З гэтай нагоды на розных пляцоўках адбыліся выставы, на якіх розныя кафедры дэманстравалі свае дасягненні і творчы патэнцыял. Пасля адной з такіх імпрэз — экспазіцыі кафедры прамысловага дызайну ў НЦСМ — я сустрэўся з прафесарам кафедры тэорыі і гісторыі дызайну БДАМ, кандыдатам мастацтвазнаўства, дацэнтам Крысцінай Стрыкелевай. Ад размовы пра канкрэтную экспазіцыю адной кафедры гаворка перайшла да шырэйшай тэмы — праблемы запатрабаванасці дызайну ў нашай сацыякультурнай сітуацыі і ў звязцы з ёю — да пытання падрыхтоўкі адпаведных кадраў у вышэйшай школе краіны.
Спадарыня Крысціна, на працягу апошніх гадоў мне не раз даводзілася прысутнічаць на абароне дызайнерскіх дыпломаў у Акадэміі. Сёння ад дыпломніка, акрамя мастацка-вобразнага вырашэння праекта, патрабуюць яшчэ і эканамічнага абгрунтавання. Ён мусіць адказаць на пытанне, якія матэрыялы і ў якой колькасці будуць скарыстаныя, колькі гэта будзе каштаваць. Між тым дыпломнікі пад вашым кіраўніцтвам, бывае, абараняюцца канцэптуальнымі распрацоўкамі па тэмах, на першы погляд вельмі далёкіх ад рэальных патрэб. Вы не думаеце, што жыццё можа жорстка апусціць вашых летуценнікаў з неба на зямлю?
— Калі вызначаюцца тэмы дыпломных работ, мы арыентуемся на разнапланавасць сацыяльных запытаў і на творчы патэнцыял саміх студэнтаў. Ёсць работы прыкладнога характару, арыентаваныя на рэальны сектар эканомікі, на магчымасць давядзення іх да вытворчасці. Такіх большасць. Студэнты, аднак, розныя. Ёсць сярод іх такія, што дэманструюць здольнасць пайсці далей, глядзець глыбей. Таму дыпломныя заданні можна фармуляваць па-рознаму — не толькі як стварэнне выключна прыкладных аб’ектаў, але і як распрацоўку канцэптуальных рашэнняў з іншай сэнсавай глыбінёй.
Навучальны працэс у нас — не канвеерная вытворчасць, накіраваная на выпуск прафесіяналаў вузка ўжыткоўнага характару. Мне падаецца, што кожная ВНУ, што рыхтуе дызайнераў, мусіць падводзіць выхаванца да рашэння самых розных задач — ад прыкладных да канцэптуальных. Змушаючы студэнта глядзець на сваю працу праз прызму канцэптуальнасці, мы ўзмацняем глыбіню прапрацоўкі зместу, надаем мастацкую метафарычнасць праектнай мове.
Гаворка ідзе пра тое, што некаторым дыпломнікам даецца магчымасць зрабіць нешта большае, чым дыплом. І такая работа для астатніх становіцца своеасаблівым арыенцірам, камертонам, стымулам. Магчымасцю спрагназаваць тое, што будзе патрэбна заўтра.
Яшчэ нядаўна дыпламаваны дызайнер быў у Беларусі «штучным таварам», сёння гэтай прафесіі вучаць многія ўстановы. Ці трэба краіне столькі спецыялістаў? Ці не адбываецца пры такой масавасці дэвальвацыя і прафесіі, і статусу?
— Баюся, вы маеце рацыю. Каб не адбылася прымітывізацыя дзейнасці ва ўмовах верагоднага павярхоўна-фармалізаванага стаўлення да патэнцыялу дызайну, Акадэмія мусіць дэманстраваць у навучальным працэсе і палёт творчай думкі ў канцэптуальных распрацоўках, і прагматызм на ўзроўні канкрэтных праектаў прыкладнога характару.
Каб напоўніцу раскрыць патэнцыял прафесіі, павінны быць розныя адукацыйныя ўзроўні. Мы да гэтага рухаемся. У перспектыве ў нас будзе і бакалаўрыят, і магістратура, якая прадугледжвае падрыхтоўку канцэптуальна арыентаваных дызайнераў, здольных да навуковай працы. Гэта раней ці пазней прыйдзе. Іншая справа, калі гаворым пра астатнія ВНУ і каледжы. Тут сітуацыя даволі складаная, і яна ёсць адбіткам сацыяльна-культурнай сітуацыі ў краіне. На жаль, на ўзроўні дзяржавы, на ўзроўні грамадства няма разумення, што такое дызайн і на што ён здольны. А дызайн — гэта моцны сродак канкурэнтнай барацьбы, стварэння інавацый, захавання і аднаўлення культурнага патэнцыялу нацыі. Зрэшты, гэта важны сродак сацыялізацыі людзей, яднання іх адзінымі мастацкімі каштоўнасцямі. Дзейсны сродак укаранення культуры і эстэтыкі ў наш побыт. Ва ўсім свеце гэта прынята як дадзенасць.
Мы не ўспрымаем дызайн як культурную з’яву і эканамічны рычаг. Ён існуе на ўзроўні высілкаў энтузіястаў, накшталт тых, што амаль сто гадоў назад зладзілі ў Віцебску легендарны «УНОВІС». Пакуль Савецкі Саюз існаваў, была цэнтралізаваная сістэма, эфектыўная для свайго часу ідэалагічная лінія... Сёння мы самастойныя, можам будаваць уласнае жыццё. І як мы скарыстоўваем гэту сітуацыю? Баюся, не лепшым чынам. Мы рызыкуем страціць патэнцыял, назапашаны ў савецкі час.
Маеце на ўвазе тое, што нашы заводы, дзе калісь у той ці іншай ступені матэрыялізоўваліся ідэі беларускіх інжынераў і дызайнераў, сёння ў шэрагу выпадкаў ператварыліся ў вытворчасць, дзе з замежных камплектоўных збіраюць не намі прыдуманыя машыны і агрэгаты? Для такой справы дызайнер не надта і патрэбны. Адпаведна, не патрэбныя і навучальныя ўстановы, дзе іх рыхтуюць...
— Можна закрыць усё, ад усяго адмовіцца. Апраўдаць гэта тым, што сёння эканамічны крызіс. Але калі думаць пра перспектыву, дык менавіта цяпер краіне трэба вызначыцца адносна свайго месца ў глабальным сацыякультурным і геапалітычным кантэксце.
Калі мы збіраемся жыць толькі сённяшнім днём, дык падпісваемся існаваць за нечай спінаю, быць зборачным цэхам, загадзя аддаем іншым ініцыятыву — тады і гаварыць няма пра што. Калі ж мы хочам мысліць стратэгічна і глядзець у перспектыву, то трэба да дызайну ставіцца з павагай.
Што вы пад гэтым разумееце?
— Найперш не трэба дызайн прымітызаваць. Гэта не мастацтва, не інжынерыя і не эканоміка ў чыстым выглядзе. А спецыфічная, унікальная дзейнасць, якая сінтэзуе ўсе гэтыя складнікі. Задача адукацыі — фармаваць не столькі мастака як праектанта, здольнага шырока мысліць вобразнымі мадэлямі. Калі мы гэта не ўсведамляем, то згаджаемся на ролю абслугі нейкіх дробных, амаль не заўважных у глабальным кантэксце чыннікаў.
Гэта нармальна, што існуюць розныя школы. Але пытанне ў тым, наколькі там ёсць разуменне сутнасці дызайн-дзейнасці. Як па мне, адбываецца рэалізацыя чыста кан’юнктурных момантаў, бо ёсць попыт з боку абітурыентаў на новы, загадкавы від працы, уяўленне пра які ў скажоным выглядзе трапляе да нас праз СМІ, галоўным чынам праз тэлевізар. Уключылі тэлевізар — а з экрана распавядаюць пра тое, як для кватэры шпалеры падбіраць, і называюць гэта дызайнам інтэр’ера.
У мяне ўражанне, што ў большасці адукацыйных устаноў выкладчыкі даволі слаба ўяўляюць, чаму вучыць. Мне падаецца, сёння ў гэтай галіне ўвогуле вялікая ступень фармалізацыі навучальнага працэсу, і ёсць тыя, хто арганізуе гэтую форму без зместу. Між тым дызайн якраз абапіраецца на тое, што змест мусіць быць першасным адносна формы. Вось прыходзяць яны ў Акадэмію на прагляды — мабыць, па вопыт — і пачынаюць фатаграфаваць студэнцкія заданні, нават не ўнікаючы ў іх характар і сутнасць, не думаючы, якая метадычная задача стаіць за той ці іншай выявай, які лагічны ланцужок ідзе паміж гэтымі заданнямі. Адбываецца чыста павярхоўнае ўспрыманне і перацягванне пабачанага ў нас, але не асэнсаванага, у іншыя адукацыйныя структуры. Туды, дзе, зноў жа, у лепшым выпадку ідуць выкладаць людзі з базавай дызайнерскай адукацыяй, ды яны хаця б уяўляюць, у які бок разгарнуць тое, што бачылі на свае вочы ў нас. А часцей за ўсё гэтыя людзі прыйшлі з іншых сфер дзейнасці.
Такім чынам, праектны складнік дызайну, чыё прызначэнне быць на памежжы мастацка-вобразнай і інжынерна-тэхнічнай сфер, які, да таго ж, мае грунтам навуку, сёння дэвальвуецца. І адбываецца ўсё пад дэвізам «Не замарочвайцеся!». Нармальнай з’явай лічыцца плагіят. Паглядзеў, узяў, неяк адаптаваў пад свае тэхналогіі. Пачынаецца гэта ў часе вучобы, доўжыцца на працы. Бо вытворчасць жыве мімалётнымі задачамі. Ды, зрэшты, усе мы так жывем... А мусяць быць стымулы для вытворцаў, якія працуюць на перспектыву, не баяцца рабіць сваё, падыходзяць да справы крэатыўна. Дарэчы, спажыўца не ашукаеш, ён выбірае не копію, а арыгінал.
За кожным учынкам стаіць разуменне гістарычнай адказнасці. Можна стварыць умовы, калі дызайн сам сабою знікне як з’ява. Дастаткова перастаць фінансаваць перспектыўныя ідэі. Маўляў, каштуе дорага, а прыбытак не адразу і не наўпрост. Але колькі часу трэба, каб потым аднавіць школу і асяродак, якія ствараліся дзесяцігоддзямі. Мноства пакаленняў шчыравалі, шчыруюць — шукаюць, памыляюцца, апрабуюць. Перад імі мы таксама маем адказнасць.
Пётра ВАСІЛЕЎСКІ