«Аддам табе любоў...» — такую назву мела аўтарская вечарына беларускай кампазітаркі Алены Атрашкевіч. З аднаго боку, гэты праект стаўся фіналам II Мінскага адкрытага конкурсу харавых і сольных спеваў «Вясновы спеў», яго ладзіў сталічны Дзяржаўны музычны каледж імя Глінкі. З другога — юбілеем вядомага айчыннага музыканта.
Спачатку некаторыя высновы. Першая. Вечарына атрымалася надзвычай цёплай, душэўнай, сардэчнай. Мо прычыны ў прачуласці твораў кампазітаркі, якая мае багаты і разнастайны меладычны дар. Мо справа ў тым, што Атрашкевіч — асоба разнастайная, да таго ж вядомы вакальны педагог. І многія выступоўцы былі ці нават і цяпер з’яўляюцца яе вучнямі: напрыклад, юныя артысты з узорнай студыі «Спяваем разам» (мастацкая кіраўніца — Алена Віктараўна) спецыяльна прыехалі на канцэрт з Маладзечна. Мо рэч у велізарнай колькасці кветак, якімі літаральна «завалілі» імянінніцу, або ў разняволенасці вядучай, вядомай радыё- і тэлеартысткі Таццяны Якушавай?
Выснова другая. Праграма праекта пераканала, што шлях, які абралі кампазітарка, выкладчыкі і навучэнцы музычнага каледжа, плённы і прадуктыўны. Калі аўтар не звяртаецца да «раскручаных» артыстаў, часам занятых і капрызлівых, — педагогі і студэнты (харысты, аркестранты) самі хочуць зладзіць вечарыну з сачыненняў любімага кампазітара. У выніку ўсе ў выйгрышы. І аўтар, што займеў новых выканаўцаў, і яшчэ ў большай ступені маладыя музыканты — Мілан Малівоевіч, Таццяна Валахановіч, Ганна Манжурава, Святаслаў Сахараў, Аляксандра Грыу, Анастасія Рабцэвіч. Бо выходзяць у самастойнае творчае жыццё або выпраўляюцца на конкурс, валодаючы першакласным матэрыялам.
Наколькі я ведаю, ініцыятарамі і галоўнымі рухавікамі праекта былі дырыжоры Аляксей Снітко (кіраўнік Акадэмічнага хору каледжа) і Вольга Крыпец (кіраўніца жаночага хору «Мелодыка» і вакальнага ансамбля «Аэліта»). Але не абышлося і без дапамогі кіраўнікоў іншых калектываў — Надзеі Навічэнкавай, Кіры Славінскай, Галіны Арабей, Аляксандра Цярэшчанкі.
Падрыхтоўка вечарыны ішла працяглы час. Рабіліся новыя версіі твораў. Тыя, якія былі напісаны для хору і раяля, набылі яшчэ і аркестравы складнік. Дый кампазітарка не проста прымала віншаванні і кветкі, але актыўна ўдзельнічала ў канцэрце. Гэта якраз той выпадак, калі кажуць, што аўтар жывы і за раялем.
Асновай яркага праекта зрабіліся лепшыя творы Атрашкевіч. Заўважу: унутры кампазітарскай прафесіі заўсёды існавала спецыялізацыя. Той, хто піша сімфанічную і інструментальную музыку, рэдка звяртаецца да жанру песні, і наадварот. Здабыткі ў галіне песні ці раманса не значаць, што гэтак жа лёгка напішацца харавы опус. Велізарная колькасць харавых сачыненняў пяра Атрашкевіч і запатрабаванасць іх рознымі калектывамі сведчаць: яна — менавіта харавая кампазітарка і жанры харавога пісьма адчувае тонка і дакладна. Паколькі Алену ведаю даўно, дык яшчэ шмат гадоў таму была ўражана неверагоднай разнастайнасцю жанраў у яе творчасці. Жаночыя хары, апрацоўкі народных песень, харавыя рамансы, цыклы мініяцюр, цыклы калыханак і эстрадных хароў, эстрадна-песенныя цыклы для харавога ансамбля...
У сачыненнях, якія гучалі падчас вечарыны, прываблівала ўвага і павага да народнай песні. Шматлікія апрацоўкі (у праекце прагучала восем разнапланавых твораў) казалі пра вынаходлівасць, здольнасць нават для надзвычай папулярных опусаў (кшталту «Купалінкі» ці «Рушнікоў») знайсці свежыя і нечаканыя інтанацыі. Лірычныя, кранальна-пранікнёныя альбо сакавіта-гумарыстычныя, як у творы «Ехаў пан-капітан». У канцэрце пераважала беларускамоўная паэзія. Такую з’яву далёка не заўсёды можна назіраць у харавых праграмах айчынных майстроў.
Харавыя сачыненні Атрашкевіч, што прагучалі падчас яе юбілейнай вечарыны, уразілі многіх слухачоў, у тым ліку і прафесіяналаў (калег-кампазітараў, музыказнаўцаў) спалучэннем эмацыйнай глыбіні і інтэлектуальнай значнасці. Незлічонай колькасцю арыгінальных і запамінальных мелодый і музычных тэм. Свежасць тэмбральнага гучання, адметнасць музычнай мовы ўвогуле — сведчанне таленту, бляску прафесійнасці, адданасці абранай творчай сцяжыне.
Таццяна МІХАЙЛАВА