І адчувалі, што нашмат больш патрэбныя там, чым на прэстыжных фестывалях.
Ці напаткалі вас моманты ваганняў, звязаныя з жаданнем стаць сольнай спявачкай?
— Хто ж з харавікоў не iмкнецца стаць вакалістам?! Так, такія моманты былі. Я нават скончыла Мінскае музычнае вучылішча па класе вакалу. Але ведаеце, спевы — індывідуальны від дзейнасці. А ў маім характары ў выніку перамагла прага стварэння калектыўных праектаў і амбітныя намеры паказаць беларускае харавое мастацтва за мяжой. Маё станаўленне ў музычным вучылішчы ішло пад кіраўніцтвам Жанны Прыгун, у кансерваторыі — пад кіраўніцтвам яе ж і Віктара Роўды. Прафесар усё жыццё кіраваў двума калектывамі — хорам кансерваторыі і, на палову стаўкі, хорам Белтэлерадыёкампаніі. Але па аб’ёме зробленага гэта была зусім не «падпрацоўка», бо да сённяшняга дня хор радыё застаецца для нас Хорам Роўды. З 1991 года, з дня паступлення, я знаходзілася побач з прафесарам амаль штогадзіны: раніцай працавала артысткай хору на радыё, потым аказвалася на занятках у кансерваторыі, 2-3 гадзіны спявала ў харавым класе, а вечарамі раз-пораз сустракалася з Роўдам на канцэртах. Прыклад прафесара, чалавека нялёгкага характару, безумоўна, вызначыў для мяне самую высокую планку ў прафесіі.
Прафесар Роўда быў аўтарытарным педагогам?
— Так, ён вучыў эмпірычна — праз уласны выканальніцкі паказ. Надаваў вялікую ўвагу мануальным жэстам і імкнуўся ў сваім класе прывіваць уласную школу дырыжыравання. Але калі вучань быў здольны паказаць пераканаўчы індывідуальны стыль — не перашкаджаў, даваў магчымасць праявіць сябе. Напрыклад, давяраў адказныя выступленні перад аўдыторыяй.
Без якіх асабістых і прафесійных якасцей дырыжор-харавік не можа адбыцца?
— Дырыжор — гэта педагог, выхавацель, але таксама арганізатар. Менавіта менеджарскага складніка ў адукацыі хормайстраў пакуль не хапае. У нас усе менеджары ў галіне акадэмічнай музыкі — самавукі. Успамінаю, як у 1994 годзе, калі я ўпершыню арганізавала самадзейны хор, з прычыны адсутнасці інфармацыі аб конкурсах і няведання простых рэчаў (нават пры наяўнасці сродкаў!) не змагла арганізаваць выезд калектыву за мяжу. Сёння сітуацыя выглядае з дакладнасцю наадварот: назапашаны арганізацыйны вопыт, ладзіцца вялікая колькасць фестываляў і конкурсаў рознага ўзроўню, але трэба ўмець выбраць тыя, што будуць карысныя калектыву ў пэўны час і ў пэўным плане — прафесійным, пазнавальным, забаўляльным нарэшце. Застаецца праблема знайсці сродкі. Толькі калі сочыш за конкурсамі, фестывалямі, сусветнымі праектамі, апынаешся ў мэйнстрыме сусветнага мастацтва.
Ці будуць вашы дзеці займацца музыкай?
— Старэйшы сын займаецца фартэпіяна ў 1-м класе музычнай школы. Дачцэ два з паловай гады, яна ахвотна спявае песні з мультфільмаў, тата жартам прарочыць ёй лёс джазавай артысткі. У любым выпадку музыка не пройдзе міма маіх дзяцей...